Сувязь незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі

арганізацыя, якая існавала ў 1917—1918 гадах у Вільні

«Сувязь незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі» — беларуская арганізацыя, якая існавала ў 1917—18 гадах у Вільні.

У арганізацыю ўваходзілі Вацлаў Ластоўскі, Вінцэнт Сьвятаполк-Мірскі, Казімер Шафнагель і іншыя. З 2 чэрвеня 1917 году па 22 красавіка 1918 году выдала 4 улёткі з выкладам сваіх поглядаў (іх аўтарам лічыцца В. Ластоўскі). Адмаўляла ідэю Канфэдэрацыі Вялікага княства Літоўскага, паводле якой на беларускіх і летувіскі землях, акупаваных Нямеччынай, прапаноўвалася стварыць беларуска-летувіскую дзяржаву; выступала за злучэньне падзеленай фронтам Беларусі ў «адзін суцэльны і незалежны арганізм». Прапаноўвала ўстанавіць у незалежнай дзяржаве рэспубліканскі лад, правесьці беларусізацыю школаў, рэлігійных і дзяржаўных установаў з забесьпячэньнем правоў нацыянальных меншасьцяў. Выступала за тое, каб прадстаўнікі беларускага народу «з абедзьвюх старон фронту» былі дапушчаныя на мірную канфэрэнцыю і каб яна прызнала незалежнасьць Беларусі; выказвала надзею, што польскае грамадзтва ня будзе чыніць перашкоды ў культурным і нацыянальным будаўніцтве. Прызнаючы права летувіскага народу на незалежнасьць, арганізацыя выступала супраць анэксіянісцкіх памкненьняў дзеячаў Летувы. Лічыла, што палітычная раўнавага ў Эўропе цесна зьвязаная з вырашэньнем украінскага пытаньня, вітала Ўкраінскую раду і жадала, каб Украіна была прызнаная незалежнай дзяржавай. Адначасова выказвалася за фэдэратыўныя сувязі з суседнімі народамі, вылучала ідэю «Беларуска-Ўкраінскай фэдэратыўнай дзяржавы». Палажэньні праграмы, распрацаванай «Сувязьзю незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі», прынятыя Беларускім народным камітэтам (БНК), канфэрэнцыяй БНК, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групай і Віленскім камітэтам Беларускай сацыялістычнай грамады (верасень 1917), а таксама Беларускай канфэрэнцыяй у Вільні (1918). Палажэньні гэтай праграмы спрабаваў ажыцьцявіць урад Беларускай Народнай Рэспублікі.

Літаратура

рэдагаваць
  • Сідарэвіч А. «Сувязь незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі» // БелЭн, т.15. — Мн., 2002.