Вітаўт
Вітаўт Вялікі (у каталіцтве Віганд і Аляксандар, у праваслаўі Аляксандар; 1350 — 27 кастрычніка 1430) — вялікі князь літоўскі (1392—1430, фармальна з 1401), князь гарадзенскі і троцкі.
Вітаўт | |
![]() | |
Вітаўт. Невядомы мастак, XVII—XVIII стст. | |
![]() | |
1392 — 1430 | |
Папярэднік | Ягайла |
Наступнік | Сьвідрыгайла Альгердавіч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1350 , Старыя Трокі |
Памёр | 27 кастрычніка 1430, Трокі |
Пахаваны | Касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава, Вільня |
Нашчадкі | Соф'я Вітаўтаўна |
Дынастыя | Гедзімінавічы |
Жонкі |
1-я: Марыя Лукомская 2-я: Ганна Сьвятаслаўна 3-я: Юліяна Альшанская |
Бацька | Кейстут |
Маці | Бірута |
Вітаўт — адзін з найвыдатнейшых гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага[2], за сваю дзейнасьць атрымаў найменьне Вялікі[3][4].
БіяграфіяРэдагаваць
Сын вялікага князя Кейстута і Біруты, стрыечны брат Ягайлы. З раньняга веку ўдзельнічаў у войнах супраць Масквы і Тэўтонскага ордэна. У 1374 атрымаў у валоданьне Гарадзенскае княства. Па сьмерці вялікага князя Альгерда (1377) падтрымаў свайго бацьку ў барацьбе за сталец. У час перамоваў зь Ягайлам у Вільні (1382), Вітаўта разам з Кейстутам схапілі і зьмясьцілі ў Крэўскі замак. У замку Кейстута задушылі, аднак Вітаўт пры дапамозе жонкі Ганны Сьвятаслаўны здолеў уцячы. Празь Берасьце і Мазовію прыбыў у Прусію, дзе 21 кастрычніка 1383 прыняў каталіцтва і імя Віганд. Па вяртаньні на радзіму ў 1384 перайшоў у праваслаўе і атрымаў імя Аляксандар, аднак пазьней вярнуўся ў каталіцтва, захаваўшы другое імя.
Калі польскія фэўдалы, выкарыстоўваючы Крэўскую унію (1385) і каранацыю вялікага князя Ягайлы на польскі сталец, наважыліся падпарадкаваць сабе Вялікае Княства Літоўскае ўзначаліў барацьбу супраць іх. З дапамогай рыцараў Лівонскага ордэна цягам вайны (1389—1392) скінуў намесьніка Ягайлы на літоўскім сталцы — свайго стрыечнага брата Скіргайлу і пачаў кіраваць дзяржавай незалежна ад польскага караля. У выніку ўзброенай барацьбы, а потым кампраміснага пагадненьня (1392) зь Ягайлам літоўскія фэўдалы абаранілі сваю самастойнасьць, а Вітаўт зрабіўся гаспадаром (вялікім князем) Літоўскай дзяржавы.
Унутраная палітыкаРэдагаваць
Праводзіў палітыку цэнтралізацыі дзяржавы і ўмацаваньня велікакняскай улады. Паступова ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, аддаючы родным і стрыечным братам менш значныя ўдзелы. Да дзяржаўнага кіраваньня (удзел у соймах і радзе) далучаў ваенна-служылы стан, за службу раздаваў шляхце землі.
Найвышэйшыя пасады пры Вітаўце займалі баяры, што паходзілі зь беларускай этнічнай тэрыторыі, зь іх складалася і атачэньне вялікага князя. Напрыклад, на Соленскай сустрэчы 1397 з крыжацкім пасольствам Вітаўта суправаджалі князі Юры Пінскі, Міхал Заслаўскі, Аляксандар Старадубскі, Іван Альшанскі і Іван Друцкі[5].
За Вітаўта старабеларуская мова (якая тады называлася «літоўскаю») па-ранейшаму мела статус афіцыйнай; лаціна пачала ўжывацца ў дачыненьнях з Заходняй Эўропай і ў каталіцкім касьцёле[6].
Вонкавая палітыкаРэдагаваць
У 1391 выдаў сваю дачку Соф’ю Вітаўтаўну замуж за маскоўскага цара Васіля I. Актыўна падтрымліваў сэпаратысцкія тэндэнцыі Цьвярскога і Разанскага княстваў, што выступалі супраць цэнтралізаванай палітыкі Масквы.
Умешваўся ў справы нямецкага ордэна і неаднаразовымі перамогамі ледзь не ліквідаваў яго. Для дасягненьня палітычных мэтаў і замацаваньня хаўруса з Тэўтонскім ордэнам чатырохразова (у 1384, 1389, 1398 і 1404[3]) аддаваў ордэну Жамойць.
Вёў несупынную барацьбу супраць татараў, ачысьціў ад іх усю тэрыторыю паміж Дняпром і Азоўскім морам і адтуль некалькі тысячаў татараў перасяліў у Літву. У 1399 пацярпеў паразу ад тамэрланаўскага вайскавода Эдыгея на рацэ Ворскле, у выніку праваліліся яго пляны панаваньня над усімі землямі Русі і Залатой Арды. Нягледзячы на гэта, Вітаўт захаваў кантроль Літоўскай дзяржавы над Паўночным Прычарнамор’ем. Але паразу на Ворскле выкарыстала Польшча, прымусіўшы Вітаўта падпісаць новую унію.
Рэлігійныя справыРэдагаваць
Падпісаўшы пад націскам польскага кліру Віленска-Радамскую (1401) і Гарадзельскую (1413) уніі, Вітаўт фактычна даў каталікам перавагі ў дзяржаўным жыцьці краіны, што зрабілася адной з прычын працяглай рэлігійнай барацьбы ў Літоўскай дзяржаве і значна аслабляла яе.
Каб дагадзіць праваслаўным жыхаром Літвы і Літоўскае Русі, Вітаўт у 1415 г. уставіў у Вялікім Княстве Літоўскім аўтакефальную Літоўска-Кіеўскую мітраполію. Першым аўтакефальным мітрапалітам праваслаўнай царквы Вялікага Княства на Новагародзкім саборы абралі Рыгора Цамблака.
Вайсковыя здабыткіРэдагаваць
Значна пашырыў тэрытарыяльныя межы Вялікага Княства Літоўскага. У 1395 улучыў у склад дзяржавы Смаленск, а ў 1398 дамогся прызнаньня залежнасьці Ноўгарада Вялікага ад Вялікага Княства Літоўскага. У выніку вайны з Маскоўскай дзяржавай у 1408 вызначыў мяжу па рэках Угра і Ака. У 1420-я падпарадкаваў свайму ўплыву Цьвярское і Пскоўскае княствы.
Маскоўскі цар Васіль I зьвяртаўся да Вітаўта ў граматах «Господин и отец мой», што сьведчыла пра пратэктарат вялікага князя. Сам Вітаўт лічыў зяця сваім васалам. Па сьмерці Васіля I (1425) згодна зь ягоным тэстамэнтам Вітаўт лічыўся апекуном малалетняга Васіля II (свайго ўнука) і Маскоўскай дзяржавы[6].
У час Грунвальдзкай бітвы (1410) узначальваў літоўскія войскі (Полацкая, Віцебская, Гарадзенская, Пінская, Ваўкавыская, Лідзкая, Новагародзкая, Смаленская, Слонімская, Старадубская, Кіеўская, Амсьціслаўская і інш. харугвы), якія былі асноўнай сілай у разгроме крыжакоў. Пасьля гэтай перамогі паводле Мельнскай дамовы (1422) Вялікае Княства Літоўскае вярнула сабе Жамойць.
Вынікі ўладараньняРэдагаваць
За Вітаўтам Вялікае Княства Літоўскае дасягнула найбольшай магутнасьці і памераў: ад Пскоўскай мяжы да Чорнага мора і ад Акі і Курску да Галічыны. З мэтай узмацніць міжнародны прэстыж дзяржавы і сваё становішча ён двойчы (у 1429 і 1430) рабіў захады і ўчыняў зьезды наймагутнейшых валадароў Эўропы, каб прыняць каралеўскі тытул і карону. Але польскія магнаты затрымалі імпэратарскіх паслоў, што везьлі карону. Састарэлы Вітаўт ня вытрымаў гэтай дыпляматычнай паразы і памёр у Троках. Пахаваны ў Віленскім катэдральным касьцёле.
У часе княжаньня Вітаўта самакіраваньне паводле Магдэбурскага права атрымалі Берасьце (1390) і Горадня (1391, няпоўнае).
У 1413 г. Віцебск, Полацак, Вільню і Горадню у почце Вітаўта наведаў Геранім Праскі (паплечнік Яна Гуса), які пераконваў Вітаўта прыязна ставіцца да гусітаў[7]. У 1422 на дапамогу нацыянальна-вызвольнаму руху гусітаў у Чэхію прыбыў намесьнік Вітаўта, унук Альгерда, Жыгімонт Карыбутавіч з 5-тысячным літоўскім войскам. На чале сваіх гусіцкіх паплечнікаў у 1424 ён заняў Прагу, дзе абвесьціў сябе каралём і пэўны час імкнуўся ўмацаваць сваю ўладу. Але з прычыны ўскладненай сытуацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім вярнуўся на бацькаўшчыну.
Пасьля сьмерці Вітаўта вялікім князем прызначылі Сьвідрыгайлу. У хуткім часе яго скінуў і заняў велікакняскі трон брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч.
ГалерэяРэдагаваць
- Іканаграфія вялікага князя Вітаўта
У маладосьці. Невядомы мастак, XVIII ст.[8]
Зь Берасьцейскага кляштару аўгустынаў. Невядомы мастак, 2-я пал. XVII ст.
З Троцкага касьцёла Найсьв. Панны Марыі. Невядомы мастак, кан. XVII ст.
А. Гваньіні, 1578
М. Балінскі, 1836
Л. Ходзька, XIX ст.
Ю. Азямблоўскі, XIX ст.
Дадатковая іканаграфія вялікага князя Вітаўта |
---|
|
Народная памяцьРэдагаваць
Памяць пра вялікага князя Вітаўта ўстойліва замацавалася ў тапаніміі Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стагодзьдзяў. Дасьледнікі адзначаюць, што ў дакумэнтах гэтага пэрыяду фігуруе дастаткова шмат назваў геаграфічных ды іншых аб’ектаў, зьнітаваных зь імем вялікага князя:
- Вітаў Мост (Смалявіччына)
- Вітаўка (поле на Бярэзіншчыне, а таксама гістарычная мясьціна Мікалаева)
- Вітаўтава Дарога, Вітаўтаў (Вітаў) Шлях (у розных частках Беларусі)
- Вітаўтава Студня (Барысаўшчына)
- Вітаўтавы Відэльцы (камень на беразе ракі Вушачы)
- Вітаўтавы Талеркі (камень з шасьцю адшліфаванымі паглыбленьнямі на Полаччыне)
- Вітаўтаў Брод (Бабруйшчына)
- Вітаўтаў дуб (Бешанковіччына)
- Вітаў Лог (у тым жа рэгіёне)
- Вітаўтаў Мост (на рацэ Цна пад Менскам, а таксама на рацэ Паўднёвы Буг на Мікалаеўшчыне)
- Вітутаў (Мікалаеўшчына)
25 ліпеня 2009 году ў Берасьці адкрылася скульптурная кампазыцыя, прысьвечаная 990-гадовай гісторыі места. Сярод шасьці бронзавых фігураў у кампазыцыі помніка тры скульптуры гістарычных дзеячоў — Вітаўта, Мікалая Радзівіла «Чорнага» і князя Васількавіча[9].
Папярэднік Ягайла |
Вялікі князь літоўскі 1392—1430 |
Наступнік Сьвідрыгайла |
КрыніцыРэдагаваць
- ^ а б А. Э. Витовт // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VIа. — С. 574–576.
- ^ М. І. Ермаловіч. Вітаўт // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 304.
- ^ а б Анатоль Грыцкевіч. Вітаўт // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 447.
- ^ Vitaŭt // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 219.
- ^ М. І. Ермаловіч. Вітаўт // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 305.
- ^ а б Анатоль Грыцкевіч. Вітаўт // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 448.
- ^ А. Будилович. Не был ли православным человеком Иероним Пражский? // Христианское чтение. 1870, ч. I.
- ^ Чаропка В. Великий князь Витовт. — Минск: ФУАинформ, 2010. С. 5.
- ^ Вітаўт, Радзівіл Чорны і князь Васількавіч // «Наша Ніва», 26 ліпеня 2009.
ЛітаратураРэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Уладзімір Прышляк. Гістарычная постаць Вітаўта ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі і навукова-папулярнай літаратуры // «Гістарычны Альманах». Том 8, 2003.
- Vitaŭt // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Міхась Белямук. Вялікі князь Вітаўт і ягоная маестатная пячатка [1] // «Białoruskie Zeszyty Historyczne» №31, чэрвень 2009. ISSN 1232-7468.
- Генадзь Сагановіч. 1392. Пачатак княжання Вітаўта // Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
- Пакаленне шостае: Ягайла, Вітаўт і іх старэйшыя сучаснікі (1370-ыя — 1390-ыя гады) // Насевіч В. Л.. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — 160 с.: іл. — ISBN 5-345-00627-Х.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Вітаўт — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў