Гісторыя Беларусі
Гісторыя Белару́сі — мінулае разьвіцьцё грамадзтва Беларусі ў ходзе разгортваньня ўзаемадзеяньня чалавечых супольнасьцяў з часоў старажытнасьці. Абыймае зьявы грамадзкага жыцьця ад засяленьня земляў Беларусі чалавекам каля 100 тысячаў гадоў таму.
Пісьмовая гісторыя Беларусі пачалася з 862 году, калі Полацак упамінаецца ў якасьці першага дзяржаваўтваральнага асяродку — цэнтру Полацкага княства. У 1307 годзе яно далучылася да Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), якое ўтварылася ў сярэдзіне XIII ст. вакол Наваградку і неўзабаве аб’яднала ўсе этнічныя беларускія землі. У 1569 годзе ВКЛ утварыла Рэч Паспалітую з Каралеўствам Польскім, на карысьць якога страціла Падляшша і ўкраінскія землі. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772—1795 гадах землі Беларусі апынуліся пад уладай Расейскай імпэрыі, якая праводзіла палітыку гвалтоўнай русіфікацыі. У пэрыяд распаду Расейскай імпэрыі 25 сакавіка 1918 году беларусы абвясьцілі пра сваю незалежнасьць утварэньнем Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Аднак БНР ня здолела абараніць сваю тэрыторыю ад бальшавікоў, якія 1 студзеня 1919 году ўтварылі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР). Тым часам заходняя частка краіны ў выніку складзенага бальшавікамі Рыскага міру 1921 году апынулася пад уладай міжваеннай Польскай Рэспублікі і была далучаная да БССР толькі ў 1939 годзе ў выніку агрэсіі ў бок Польшчы Трэцяга Райху і Савецкага Саюзу (СССР). Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара ў час спусташальнай Другой сусьветнай вайны[1], па сканчэньні якой у 1945 годзе стала адным зь сяброў-заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У час распаду СССР 27 ліпеня 1990 году парлямэнт БССР абвясьціў пра дзяржаўны сувэрэнітэт рэспублікі, а 25 жніўня 1991 году — пра незалежнасьць Беларусі. Першы прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ў 1995 годзе ўсталяваў у краіне прарасейскі аўтарытарны рэжым[2][3][4], які выявіўся гвалтам, катаваньнямі і забойствамі беларусаў у час здушэньньня масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году[5].
Старажытнасьць
рэдагавацьПалеаліт
рэдагавацьПершыя спробы чалавека (нэандэртальца) пранікнуць на тэрыторыі Беларусі датуюцца часам 100—35 тыс. гадоў назад. Пра гэта сьведчаць знаходкі грубаабабітых крамянёвых вырабаў муст’ерскага тыпу (паводле назвы пячоры Ля-Муст’е ў Францыі). Масіўная скрэблападобная прылада знойдзена паблізу вёскі Абідавічаў на Дняпры (Быхаўскі раён). Сярод матэрыялаў Падлускай стаянкі (Бердыж на Сожы Чачэрскі раён) сустрэліся востраканечнік, адшчэпы, ядрышчы з крэмню. Яны падобныя на вырабы на берагавых схілах каля возера Нобелю у вярхоўях Прыпяці. Каля Сьвяцілавічаў на Бесядзі (Веткаўскі раён) выяўленае скрабло, вырабленае з крамянёвай пласьціны[6]. Хутчэй за ўсё нэандэртальцы праніклі па далінах «прарэк» з тых месцаў, дзе сустракаецца найбольш сьлядоў іхнага жыхарства — зь дняпроўскага Надпарожжа, басэйну Дзясны або Закарпацьця. Падарожжы муст’ерцаў адбываліся ў сярэдзіне палеаліту, які прыпадаў на ледавіковую эпоху, калі адбывалася некалькі абледзяненьняў. У часы максымальнага, дняпроўскага (рыскага), абледзяненьня ўся тэрыторыя Беларусі была пакрытая магутным ледавіком таўшчынёй 2 км. Пад узьдзеяньнем хвалепадобнага пацяпленьня ледавік пачаў раставаць 250—110 тыс. гадоў таму. Надышло цёплае (мікулінскае) міжледавікоўе, якое расьцягнулася на шмат тысячаў гадоў[7].
З 27—24 тысячаў гадоў таму на Беларусі асталёўваюцца першыя людзі сучаснага тыпу, якія заклалі ў Беларусі эпоху каменнага веку, што доўжылася блізу да 1700 году да н. э. Найбольш старажытныя паселішчы чалавека, выяўленыя каля вёсак Юравічаў (Каленкавіцкі раён) і Бердыжу (Чачэрскі раён), адносяцца да эпохі верхняга палеаліту, іхны ўзрост 26—23 тысячаў гадоў. Яны належалі радавым грамадам краманьёнцаў. У сувязі з моцным пахаладаньнем і наступаньнем ледавіка 22—14 тысячаў гадоў таму людзі адышлі з тэрыторыі Беларусі на поўдзень.
Каля Х тысячагодзьдзя да н. э. датуюцца першыя археалягічныя культуры: лінгбійская, якая прыйшла з захаду і заняла захад сучаснае тэрыторыі Беларусі; грэнская (з сучаснай Украіны, паўднёвы ўсход), да якіх неўзабаве далучыліся носьбіты сьвідэрскае культуры, абсяг якой ахапіў захад і цэнтар цяперашняе тэрыторыі Беларусі. Блізкасьць ледавікоў зрабіла тэрыторыю краіны зонай тундравага клімату і расьліннасьці, з прычыны чаго тут практычна суцэльна пражывала толькі качавое насельніцтва, чые традыцыі былі абумоўленыя гаспадаркай, зьвязанай з паўночным аленем. Насельніцтва позьняга палеаліту мела вераваньні, зьвязаныя з паляўнічай магіяй, замагільным сьветам, жаночай плоднасьцю. На вераваньні арыентавалася і мастацтва. Адпаведна гэтаму, насельніцтва падзялялася на родавыя грамады, дзе вялікую ролю, хутчэй за ўсё, адыгрывала жанчына.
Мэзаліт і нэаліт
рэдагавацьУ VIII—IV тысячагодзьдзях да н. э. ледавік адступае і клімат цяплее, у сувязі з чым частка насельніцтва аленегадоўчых традыцыяў адкачавала на поўнач. Праз пацяпленьнем сучасная тэрыторыя Беларусі засяляецца поўнасьцю, але толькі ўждоўж вадаёмаў, што ўжо прыпадае на эпоху мэзаліту (IX—VI тысячагодзьдзі да н. э.), хоць рад дасьледнікаў не вылучае мэзаліт з прычыны тэхналягічных крытэравў у дзейнасьці чалавека і адносіць яго пераважна да палеаліту.
Зь сярэдзіны мэзаліту з поўдня прыбываюць новыя хвалі насельніцтва, якія ў кантэксьце далейшае гісторыі палеаліту на Беларусі вызначацьмуць ноўшыя ўмовы ў гаспадараньні і матэрыяльнай культуры. На паўднёвым усходзе замацавалася насельніцтва носьбітаў дняроўска-данецкае культуры, на захадзе — нёманскай, на ўсходзе — верхнедняпроўскай, у сучасным Паазер’і — носьбіты нарвенскае культуры. У асноўных рысах гэтая сытуацыя працягваецца з пачатку новага каменнага веку (нэаліту), што пачаўся ў канцы V—IV тысячагодзьдзяў да н. э. і доўжылася каля 2 тысячаў гадоў. Значнае павелічэньне насельніцтва ў нэаліце спрыяла ўзьнікненьню новых этнічных супольнасьцяў людзей. У другой палове ІІІ тысячагодзьдзя да н. э. з Балтыі на Беларусь пранікае грабеньчата-ямкавая культура (засяліла поўнач), а таксама культура лейкападобных кубкаў (захад) і дзясьнінская культура (паўднёвы ўсход). На Беларусі вядома каля 600 нэалітычных паселішчаў, бальшыня іх сканцэнтраваная ў далінах рэк, басэйнаў Прыпяці, Сожу, Нёману; сталі ўласьцівыя павялічаныя паселішчы-стаянкі. Для гэтага часу ўласьцівае пашырэньне земляробства і жывёлагадоўлі, што спрыяла павелічэньню колькасьці насельніцтва і міграцыйным працэсам. У пачатку нэаліту ў гаспадарцы вялікую ролю мелі рыбалоўства, да ІІ тыс. да н. э. спакваля яшчэ працягваўся пераход да земляробства і жывёлагадоўлі. Рэлігійныя вераваньні абапіраліся на татэмізм і культ продкаў, пры гэтым у часе вырабу іх выяваў выкарыстоўваўся толькі вобраз мужчыны, што паказвае на яго буйную ролю. Пахаваньні ўтрымліваюць ахвяры, у тым ліку чалавечыя.
З канца ІІІ тысячагодзьдзя да н. э. разьвіваецца паўночнабеларуская культура, што прадоўжыла існаваньне да бронзавага веку. У канцы III — пачатку II тысячагодзьдзях да н. э. на тэрыторыю Панямоньня і Палесься праніклі плямёны шнуравой керамікі культуры, якія былі часткай індаэўрапейцаў — продкаў сучасных народаў Эўропы, у тым ліку славянаў і балтаў. Узаемныя дачыненьні прышлых плямёнаў і абарыгенаў характарызаваліся рознымі формамі гаспадаркі і культурнага ўзаемаўплыву і этнічнай асыміляцыі. Мова індаэўрапейцаў мела шмат дыялектаў. Разьвіцьцё ўзаемных дачыненьняў прывяло да стварэньня розных індаэўрапейскі групаў і народаў. Сынтэз «шнуравікоў», а таксама носьбітаў нарвенскае культуры падтрымліваў далейшае разьвіцьцё паўночнабеларускае культуры. Тэрыторыя паўднёвага ўсходу Беларусі і суседнія раёны Ўкраіны займалі плямёны сярэднедняпроўскай культуры. Першапачаткова насельніцтва не было індаэўрапейскім, але ў канцы нэаліту відавочны ўплыў шнуравой культуры, носьбітаў якіх звычайна атаясамліваюць зь першымі хвалямі індаэўрапейцаў у Эўропе. Пэўнае дачыненьне да іх мелі носьбіты культуры грабеньчата-ямачнай керамікі, якія ўзялі ўдзел у фармаваньні балтаў, а таксама культура лейкападобных кубкаў, носьбіты якой мае дачыненьне да продкаў германцаў. У сваю чаргу, нарвенская культура з высокай імавернасьцю атаясамліваецца з раньнім фіна-вугорскім, г. зн. неіндаэўрапейскім насельніцтвам. Наяўнасьць фіна-вуграў у тагачасным Падзьвіньні пацьвярджаецца тапанімікай і антрапалёгіяй[8].
Пад уплывам прышлых плямёнаў адбыўся пераход мясцовага насельніцтва да бронзавага веку (канец III — пачатак I тысячагодзьдзя да н. э.). У гэты пэрыяд паўднёва-заходнюю тэрыторыю Беларусі сьпярша займалі культуры шнуравой керамікі Палесься, заходняй Беларусі — прыбалтыйскай, Паазер’е — паўночнабеларускай культуры . Да сярэдзіны II тысячагодзьдзя да н. э. ў Палесьсі й Прыдняпроўі сфармаваліся тшцінецкая культура й сосьніцкая культура. У жалезным веку (працягваўся ад VIII—VI ст. да н. э. да VIII ст. н. э.) на Беларусі было некалькі археалягічных культур штрыхаванай керамікі, дняроўска-дзьвінская, мілаградзкая, зарубінецкая, паморская. У асобную культурна-гістарычную групу ў паўднёва-ўсходняй Беларусі вылучаюць помнікі кіеўскай культуры II—IV ст. н. э., якія бальшыня навукоўцаў лічаць славянскімі[9].
Бронзавы век
рэдагавацьБронзавы век, а менавіта пачатак выкарыстаньня вырабаў з бронзавага сплаву, у Беларусі датуецца ад мяжы ІІІ і ІІ тысячагодзьдзяў да н. э. да VII—VI стст. да н. э. Найбольш характэрнымі тэндэнцыямі эпохі сталі ўварваньні плямёнавў шнуравой керамікі, пад уплывам якіх і паўстае бронзавы век на Беларусі. Пад уплывам гэтае культуры ранейшыя ўтваралі г.зв. колы культураў з шнуравым уплывам. Так, на аснове шнуравой культуры і на аснове ранейшай нэалітычнай позьненарвенскай культуры ўзьнікла паўночнабеларуская культура, што праіснавала да канца ІІ тысячагодзьдзя да н. э. На Панямоньні і Палесьсі назіраецца сярэднедняпроўскі ўплыў. У 1700—1600 гадох да н. э. у Беларусь з Одэру і Віслы пранікае тшцінецкая культура, найбольшы ўплыў якой адбіўся на захадзе Беларусі. Існуе меркаваньне, якое адносіць уплыў тшцінецкае культуры на сярэдзіну ІІ тысячагодзьдзя да н. э. на поўдзень Беларусі.
Надзвычай разнастайнымі выглядаюць спробы гісторыкаў зьвязаць тую ці іншую культуры з гэтага пераліку з той ці іншай этнічнай групоўкай. Існуюць гіпотэзы, якія адкідаюць асацыяцыю археалягічных культураў з строга дакладнымі этнічнымі супольнасьцямі. У прыватнасьці, вялікая частка гісторыкаў і мовазнаўцаў перакананая, што ажно ў канцы IV тысячагодзьдзя да н. э. у Эўропе расьсяліліся індаэўрапейцы. Тыя індаэўрапейцы, урэшце, якія аселі на тэрыторыі Беларусі, як мяркуецца, утварылі балтыйскае насельніцтва.
Узрастала роля земляробства і жывёлагадоўлі, якія ў тагачасным грамадзтве сталі практычна вядучымі галінамі дзейнасьці, павялічвалася колькасьць пласкадоннага посуду і расла ягоная разнастайнасьць, што гаворыць на карысьць росту культуры побыту. Гэтыя тэндэнцыі, а таксама існаваньне багатых мужчынскіх пахаваньняў сьведчыць пра зараджэньне ў гэты пэрыяд маёмаснае няроўнасьці, а нябожчыкі мелі статус ваеначальнікаў або старэйшынаў. У сукупнасьці гэта гаворыць пра разьвіты патрыярхальны лад, нараджэньне родапляменнай арыстакратыі і існаваньне грамадзкай арганізаванасьці. Існаваньне шырокага набору зброі, зробленай для забойства чалавека, паказвае на павелічэньне колькасьці канфліктаў. Зь сярэдзіны ІІ тысячагодзьдзя да н. э. у рэлігійным дачыненьні ўзрастае роля салярнага культу (шанаваньне сонца), шанаваньня агню.
Жалезны век
рэдагавацьЖалезны век на тэрыторыі Беларусі пачынаецца каля VII—VI стагодзьдзяў да н. э. і працягваўся практычна да пісьмовае гісторыі на тэрыторыі Беларусі. Яе пачатак стаўся нераўнамерным: так, на поўдні і паўднёвым захадзе да жалезных прыладаў перайшлі перадусім мілаградзкая і падклошавых пахаваньняў культуры, на рэшце тэрыторыі Беларусі зь сярэдзіны І тысячагодзьдзя да н. э. да жалезнага веку пераходзяць носьбіты дняроўска-дзьвінскае культуры. На памежжы згаданых культураў фармавалася зарубінецкая культура. Існуе іншае меркаваньне, паводле якога ў ІІІ ст. да н. э. мілаградзкая культура выцясьняецца зарубінецкай. З V ст. да н. э. цэнтар Беларусі засяляюць носьбіты культуры штрыхаванае керамікі, якая трывала і заўважна заставалася на яе тэрыторыі як мінімум па V ст. н. э. На захадзе Палесься жалезны век сягае свайго максымуму ў ІІ—IV стагодзьдзях н. э. і пераходзіць у больш дасканалыя формы матэрыяльнае культуры, што паказваюць узоры вельбарскае культуры. Відаць, усё насельніцтва належала да той ці іншай групоўкі індаэўрапейскіх плямёнаў. Славянскае або балтыйскае паходжаньне прыпісваюць як мілаградцам, так і зарубінцам, у дачыненьні да дняроўска-дзьвінскае культуры мяркуецца яе балтыйскі характар. Вельбарская культура, хутчэй за ўсё, належала готам або готам і славянам. Іншыя атаясамліваюць прыход славянаў на Беларусь з пазьнейшымі супольнасьцямі. Прапаноўвалася суаднясеньне помнікаў ад V ст. да н. э. з заходнімі балтамі, астатніх — з усходнімі або дняпроўскімі. Фіна-вугорская гідранімія даволі моцная дасюль на поўначы Беларусі. Погляды на мілаградзкую і зарубінецкую культуры кардынальна пераглядаюцца з улікам гіпотэзы аб прарадзіме славянаў на Палесьсі, што мае на ўвазе вылучэньне славянаў з індаэўрапейскіх плямёнаў беспасярэдне на тэрыторыі цяперашняе Беларусі, або з улікам гіпотэзы пра тое, што да V ст. да н. э. балты і славяне складалі адзіную этнічную супольнасьць і толькі потым зьведалі распад. Адзіна дакладным сьцьверджаньнем нацяпер становіцца высоўваньне сувязі гэтых культураў з індаэўрапейцамі бронзавага веку. Значна дакладнейшы лёс маюць готы, якія параўнальна ненадоўга мігравалі на паўднёвы захад Беларусі і сталі даступнымі антычным крыніцам, але зь імі суіснуюць цяжка інтэрпрэтаваныя і супярэчлівыя згадкі пра нэўраў, андрафагаў, будынаў, гелёнаў ды іншых.
Асобнае пытаньне складае лёс матэрыяльных повязяў тагачасных археалягічных культураў на Беларусі. Так, культура штрыхаванае керамікі праяўляе такія зьвязкі з дняроўска-дзьвінскай, мілаградцы мелі пэўныя кантакты з дняроўска-дзьвінскай культурай і культурамі цяперашняй Украіны ды сумежных рэгіёнаў (гальштацкая, высоцкая), пра што сьведчаць прадметы ўзбраеньня. Днепра-дзьвінцы мелі рад кантактаў з скіфамі і лужыцкай культурай, «штрыхавікі» маюць нарвенскі субстрат.
Вядучая роля ў дзейнасьці насельніцтва засталася за земляробствам і жывёлагадоўляй. Людзі жылі патрыярхальным ладам у складзе вялікай родавай грамады, якая мела пэўную апрацаваную тэрыторыю і гарадзішчы, пры гэтым апошнія даўжэй за ўсё захоўваліся на поўначы, прыкладна да сярэдзіны І тысячагодзьдзя н. э. Хутчэй за ўсё, разьвіцьцё грамадзкага ладу і дачыненьняў, а таксама набыткаў матэрыяльнае культуры ішло хутчэй на поўдні. Прынамсі, можна з высокай дакладнасьцю сьцьвярджаць, што жалезнавечны пэрыяд гісторыі Беларусі з усіх дапісьмовых эпох становіцца самым дакладным і празрыстым у дачыненьні ўсталяваньня сацыяльнай, культурнай і этнічнай карціны насельніцтва. Насельніцтва стала засяроджвацца ва ўмацаваных гарадзішчах, асабліва на поўначы і паўднёвым усходзе, якія складаліся з дамоў слупавай канструкцыі або паўзямлянак. Захоўвалі сваю грунтоўную ролю рэкі, пры якіх канцэнтраваліся гарадзішчы, пагатоў новая пляменная знаць мела патрэбу ў абароне. Каля сярэдзіны І тысячагодзьдзя да н. э. пагаршэньне кліматычных умоваў зьмяняе гліняную вытворчасьць (ганчарнае кола дагэтуль вынайдзена не было) і да пранікненьня балтыйскай паморскай культуры, якая адцясьніла мілаградзкую ў раёне сучаснага Пінску. З IV ст. н. э. умацоўваюцца гандлёвыя лучнасьці зь лятэнскай культурай.
Зь цягам часу дняроўска-дзьвінская культура распадаецца на дзьвінскую і дняпроўскую, гандлёвыя сувязі якіх у цэлым зьніжаюцца. На паўночным захадзе адбываецца некаторае выцісканеньне штрыхавікоў заходнімі балтамі. З ІІІ—ІІ стагодзьдзяў да н. э. мілаградзкая культура канчаткова выціскаецца носьбітамі зарубінецкай. Крайні паўднёвы захад становіцца зонай панаваньня насельніцтва падклошавае культуры, якая найбольш адметная урнавымі пахаваньнямі і вельмі часта зьвязваецца з славянамі. У ІІ ст. н. э. на ўсход Беларусі пранікае кіеўская культура, якая лічыцца германскай, германскі ўплыў падмацоўваецца выцісканеньнем культуры падклошавых пахаваньняў вельбарскай культурай. Найбольшай тэндэнцыяй становіцца значнае ўзрастаньне ролі гандлю з Заходняй Эўропы і культурамі пры рымскім памежжы. Фармаваньне новае жалезнавечнае карціны насельніцтва гэтага часу сканчваецца пераходам штрыхаванае керамікі ў г.зв. усходнелетувіскую культуру.
Абнаўляецца культурнае жыцьцё насельніцтва. Агульнымі для носьбітаў усіх культураў на Беларусі становіцца шанаваньне жывёлаў (іх рытуальнае пахаваньне ў мілаградцаў і прынясеньне ў ахвяру ў зарубінцаў, фігуркі коней у днепра-дзьвінцаў). На паселішчах вылучаюцца сьвяцілішчы. Вылучаюцца пахаваньні жрацоў, салярныя сымбалі.
Дапісьмовае насельніцтва
рэдагавацьКаля V ст. н. э. штрыхаванай керамікі, дзьвінская і дняпроўская культуры канчаткова замяняюцца банцараўскай, якая займее самы поўны з усяго дапісьмовага насельніцтва беларусі корпус матэрыяльных крыніцаў, атрымае найбольшы арэал сярод сучаснае Беларусі і ўвойдзе ў судакрананьне з продкамі першага раньнефэўдальнага насельніцтва беларусі. Шэраг этнографаў на падставе спробаў увязаць пераемнасьць зь ёю выдзяляюць асыміляваным яе носьбітам вялікую дзель у этнагенэтычных працэсах усходнеславянскага насельніцтва Беларусі. Мяркуецца, што гэтая культура была балтыйскай. Ейныя гарадзішчы дасягнулі высокага ўзроўню, што выяўляецца ў іх гаспадарчай спэцыялізацыі.
Тады ж на поўнач пранікае культура доўгіх курганоў, якая лічыцца часьцей за ўсё крывіцкай, значны дамешак крывічоў або іх уплыў маглі мець позьнія субкультуры банцараўскіх насельнікаў. Зь сярэдзіны V ст. н. э. на поўдні Беларусі зьяўляецца яўна славянская калочынская культура, якая паказвае гарадзішчы з выразна адміністрацыйнымі функцыямі, вакол якіх гуртаваліся шэраговыя паселішчы. Яна выцясьняецца праскай культурай і практычна не пакідае сьлядоў па ёй, і згасае прынамсі каля VII—VIII стагодзьдзяў, калі цалкам зьнікае і саступае панаваньне праскай культуры.
Этапным сьведчаньнем лічыцца гарадзішча ў сяле Хатомелі, дзе назіраецца, сярод іншага, умацаванае асобнае селішча з знаходкамі, што паказваюць з высокай дакладнасьцю на існаваньне знаці і, адпаведна, на працэс распаду роду. Зь іншага боку, гісторыкі-сучасьнікі, Пракоп Цэзарыйскі і Маўрыцы паведамляюць пра род у славянаў, але памеры праскіх жытлаў гавораць на карысьць малой сям’і. Таксама памянёныя гісторыкі згадваюць у славянаў знаць, рабоў і вольных абшчыньнікаў[10]. Адначасна, у VIII ст. н. э. канчаткова згасае банцараўская культура, якая, нягледзячы на позьняе зьнікненьне, не захавала згадак у пазьнейшых рускіх летапісах. Аднак да Х ст. н. э. балты на трывалай аснове засяляюць прыкладна палову тэрыторыі Беларусі, у іх па-ранейшаму захоўвалася родавая арганізацыя.
Утварэньне дзяржаўнасьці
рэдагаваць- Асноўныя артыкулы: Полацкае княства, Тураўскае княства і Смаленскае княства
Элемэнты дзяржаўнай арганізаванасьці на тэрыторыі Беларусі існавалі задоўга да яе пісьмовай гісторыі[11]. У V—VIII ст. у паўднёвай частцы Беларусі расьсяліліся славянскія плямёны праскай культуры, сярэднюю і паўночную частку займалі плямёны банцараўскай культуры. Працэс расьсяленьня славянаў у 2-й палове I тысячагодзьдзя суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі зь мясцовымі балтыйскімі плямёнамі (літвой, яцьвягамі і інш.). У IX—XI ст. сфармаваліся супольнасьці крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Крывічы ўтваралі тры вялікія групы — полацкую, смаленскую і пскоўскую (паводле назваў іх галоўных гарадоў)[12].
Першы ўпамін пра дзяржаўныя ўтварэньні на тэрыторыі Беларусі датуецца 862 годам, калі паводле паведамленьня летапісе, князь Рурык, які знаходзіўся ў Ноўгарадзе, раздаў «мужам сваім, таму — Полацак, таму — Растоў, таму — Белавозера»[13]. У замежнай гістарыяграфіі існуе меркаваньне пра тое, што на Русі было дзьве скандынаўскія дынастыі — Рурыкавічы і Рагвалодавічы[14][15][16]. Навуковец з Даніі Адольф Стэндэр-Пэтэрсэн лічыў, што на Русі ўтварылася дзьве скандынаўска-славянскія дзяржавы — Наўгародзка-Кіеўская і Полацкая. Аўтар падмацоўвае гэта сьведчаньнем з Аповесьці мінулых часоў пра княжаньне ў Полацку Рагвалода, пра скандынаўскае паходжаньне яго імя. Амэрыканскі гісторык Амельян Прыцак лічыў, што полацкая дынастыя была адзінай з старажытных скандынаўскіх дынастыяў, якая змагла захавацца ў змаганьні з Рурыкавічамі[17]. Прыкладна ў гэты час на аснове племянного княжаньня крывічоў-палачанаў склалася буйное Полацкае княства — самастойная моцная сярэднявечная дзяржава на тэрыторыі Беларусі[12]. Яго насельнікі называюцца крывічамі ў летапісах пад 1127, 1129, 1140 і 1162 гадох, таксама ўжывалася назва палачане. Апроч Полацку, да яго належалі гарады: Віцебск, Менск, Лукомаль, Браслаў, Заслаўе, Лагойск, Ворша, Копысь, Барысаў[18]. Полацкае княства мела ўсе атрыбуты дзяржаўнай самастойнасьці — сувэрэнную ўладу князя і веча, адміністрацыю, сталіцу, войска, грашовую сыстэму і іншае[11][19]. Адным з такіх атрыбутаў было правядзеньне ўласнай геапалітыкі, якая палягала на супрацьстаяньні агрэсіі Кіеўскага княства і ўласнай экспансіі ў бок Балтыйскага мора[20]. У 980 годзе кіеўскі князь Уладзімер Сьвятаславіч захапіў Полацак, забіў яго гаспадара Рагвалода і далучыў Полацкае княства да Кіеўскага. Аднак ужо за князем Ізяславам, сынам Уладзімера і Рагнеды, унукам Рагвалода, Полацак аднавіў сваю незалежнасьць. Найбольшага росквіту Полацкае княства дасягнула ў XI—XII ст. у час княжаньня Ўсяслава Брачыславіча (1044—1101)[21]. Пазьней яно падзялілася на ўдзельныя княствы — Менскае, Віцебскае, Друцкае, Лагойскае.
У сярэдзіне X ст. на землях дрыгавічоў вылучылася Тураўскае княства, якое прыкладна з 988 году трапіла ў залежнасьць ад Кіева. Звычайна вялікія князі кіеўскія надавалі Тураў сваім трэцім сынам. 3 другой паловы XII ст. Тураўскае княства здабыла незалежнасьць і неўзабаве падзялілася на Пінскае, Клецкае, Слуцкае, Дубровіцкае, Капыльскае і іншыя ўдзельныя княствы. З канца XI ст. тэрыторыю радзімічаў падзялілі паміж сабой Чарнігаўскае і Смаленскае княствы. Палітычнае адасабленьне Смаленску ад Кіева пачалося ў ХІ ст., а ў 1120-я гады тут усталявалася самастойная дынастыя на чале з Расьціславам Мсьціславічам (1125—1259). У гэты час Смаленскае княства дасягнула найбольшага пашырэньня, калі ў яго склад увайшлі Крычаў, Прапойск, Амсьціслаў (пазьней вылучыўся ва ўдзельнае Амсьціслаўскае княства), а таксама адабраныя ў Менску Копысь і Ворша. У XII—XIII стагодзьдзях удзельныя княствы ўзьніклі на землях Верхняга Панямоньня. Найбольш значную ролю адыгрывалі Гарадзенскае і Наваградзкае княствы. Грамадзкае разьвіцьцё зямель Беларусі праходзіла аднолькавы шлях зь іншымі ўсходнімі славянамі, якія ўваходзілі ў склад Русі. Тут у X—XII ст. перапляталіся 3 асноўныя сацыяльна-эканамічныя ўклады: грамадзкі, рабаўладальніцкі і фэўдальны, які паступова станавіўся паноўным[9].
У канцы X ст. пачало пашырацца хрысьціянства паводле бізантыйскага абраду. У 992 годзе зьявілася першая япархія ў Полацку, у 1005 годзе — Тураўская япархія, у 1136 годзе — Смаленская япархія. Аднак элемэнты язычніцтва ў некаторых мясцовасьцях захоўваліся многія стагодзьдзі. Хрысьціянская царква спрыяла разьвіцьцю беларускае культуры, у тым ліку манумэнтальнага дойлідзтва, малярства, прыкладнога мастацтва, літаратуры[22].
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Вялікае Княства Літоўскае
Створаная за часамі ўдзельных княстваў матэрыяльная і духоўная культура стала падмуркам дзяржаваўтваральных працэсаў ў XIII—XIV стагодзьдзях[23]. Падобныя працэсы былі праявай і арганічнай часткай мірнага балта-славянскага ўзаемадзеяньня ў біэтнічным рэгіёне верхняга Панямоньня[24]. Пераход балта-славянскага сымбіёзу на новую ступень эвалюцыі адбыўся з прычыны разбурэньня палітычнай сыстэмы Ўсходняй Эўропы (агрэсія Інфлянцкага і Тэўтонскага ордэнаў, мангола-татарская навала)[25]. Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага дало магчымасьць насельніцтву краю абараніць сваю незалежнасьць і стварыць умовы для далейшага сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага і культурнага разьвіцьця.
Вялікае Княства Літоўскае з цэнтрам у Наваградку паўстала каля 1240-х гадоў, калі на запросіны мясцовых баяраў тут пачаў княжыць Міндоўг. Абарону краю ачоліў наймацнейшы, правераны ў баёх і выправах ваенны правадыр, этнічнае паходжаньне якога ня мела істотнага значэньня, асабліва ў рэгіёне, дзе два этнасы вякамі жылі ўперамешку[25]. Да прыходу Міндоўга цэнтар Гарадзенскага княства перасунуўся ў Наваградак, дзе валадарыў князь Ізяслаў, які, хутчэй за ўсё, мірна перадаў уладу й некаторы час браў удзел у выправах Міндоўга на польскія землі.
Працэс фармаваньня новай дзяржавы быў даволі працяглым і адбываўся шляхам дынастычных шлюбаў, пагадненьняў (у рэдкіх выпадках захопу) паміж асобнымі княствамі пры захаваньні палёгак, прывілеяў і пэўнага самакіраваньня (паводле прынцыпу «старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць»). Упершыню гэты мэханізм быў выкарыстаны ў дачыненьні Полацку ў 1307 годзе па ўваходжаньні Полацкага княства ў склад ВКЛ, хоць да ўваходжаньня княства ў ім і раней кіравалі літоўскія князі (Таўцівіл). У дачыненьні да Панямоньня прынцып падобнай аўтаноміі невядомы.
Неўзабаве да Вялікага Княства Літоўскага добраахвотна[23] далучылася рэшта ўдзельных княстваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Полацак — у 1307 годзе; Віцебск — у 1320 годзе; Берасьце, Менск, Тураў і Пінск — у 1320—1330-я[26] гады; Амсьціслаў — у 1358 годзе. Найбольш пасьпяхова працэсы аб’яднаньня беларускіх зямель праходзілі ў часе княжаньня Гедзіміна (1316—1341), які перанёс сталіцу дзяржавы з Наваградку ў Вільню. Важным ягоным дасягненьнем было стварэньне незалежнай ад Масквы Літоўскай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Наваградку. Адначасна Гедзімін паклаў падмурак рускаму вэктару палітыкі Вялікага Княства Літоўскага, які разьвіваўся ў наступныя дзесяцігодзьдзі.
Значныя тэрытарыяльныя набыткі Вялікае Княства Літоўскае атрымала ў часе княжаньня Альгерда (1345—1377). За ім у склад дзяржавы ўвайшлі Чарнігаўска-Северская, Падольская, Валынская і Кіеўская землі, Смаленскае княства, а таксама Жамойць[27]. У выніку, землі сучаснай Беларусі занялі цэнтральнае месца, што забясьпечыла рост іхнай эканомікі, разьвіцьцё культуры, умацаваньне беларускай (гістарычнай рускай або літоўскай) мовы як афіцыйнай[28][29].
Вялікае значэньне дзеля ўмацаваньня ВКЛ мела перамога над Тэўтонскім ордэнам у Грунвальдзкай бітве 1410 году. За вялікім князем Вітаўтам (1392—1430) ВКЛ значна пашырыла сваю тэрыторыю[22].
На лёс беларускіх зямель у ВКЛ значна паўплываў пераход літоўскае знаці ў канцы XIV ст. у каталіцтва. Вялікі князь Ягайла (1377—1392) у 1385 годзе пагадзіўся хрысьціць насельніцтва Літвы паводле каталіцкага абраду ў якасьці адной з умоваў атрыманьня стальцу польскага караля (Крэўская унія 1385 году). Адгэтуль у ВКЛ пачало насьпяваць нутранае напружаньне паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам. З часоў прыняцьця Гарадзельскага прывілею 1413 году палітычнае становішча ў ВКЛ пачало характарызавацца дамінаваньнем каталіцкае знаці, якая атрымала вынятковае права на заняцьце дзяржаўных пасадаў і тытул паноў. Усходне-славянскія баяры й князі захавалі свае ўдзелы ў ВКЛ, яны падтрымлівалі дзяржаву, спрыялі росту яе магутнасьці, але імкнуліся павялічыць свой уплыў на прыняцьце палітычных пастановаў. Выразьнікам іх інтарэсаў стаў вялікі князь Сьвідрыгайла (1430—1432), які пачаў раздаваць дзяржаўныя пасады, замкі і воласьці праваслаўным фэўдалам, што прывяло да працяглай фэўдальнай вайны (Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім 1432—1438 гадоў). У 1432 годзе Сьвідрыгайла ўцёк у Полацак, дзе беларускія князі й баяры пасадзілі яго на пасад Вялікага Княства Рускага, такім чынам адбыўся кароткачасовы раскол ВКЛ, і Полацак на пэўны час стаў сталіцай беларускае дзяржавы. Каталіцкія вярхі ВКЛ пайшлі на кампраміс. Ягайла прывілеем 1432 году і Жыгімонт Кейстутавіч прывілеем 1434 году ўраўнавалі праваслаўных фэўдалаў у некаторых эканамічных і палітычных правох з каталікамі. За вялікім князем Казімерам (1440—1492) асобным землям (Наваградзкай, Полацкай, Віцебскай, Смаленскай і інш.) пацьверджаныя правы на аўтаномнае кіраваньне. Казімер зацьвердзіў судзебнік 1468 году — першы ўпарадкаваны збор законаў. Па ягонай сьмерці Маскоўская дзяржава распачала некалькі войнаў з мэтай супрацьстаяць аб’яднаньню земляў Русі вакол Вялікага Княства Літоўскага. У ходзе гэтых войнаў да Маскоўскай дзяржавы ў XV—XVI ст. адышлі некаторыя ўсходнеславянскія землі ВКЛ. Па няўдачах у войнах палітычныя вярхі ВКЛ пачалі залучаць да больш актыўнага кіраваньня дзяржавай буйных праваслаўных фэўдалаў; праваслаўным ужо фактычна не забаранялася займаць найважнейшыя дзяржаўныя пасады. У 1563 годзе юрыдычна скасавалі палажэньне, паводле якога праваслаўныя фэўдалы не маглі засядаць у гаспадарскай радзе. Вялікі ўплыў на дзяржаўныя справы мелі магнаты Астроскія, Хадкевічы, Сапегі, Ільлінічы і іншыя[22].
Да сярэдзіны XVI ст. канчаткова аформіўся дзяржаўны лад ВКЛ, асновы якога замацаваныя ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1529 году і Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1566 году. Дзяржаўнай мовай ВКЛ была старабеларуская мова. Кіраўніком дзяржавы лічыўся вялікі князь (гаспадар). Сумесна з радай ён ажыцьцяўляў найвышэйшы суд. Рада ВКЛ (паны-рада) узьнікла ў XV ст. як дарадчы орган пры вялікім князю, а да канца XV — пачатку XVI ст. ператварылася ў найвышэйшы орган дзяржаўнае ўлады. З XV ст. на паседжаньні рады запрашаліся прадстаўнікі мясцовых фэўдалаў, г. зн. зьбіраўся сойм. У 1413 годзе тэрыторыя ВКЛ падзялілася на Віленскае й Троцкае ваяводзтвы. У пачатку XVI ст. утварыліся Полацкае, Наваградзкае, Смаленскае й Падляскае ваяводзтвы; у выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнае рэформы 1565—1566 гадоў — Берасьцейскае, Менскае, Амсьціслаўскае ваяводзтвы, большасьць зь іх былі падзяляліся на паветы (адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Вялікага Княства Літоўскага). Шляхта атрымала права браць удзел у павятовых сойміках, дзе выбіраліся паслы (дэпутаты) на вальны сойм. Вялікі ўплыў на лёс ВКЛ зрабіла Інфлянцкая вайна 1558—1583 гадоў[22].
Рэч Паспалітая
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Рэч Паспалітая
Няўдачы войска Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку заняцьце маскоўскімі войскамі ў 1563 годзе Полацку, падштурхнулі вялікага князя ВКЛ і шляхту да больш цеснага вайсковага і дзяржаўнага зьвязу з Польшчай. У выніку Люблінскае уніі 1569 году ВКЛ і Каралеўства Польскае аб’ядналіся ў канфэдэрацыю — Рэч Паспалітую. Паводле ўмоваў уніі, ВКЛ захоўвала свае адміністрацыйны апарат, заканадаўства, армію, герб Пагоню, дзяржаўную пячатку. Найвышэйшым органам аб’яднанае дзяржавы стаў агульны сойм, які спачатку зьбіраўся на тэрыторыі Каралеўства Польскага, а зь сярэдзіны XVII ст. кожны трэці сойм склікаўся ў Горадні як сымбаль асобнага становішча ВКЛ. Кіраўніком дзяржавы быў кароль Рэчы Паспалітае, якога абірала шляхта. Адначасна ён быў і вялікім князем ВКЛ. У часе работы Люблінскага сойму землі Ўкраіны адышлі да Польшчы, таму ў 1569 году ВКЛ складалася ў асноўным зь літоўскіх і жамойцкіх зямель. Кароль і вялікі князь Стэфан Баторы (1576—1586) на чале аб’яднанае арміі вызваліў у 1579 годзе Полацак і перанёс ваенныя дзеяньні на тэрыторыю Масковіі. Пасьпяховае завяршэньне Інфлянцкае вайны паспрыяла ўзмацненьню ролі ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Прыняцьце Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году падкрэсьліла асобае становішча ВКЛ у фэдэрацыйнай дзяржаве з сваім войскам, заканадаўствам, гербам. Скасоўваліся палажэньні уніі, паводле якіх палякі і іншыя замежныя падданыя маглі атрымліваць у ВКЛ зямельныя ўладаньні і адміністрацыйныя пасады[30].
У 1596 годзе прымаецца Берасьцейская унія, да яе складаньня падштурхнула стварэньне ў Маскоўскай дзяржаве ў 1589 годзе патрыярхату, які намагаўся падначаліць сабе праваслаўных жыхароў ВКЛ. Паводле ўмоваў уніі, праваслаўная царква ВКЛ прызнавала вяршэнства папы рымскага, прыняла каталіцкую дагматыку, аднак захавала сваю абраднасьць і асобную арганізацыю. Да канца XVIII ст. да грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы належала каля 80% насельніцтва Беларусі, у асноўным сялянаў. Праваслаўныя, што не прынялі унію, у пачатку XVII ст. стварылі ўласную царкоўную арганізацыю, узаконеную дзяржаўнай уладай[31].
У выніку вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1609—1618 гадоў да ВКЛ вярнулася Смаленшчына. Катастрафічны ўплыў на гаспадарку і культурнае жыцьцё зрабіла вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. Перад ёй была антыфэўдальная вайна 1647—1651 гадоў, распачатая ўкраінскімі казакамі. Скарыстаўшы сьмерць караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы (1633—1648), казакі ўварваліся на Палесьсе і ўзначалілі мясцовыя выступленьні. У 1654 годзе маскоўскія войскі занялі ўсходнюю Беларусь да Дзьвіны й Дняпра, у 1655 годзе — большую ейную частку. Паводле ўмоваў Андрусаўскага замірэньня 1667 году, якое завяршыла гэтую вайну, беларускія землі засталіся ў Рэчы Паспалітай. Да Маскоўскай дзяржавы адышлі Кіеў, левабярэжная Ўкраіна, Севершчына ды Смаленскае ваяводзтва. Масавае вынішчэньне гарадзкога насельніцтва прывяло да заняпаду гарадоў, умацаваньня ў іх пазыцыяў шляхты і да запаволеньня разьвіцьця капіталістычных дачыненьняў. Па вайне ўзмацнілася палянізацыя, якая ахапіла шырокія колы беларускае шляхты й мяшчанаў. Ян Казімер (1648—1668) празь няўдачы зрокся стальцу. Наступныя каралі й вялікія князі Міхал Вішнявецкі (1669—1673) і Ян Сабескі (1674—1696) ня здолелі прадухіліць рост уплыву шляхты і ўтаймаваць яе свавольствы. Абраны на пасад Рэчы Паспалітай саксонскі курфюрст Аўгуст Моцны у час Вялікае Паўночнае вайны 1700—1721 гадоў выступіў хаўрусьнікам маскоўскага гаспадара Пятра I. Швэды, якія часткова акупавалі Беларусь, падтрымлівалі свайго стаўленіка на стальцы Станіслава Ляшчынскага. Ваенныя дзеяньні й нутранае змаганьне шляхецкіх груповак прывялі да заняпаду гаспадаркі, якую здолелі адбудаваць толькі да сярэдзіны XVIII ст. Унутрыпалітычная анархія ў краіне працягвалася, звычайным стаў зрыў працы соймаў праз свавольства шляхты. Рэч Паспалітая пачала трапляць пад палітычны ўплыў суседніх дзяржаваў. Апошні кароль й вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1764—1795) быў стаўленьнікам маскоўскай гаспадыні Кацярыны II, але імкнуўся праводзіць незалежную палітыку. Частка дзяржаўных колаў Рэчы Паспалітае ўзяла курс на мадэрнізацыю палітычнага ладу краіны, найперш на ўмацаваньне цэнтральнае ўлады. У 1764 годзе ўтварыліся Вайсковая й Скарбовая камісіі ВКЛ, у 1773 годзе — Адукацыйная камісія, у 1791 годзе — Камісія паліцыі.
Разьвіцьцю капіталістычных дачыненьняў перашкаджалі панаваньне магнатаў, нацыянальныя й рэлігійныя супярэчнасьці. Складанае ўнутрыпалітычнае становішча Рэчы Паспалітай імкнуліся выкарыстаць у сваіх інтарэсах Расея, Прусія і Аўстрыя. На іхную карысьць дзеялі розныя групоўкі шляхты. У 1786 годзе ўтварылася Барская канфэдэрацыя — зьвяз шляхты, накіраваны і супраць ўмяшаньня Расеі ў нутраныя справы дзяржавы, і супраць палітычных рэформаў. Разгром канфэдэрацыі расейскімі войскамі прывёў у 1772 годзе да першага падзелу Рэчы Паспалітае паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Пад уладу Расеі трапілі ўсходнія землі Беларусі з Полацкам, Віцебскам, Магілёвам, Гомлем. Частка кіроўных колаў бачыла ўратаваньне дзяржавы ў антыфэўдальных рэформах. Чатырохгадовы сойм 1788—1792 гадоў прыняў Канстытуцыю 3 траўня 1791 году, паводле якое ўсталяваў апеку дзяржавы над прыгоннымі сялянамі і пашырыў палітычныя правы мяшчанаў, рэарганізаваў і цэнтралізаваў дзяржаўнае кіраваньне. У адказ кансэрватарская шляхта пры дапамозе Расеі стварыла Таргавіцкую канфэдэрацыю, з фармальных запросінаў якой ажыцьцявілася новае ўмяшаньне Расеі. У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітае, у выніку якога пад уладу Расеі трапілі землі цэнтральнае Беларусі з Барысавам, Менскам, Слуцкам, Пінскам. Згодніцкая пазыцыя кіроўных колаў Рэчы Паспалітае стала прычынай палітычнага ўздыму, які прывёў да паўстаньня 1794 году, узначаленага Тадэвушам Касьцюшкам. Расея накіравала дадатковыя войскі, якія ў шэрагу бітваў здушылі паўстаньне. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітае пад уладу Расеі трапілі землі заходняе Беларусі зь Вільняй, Горадняй, Наваградкам, Берасьцем. Падляшша адышло да Прусіі. Рэч Паспалітая перастала існаваць[31].
Пад уладай Расейскае імпэрыі
рэдагаваць- Асноўныя артыкулы: Паўночна-Заходні край і Русіфікацыя Беларусі
На анэксаваных[32] Расейскай імпэрыяй землях усталёўваўся тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел на расейскі ўзор — паветы, правінцыі, губэрні і генэрал-губэрнатарствы. У 1772 годзе ўтварылася Беларускае генэрал-губэрнатарства ў складзе 2 губэрняў — Пскоўскай (з 1776 году Полацкай, потым Віцебскай) і Магілёўскай. У 1793 годзе ўтварыліся Менская, у 1795 — Слонімская і Віленская губэрні. У 1796—1801 гадох тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў Беларускую, Менскую і Літоўскую губэрні, якіх у 1801 годзе падзялілі на Віцебскую, Магілёўскую, Менскую, Гарадзенскую і Віленскую губэрні. У губэрнях ствараліся палаты крымінальнага (дзеялі на аснове права Расейскай імпэрыі) і цывільнага (разьвязвалі цывільныя справы паводле нормаў Статуту ВКЛ 1588 году) судоў. Па прыняцьці прысягі на вернасьць маскоўскай гаспадыні Кацярыне II шляхта Беларусі атрымала правы і прывілеі расейскага дваранства. Пры гэтым шляхта страціла права абіраць манарха, разьвязваць мясцовыя справы на ваяводзкіх і павятовых сойміках, ствараць канфэдэрацыі дзеля абароны сваіх вольнасьцяў і прывілеяў. Магнатаў пазбавілі права мець уласныя фартэцыі і войска. Праводзілася чыстка шляхецкага стану (Разбор шляхты). Кацярына II і Павал I практыкавалі раздачу дзяржаўных зямель з прыгоннымі сялянамі расейскім абшарнікам, вайскоўцам і буйным чыноўнікам. На Беларусь пашыралася агульнарасейская сыстэма дзяржаўных падаткаў і павіннасьцяў. Галоўным падаткам стаў падушны, які быў значна цяжэйшы за ранейшы падымны. Сяляне выконвалі паншчыну, плацілі чынш, натуральныя даніны і інш. На мяшчанаў ускладаліся выдаткі на ўтрыманьні выйсковых гарнізонаў, паліцыі, турмаў, гарадзкога магістрату, паштовае службы, навучальных і мэдычных установаў. Цяжкай павіннасьцю для сялянаў і мяшчанаў Беларусі стаў абавязак пастаўляць рэкрутаў на 25-гадовую (з 1834 году — на 20-гадовую, з 1856 году — на 15-гадовую) службу ў войска. Шэраг законаў абмяжоўваў правы жыдоўскага насельніцтва: мяжа жыдоўскае аселасьці, падушны падатак і рэкруцкія павіннасьці ўдвая вышэйшыя, чым для хрысьціянаў, кампаніі па прымусовым высяленьні ў гарады й мястэчкі зь сельскае мясцовасьці. Урадавы сынод Расейскай імпэрыі (Маскоўская царква) на Беларусі атрымаў дзяржаўны статус, тым часам каталіцкая царква страціла прывілеяванае становішча і трапіла пад кантроль расейскага ўраду. Рымска-каталіцкаму духавенству давалася свабода ў выкананьні рэлігійных абрадаў, але забаранялася схіляць праваслаўных (у тым ліку тых, што прынялі Берасьцейскую унію) да пераходу ў рыма-каталіцтва. Каб заахвоціць далучэньне вернікаў ўніяцкае царквы да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) выкарыстоўваліся агітацыя, прымус, матэрыяльныя ўзнагароды ўніяцкага духавенства[33].
Беларуская шляхта ў часе вайны 1812 году падтрымала імпэратара Францыі Напалеона, маючы спадзеў пры ягонай дапамозе аднавіць ВКЛ і Рэч Паспалітую. 1 ліпеня 1812 году Напалеон падпісаў указ аб утварэньні ВКЛ у складзе Віленскага, Гарадзенскага, Менскага і Беластоцкага дэпартамэнтаў і прызначыў Часовы ўрад з прадстаўнікоў мясцовае шляхты. Галоўнымі ягонымі задачамі былі: мабілізацыя насельніцтва ў францускую армію, яе матэрыяльнае забесьпячэньне, ахова камунікацыў, падтрыманьне парадкаў у тыле і г. д. Напалеон не зрабіў захадаў дзеля ліквідацыі прыгоннага права, таму сярод сялянства ён не атрымаў падтрымкі, якое адказвала на паборы й марадэрства партызанскім рухам[33].
Уплыў Францускае рэвалюцыі 1789—1799 гадоў і падзеяў 1812 году спрыяў пашырэньню на Беларусі дэмакратычных і нацыянальна-вызвольных ідэяў. У пачатку XIX ст. у Віленскім унівэрсытэце й шэрагу навучальных установаў, у Літоўскім асобным корпусе дзеялі гурткі мясцовае моладзі, якія выступалі за аднаўленьне Рэчы Паспалітае. Дзеялі таварыства філяматаў і філярэтаў, таварыства «Вайсковыя сябры». У 1830—1831 гадох адбываецца вызвольнае паўстаньне, мэтай якога было аднаўленьне дзяржаўнасьці ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Па ягоным здушэньні расейскі ўрад узяў курс на паступовае аслабленьне эканамічных і палітычных пазыцыяў шляхты й каталіцкага духавенства. Канфіскоўваліся маёнткі ўдзельнікаў паўстаньня, зачыняліся касьцёлы й кляштары, пробашчы і насельнікі якіх мелі дачыненьне да паўстаньня. Узмацніўся «разбор» шляхты. Больш за 10 тысячаў шляхціцаў вылучылі з дваранскага стану. Справаводзтва ў мясцовых дзяржаўных установах і навучаньне ў школах пераводзілася з польскай на расейскую мову. У 1832 годзе расейскія ўлады зачынілі Віленскі ўнівэрсытэт за ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстаньні і «прапольскі дух» выхаваньня. У студзені 1831 году яны скасавалі дзеяньне Статуту ВКЛ 1588 году ў Віцебскай і Магілёўская, у чэрвені 1840 — у Менскай, Гарадзенскай і Віленскай губэрнях. Узмацніліся рэпрэсіі супраць уніяцкай царквы. 12 лютага 1839 году Сабор вышэйшага ўніяцкага духавенства ў Полацку прыняў акт аб «узьяднаньні» ўніятаў з Урадавым сынодам Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквой). Узмацнілася залежнасьць праваслаўнай і каталіцкай царквы ад дзяржавы. У 1841—1843 гадох іх перавялі на дзяржаўнае ўтрыманьне[34].
Асновай эканомікі беларускіх земляў у XIX стагодзьдзі заставалася сельская гаспадарка, у якой панавала буйнамаянтковае дваранскае землеўладаньне. Попыт на збожжа ў Заходняй Эўропе стымуляваў абшарнікаў да пашырэньня фальваркаў. Да сярэдзіны XIX ст. 97% абшарніцкіх сялянаў беларускіх земляў знаходзіліся на паншчыне, гэта значыць былі прымацаваныя да панскіх фальваркаў і пазбаўленыя магчымасьці пошукаў іншых заработкаў, перасяленьня ў месты, выяўленьня прадпрымальніцкае ініцыятывы ў сфэры прамысловасьці й гандлю, якую мелі аброчныя сяляне ў цэнтральных губэрнях Расейскай імппэрыі. У 1840—1850 гадох на Беларусі выявіўся крызіс фэўдальна-прыгоньніцкіх дачыненьняў: скарачаліся пасевы, зьніжалася ўраджайнасьць, усё большая колькасьць сялянаў ня здольная была плаціць падаткі й выконваць павіннасьці на карысьць дзяржавы; у банкаўска-крэдытных установах было закладзена каля 70% прыгонных сялянаў: нарастаў антыпрыгоньніцкі рух сялянаў. У 1856—1860 гадох масавыя выступленьні сялянаў адбыліся ў 66 маёнтках, 11 зь іх здушаныя войскамі й паліцыяй. Параза ў Крымскай вайне 1853—1856 гадоў і пагроза сялянскае рэвалюцыі вымусілі маскоўскага гаспадара Аляксандра II распачаць буржуазныя рэформы. 19 лютага 1861 году ён падпісаў Маніфэст і «Палажэньне» аб вызваленьні абшарніцкіх сялянаў ад прыгоннае залежнасьці. У выніку аграрны рэформаў на Беларусі абшарнікі захавалі больш за палову зямлі[34].
Адбываецца нацыянальна-вызвольнае паўстаньне 1863—1864 гадоў супраць расейскага панаваньня і за аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году, якое пачалося абвяшчэньнем Маніфэсту Часовага нацыянальнага ўраду 10 студзеня 1863 году. Расейскія ўлады здолелі здушыць гэтае выступленьне, яго ўдзельнікаў рэпрэсавалі. Маёнткі датычных да паўстаньня забіраліся ў расейскі дзяржаўны скарб і на льготных умовах прадаваліся выхадцам з цэнтральных расейскіх губэрняў[34].
Па рэформе 1861 году паскорылася фармаваньне рабочае клясы. Ідэолягамі й выразьнікамі інтарэсаў сялянаў і іншых дробных вытворцаў Расейская імпэрыі выступалі арганізацыі рэвалюцыйных народнікаў («Зямля і воля», «Народная воля»). У 2-й палове 1870 — пачатку 1880-х гадоў народніцкія гурткі існавалі ў Магілёве, Менску, Віцебску, Горадні, Пінску, Горы-Горках, Слуцку, Воршы. пераважна сярод вучнёўскае моладзі, вайскоўцаў, работнікаў. Пад уплывам выданьняў польскае сацыялістычнае партыя «Пралетарыят» і расейскае групы «Вызваленьне працы» частка народнікаў Беларусі ў сярэдзіне 1880-х гадоў перайшло на пазыцыі марксізму. У 1895—1900 гадох у 23 населеных пунктах Беларсі адбыліся 292 эканамічныя стачкі, у якіх брало ўдзел каля 11,5 тысячаў работнікаў. У 1896 годзе ўварыўся Рабочы саюз Літвы, у 1897 годзе — Бунд (Усеагульны жыдоўскі хаўрус у Літве, Польшчы і Расеі). У 1898 годзе зьезд прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычных арганізацыяў Пецярбургу, Масквы, Кіева, Екацярынаслава і Бунда, што адбыўся ў Менску, абвясьціў пра ўтварэньне Расейскай сацыял-дэмакратычнай работніцкай партыі (РСДРП). У пачатку 1900-х гадоў рабочым рухам у гарадох і мястэчках Беларусі кіравалі арганізацыі Бунду. У Горадні й Берасьці ўплыў на рабочых мелі арганізацыі Польскай сацыялістычнай партыі ў Літве (ППС). У 1902—1904 гадох на Беларусі зьявіліся арганізацыі партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (ПСР). У 1903 годзе ўтварылася Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). У 1903—1904 гадох узьніклі арганізацыі РСДРП (Паўночна-заходні камітэт РСДРП, Палескі камітэт РСДРП). Сярод жыдоўскага насельніцтва Беларусі з 1890-х гадоў шырокую агітацыю вялі сіяністы. У часе рэвалюцыі 1905—1907 гадоў на Беларусі завяршылася партыйнае афармленьне 3 палітычных лягераў: рэвалюцыйнага (РСДРП, ПСР, ППС, БСГ, Бунд, паалей-сіяністаў, сіяністаў-сацыялістаў і інш.), лібэральнага (КДП, Хаўрус дасягненьня раўнапраўя жыдоў у Расеі, сіяністы, Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы й Беларусі), урадавага (Хаўрус расейскага народу, Саюз 17 кастрычніка). У I Дзяржаўную думу ад 5 заходніх губэрняў абралі 36 дэпутатаў, у тым ліку 29 прыхільнікаў кадэтаў. На выбарах у II Дзяржаўную думу ў 5 заходніх губэрнях перамаглі 2 контрарэвалюцыйныя нацыяналістычныя групоўкі — расейская й польская[35].
Аграрны й палітычны рух сялянаў прымусіў расейскі ўрад прызнаць неабходнасьць рэформаў, вынікам чаго стала Сталыпінская аграрная рэформа. На выбарах у III Дзяржаўную думу ў 5 заходніх губэрнях чарнасоценцы й акцябрысты заваявалі 29 і 36 месцаў. Каталіцкае насельніцтва Віленскае й Гарадзенскае губэрняў абралі 6 прадстаўнікоў беларуска-польскіх аўтанамістаў («краёўцаў»). З падобнымі вынікамі прайшлі выбары і ў IV Дзяржаўную думу (1912). Чарнасоценна-акцябрысцкія групоўкі і іхныя органы друку адмаўлялі самастойнасьць беларускага этнасу, зьвінавачвалі беларускі нацыянальны рух і ягоную газэту «Наша Ніва» ў сэпаратызьме. Супраць беларускага нацыянальнага адраджэньня выступалі і польскія абшарніцка-клерыкальныя групоўкі. У 1907 годзе амаль усе мясцовыя арганізацыі левых партыяў былі разгромленыя ці вельмі аслабленыя. Сярод меншавікоў і бундаўцаў пашыралася ліквідатарская плынь. Згарнула свае падпольныя структуры БСГ і як партыя часова прыпыніла дзейнасьць. Ейныя кіраўнікі засяродзіліся на легальнай дзейнасьці ў газэце «Наша Ніва» і ўзначалілі беларускі нацыянальна-культурны рух. У 1905—1915 гадох ён прыкметна пашырыўся й набыў міжнародную вядомасьць. Асабліва значныя посьпехі дасягнутыя ў разьвіцьці беларускае літаратуры (Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Максім Багдановіч)[35].
1 жніўня 1914 году Расейская імпэрыя ўступіла ў вайну зь Нямецкай імпэрыяй (Першая сусьветная вайна). Беларускія губэрні ў ліку першых перавялі на ваеннае становішча. У выніку наступленьня (Сьвянцянскі прарыў, 1915) нямецкія войскі занялі заходнюю частка Беларусі. Да кастрычніка 1915 году фронт стабілізаваўся на лініі Дзьвінск — Паставы — Баранавічы — Пінск. Вайна прывяла эканоміку Беларусі да заняпаду. У сельскай мясцовасьці адчуваўся недахоп працоўных рук, скараціліся пасяўныя плошчы, паменшала колькасьць жывёлы. Каля 1/3 прамысловых прадпрыемстваў Беларусі былі эвакуяваныя або дэмантаваныя. Гарады Беларусі перапоўнілі вайскоўцы і ўцекачы[35].
Заняцьце амаль усёй Віленскае, Гарадзенскае і заходняе часткі Менскае губэрняў войскамі Нямецкае імпэрыі, мабілізацыя ў войска, масавае бежанства на ўсход на пэўны час дэзарганізавалі беларускі рух. Беларускі нацыянальна-культурныя арганізацыі распадаліся, спынялася выданьне беларускіх газэтаў і кніг. Частка кіраўнікоў «Нашае Нівы» (браты Антон і Іван Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі і іншыя) засталіся ў Вільні і ўзначалілі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны. У Вільні дзеялі Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група, Сувязь незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі. У якасьці каардынатара беларускага нацыянальнага руху выступаў Цэнтральны саюз беларускіх нацыянальных арганізацыяў на чале зь Беларускім народным камітэтам, пад кіраўніцтвам якога ў 1916—1917 гадох з дазволу уладаў Нямецкае імпэрыі пачалося выданьне школьных падручнікаў, газэты «Гоман». У 1916 годзе ў Петраградзе зьявіліся штотыднёвыя газэты «Дзяньніца» й «Сьветач»[35].
Беларуская Народная Рэспубліка і Беларуская ССР
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Беларуская Народная Рэспубліка
Першая сусьветная вайна паскорыла перамогу Лютаўскае рэвалюцыі 1917 году ў Расеі. У выніку зрынаньня самадзяржаўя ўлада перайшла да Часовага ўраду. Паводле прыкладу Петраграду на Беларусі ствараліся Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, народная міліцыя. У Менскім Савеце адзначаўся ўплыў бальшавікоў. Па Лютаўскай рэвалюцыі аднавіла сваю дзейнасьць і БСГ[36].
Адначасна ўзьнікла шмат іншых беларускі нацыянальных арганізацыяў і суполак ня толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў гарадох Расеі, дзе было шмат беларусаў-уцекачоў. 25—27 сакавіка 1917 году ў Менску адбыўся Зьезд беларускіх нацыянальных арганізацыяў, які выставіў патрабаваньне дзяржаўнае аўтаноміі для Беларусі ў складзе Расейскае фэдэрацыйнае дэмакратычнае рэспублікі, абвясьціў сябе «найвышэйшай краёвай інстытуцыя» да скліканьня Беларускае краёвае рады (БКР), а сваім выканаўчым органам — Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), якому даручыў падрыхтаваць выбары БКР. Ягоным старшынём абралі Рамана Скірмунта. Ён жа ўзначаліў дэлегацыю перамоваў з Часовым урадам у пытаньнях аўтаноміі Беларусі. Але ўрад адмовіўся разьвязваць гэтае пытаньне да Ўстаноўчага сходу. Паводле ініцыятывы БСГ у ліпені 1917 году адбыўся Зьезд беларускіх арганізацыяў і партыяў. На ім БНК замяніла Цэнтральная рада беларускіх арганізацыяў, рэарганізаваная ў кастрычніку 1917 году ў Вялікую беларускую раду (ВБР)[36].
25 кастрычніка 1917 году ў выніку ўзначаленага бальшавікамі ўзброенага паўстаньня ў Петраградзе Часовы ўрад быў скінуты і ўлада перайшла да Савету Народных Камісараў на чале з Уладзімерам Ульянавым (Леніным). 26 кастрычніка савецкую ўладу абвясьцілі ў Менску. У пачатку лістапада найвышэйшым бальшавіцкім органам улады ў краі стаў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту. 18—25 лістапада савецкую ўладу прызналі зьезд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, III зьезд сялянскіх дэпутатаў Менскае й Віленскае губэрняў і II зьезд арміяў Заходняга фронту. 26 лістапада абраныя зьездамі выканаўчыя камітэты аб’ядналіся і ўтварылі Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняе вобласьці і фронту (Аблвыкамзах). У сьнежні 1917 — студзені 1918 году адбыліся зьезды Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Віцебскае й Магілёўскае губэрняў, на якіх завяршылася праца з усталяваньня бальшавіцкае ўлады ў гэтых губэрнях. Аблвыкамзах ігнараваў беларускае нацыянальнае пытаньне й не прызнаваў існаваньня самастойнага беларускага народу[36].
У адказ на Кастрычніцкі пераварот 1917 году ў Расеі ВБР разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай зьвярнулася з «Граматай да беларускага народу», дзе асудзіла дзейнасьць бальшавікоў. ВБР склікала ў Менску Першы Ўсебеларускі кангрэс 1917 году. I зьезд прызнаў неабходным стварэньне Беларускае дзяржаўнасьці, не прызнаў улады Аблвыкамзаху, таму на загад яго кіраўнікоў быў разагнаны з выкарыстаньнем вайсковае сілы. Частка дэлегатаў стварыла выканаўчы камітэт, а потым Раду зьезду, якая Трэцяй Устаўной граматай 25 сакавіка 1918 году абвясьціла Беларусь незалежнай і свабоднай дзяржавай — Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР)[36].
Ваенна-палітычныя разьлікі Расеі, міжнароднае становішча, дзейнасьць БНР сталі прычынамі фармальнага прызнаньня бальшавіцкімі ўладамі ў Маскве права беларускага народу на нацыянальную дзяржаўнасьць. Выконваючы пастанову ЦК РКП(б), VI Паўночна-Заходняя абласная канфэрэнцыя ў Смаленску пастанавіла аб абвяшчэньні Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі (БССР) у межах Віцебскае, Гарадзенскае, Магілёўскае, Менскае, беларускіх паветаў Віленскае, Ковенскае і Смаленскае губэрняў. Утварэньне БССР з сталіцай у Менску 1 студзеня 1919 году абвешчанае маніфэстам Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі. Паводле патрабаваньня ЦК РКП(б) 27 лютага 1919 году ўтварылася Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (ЛітБел) з сталіцай у Вільні. Другое абвяшчэньне БССР адбылося 31 ліпеня 1920 году ў Менску[36]. Утварэньне БССР фактычна стала адказам на абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, што ад пачатку прызнавалася на афіцыйным узроўні — як зазначаў першы савецкі камісар фінансаў Беларусі Ісак Рэйнгольд на паседжаньні Цэнтральнага Бюро КП(б)Б 22 студзеня 1919 году[37]:
Існаваньне Беларускай Рады змусіла вылучыць Беларускую [Савецкую] Рэспубліку Арыгінальны тэкст (рас.)
Существование Белорусской Рады заставило выдвинуть Белорусскую [Советскую] Республику
|
||
У лістападзе — сьнежні 1920 году адбыўся Слуцкі збройны чын, мэтай якога была абарона непадзельнае Беларусі ў этнічных межах, усталяваньне рэспублікі і прызнаньне Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама незалежнасьць ад Польшчы й Расеі. Слуцкі фронт БНР стаў рэальным вайсковым змаганьнем за незалежнасьць, а Слуцкая брыгада — увасабленьнем волі беларусаў да свае дзяржаўнасьці[38]. Аднак Слуцкае выступленьне, урэшце, здушыла Чырвоная армія[39].
Сярэдняя Літва
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Сярэдняя Літва
Рэспубліка Сярэдняя Літва — дзяржаўна-палітычнае ўтварэньне на тэрыторыі Віленшчыны і Гарадзеншчыны ў 1920— 1922 гадах. Лічыцца апошняй спробай аднавіць Літву ў гістарычным і канфэдыратыўным сэнсе. Стварэньне дзяржавы стала магчымым па «Бунце Жалігоўскага» дзякуючы Першай Літоўска-Беларускай дывізіі польскай арміі пад кіраўніцтвам уражэнца Ашмяншчыны Люцыяна Жалігоўскага.
Базуючыся ў гістарычнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — Вільні — дзяржава на працягу 18 месяцаў была буфэрнай зонай паміж Польшчай, ад якой залежала ды Летувой, якая сьцьвяржала свае правы на гэтую тэрыторыю[40].
Па некаторых затрымках, зьвязаных з пратэстам Лігі народаў, якая плянавала ўвод міжнародных войскаў, 8 студзеня 1922 году адбыліся выбары ў Сойм і тэрыторыя рэспублікі была анэксаваная Польшчай. Люцыян Жалігоўскі пазьней у сваіх мэмуарах, выдадзеных у Лёндане ў 1943 годзе, асудзіў палітыку анэксіі, палітыку закрыцьця беларускіх школаў ды адмаўленьня ад канфэдэратыўных плянаў маршалка Пілсудзкага польскім «саюзьнікам»[41].
9 кастрычніка 1920 г… заняў Вільню не польскі генэрал Жалігоўскі, а ліцьвін Жалігоўскі. Мараю гэтага апошняга было жыць сярод суайчыньнікаў на літоўскай зямлі. Я не вылучаў сярод іх ні палякаў, ні русінаў, ні жмудзінаў. Будучы ліцьвінам, я ніколі не пераставаў быць палякам. Два гэтыя паняцьці зьвязаныя між сабою. Яны ўзаемна дапаўняюць адно другое. | ||
— Успаміны Люцыяна Жалігоўскага |
Таксама генэрал захапляўся ідэямі пан-славізму:
Але не толькі геаграфічна Літва была сэрцам славянства. Была ім маральна. Яна, адна з усіх славянскіх народаў, магла лёгка пагаварыць з усімі. Як з Польшчай, так з Расеяй, так з Украінай. Уклад псыхічны літоўскіх народаў быў як бы створаны, каб прымірыць усіх. У яго ніколі не было варожасьці, ні нацыянальнай, ні рэлігійнай, ні культурнай. | ||
— Успаміны Люцыяна Жалігоўскага |
Некалькімі ж дзесягодзьдзямі раней у пратаколе допыту 19-гадовага рэвалюцыянера 10 сакавіка 1887 года пазначана, што Пілсудзкі казаў:[42]
Завуць мяне Осіп Осіпавіч Пілсудзкі; ад роду маю 19 гадоў; паходжаньне і народнасьць дваранін, беларус… | ||
— Пратакол допыту Юзэфа Пілсудзкага ад 10 сакавіка 1887 г. |
Беларуская ССР і Заходняя Беларусь
рэдагаваць- Асноўныя артыкулы: Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка і Заходняя Беларусь
Тэрыторыя адноўленае БССР складалася толькі з 6 паветаў Менскае губэрні. Паводле Рыскае мірнае дамовы 1921 году да Польшчы адышла Заходняя Беларусь. 30 сьнежня 1922 году ўтварыўся Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у які ўвайшла і БССР. Паводле прапановы партыйна-савецкага кіраўніцтва БССР цэнтральныя ўлады згадзіліся ў 1924 і 1926 гадох на ўзбуйненьне БССР шляхам улучэньне ў яе склад часткі Віцебскае і Гомельскае губэрняў. У 1920-я — пачатку 1930-х гадоў у Беларусі праводзіліся сацыялістычная індустрыялізацыя і масавая калектывізацыя сельскае гаспадаркі, у 1924—1929 гадох праводзілася палітыка беларусізацыі[36].
Цяжкім злачынствам супраць усіх пластоў грамадзтва сталі палітычныя рэпрэсіі, якія набылі сыстэмны характар у пачатку 1930-х гадоў, а найбольшы размах мелі ў 1937—1938 гадох. У выніку паходу Чырвонае Арміі ў верасьні 1939 году ў Заходнюю Беларусь ейную тэрыторыю далучылі да БССР, аднак Віленшчыну перадалі Летуве. Летува атрымала каля 6880 квадратных кілямэтраў (2660 квадратных міляў) тэрыторыі Віленскага краю (у тым ліку Вільню, гістарычнаю сталіцу Вялікага Княства Літоўскага). Сярод жыхароў Вільні, прадстаўнікі сучаснае летувіскае нацыянальнасьці складалі тады ўсяго 3%. Далучэньне земляў ажыцьцяўлялася ў адпаведнасьці з сакрэтным пратаколам да Дамовы аб ненападзе паміж Нямеччынай і СССР[36].
У час нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў (эпізоду Другой сусьветнай вайны) на тэрыторыі Беларусі разгарнулася партызанскае і падпольнае змаганьне. Паводле афіцыйных савецкіх зьвестак, у Савецкай Арміі, савецкіх партызанскі фармаваньнях і шэрагах савецкіх падпольнікаў супраць арміі Трэцяга Райху змагалася больш за 1,5 млн жыхароў Беларусі. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Паводле сучасных ацэнак, загінуў кожны трэці жыхар Беларусі. Рэспубліка страціла больш за палову нацыянальнага багацьця. У 1945 годзе паводле савецка-польскае дамовы аб дзяржаўнай граніцы ад 18 жніўня 1945 году, 17 раёнаў Беластоцкае вобласьці з горадам Беластокам і 3 раёны Берасьцейскае вобласьці ўлады СССР перадалі ў склад Польшчы[36]. У 1945 годзе Беларусь стала сузаснавальніцай ААН, аднак яе ўдзел ня быў самастойным, а падпарадкоўваўся дэлегацыі СССР.
У 1951 годзе зацьвердзілі новы сьцяг БССР, у 1955 годзе — рэспубліканскі гімн[36]. У 1986 годзе Беларусь сталася асноўнай ахвярай Чарнобыльскае катастрофы.
Рэспубліка Беларусь
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Беларусь
Сацыяльна-эканамічны крызіс другое паловы 1980 — пачатку 1990-х гадоў спрыяў нарастаньню дэзінтэграцыйных працэсаў у СССР. 27 ліпеня 1990 году Вярхоўны савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Жнівеньскі путч у Маскве (19—21 жніўня 1991) і падтрымка яго кіраўніцтвам КПБ паглыбіла крызіс сыстэму ўлады, якая існавала ў той час у Беларусі. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны савет БССР прыпыніў дзейнасьць КПБ на тэрыторыі Беларусі. 19 верасьня 1991 году афіцыйную назву Беларускай дзяржавы зьмянілі на Рэспубліку Беларусь. У якасьці дзяржаўных сымбаляў аднавілі беларускія нацыянальныя герб Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг. У сьнежні 1991 году ў выніку дэнансацыі дамовы 1922 году СССР спыніў існаваньне. 8 сьнежня 1991 году лідэры Беларусі (Станіслаў Шушкевіч), Украіны (Леанід Краўчук) і Расеі (Барыс Ельцын) у Белавескай пушчы падпісалі пагадненьне аб утварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. У 1994 годзе прынялі Канстытуцыю Беларусі, адбыліся першыя прэзыдэнцкія выбары. Паводле вынікаў другога туру, першым прэзыдэнтам краіны абралі Аляксандра Лукашэнка.
Актывізацыя прарасейскіх настрояў ва ўладных колах Беларусі адзначалася яшчэ з восені 1993 году, што выявілася ў працы Канстытуцыйнай Камісіі: большасьць яе сябраў выказаліся за тое, каб упамінаньне крыніцаў Беларускай дзяржаўнасьці — ня толькі Вялікага Княства Літоўскага і Беларускай Народнай Рэспублікі, але і Беларускай ССР — выключыць з тэксту Канстытуцыі Беларусі. Такую пастанову падтрымала большасьць дэпутацкага корпусу[43]. Увогуле, у 1991—1994 гадох Беларусь была адзінай краінай з былых рэспублік СССР, дзе нацыянальныя палітычныя сілы ня мелі прадстаўніцтва ў міністэрствах і структурах мясцовай выканаўчай улады — фактычна ня мелі доступу да рэальнага кіраваньня дзяржавы[44]. Аднак поўнае аднаўленьне русіфікацыйнай моўнай і культурнай палітыкі адбылося толькі па ўсталяваньні Лукашэнкам аўтарытарнага рэжыму, што стала вынікам супадзеньня інтарэсаў уладаў Расеі, якія рэанімавалі імпэрскую ідэю, і Лукашэнкі, які меў спадзяваньні праз далучэньне Беларусі да Расеі замяніць яе нямоглага прэзыдэнта Барыса Ельцына[45]. У 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка ўчыніў акт тэрору ў парлямянце Беларусі, што засьведчыла ўсталяваньне ў краіне аўтарытарнага рэжыму, па чым правёў імітацыю рэфэрэндуму, які супярэчыў Канстытуцыі Беларусі і дзейным законам[46][47][48], адзначаўся парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[49]. Па незаконным рэфэрэндуме, Лукашэнка пазбавіў беларускія нацыянальныя сымбалі бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоню статусу афіцыйнай дзяржаўнай сымболікі і надаў дзяржаўны статус расейскай мове.
29 сьнежня 1995 году Аляксандар Лукашэнка выдаў загад № 259 «Аб выкананьні нормаў і ўказаў прэзыдэнта», згодна зь якім «у мэтах забесьпячэньня палітычнай і эканамічнай стабільнасьці чыноўнікі Савету Міністраў і іншых дзяржаўных установаў да ўнясеньня зьменаў у адпаведныя заканадаўчыя акты мусілі забясьпечваць безумоўнае выкананьне нормаў і ўказаў прэзыдэнта»[50]. 10 студзеня 1996 году Лукашэнка накіраваў у Вярхоўны Савет праект закону «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Канстытуцыю»[51]. Аднак жаданьне зьмяніць Асноўны закон не знайшло падтрымкі ў парлямэнце і праект быў адхілены. 8 жніўня Лукашэнка накіраваў у Вярхоўны Савет ініцыятыву аб правядзеньні другога Ўсенароднага рэфэрэндуму.
4 лістапада 1996 году Канстытуцыйны суд Беларусі, усе пастановы якога знодна з законам ёсьць абавязковымі і перагляду не падлягаюць, прыняў пастанову аб неадпаведнасьці артыкула 78 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім засьведчана, што парадак правядзеньня рэспубліканскіх рэфэрэндумаў вызначаецца законам. На той момант у краіне законам не прадугледжваўся парадак зьмяненьня і дапаўненьня Канстытуцыі праз рэфэрэндум. Такім правам быў надзелены вынятна Вярхоўны Савет. Па гэтым Вярхоўны Савет прыняў чарговую пастанову аб вынясеньні на абавязковы рэфэрэндум толькі двох пытаньняў — аб пераносе Дня Незалежнасьці і аб выбарах кіраўнікоў мясцовых адміністрацыяў. Нягледзячы на пастанову Канстытуцыйнага Суду, Лукашэнка ў парушэньне Канстытуцыі Беларусі і Закона «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» выдаў 5 лістапада 1996 году ўказ № 455, у якім сам вызначыў парадак уступленьня ў сілу пастановаў рэспубліканскіх рэфэрэндумаў аб зьмяненьні і дапаўненьні Канстытуцыі, а 7 лістапада быў выдадзены ўказ № 459 «Аб забесьпячэньні канстытуцыйнага права грамадзянаў на ўдзел у рэфэрэндуме», згодна зь якім характар рэфэрэндуму вызначаўся як абавязковы, а ягоныя пастановы канчатковымі.
11 лістапада 1996 году старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Віктар Ганчар заявіў, што камісія ня будзе выконваць прэзыдэнцкі ўказ ад 7 лістапада і праводзіць рэфэрэндум з пытаньняў, якія датычыліся новых рэдакцыяў канстытуцыйных праектаў. Па чым Лукашэнка адхіліў Віктара Ганчара ад пасады.
17 лістапада 1996 году Вярхоўны Савет пачаў працэдуру імпічмэнту прэзыдэнту, а прэм’ер ураду Міхаіл Чыгір разам з трыма іншымі сябрамі кабінэту падаў у адстаўку. Прыхільнікі Лукашэнкі з фракцыі «Згода» 20 лістапада не зьявіліся ў парлямэнце. У гэты дзень мусілі былі адбыцца дыскусія й галасаваньне паводле пытаньня імпічмэнту прэзыдэнту. Непрытомнасьць на паседжаньні дэпутатаў з прапрэзыдэнцкай фракцыі прывяла да браку патрабаванага Канстытуцыяй кворуму — 2/3 ад складу парлямэнту. 21 лістапада старшыня Дзяржаўнай Думы Расеі Генадзь Селязьнёў і прэм’ер Віктар Чарнамырдзін схілілі старшыню Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёна Шарэцкага да саступак. На наступны дзень па візыце расейскіх «пасярэднікаў» Аляксандар Лукашэнка заявіў на тэлебачаньні, што ў выніку паразуменьня зь Сямёнам Шарэцкім прызнаецца правамоцнасьць рэфэрэндуму, які ў той час ужо ішоў. Апазыцыя ня мела ніякіх магчымасьцяў, каб данесьці да грамадзтва свой погляд. Паводле вынікаў, агучаных падкантрльнай Лукашэнку ЦВК, у імітацыі рэфэрэндуму 24 лістапада 1996 году ўзялі ўдзел 84,2% выбарцаў, зь якіх больш за 70% выказаліся за прыняцьце прэзыдэнцкіх паправак у Канстытуцыю, амаль 88% падтрымалі прапанову аб пераносе нацыянальнага сьвята на 3 ліпеня, 82,1% былі супраць скасаваньня сьмяротнага пакараньня і 84,7% не пажадалі вольнага абарачэньня зямлі[52].
Па другім незаконным рэфэрэндуме бальшыня дэпутатаў, нават некаторыя з тых, якія былі гатовыя падтрымаць імпічмэнт, перайшлі ў Нацыянальны сход, незаконна створаны на падставе ўнесеных у Канстытуцыю паправак. Вярхоўны Савет, у якім засталося 85 парлямэнтароў, не прызнаў законнасьці рэфэрэндуму і працягваў паседжаньні. Але ў Вярхоўнага Савету не было кворуму, каб пастановы маглі мець законную моц. Неўзабаве, нібыта з прычыны рамонту, у будынках Вярхоўнага Савету адключылі электрычнасьць, ацяпленьне, тэлефоны і ваду. Вярхоўны Савет, на чале зь Сямёнам Шарэцкім, Станіславам Шушкевічам і Станіславам Багданкевічам, прызнаны ў сьвеце адзіным законным нацыянальным прадстаўніцтвам Беларусі, ніякім чынам не ўплываў на палітычнае жыцьцё ў самой краіне[52]. У складнай сытуацыі апынуўся Канстытуцыйны суд, які дагэтуль ставіў пад сумнеў бальшыню пастановаў Лукашэнкі. Аднак ва ўмовах тэрору судзьдзі хутка зьмянілі свае перакананьні, скасаваўшы ранейшыя пастановы і абвясьціўшы незаконны рэфэрэндум адпаведным Канстытуцыі[53]. Імітацыя рэфэрэндуму, паводле афіцыйна агучаных вынікаў якога Лукашэнка атрымаў амаль абсалютную ўладу, выклікала ізаляцыю краіны ў сьвеце. Краіны Заходняе Эўропы не прызналі вынікаў, а таксама ўтворанага Лукашэнкам Нацыянальнага сходу. Ізаляцыя выклікала далейшае збліжэньне з Расеяй. Рэжым Лукашэнкі стаў пашыраць кантакты з Расеяй, Югаславіяй, Кітаем, Віетнамам, Іранам, Іракам.
Фінансавы крызіс, які ў жніўні 1998 году паралізаваў жыцьцё ў Расеі, з прычыны цесных эканамічных сувязяў ударыў і па Беларусі. Віну за тое, што адбылося ў Расеі, Лукашэнка ў тэлевыступе 25 жніўня 1998 году ўсклаў на расейскіх палітыкаў, якія спрабавалі ў сваёй краіне ажыцьцявіць заходнюю мадэль палітычнага й эканамічнага жыцьця[54]. Вынікам крызісу стала дэвальвацыя беларускага рубля ў 1999 годзе на 37%.
20 ліпеня 1999 году, згодна з Канстытуцыяй 1994 году, скончыўся тэрмін прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Апазыцыйныя партыі пастанавілі правесьці выбары новага прэзыдэнта (Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 1999 году). Рэжым Лукашэнкі абвясьціў дзеяньні апазыцыі незаконнымі. Аднак апазыцыя стварыла Цэнтральную выбарчую камісію і прызначыла яе правамоцных прадстаўнікоў у абласных гарадох. Зянон Пазьняк, адзін з кандыдатаў, ужо тры гады знаходзіўся ў эміграцыі, а другі, Міхаіл Чыгір, быў арыштаваны. Празь недастатковую грамадзкую зацікаўленасьць ва ўмовах тэрору кампанія апазыцыі ператварылася ў палітычны фарс, які скончыўся расколам БНФ. Пераможца выбараў ня быў абвешчаны. Згодна з Канстытуцыяй 1994 году, Вярхоўны Савет меў права абвясьціць свайго старшыню, Сямёна Шарэцкага, выканаўцам абавязкаў кіраўніка дзяржавы. Баючыся арышту, Шарэцкі зьехаў у Вільню, дзе 27 жніўня 1999 году абвясьціў сябе адзіным прадстаўніком дзяржаўнай улады ў Беларусі[54].
У 2000 годзе рэжым Лукашэнкі правёў незаконныя парлямэнцкія выбары. Увосень 1999 году адбыліся безвыніковыя перамовы між прадстаўнікамі Лукашэнкі і часткай апазыцыяй аб доступе да ўрадавага вяшчаньня, выбарчым заканадаўстве і паўнамоцтвах парлямэнту. У студзені 2000 году прызначаны Лукашэнкам Нацыянальны сход ухваліў Выбарчы кодэкс, а ў чэрвені ўнёс у яго праўкі. Сем апазыцыйных партыяў пастанавілі байкатаваць незаконныя выбары. Паводле афіцыйна агучаных вынікаў, з апазыцыйныйных структураў дэпутацкага месца дамогся толькі 1 чалавек зь Лібэральна-дэмакратычнай партыі.
XXI стагодзьдзе
рэдагаваць1 студзеня 2001 году пачаў дзеяць новы Крымінальны кодэкс. Два артыкулы новага кодэксу — 367 і 368 — казалі пра абавязковы перасьлед асобаў, якія абражаюць ці зьневажаюць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь[55].
Увосень 2001 году скончыўся незаконна падоўжаны прэзыдэнцкі тэрмін і рэжым Лукашэнкі абвясьціў пра новыя выбары прэзыдэнта. Незаконныя выбары былі прызначаныя на 9 верасьня. Яшчэ ў красавіку 2001 году пяць найбольш моцных апазыцыйных кандыдатаў: Сямён Домаш, Уладзімер Ганчарык, Міхаіл Чыгір, Сяргей Калякін і Павал Казлоўскі, падпісалі пагадненьне аб выбарчай стратэгіі дзеля адхіленьня Лукашэнкі ад улады. Гэтая стратэгія прадугледжвала зьняцьце чатырма прэтэндэнтамі сваіх кандыдатураў на карысьць аднаго, які меў найвялікшыя шанцы на выбарчую перамогу. Увесну 2001 году Аляксандар Лукашэнка, які трымаўся на першым месцы ў рэйтынгу, пачаў страчваць падтрымку. Адбывалася гэта праз публікацыі пра існаваньне «эскадронаў сьмерці», якія ліквідавалі нязручных рэжыму палітыкаў і журналістаў. Пад уплывам публікацыяў у апазыцыйнай прэсе і інфармацыі расейскіх тэлеканалаў пракуратура была вымушаная распачаць сьледзтва ў справе зьніклых палітыкаў і журналістаў, у прыватнасьці былога міністра нутраных справаў Юр’я Захаранкі, былога старшыні Цэнтральнае выбарчае камісіі Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста расейскага тэлеканалу ОРТ Зьмітра Завадзкага[56]. Уладзімер Ганчарык паказаў журналістам копіі дакумэнтаў, зьмест якіх сьведчыў пра тое, што Завадзкі, Ганчар і Захаранка ў 1999 годзе былі выкрадзеныя й забітыя групай службоўцаў спэцыяльнае групы «Алма», якой камандаваў маёр Валер Ігнатовіч. Злачынствы нібы былі зьдзейсьненыя зь ведама генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Спробы ініцыяваць пры дапамозе дэманстрацыяў і мітынгаў незалежнае сьледзтва ў справе зьніклых скончылася арыштамі й зьбіцьцём удзельнікаў[56]. 9 верасьня 2001 году падкантрольная Лукашэнку ЦВК абвясьціла яго пераможцам. Паводле афіцыйна агучаных зьвестак, Лукашэнка набраў 75,62% галасоў, ягоны галоўны канкурэнт Уладзімер Ганчарык здабыў 15,39%.
Празь некалькі месяцаў па першых незаконных прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка пачаў рэалізоўваць палітыку «кансалідацыі грамадзтва вакол дзяржаўнае ідэалёгіі». Пачалася шырокамаштабная падрыхтоўка да ўвядзеньня прадмету «дзяржаўная ідэалёгія» ў школах і адмысловае пасады ідэолягаў на працоўных прадпрыемствах. Правобразам сучаснае Беларусі, на думку Лукашэнкі, была БССР. Ейныя сымбалі й традыцыі сталі элемэнтамі выхаваньня грамадзянаў Беларусі. Прэзыдэнт пераконваў, што расейская мова й культура заўжды былі неадлучнай часткай духоўнага жыцьця беларусаў. Фактарам, які аб’ядноўваў беларускі й расейскі народ, на думку Лукашэнкі, была Расейская праваслаўная царква, ёй была вызначаная вялікая роля ў пашырэньні дзяржаўнае ідэалёгіі. Важным элемэнтам новае ідэалёгіі прэзыдэнта было апэляваньне да агульнаславянскіх каштоўнасьцяў, такіх як калектывізм, грамадзянская актыўнасьць, сацыяльны эгалітарызм, якія мусілі супрацьстаяць заходнім індывідуалізму, лібэралізму і элітарызму[57].
Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, стратэгічнай мэтай замежнае палітыкі Беларусі заставалася інтэграцыя з Расеяй. Найважнейшым партнэрам у замежнай палітыцы Беларусі была Расея, а таксама краіны СНД. Хоць Лукашэнка шмат разоў дэкляраваў сваё жаданьне праводзіць шматвэктарную замежную палітыку і ўсталёўваць раўнапраўныя адносіны з краінамі Эўразьвязу і ЗША, ягоныя прапанова ігнараваліся праз парушэньні міжнародных стандартаў у сфэры захаваньня правоў чалавека і асноўных прынцыпаў функцыянаваньня дэмакратыі. Затое ў 2001—2006 гадох рэжым Лукашэнкі пашырыў палітычную й эканамічную супрацу з краінамі Азіі й Афрыкі[57].
Перасьлед апазыцыі, закрыцьцё незалежных газэтаў, манапалізацыя СМІ прыхільнікамі Лукашэнкі, парушэньне асноўных прынцыпаў дэмакратыі, асабліва ў часе імітацыі парлямэнцкіх выбараў 2000 году, нявысьветленыя зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў выклікалі байкот рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне. У кастрычніку 2002 году бальшыня краінаў Эўразьвязу і ЗША прынялі пастанову аб забароне ўезду Лукашэнкі і ягоных найбліжэйшых паплечнікаў на тэрыторыю гэтых дзяржаваў. Асноўнымі партнэрамі рэжыму Лукашэнкі сталі Кітай і Індыя, а таксама ізаляваныя на міжнароднай арэне Іран, Ірак, Сырыя, Лібія[58].
17 кастрычніка 2004 году прайшла імітацыя другіх незаконных парлямэнцкіх выбараў і трэцяга рэфэрэндуму аб магчымасьці перавыбраньня Лукашэнкі неабмежаваную колькасьць разоў. Паводле агучаных рэжымам Лукашэнкі вынікаў, у парлямэнт не ўвайшоў ніводны прадстаўнік апазыцыі. У выніку імітацыі рэфэрэндуму, у якім паводле афіцыйна агучаных вынікаў «за» прагаласавалі 79,42% грамадзян, памагатыя Лукашэнкі абвясьцілі, што той атрымаў магчымасьць браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах неабмежаваную колькасьць разоў (раней Канстытуцыя прадугледжвала толькі два прэзыдэнцкія тэрміны запар).
19 сакавіка 2006 году прайшлі другія незаконныя прэзыдэнцкія выбары, на якіх, паводле афіцыйна агучаных зьвестак падкантрольнай Лукашэнку Цэнтральнай выбарчай камісіяй, у першым туры перамог Лукашэнка, набраўшы 82,3% галасоў. Галоўны канкурэнт, Аляксандар Мілінкевіч, паводле тых жа зьвестак набраў 6% галасоў. 19—26 сакавіка праходзілі акцыі пратэсту беларусаў, жорстка разагнаныя сілавымі структурамі рэжыму Лукашэнкі. Аляксандар Казулін, адзін з кандыдатаў на прэзыдэнты, быў вырачаны да 5,5 гадоў зьняволеньня за арганізацыю акцыяў пратэсту. ЭЗ і ЗША прызналі выбары недэмакратычнымі, і працягнулі санкцыі супраць чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі.
28 верасьня 2008 году адбыліся трэція незаконныя парлямэнцкія выбары, паводле афіцыйна агучаных вынікаў якіх ізноў ніводны апазыцыйны кандыдат не ўвайшоў у склад Нацыянальнага сходу. Краіны захаду прызналі выбары недэмакратычнымі, а вынікі — сфальсыфікаванымі. У 2009 годзе Беларусь стала паўнапраўнай краінай-удзельніцай ініцыятывы Ўсходняе партнэрства, у выніку чаго былі прыпыненыя санкцыі супраць некаторых чыноўнікаў[59].
19 сьнежня 2010 году прайшлі трэція незаконныя прэзыдэнцкія выбары. Аляксандра Лукашэнку зноў афіцыйна абвясьцілі абраным на чацьверты прэзыдэнцкі тэрмін (паводле афіцыйных зьвестак набраў 79,65% галасоў). Ягоны галоўны канкурэнт, Андрэй Саньнікаў, набраў 2,43% галасоў. У той жа вечар апазыцыйнымі кандыдатамі была арганізаваная мірная акцыя пратэсту беларусаў, жорстка разагнаная сілавымі структурамі рэжыму Лукашэнкі. За арганізацыю акцыі пратэсту 4 кандыдаты былі вырачаныя да пазбаўленьня волі на розныя тэрміны. Уладзімер Някляеў быў вырачаны да 2,5 году пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады; Андрэй Саньнікаў — 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены па памілаваньні 14 красавіка 2012 году; Мікалай Статкевіч — 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, памілаваны і вызвалены 22 жніўня 2015 году; Дзьмітры Вус — 5,5 году пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены па памілаваньні 1 кастрычніка 2011 году. АБСЭ прызнала выбары недэмакратычнымі і непразрыстымі. Краінамі захаду былі ўзноўленыя санкцыі супраць чыноўнікаў рэжым Лукашэнкі.
11 красавіка 2011 году адбыўся тэракт у менскім мэтро, у выніку якога загінулі 15 чалавек, а 204 былі параненыя. Паводле абвінавачаньня ў зьдзяйсьненьні тэракту да вышэйшае меры пакараньня былі вырачаныя Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў, пакараньне зьдзейсьненае 16 сакавіка 2012 году.
У выніку фінансавага крызісу 2011 году адбылася дэвальвацыя беларускага рубля. 23 траўня 2011 году Нацыянальны банк аднамомантава зьнізіў курс беларускага рубля на 56,2% адносна даляру ЗША да ўзроўню 4930 рублёў за 1 даляр, пры гэтым з пачатку году курс нацыянальнае валюты зьнізіўся на 71,62%[60].
11 кастрычніка 2015 году адбыліся чацьвертыя незаконныя прэзыдэнцкія выбары. Афіцыйным пераможцам зноў абвясьцілі Аляксандра Лукашэнку, які паводле афіцыйных зьвестак набраў 83,47% галасоў. Місія АБСЭ заявіла пра несумленнасьць падліку галасоў[61].
8 жніўня 2020 году прайшлі пятыя незаконныя прэзыдэнцкія выбары, па якіх адбыліся масавыя пратэсты супраць іх фальсыфікацыі, гвалту і беззаконьня. Пратэсты адзначаліся найбольшай за ўсю гісторыю колькасьцю ўдзельнікаў (у Менску выходзілі сотні тысячаў чалавек, у абласных цэнтрах — дзясяткі, у многіх раённых — тысячы) і праходзілі пад беларускай нацыянальнай сымболікай. У час здушэньня гэтых пратэстаў гвалт рэжыму Лукашэнкі над грамадзянамі Беларусі перайшоў на прынцыпова новы ўзровень, калі ён выявіўся забойствамі і масавымі катаваньнямі, а маштаб рэпрэсіяў у краіне наблізіўся да часоў сталінскага тэрору[62].
23 траўня 2021 году адбыўся Захоп самалёта рэйсу Ryanair 4978. Самалёт змусілі зрабіць незаплянаваную пасадку ў аэрапорце Менску, дзе супрацоўнікі Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй рэжыму Лукашэнкі затрымалі двух пасажыраў — Рамана Пратасевіча і яго сяброўку Соф’ю Сапегу.
Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году адкрыта прадэманстравала, што Беларусь знаходзіцца пад гібрыднай[63][64][65][66] акупацыяй Расеі[67][68][69][70][71][72].
25 сакавіка 2023 году Ўладзімер Пуцін заявіў, што Расея разьмяшчае у Беларусі сваю тактычную ядзерную зброю, што неўзабаве ажыцьцявілі[73][74].
Глядзіце таксама
рэдагаваць- Будзьма беларусамі (мультфільм)
- «На чорных лядах» (1995) — фільм пра Слуцкі збройны чын
- «Купала» (2020) — фільм пра Янку Купалу, у якім празь лёс паэта апавядаецца пра забарону беларускай мовы ўладамі Расейскай імпэрыі, зьнішчэньне беларускай інтэлігенцыі ў СССР, дэпартацыю беларусаў савецкімі ўладамі ды русіфікацыю краіны
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Axell A. Russia’s Heroes, 1941-45. — Carroll & Graf Publishers, 2002. P. 247. ISBN 0-7867-1011-X.
- ^ «Essential Background — Belarus». Human Rights Watch.
- ^ «Human rights by country — Belarus». Amnesty International Report 2007.
- ^ «'Hundreds of protesters arrested' in Belarus». BBC News.
- ^ Рада БНР заклікае да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і да ціску на Расею, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, 16 лістапада 2020 г.
- ^ Касцюк 1994. С. 10.
- ^ История Европы. — М.: 1988 Т. 1. Древняя Европа. — С. 54-64.
- ^ Ермаловіч М. Першыя насельнікі Беларусі // Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародзкі пэрыяды / адказн. Г. Роліч, прадм. М. Ткачоў, маст. В. Масьцераў. — 2-е выд. — Менск: Мастацкая літаратура, 2001. — С. 16. — 366 с. — 4200 ас. — ISBN 985-02-0503-2
- ^ а б БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 21.
- ^ Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. — Менск, 2007. С. 133.
- ^ а б Чарняўскі М. Якія беларускія дзяржавы былі ў старажытнасці? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 3.
- ^ а б Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. — Менск, 2007. С. 138.
- ^ Касцюк 1994. С. 80.
- ^ Stender-Petersen А. Varangica. — Aarhus, 1953. Р. 130—131.
- ^ Pritsak О. The Origin of Rus'. — Cambridge (МА), 1981. Vol. 1. Old Scandinavian Sources other than the Sagas. Р. 137.
- ^ Duczko W. Viking Rus: Studies on the Presence of Scandinavians in Eastem Europe. — Leiden, 2004. Р. 126-127.
- ^ Мартынюк А.В. Alba Ruscia: Белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (Х—ХVI вв.). — Москва, 2015. С. 9.
- ^ Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. — Менск, 2007. С. 139.
- ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 24.
- ^ Чарняўскі М. Якія беларускія дзяржавы былі ў старажытнасьці // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 4.
- ^ Тарасаў С. У якім часе Полацкае княства дасягнула найбольшае велічы // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 6.
- ^ а б в г БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 22.
- ^ а б ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 387.
- ^ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998. С. 2.
- ^ а б Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998. С. 175.
- ^ . — Мн.: . С. 8.
- ^ Грыцкевіч А. Вялікае Княства Літоўскае: Гістарычны нарыс // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 389.
- ^ Грыцкевіч А. Альгерд // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 223.
- ^ Ермаловіч М. Альгерд // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 105.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 23.
- ^ а б БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 24.
- ^ Тарасаў К. На чыім баку былі беларусы ў вайне 1812 году? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 51.
- ^ а б БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 25.
- ^ а б в БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 26.
- ^ а б в г БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 27.
- ^ а б в г д е ё ж з БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 28.
- ^ Гурневіч Д. «Былі крыкі ў экстазе». (Не)прыдуманае інтэрвію з прэм’ерам БНР Луцкевічам пра 25 сакавіка 1918 году, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2021 г.
- ^ Вячорка В. Чаму дзяржаўным гімнам БНР стаў ваяцкі марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»?, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2019 г.
- ^ Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. 117. Што такое Слуцкі збройны чын // 150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. — ISBN 9986-9229-6-1
- ^ Rauch, Georg von The Baltic States: Years of Independence – Estonia, Latvia, Lithuania, 1917–40. — C. Hurst & Co, 1974. — P. 100–102. — ISBN 0-903983-00-1
- ^ Zapomniane prawdy. — F. Mildner & Sons, 1943.
- ^ 25 гадоў таму было аб'яўлена, што Язэп Пілсудзкі — беларус (фота) (бел.)
- ^ Навумчык С. У праекце Канстытуцыі 1994 прыгадваліся ВКЛ і БНР, Радыё Свабода, 15 сакавіка 2020 г.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 10.
- ^ Пастухоў М. Ці законны рэфэрэндум 1995 году адносна наданьня дзяржаўнага статусу расейскай мове? // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня, 2000.
- ^ Запрудзкі С. Грамадзкае сьцьвярджэньне беларускай мовы і парушэньні правоў беларускамоўных людзей // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня, 2000.
- ^ Запрудзкі С. Моўная палітыка ў Беларусі ў 1990-я гады // Архэ Пачатак. №1 (21), 2002.
- ^ Навумчык С. Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным, Радыё Свабода, 12 траўня 2019 г.
- ^ Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму / В. Сіліцкі, П. Натчык, А. Зелімханаў [і інш.]. — Мн.: Аналітычны гурток, 2005. — С. 71.
- ^ Игнатищев, Р. Учись видеть ложь. — Мн. — Могилев, 1997. — С. 41.
- ^ а б Латышонак, Мірановіч 2013. С. 315.
- ^ Латышонак, Мірановіч 2013. С. 316.
- ^ а б Латышонак, Мірановіч 2013. С. 317.
- ^ Латышонак, Мірановіч 2013. С. 320.
- ^ а б Латышонак, Мірановіч 2013. С. 321.
- ^ а б Латышонак, Мірановіч 2013. С. 323.
- ^ Латышонак, Мірановіч 2013. С. 325.
- ^ Еўрапейскі саюз. Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Праверана 25 кастрычніка 2015 г. Архіўная копія ад 25 кастрычніка 2015 г.
- ^ Агенцтва фінансавых навінаў. Беларусь пабіла сусьветны рэкорд па дэвальвацыі // Наша Ніва, 24 траўня 2011 г. Праверана 25 лістапада 2015 г.
- ^ Назіральнікі АБСЕ: Падлік галасоў быў несумленным. Наша Ніва (12 кастрычніка 2015). Праверана 25 кастрычніка 2015 г. Архіўная копія ад 25 кастрычніка 2015 г.
- ^ Партыя БНФ: «Беларусь ня ведала такога маштабу зьверстваў з часоў бальшавіцкага тэрору і нацысцкай акупацыі», Радыё Свабода, 7 лістапада 2020 г.
- ^ Litwin H. Belarus between a difficult yesterday and an uncertain tomorrow // New Eastern Europe. Issue 1—2, 2024. P. 7—8.
- ^ Usov P. From Authoritarianism to Neo-Totalitarianism in Belarus // Politics and Security of Central and Eastern Europe. — Springer, 2023. P. 34.
- ^ Raport VII: Białoruś w fazie rosyjskiej okupacji hybrydowej. — Warszawa: Studium Europy Wschodniej UW, 2022. ISBN 978-83-67208-14-7.
- ^ The Belarus Research Network on Neighborhood Policy
- ^ Ліхтаровіч Ю. Беларусы супраць вайны, але краіна пад расійскай акупацыяй, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 24 лютага 2022 г.
- ^ Гурневіч Д. 7 адказаў тым, хто абвінавачвае агулам усіх беларусаў, — меркаваньне, Радыё Свабода, 26 лютага 2022 г.
- ^ Дашкевіч З. «Беларусь паўстала, і цяпер беларусы самі пад акупацыяй», Новы час, 25 лютага 2022 г.
- ^ «Выглядае, што Беларусь акупаваная». Дасьледчыца Atlantic Council пра магчымы ядзерны ўдар Пуціна, Радыё Свабода, 3 сакавіка 2022 г.
- ^ Генадзь Коршунаў: Каб у свой час сусветная супольнасць так стала побач з беларусамі, як сёння з украінцамі, то нішто не ляцела б з акупаванай тэрыторыі, Наша Ніва, 27 лютага 2022 г.
- ^ Дубавец С. Як «беларуская» ўлада ператварылася ў акупацыю і ўсім нам стала сорамна, — Дубавец, 8 сакавіка 2022 г.
- ^ Сахашчык: Ядзерная зброя моцна актывізуе партызанскі рух у Беларусі, Радыё Свабода, 27 сакавіка 2023 г.
- ^ Павал Усаў: Тактычная ядзерная зброя ў Беларусі пацягне сур'ёзныя наступствы, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 29 сакавіка 2023 г.
Літаратура
рэдагаваць- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
- Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. — Менск: БелЭн, 1993. — 702 с.: іл. ISBN 5-85700-077-7.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — ISBN 985-11-0068-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 3 т. Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. — 244, [3] с., іл. ISBN 978-985-508-060-3.
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 2 / [рэд. Г.П. Ляхава, Ю.М. Несцяроўская, Т.М. Пракаповіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. — 347, [4] с., іл. ISBN 978-985-508-245-4.
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 3 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2016. — 352 с., іл. ISBN 978-985-508-298-0.
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — 270 с., іл. ISBN 978-985-508-476-2.
- Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы = The History of the Belarusian Nation and State / Выд. 2-е, дап.; Біч М., Гарэцкі Р., Конан У. і інш. — Менск: ІП Зміцер Колас, 2005. — 440 с.: іл. ISBN 985-6793-06-2.
- Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. / Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: Экаперспектыва, 2007. — 351 с.: іл. ISBN 978-985-469-202-9.
- Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: Экаперспектыва, 2008. — 688 с.: іл. ISBN 978-985-469-240-1.
- Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII — XVIII стст.) / Ю. Бохан [і інш.]; Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: Экаперспектыва, 2007. — 344 с.: іл. ISBN 978-985-469-203-6.
- Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак ХХ ст.) / М. Біч [і інш.]; Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: Экаперспектыва, 2005. — 519 с.: іл. ISBN 985-469-104-7.
- Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. / А. Вабішчэвіч [і інш.]; Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: Экаперспектыва, 2006. — 613 с.: іл. ISBN 985-469-149-7.
- Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 6. Беларусь у 1946—2009 гг. / Л. Лыч [і інш.]; рэд. калегія: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: Экаперспектыва, 2011. — 728 с.: іл. ISBN 978-985-539-243-0.
- Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. Галубовіч, З. Шыбека, Д. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. Галубовіча і Ю. Бохана. — Менск: Экаперспектыва, 2005. — 584 с. ISBN 985-469-120-9.
- Ермаловіч М. Па слядах аднаго міфа / Пад. рэд. А. Грыцкевіча. — Менск, Навука і тэхніка, 1991. ISBN 5-343-00876-3 (2-е выданьне). — Менск, Навука і тэхніка, 1989. ISBN 5-343-00016-9 (1-е выданьне).
- Краўцэвіч А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. — Гародня—Уроцлаў: Wrocławska Drukarnia Naukowa PAN, 2013. ISBN 978-83-7893-132-4.
- Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск: Беларуская навука, 1998. — 208 с. ISBN 985-08-0249-9.
- Латышонак А., Мірановіч Я. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку ХХІ ст.. — 2-е выд.. — Смаленск: Інбелкульт, 2013. — 368 с. — 600 ас. — ISBN 978-5-9904531-6-6
- Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы / Прадм. З. Санько, паслясл. А. Жлуткі. — Менск: Тэхналогія, 2016. — 35 с. ISBN 978-985-458-266-5.
- Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў: ВолЯ, 2010. — 72 с.
- Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1 / М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў. — Мн.: Беларусь, 1994. — ISBN 5-338-00929-3
- Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы = Samogitia and Lithuania. The different lands and folks. — Менск: Харвест, 2014. — 304 с. : іл. ISBN 978-985-18-2703-5.
- Станкевіч Я. Нарысы зь гісторыі Вялікалітвы-Беларусі // Станкевіч Я. Гістарычныя творы. — Менск: «Энцыклапедыкс», 2003. — 776 с. ISBN 985-6599-77-6.
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — 2-е выд.. — Менск: Тэхналёгія, 2003. — 216 с. — ISBN 978-985-458-076-8
- Шкялёнак М. Беларусь і суседзі: Гістарычныя нарысы. — Беласток: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 2003. ISBN 83-915029-4-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Kasmach L. Forgotten occupation: Germans and Belarusians in the lands of Ober Ost (1915–17) // Canadian Slavonic Papers. Vol. 58, Nr. 4 (2016). P. 321—340.
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Гісторыя Беларусі, Белсат
- Беларускі гістарычны партал — Гісторыя Беларусі
- Беларускі Гістарычны Агляд — навуковы пэрыёдык, прысьвечаны гісторыі Беларусі
- Пазьняк З. Беларусь-Літва // Беларуская Салідарнасьць, 27 сьнежня 2016 г.
- Плякат «Гісторыя Беларусі»
- Жыве Беларусь: Гісторыя Беларусі, культура Беларусі, родная мова