Жыгімонт Кейстутавіч

вялікі князь літоўскі

Жыґімонт[1] Кейстутавіч, Жыґімонт I[2] (каля 1365 — 20 сакавіка 1440) — вялікі князь літоўскі (1439—1440).

Жыгімонт Кейстутавіч
Žygimont Kiejstutavič. Жыгімонт Кейстутавіч (XIX).jpg
Жыгімонт Кейстутавіч. Невядомы мастак, XIX ст.
Вялікі князь літоўскі
1432 — 1440
Папярэднік Сьвідрыгайла
Наступнік Казімер
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1365,
Памёр 20 сакавіка 1440, Трокі
Нашчадкі Міхал
Дынастыя Гедзімінавічы
Бацька Кейстут
Маці Бірута

ІмяРэдагаваць

Асноўны артыкул: Жыгімонт

Жыгімонт — літоўская (беларуская) форма старажытнага пашыранага германскага (гоцкага) імя Sigimunt, якое трапіла ў хрысьціянскі іменаслоў[3].

Фармант -монт- празь імёны Альгімонт, Монтгерд і Гердзімонт зьвязвае Жыгімонта зь імём Альгерд, якое таксама мае поўныя германскія адпаведнікі (герцаг Альгерд з Гогенштайну[4]), той жа фармант празь імя Скаламонт зьвязвае Жыгімонта з германскім (гоцкім) імём Гудэскалк (Готшалк)[5]. Увогуле, гэты фармант даволі часта сустракаецца ў імёнах літоўскіх князёў і баяраў: Валімонт, Відзімонт, Гаўдымунда, Даўмонт, Мінімонт, Нарымонт, Скірмант, Судзімонт, Эйсмонт, Ямонт, Монтвід, Монтвіл, Монтгайла, Монтрым, Монтаўт ды іншыя[6].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Segemund (1390 год), Печать Жикгимонтова (1398 год), Печать князя Жикгимонта, Sigismundus dei gracia dux Littuanie frater germanus Allexandri alias Witoldi magni ducis Littuanie etc. (абодва 1411 год), Жигимонт Кестутьевич (1418 год)[7], Sigismundi Keystutowicz (8 верасьня 1431 году)[8], Proinde nos Sigismundus Dei gracia magnus dux Lithvanie necnon terrarum Russie dominus et heres (1434 год), Proinde nos Sigismundus Dei gratia magnus dux Lithwanie, Russie etc. (1436 год)[9].

БіяграфіяРэдагаваць

 
Жыгімонт Кейстутавіч на вялікай пячаці
 
Уяўны партрэт Жыгімонта Кейстутавіча. М. Барвіцкі, 1908 г.

Малодшы сын Кейстута і Біруты, брат Вітаўта. У час змаганьня за ўладу паміж Вітаўтам і Ягайлам быў зьняволены апошнім (1382—1384). У 1384 годзе ў Прусіі разам зь Вітаўтам склаў дамову з Тэўтонскім ордэнам супраць Ягайлы, але ў 1386 годзе прысягнуў яму. У 1389 годзе Вітаўт паслаў Жыгімонта ў Прусію дзеля перамоваў пра супольныя з Ордэнам выступленьні супраць Ягайлы. Да 1398 году быў закладнікам у вялікага магістра ў Марыенбурзе. Па вяртаньні атрымаў ад Вітаўта Старадубскае княства[10].

Браў удзел у перамовах і складаньні пагадненьняў з Тэўтонскім ордэнам у 1398, 1411, 1422 і 1431 гадох, уніяў з Польшчай. Удзельнічаў у бітве на Ворскле ў 1399 годзе і Грунвальдзкай бітве ў 1410 годзе.

У час уладараньня Вітаўта ня меў палітычнага ўплыву, падтрымліваў брата. Па сьмерці Вітаўта і абраньня вялікім князем літоўскім Сьвідрыгайлы ў 1432 годзе ўдзельнічаў у змове супраць яго прапольска настроенай часткі князёў і баяраў Вялікага Княства Літоўскага і польскіх паноў, якія намагаліся ўзмацніць унію з Польшчай і пашырыць польскі ўплыў на палітыку Вялікага Княства Літоўскага. Па ўцёках Сьвідрыгайлы ў Полацак Жыгімонт абвясьціў сябе вялікім князем, яго ўладу прызналі Вільня, Трокі, Коўна, Жамойць, Горадня, Менск, у выніку ўзброенага падпарадкаваньня — Берасьце. Па гэтым, імаверна бачачы свае цяжкае становішча, на бок Жыгімонта перайшла Наваградчына. Астатнія землі засталіся адданымі Сьвідрыгайлу, які замацаваўся ў Віцебску[11].

Паміж Сьвідрыгайлам і Жыгімонтам пачалося змаганьне — грамадзянская вайна 1432—1439 гадоў. Каб залучыць на свой бок фэўдалаў зь незалежніцкай партыі, спачатку 15 кастрычніка 1432 году ад імя Ягайлы быў выдадзены агульназемскі прывілей 1432 году, паводле якога праваслаўныя фэўдалы атрымлівалі ўсе льготы, атрыманыя каталіцкай арыстакратыяй у выніку Гарадзельскай уніі (апроч скасаваньня выплачваньня дзякла), па чым у тых жа мэтах Жыгімонт выдаў Троцкі прывілей 1434 году, якім пашырыў усе правы, дадзеныя прывілеям 1387 году і Гарадзельскім прывілеям 1413 году фэўдалам, што прынялі каталіцтва, на ўсіх фэўдалаў Вялікага Княства Літоўскага незалежна ад іх веравызнаньня[12]. Але значная частка фэўдалаў Вялікага Княства Літоўскага ўсё адно не падтрымлівала Жыгімонта, бо ён вёў палітыку на падпарадкаваньне Вялікага Княства Літоўскага Польшчы. У выніку цяжкай паразы ў бітве пад Вількамірам у 1435 годзе падтрымкі ў Сьвідрыгайлы значна паменела, неўзабаве Жыгімонт стаў адзінаўладным вялікім князем. Нягледзячы на значныя апалчэньні ўсходнеславянскіх фэўдалаў з усходняй часткі ВКЛ, сабраных Сьвідрыгайлам для бітвы пад Вількамірам, Жыгімонт забясьпечыў сабе перамогу значна меншым паводле колькасьці войскам з прычыны слабай арганізацыі аддзелаў Сьвідрыгайлы і вялікае колькасьці наймітаў у аддзелах Жыгімонта (пераважна польскіх). Па паразе Сьвідрыгайлы пад Вількамірам на бок Жыгімонта неўзабаве перайшла Смаленская зямля, адносна значная апазыцыя Жыгімонту захавалася толькі ў Полацкай, Віцебскай землях і асабліва на Падольлі, хоць першыя дзьве неўзабаве таксама прызналі вяршэнства Жыгімонта.

Жыгімонт быў занадта падазроным, імаверна ведаючы, што незалежніцкая партыя ўсё адно мае шмат прыхільнікаў, таму ўвесь час шукаў змоўнікаў, нават уяўных, жорстка караў іх, канфіскоўваў маёнткі, выносіў сьмяротныя выракі. Ад гэта нават пайшлі чуткі, што ён жадае вынішчыць усіх князёў і баяраў. Супраць Жыгімонта арганізавалася змова князёў Івана і Аляксандра Чартарыйскіх, віленскага ваяводы Даўгерда і троцкага ваяводы Лялюша, якія належалі да незалежніцкай партыі і мелі зьвязак зь Сьвідрыгайлам. У выніку змовы Жыгімонта забілі ў Троцкім замку[13]. Іншыя вэрсіі тлумачаць забойства Жыгімонта ягоным імкненьнем адасобіцца ад уплыву Польшчы па сваім замацаваньні на стальцы, па чым палякі арганізавалі забойства князя.

Мова і культураРэдагаваць

Асноўныя артыкулы: Ліцьвіны і Русіны

У сваёй лацінамоўнай грамаце касьцёлу ў Геранёнах, складзенай у 1411 годзе, упамінаў гутарковую (vulgariter dicitur) меру «пуд воску» (pud vosku)[14]. У дароўнай грамаце 1434 году, якой ужо будучы вялікім князем запісаў Віленскай катэдры наданьні ў Медніцкай, Дубінскай, Лынгмянскай і Немянчынскай воласьцях, упаміналіся загароджы на рацэ, якія «па-народнаму» называліся «язы»[a] (vulgariter jazi). У грамаце касьцёлу ў Малым Мядзеле, складзенай у 1440 годзе, прызначаў даніну «мыта або тарговага» (mitha alias targowego) і ўпамінаў раку «зь язам» (alias z jazem)[17]. Гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы[18].

У 1433 годзе пісаў на беларускай («рускай») мове да Ягайлы[19].

Таксама захаваліся дзьве славянамоўныя пячаці вялікага князя («ПЕЧАТЬ КНЯЗЯ ЖИКГИМОНТА»[20]), адна зь якіх змацоўвала ліст яго брата Вітаўта ад 14 кастрычніка 1398 году, адрасаваны крыжацкаму вялікаму магістру[21].

ГалерэяРэдагаваць

ПартрэтыРэдагаваць

ПячаціРэдагаваць

Папярэднік
Сьвідрыгайла
Вялікі князь літоўскі
1432—1440
Наступнік
Казімер

ЗаўвагіРэдагаваць

  1. ^ Паводле Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі, «Ез — 'перагародка, якую ставяць рыбакі на рацэ з праходам, у якім расстаўляюць нерат' <...> (гл. таксама яз)»[15], таксама шэраг прыкладаў ужываньня гэтага слова ў форме «яз» падае Гістарычны слоўнік беларускай мовы[16]

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Жыґімонт = Žygimont // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  2. ^ Насевіч В. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12—18 стагоддзяў. — Менск: БелЭН, 1993.
  3. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14.
  4. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 16—26.
  7. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 164.
  8. ^ Дополнения к Актам историческим, относящимся к России : Собраны в иностранных архивах и библиотеках и изданы Археографической Комиссией. — СПб., 1848. С. 306.
  9. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 157.
  10. ^ Žyhimont Kiejstutavič // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 225.
  11. ^ Грыцкевіч А. Жыгімонт Кейстутавіч // ЭГБ. — Менск: 1994 Т. 2. С. 379.
  12. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 76.
  13. ^ Грыцкевіч А. Жыгімонт Кейстутавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 1. С. 630.
  14. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 11.
  15. ^ Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 3. — Менск, 1985. С. 184.
  16. ^ Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 37. — Менск: Беларуская навука, 2017. С. 300.
  17. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 177.
  18. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39—46.
  19. ^ Ліцкевіч А. Да пытання пра рутэнізацыю балтаў ВКЛ у XV — пачатку XVI стст. // ARCHE Пачатак. № 11—12, 2009. С. 68—69.
  20. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 78.
  21. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 115.

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць