Дзьвінск

места ў Латвіі

Дзьвінск (лат. Аўдыё Daugavpils , [ˈdaʊɡaʊpils]; латг. Daugpiļs) — места ў Латвіі, на рацэ Дзьвіне. Адміністрацыйны цэнтар Дзьвінскага краю (не ўваходзіць у ягоны склад). Насельніцтва на 2016 год — 95 467 чалавек. Знаходзіцца за 232 км на паўднёвы ўсход ад Рыгі, побач з граніцамі Беларусі (33 км) і Летувы (25 км). Буйны чыгуначны вузел.

Дзьвінск
лац. Dźvinsk / Dynaburg
лат. Daugavpils
Агульны выгляд
Агульны выгляд
Герб Дзьвінску Сьцяг Дзьвінску
Гімн Дзьвінску: Latgola bys breiva
Першыя згадкі: 1275
Магдэбурскае права: 1582
Былыя назвы: Дынабург, Барысаглебск
Краіна: Латвія
Мэр: Andrejs Elksniņš[d]
Плошча: 72,48 км²
Вышыня: 105 м н. у. м.
Насельніцтва (2019)
колькасьць:  91 913 чал.[1]
шчыльнасьць: 1268,12 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: +371 654
Паштовыя індэксы: LV-540(1-22); LV-5465
Геаграфічныя каардынаты: 55°52′17″ пн. ш. 26°30′58″ у. д. / 55.87139° пн. ш. 26.51611° у. д. / 55.87139; 26.51611Каардынаты: 55°52′17″ пн. ш. 26°30′58″ у. д. / 55.87139° пн. ш. 26.51611° у. д. / 55.87139; 26.51611
Дзьвінск на мапе Латвіі
Дзьвінск
Дзьвінск
Дзьвінск
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.daugavpils.lv

Дынабург — магдэбурскае места гістарычных Інфлянтаў (Латгаліі), старажытны замак, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Тут захаваліся фартэцыя, касьцёл Сьвятога Пятра ў вярыгах і сынагога, помнікі архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся замак, а таксама збудаваны ў стылі віленскага барока комплекс калегіюму езуітаў, помнікі архітэктуры XIII—XVIII стагодзьдзяў. У наш час культурны, адукацыйны, прамысловы цэнтар Латгаліі, другое паводле велічыні места краіны.

Традыцыйныя гістарычныя беларускія назвы места — Дынабург (часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай) і Дзьвінск (часоў Расейскай імпэрыі). Назвы на іншых мовах: эст. Väinalinn, фін. Väinänlinna, ням. Dünaburg, латг. Daugpiļs, лет. Daugpilis, польск. Dyneburg, рас. Даугавпилс, Невгин, Динабург, Борисоглебск, Двинск, ід. דענענבורג (Дэнэнбург), דינאַבורג (Дынабург), דווינסק (Дзьвінск).

Храналягічны парадак назваў: Дынабург (1275—1656), Барысаглебск (1656—1667), Дынабург (1667—1893), Дзьвінск (1893—1920), Даўгаўпілс (з 1920).

Гісторыя

рэдагаваць

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім

рэдагаваць

Першы пісьмовы ўпамін пра Дынабург датуецца 1275 годам, калі крыжакі збудавалі тут фартэцыю. У 1278 годзе войскі пад камандаю Трайдзеня безвынікова спрабавалі ўзяць гэтую фартыфікацыю. У 1315 годзе вялікі князь Віцень разбурыў замак, але ў неўзабаве яго адбудавалі. Вітаўт захапіў і зьнішчыў места ў 1403 годзе, ўзяўшы шмат здабычы і палонных. У 1481 годзе замак здабыў маскоўскі гаспадар Іван III.

 
Гістарычны герб места, 1582 г.

Ратуючыся ад Маскоўскай дзяржавы, 30 жніўня 1559 году Лівонскі ордэн перайшоў пад пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага; і адпаведна з дамоваю замак і места Дынабург перайшлі да ВКЛ як кампэнсацыя вайсковых стратаў на абарону супраць маскоўскіх войскаў[2]. Кіраваў гэтай калёніяй губэрнатар, які прызначаўся вялікім князем літоўскім[3][4].

У 1561 годзе, паводле ўмоваў Віленскай уніі, Дынабург стаў адміністрацыйным цэнтрам Інфляндзкага (Задзьвінскага) княства[5]. У 1569 годзе ў зьвязку з утварэньнем Рэчы Паспалітай Інфлянты (разам з Дынабургам) абвяшчаліся супольным уладаньнем (канданіміюмам) Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага[6].

За часамі Лівонскай вайны ў 1577 годзе маскоўскі гаспадар Іван IV Тыран захапіў Дынабург; як толькі маскоўскія войскі адышлі, пакінуўшы невялікую залогу, мясцовыя жыхары пад камандаю В. Плятэра перабілі акупантаў і вызвалілі места[2]. У зьвязку з моцнымі разбурэньнямі на загад караля і вялікага князя Стэфана Баторыя Дынабург перанесьлі на новае месца, а 26 сакавіка 1582 году места атрымала Магдэбурскае права і герб «у блакітным полі тры скрыжаваныя сьпіжы» (герб «Еліта»)[2]. У 1621 годзе Дзьвінск стаў адміністрацыйным цэнтрам утворанага Інфлянцкага ваяводзтва.

У 1625 годзе швэдзкі кароль Густаў Адольф падпарадкаваў Дынабург, але праз год смаленскі ваявода Аляксандар Гансеўскі вярнуў яго. У 1635—1655 гадох Дынабург знаходзіўся пад швэдзкай акупацыяй. У 1656 годзе места захапілі маскоўскія войскі, а маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч перайменаваў яго ў Барысаглебск. Паводле Андрусаўскага замірэньня 1667 году Маскоўская дзяржава вярнула Дынабург Рэчы Паспалітай.

Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Дынабургу і яго ваколіцаў ліцьвінамі (1650 год): «…Казимeрко Репшовской в роспросе сказал: родом де он литвин[a] Динаборского уезду»[9].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Мескі герб з Пагоняй, 1781 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Дынабург апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дынабурскай (з 1893 году Дзьвінскай) правінцыі Пскоўскай губэрні (1772—1776), потым у складзе Полацкай губэрні (1776—1778) і намесьніцтва (1778—1796). У час паўстаньня 1794 году места занялі аддзелы Міхала Клеафаса Агінскага. З 1796 году Дынабург уваходзіў у склад Беларускай губэрні, у 1802—1917 гадох — Віцебскай губэрні. На 1799 год у месьце існавала два касьцёлы — мураваны і драўляны, а таксама кляштар і езуіцкая вучэльня. У 1810 годзе расейцы пачалі будаваць фартэцыю ў Дынабургу. У другой палове XIX ст. празь места прайшла чыгунка Санкт-Пецярбург — Варшава, а таксама лініі да Віцебску і Рыгі, што зрабіла Дынабург значным чыгуначным вузлом. У 1893 годзе места перайменавалі ў Дзьвінск.

Па рэвалюцыі 1905 году беларускі рух Дзьвінску дасягнуў росквіту. Тут дзеялі Эпімах-Шыпілы, Гаронскія, Ігнат Буйніцкі, Кастусь Езавітаў, Карусь Каганец, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Еўдакім Раманаў. Перад Першай сусьветнай вайной Дзьвінск выйшаў на другое месца паводле колькасьці насельніцтва беларускіх местаў (120 тыс. чалавек) пасьля Вільні (200 тыс.)[5].

У Першую сусьветную вайну празь Дзьвінск праходзіла лінія фронту. 18 лютага 1918 году па бальшавіцкім перавароце ў Расеі места занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дзьвінск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[10]. За часамі польска-бальшавіцкай вайны ў студзені 1920 году Дзьвінск занялі войскі Эдварда Сьміглага-Рыдза. 11 жніўня 1920 году бальшавікі перадалі места Латвіі; з гэтае пары яно атрымала назву Даўгаўпілс. У 1920-я — пачатку 1930-х гадоў у Дзьвінску дзеялі беларускае культурна-асьветніцкае таварыства «Бацькаўшчына», «Беларуская хата», Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства. Сярод вынікаў працы «Бацькаўшчыны» было заснаваньне Дзьвінскай беларускай гімназіі. У 1924—1925 гадох латвійская паліцыя сфабрыкавала матэрыялы пра «спробы далучэньня Латгаліі да БССР», па чым яна арыштавала і зьвінаваціла ў дзяржаўнай здрадзе многіх настаўнікаў, сяброў таварыства «Бацькаўшчына». Хоць суд і апраўдаў беларусаў, але па гэтым латвійскія улады ліквідавалі многія беларускія культурніцка-адукацыйныя ўстановы, а неўзабаве — увогуле, усе беларускія адукацыйныя ўстановы Дзьвінску і ваколіцаў[2].

У 1940—1941 і 1944—1991 гадох Дзьвінск знаходзіўся ў складзе Латвійскай ССР. У Другую сусьветную вайну з 26 ліпеня 1941 да 27 ліпеня 1944 году ён знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху; нацысты стварылі тут гета. У 1942—1944 гадох у Дзьвінску выходзіў беларускі часопіс «Новы шлях». У 1956 годзе да места далучылі разьмешчанае на левым (сямігальскім) беразе мястэчка Грыву. У 1990-я гады ў месьце зьявіліся культурна-асьветніцкае аб’яднаньне «Ўздым» і беларуская нядзельная школа. 7 кастрычніка 1994 году ў Дзьвінску адкрыўся кансулят Беларусі (вуліца 18 лістапада, 44[11], пачаткова месьціўся ў мескай Думе, кабінэт № 203). У 1999 годзе пры Дзьвінскай мескай Думе ўтварыўся Цэнтар беларускай культуры[12].

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
 
Зьмяненьне колькасьці насельніцтва места
  • XVIII стагодзьдзе: 1799 год — 1603 чал., у тым ліку 1262 вайскоўцаў расейскага гарнізону, 15 духоўнага стану[2]
  • XIX стагодзьдзе: 1880 год — 52 173 чал. (28 985 муж. і 23 188 жан.), зь іх паводле стану — купцоў 553, мяшчанаў 34 723, вайскоўцаў 9679, жонак і дачок вайскоўцаў 1952, замежны падданых 748, ганаровых грамадзянаў 209, сялянаў 323, асабоўцаў 856, шляхты 631, праваслаўнага духавенства 19, каталіцкіх ксяндзоў 3, пратэстанцкіх сьвятароў 1, сьвятароў-стараабрадцаў 2, юдэйскіх рабінаў 16, іншых 439; паводле веры — 10 799 праваслаўных, 10 320 каталікоў, 6245 пратэстантаў, 1135 старавераў, сэктантаў 4500, юдэяў 19 163, караімаў 7, мусульманаў 4[13]; 1892 год — 73 177 чал., зь іх 10 511 праваслаўных, 24 580 каталікоў, 5447 пратэстантаў, 3385 старавераў, 29 191 юдэяў[14]
  • XX стагодзьдзе: 1913 год — 112 848 чал.[15]; 1914 год — 112 837 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 108 260 чал., зь іх паводле нацыянальнасьці: расейцы — 53,96% (58 414), латышы — 17,3% (18 725), палякі — 14,9% (16 126), беларусы — 8,22% (8897), украінцы — 2,23% (2417), летувісы — 0,96% (1041), жыды — 0,45% (492), эстонцы — 0,03% (30), іншыя — 1,96% (2118); 2016 год — 95 467 чал[16].; 2019 год — 91 913 чал[17].

Рэґіён вакол Дзьвінску мае найменшую ў Латвіі долю этнічнага латыскага насельніцтва. Расейскамоўныя (у асноўным беларусы і расейцы) складаюць да 70—80% насельніцтва краю.

Большая частка жыхароў — беларусы, расейцы, украінцы, частка латышоў — належаць да Латвійскай праваслаўнай царквы ў складзе РПЦ. Латгалы, летувісы і палякі належаць да Рыма-каталіцкай царквы, хоць уся Латвія ў асноўным эвангельская краіна.

Адукацыя

рэдагаваць

У Дзьвінску працуюць 22 базавыя і сярэднія школы, 4 прафэсійныя вучэльні, мастацкая школа. Вышэйшую адукацыю забясьпечваюць Дзьвінскі ўнівэрсытэт і мясцовая філія Рыскага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Працуе таксама польская гімназія.

Культура

рэдагаваць

Дзеюць Дзьвінскі тэатар, кінатэатар, Дзьвінскі краязнаўчы і мастацкі музэй.

Футбольныя клюбы найвышэйшай лігі «Даўгава» і «Дзьвінск» гуляюць хатнія матчы на стадыёне Цэлтніекс. Хакейны клюб «Латгале» выступае ў нацыянальным чэмпіянаце.

З 2006 году Дзьвінск арганізуе адзін з этапаў чэмпіянату сьвету па сьпідвэі — Гран-пры Латвіі

Эканоміка

рэдагаваць

ВА «Хімвалакно»; заводы: «Электраінструмэнт», прывадных ланцугоў і інш.; лёгкая, харчовая прамысловасьць, мэблевы камбінат; вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.

Транспарт

рэдагаваць

Дзеюць аўтобусныя і трамвайныя мескія маршруты. Чыгуначная станцыя на чыгунцы да Рыгі.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Славутасьці

рэдагаваць

Большасьць старажытнага Дынабургу расейскія ўлады зьнішчылі пры пабудове крэпасьці. Таму гістарычны цэнтар Дзьвінску складаюць будынкі XIX стагодзьдзя і сама крэпасьць, матэрыяламі для якой сталі разбураныя будынкі. Найбольш маляўнічая вуліца старога места — Рыская (лат. Rīgas iela), якая вядзе ад чыгуначнага вакзалу ў кірунку ракі. На ёй знаходзяцца камяніцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў, касьцёл сьвятога Пятра 1848 году, шэраг рэстарацыяў, гатэляў, банкаў і крамаў.

Помнікі сакральнай архітэктуры Дзьвінску:

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  • Замак (1275)
  • Касьцёл і калегіюм езуітаў (XVIII ст.)

Месты-сябры

рэдагаваць
Пералік местаў-сяброў Дзьвінску

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[7] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[8]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  1. ^ Latvijas iedzīvotāju skaits pašvaldībās pagastu dalījumā
  2. ^ а б в г д Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 155.
  3. ^ Ракіцкі, Вячаслаў (22 лютага 2005) Беларускія калёніі на беразе Балтыйскага мора — Інфляндзкае княства і Курляндыя Беларуская Атлянтыда. Радыё СвабодаПраверана 10 лютага 2020 г.
  4. ^ Трусаў А. Беларускія калоніі // Наша Слова. — 13 верасня 2006 г.. — № 37 (773).
  5. ^ а б Ракіцкі, Вячаслаў (5 кастрычніка 2007) Беларускі Дзьвінск Беларуская Атлянтыда. Радыё Свабода. Праверана 10 лютага 2020 г. г.
  6. ^ Вяроўкін-Шэлюта У. Інфлянты // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 669.
  7. ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
  8. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
  9. ^ Патриарх Никон и его время. Сборник научных трудов. — М., 2004. С. 89.
  10. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 20.
  11. ^ Генеральнае консульства ў Даўгаўпілсе. Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай рэспубліцыПраверана 10 лютага 2020 г.
  12. ^ Пра нас. Цэнтар беларускай культуры. Праверана 10 лютага 2020 г.
  13. ^ Manteuffel G. Dyneburg // Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 254.
  14. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  15. ^ Вторая половина XIX в. (рас.) История. Latgales Centrālā bibliotēka. Праверана 10 лютага 2020 г.
  16. ^ Latvijas iedzīvotāju skaits pašvaldībās (лат.). Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі (1 студзеня 2016). Праверана 10 лютага 2020 г.
  17. ^ Latvijas iedzīvotāju skaits pašvaldībās (лат.). Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі (1 студзеня 2019). Праверана 10 лютага 2020 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць