Рада Беларускай Народнай Рэспублікі
Каардынаты: 40°42′47″ пн. ш. 73°47′51″ з. д. / 40.71306° пн. ш. 73.7975° з. д.
Ра́да Белару́скай Народнай Рэспу́блікі — найвышэйшы кіраўнічы орган БНР, які з 1919 году дзее на эміграцыі і ўяўляе сабой адну з ключавых палітычных арганізацыяў беларускае дыяспары. Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з Радай Першага Ўсебеларускага зьезду 1917 году і на дадзены момант зьяўляецца самым старым у сьвеце ўрадам у выгнаньні.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі лац. Rada Biełaruskaj Narodnaj Respubliki | |
Герб БНР | |
Абрэвіятура | Рада БНР |
---|---|
Папярэднік | Усебеларускі зьезд |
Дата ўтварэньня | 31 сьнежня 1917 (106 гадоў таму) |
Тып | заканадаўчая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасьці на ўсіх беларускіх землях[1] |
Штаб-кватэра | Нью-Ёрк, акруга Кўінс, раён Ямайскія Пагоркі, Гатычны праезд, д. 166[2] |
Месцазнаходжаньне | Злучаныя Штаты Амэрыкі |
Дзейнічае ў рэгіёнах | 15 краінаў, у тым ліку ўсе 5 сумежных зь Беларусьсю[3] |
Сяброўства | 80 чалавек (2017 г.)[4] |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Старшыня | Івонка Сурвіла |
1-ы заступнік | Сяргей Навумчык |
Заступнікі | Вячка Станкевіч, Мікалай Пачкаеў |
Сакратар | Вячаслаў Бортнік[5] |
Асноўныя асобы | Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель |
Кіроўны орган | Прэзыдыюм (16 чал.) |
Зьвязаныя кампаніі | Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне, Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі, Згуртаваньне беларусаў Канады, Таварыства беларускай культуры ў Летуве[6] |
Сайт | radabnr.org |
Колішняя назва | Рада Ўсебеларускага зьезду (да 18 сакавіка 1918 г.) |
Паводле Другой Устаўнай граматы і Часовай Канстытуцыі Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР зьяўлялася часовай вышэйшай заканадаўчай установаю ў Беларусі. Ёй належала права прымаць законы, зацьвяржаць урад да моманту правядзеньня Ўстаноўчага сойму, які мусіў бы вызначыць далейшы канстытуцыйны лад Беларусі. Фракцыя Беларускай сацыяілістычнай грамады (БСГ), якая дамінавала ў першапачатковым складзе Рады, ускладала на яе функцыі парлямэнту. Антон Луцкевіч у 1928 годзе характарызаваў яе як «перадпарлямэнт». Пасьля эміграцыі мэты дзейнасьці і функцыі Рады БНР былі перафармуляваныя і палягаюць у прадстаўніцтве беларускага народу на міжнароднай арэне да моманту фармаваньня дэмакратычна абранай улады ў Беларусі. Склад Рады БНР фармуецца перадусім з актывістаў арганізацыяў беларускай дыяспары дэмакратычнага і незалежніцкага кірунку[7].
Будова
рэдагаваць- Пасяджэньне. Склікаецца аднойчы на 2 гады. Паводле 5-га артыкула Статуту, складаецца з «радных‚ лікам ня больш як 80». Правамоцнае пра апавяшчэньні радных прынамсі за месяц да правядзеньня. Ухваляе пастановы звычайнай большасьцю галасоў. Прымае новых радных на падставе пісьмовай парады прынамсі 2-х радных. Вызначае памер сяброўскіх складак радных. Зьмяняе Статут 3/4 галасоў і зацьвярджае пастановы аб вонкавай супрацы. Абірае Прэзыдыюм, Кантрольную камісію і Суд на 6 гадоў.
- Прэзыдыюм. Абіраецца на 6 гадоў. Улучае старшыню Рады, заступнікаў, сакратара і скарбніка. Выконвае пастановы пасяджэньня (Рады).
- Сакратарыят. Прызначаецца старшынём Рады. Паведамляе старшыні і Прэзыдыюму пра нясплату радным сяброўскіх складак і выдачу ім дзяржаўнай таямніцы.
- Кантрольная камісія. Абіраецца на 6 гадоў у складзе старшыні, сакратара і сябра. Складае грашовую справаздачу Рады.
- Суд. Абіраецца на 6 гадоў. Складаецца са старшыні і 2 судзьдзяў. Разглядае скаргі на выключэньне зь ліку радных[1].
Рада ўзначальваецца Старшынём Рады БНР. У складзе Рады функцыянуюць Сакратарыяты па розных кірунках працы, сярод якіх:
- Сакратарыят вонкавых справаў
- Сакратарыят унутраных справаў
- Сакратарыят адукацыі
- Сакратарыят інфармацыі
а таксама дзее скарбнік і Камітэт архіўных справаў[7].
Прэзыдыюм
рэдагаваць- Івонка Сурвіла — Старшыня
- Сяргей Навумчык — Першы заступнік старшыні
- Вячаслаў Станкевіч — Заступнік старшыні
- Мікалай Пачкаеў — Заступнік старшыні
- Паліна Прысмакова — Сакратар
- Алеся Сёмуха — Скарбнік
- Ала Орса-Рамана
- Валянціна Трыгубовіч
- Вячаслаў Бортнік
- Алесь Кот
- Аляксандар Старыкевіч
- Уладзіслаў Яндзюк
- Валер Дворнік
- Павал Шаўцоў[5]
Гісторыя
рэдагаваць1917—1919 гады
рэдагавацьУтварэньне
рэдагавацьРада вядзе свае вытокі ад Рады І Усебеларускага Кангрэсу, які адбыўся ў Менску ў сьнежні 1917 году і сабраў 1872 дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Нягледзячы на разгон Кангрэсу з боку бальшавікоў, дэлегатам атрымалася афіцыйна прызнаць Раду «найвышэйшаю ўстановаю краю», даручыўшы ёй «усю паўнату ўлады на Беларусі».
Пасьля таго, як органы савецкай улады (Аблвыканкамзах і Савет Народных Камісараў Заходняй вобласьці і фронту) былі вымушаныя пакінуць Менск, 19 лютага 1918 Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду ў сваім загадзе №1 абвясьціў, што «ўзяў уладу ў свае рукі».
На наступны дзень, 20 лютага, была выдадзеная Першая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі, у якой Выканаўчы камітэт абвясьціў сябе часовай уладай Беларусі «для кіраваньня і скліканьня, як мага хутчэй, Устаноўчага сойму», а выканаўчую ўладу перадаў Народнаму сакратарыяту Беларусі.
9 сакавіка 1918 году Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду выдаў Другую Ўстаўную грамату да народаў Беларусі, паводле якой абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18 сакавіка 1918 на пленарным пасяджэньні Рада Ўсебеларускага зьезду была перайменаваная ў Раду БНР.
У Раду БНР увайшлі вядомыя дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, у тым ліку:
- Антон Аўсянік
- Палута Бадунова
- Язэп Варонка
- Тамаш Грыб
- Кастусь Езавітаў
- Васіль Захарка
- Лявон Заяц
- Макар Краўцоў
- Пётра Крачэўскі
- Язэп Лёсік
- Язэп Мамонька
- Сымон Рак-Міхайлоўскі
- Ян Серада
- Аркадзь Смоліч
- Браніслаў Тарашкевіч
і іншыя.
У склад Рады БНР былі кааптаваныя 6 прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады:
а таксама прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў, земстваў і гарадоў.
Старшынём Рады БНР стаў былы старшыня Прэзыдыюму Ўсебеларускага зьезду Янка Серада.
Па стане на 25 сакавіка 1918 налічвалася 77 сябраў Рады:
- 36 — абраныя на Ўсебеларускім зьезьдзе,
- 6 — ад Віленскай беларускай рады,
- 15 — ад нацыянальных меншасьцяў (расейскай, польскай, габрэйскай),
- 10 — ад земстваў,
- 10 — ад гарадоў.
19 сакавіка 1918 Рада прыняла палажэньне аб вярхоўнай уладзе БНР, у якой абвяшчалася, што ніводны закон ня будзе мець сілы без зацьвярджэньня яго Радай БНР.
У складзе Рады дзеялі камісіі, у пэрыяд паміж пленарнымі пасяджэньнямі працаваў Прэзыдыюм Рады БНР. З шэрагаў сяброў Рады БНР (радных) фармаваўся Ўрад БНР.
Трэцяя Ўстаўная грамата
рэдагавацьУ 1918 годзе ў Радзе існавалі 2 плыні: аўтанамісцкая і незалежніцкая.
Аўтанамісты (прадстаўнікі земстваў, гарадоў, расейскай, часткова габрэйскай нацыянальных меншасьцяў і некаторыя сябры БСГ на чале з М. Краўцовым) выступалі за аўтаномны статус Беларусі ў складзе Расеі. Яны прытрымліваліся рэзалюцыі Ўсебеларускага зьезду, паводле якой Беларусь павінна была застацца аўтаномнай адзінкай з рэспубліканскім ладам у складзе Расеі.
Незалежнікі выступалі за поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі. Да незалежніцкай плыні належалі беларускія сацыялісты Язэп Лёсік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя на чале са старшынём фракцыі БСГ Аркадзем Смолічам. Іх пазыцыі ўзмацніліся пасьля прыезду зь Вільні ў Менск Антона Луцкевіча, Івана Луцкевіча і Янкі Станкевіча.
У ноч на 25 сакавіка 1918 году Рада БНР прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату. Напярэдадні да незалежнікаў далучылася група Краўцова. Супраць незалежнасьці БНР прагаласавалі сябры Рады ад Бунду (габрэйскія сацыялісты), гарадоў і земстваў, сярод якіх пераважалі прадстаўнікі агульнарасейскіх Расейскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (меншавікоў) і Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. У знак пратэсту супраць абвяшчэньня незалежнасьці 9 прадстаўнікоў земстваў пакінулі пасяджэньне Рады. Пры галасаваньні ўстрымаліся сябры Рады ад Аб’яднанай габрэйскай сацыялістычнай партыі (АЯСП) і Паалей-Цыёна. Пазьней прадстаўнікі АЯСП далучыліся да большасьці.
27 сакавіка 1918 Рада абвясьціла, што бярэ на сябе ўсю паўнату ўлады ў Беларусі. Нямецкія акупанты ў адказ разагналі Раду і Народны сакратарыят. У пачатку красавіка 1918 дзейнасьць Народнага сакратарыяту была забаронена.
12 красавіка 1918 склад Рады папоўнілі 15 правых дзеячаў, сябраў «Менскага беларускага прадстаўніцтва», у тым ліку
- Раман Скірмунт, былы дэпутат Дзяржаўнай думы
- Павел Аляксюк
- Аляксандар Уласаў, былы рэдактар газэты «Наша Ніва»
- генэрал Кіпрыян Кандратовіч
- кс. Аляксандар Астрамовіч
- кс. Вінцэнт Гадлеўскі
Па меры таго, як Першая сусьветная вайна набліжалася да канца і стала зразумелым, што на землі, якія знаходзіліся пад нямецкім кантролем, прыйдуць бальшавікі, вакол Рады зноў пачалі групавацца антыбальшавіцкія сілы. У канцы верасьня ў склад Рады ўвайшлі прадстаўнікі менскага праваслаўнага духавенства і менскага праваслаўнага брацтва (10 чал.), польскай нацыянальнай меншасьці (4), партыі кадэтаў (4), габрэйскай меншасьці, прафэсійных арганізацыяў.
11 кастрычніка Рада зацьвердзіла Часовую Канстытуцыю БНР і перайменавала Народны сакратарыят у Раду Народных Міністраў Беларускай Народай Рэспублікі, на чале якой стаў Луцкевіч.
Ад’езд зь Менску
рэдагавацьПасьля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 г. у Нямеччыне Віленская беларуская рада па даручэньні Луцкевіча дасягнула дамоўленасьці зь Летувіскай Тарыбай аб пераезьдзе Рады і ўраду БНР у Вільню. Апошняе пасяджэньне Рады БНР у Менску адбылося 28 лістапада 1918, на якім была прынята Грамата з заклікам ствараць беларускія рады сялянскіх і рабочых дэпутатаў. 3 сьнежня 1918 г. Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню, а 27 сьнежня 1918 — у Горадню.
У выгнаньні
рэдагавацьЗ 1919 па 1947 год
рэдагавацьУ красавіку 1919 году польская армія заняла Вільню і Горадню. Прадстаўнікі Рады БНР усталявалі кантакты і вялі перамовы з польскім кіраўніцтвам і асабіста Юзэфам Пілсудзкім. У выніку гэтага Рада зрабілася арэнай жорсткіх дэбатаў адносна стасункаў з Польшчай, што нават вылілася ў яе часовы раскол. Польскія акупацыйныя ўлады падверглі лідэраў рады рэпрэсіям. У турму трапілі Ластоўскі, Бадунова, Грыб і Мамонька; Захарка і Крачэўскі вымушаны былі эміграваць у Нямеччыну. Пасьля вызваленьня Ластоўскага і іншых Прэзыдыюм Народнай рады сабраўся ў Рызе. Да пачатку 1921 раскол Рады быў пераадолены.
Адначасова з гэтым на працягу 1920 году Рада БНР вядзе перамовы аб прызнаньні з боку РСФСР. У чэрвені дэлегацыя БНР мае сустрэчу з Георгіем Чычэрыным, міністрам замежных справаў РСФСР.
Пасьля падпісаньня 11 жніўня 1920 г. мірнае дамовы паміж Латвіяй і РСФСР Рада БНР як антысавецкая арганізацыя не магла заставацца ў Рызе. У лістападзе 1920 году БНР заключае дамову аб узаемным прызнаньні зь Летувіскай Рэспублікай, што дало магчымасьць Прэзыдыюму Рады БНР пераехаць у Коўна.
У пачатку 20-х гадоў кіраўніцтва Рады і ўрад БНР базаваліся ў Коўне і падтрымлівалі найбольш шчыльныя сувязі з урадам Летувіскай Рэспублікі. Тэрыторыя ЛР служыла базаю для партызанаў, якія пры падтрымцы ўладаў БНР вялі антыпольскую партызанскую барацьбу ў Заходняй Беларусі, што знаходзілася ў складзе Польшчы.
У 1921 годзе на арганізаванай Радай БНР у Празе Нацыянальна-палітычнай нарадзе была асуджаная Рыская дамова, паводле якой тэрыторыя Беларусі дзялілася паміж Польшчай і Савецкай Расеяй. Рада БНР была прызнаная нарадай як галоўны беларускі прадстаўнічы орган.
У выніку супярэчнасьцяў унутры ўраду БНР па тэме тэрытарыяльных саступак Летувіскай Рэспубліцы ў лістападзе 1923 году Прэзыдыюм Рады пераехаў з Коўна ў Прагу.
Рада БНР працягвае кантакты зь Лігай Нацыяў, урадамі замежных краінаў. Намаганьнямі сяброў Рады ў Чэхіі былі арганізаваныя стыпэндыі для беларускіх студэнтаў.
Новая эканамічная палітыка, беларусізацыя, узбуйненьне БССР, а таксама амністыя былым праціўнікам савецкай улады, прынятая ў 1923 годзе, парадзілі ў эмігранцкіх колах прасавецкія настроі. У 1925 годзе Аляксандар Цьвікевіч і яго аднадумцы склікалі ў Бэрліне Другую Ўсебеларускую канфэрэнцыю, якая прыняла рэзалюцыю аб прызнаньні Менску адзіным цэнтрам адраджэньня Беларусі. Пасьля канфэрэнцыі шэраг сяброў Рады БНР выехалі ў БССР (большасьць у выніку была рэпрэсаваная), але Прэзыдыюм Рады БНР не прызнаў рашэньні канфэрэнцыі.
Пасьля сьмерці Крачэўскага ў 1928 годзе яго паўнамоцтвы перайшлі да Васіля Захаркі. У 30-я гады назіраецца згасаньне актыўнасьці Рады БНР. У 1939 годзе прэзыдэнт БНР Захарка накіраваў пратэст прэзыдэнту Летувіскай Рэспублікі за пагадненьне з СССР, паводле якога Вільня пераходзіла з складу БССР у склад Летувіскай Рэспублікі. Перад сваёй сьмерцю ў 1943 годзе Захарка перадаў паўнамоцтвы старшыні Рады БНР М. Абрамчыку. Сакратаром Рады БНР стала Ларыса Геніюш.
У час Другой сусьветнай вайны Рада БНР, чые асноўныя органы працягвалі заставацца ў Празе, адмовілася супрацаваць зь нямецкімі нацыянал-сацыялістамі, нягледзячы на ціск, які аказваўся зь іх боку. Рада БНР не прызнае законным Другі Ўсебеларускі кангрэс а таксама Беларускую цэнтральную раду.[8]. Напрыканцы вайны, па меры наступу савецкіх войскаў, Рада была вымушаная пераехаць у заходнюю частку Нямеччыны, каб пазьбегнуць арышту і захопу архіваў з боку савецкіх органаў.
Пасьля Другой сусьветнай вайны
рэдагавацьПасьляваенная хваля палітычных уцекачоў зь Беларусі папоўніла шэрагі Рады БНР і актывізавала яе працу. Рада сталася кропкай прыцягненьня для беларускіх эмігрантаў, якія не жадалі супрацаваць зь Беларускай Цэнтральнай Радай, якая была ўтвораная ў Менску ў 1944 годзе пры падтрымцы нямецкіх акупантаў і якая таксама разгарнула сваю дзейнасьць у выгнаньні.
29 сьнежня 1947 г. у Остэргофэне (Нямеччына), на сходзе, прысьвечаным 30-й гадавіне І Усебеларускага зьезду, было афіцыйна абвешчана пра аднаўленьне дзейнасьці Рады БНР на чале са старшынём Рады М. Абрамчыкам. У склад адноўленай Рады ўвайшлі 72 сябры.
У лютым 1948 Рада спэцыяльным маніфэстам абвясьціла аб аднаўленьні сваёй дзейнасьці і вернасьці 3-й Устаўнай грамаце, у красавіку 1948 Мікола Абрамчык быў абраны Прэзыдэнтам Рады БНР. У сьнежні 1948 зацьверджаны Статут Рады БНР, у якім падкрэсьлівалася, што Рада на чале зь яе прэзыдэнтам зьяўляецца «адзіным паўнапраўным прадстаўніцтвам сувэрэнных правоў беларускага народу» і будзе заставацца ім «да часу вольных выбараў у незалежнай БНР канстытуцыйных заканадаўчых органаў». У сярэдзіне 1950-х г. у складзе Рады БНР налічваліся 142 сябры[9].
У гады «халоднай вайны» Рада БНР была адным з двух галоўных палітычных цэнтраў беларускай антысавецкай эміграцыі, поруч з БЦР.
Рада БНР займалася беларускай асьветніцкай і лабісцкай працай на Захадзе, пашыраючы інфармацыю пра Беларусь як самастойную краіну і аргумэнтуючы неабходнасьць падтрымкі незалежнасьці Беларусі ва ўладных колах ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краінаў[10]. Рада актыўна ўзаемадзеяла і каардынавала сваю дзейнасьць з арганізацыямі, якія прадстаўлялі ў эміграцыі іншыя народы СССР. У прыватнасьці, Прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык у 1950-х — 60-х гадах узначальваў міжнародную Лігу за вызваленьне народаў СССР.
Пры непасрэдным удзеле Рады БНР у 1954 годзе была створана Беларуская служба Радыё «Свабода».
У канцы 1980-х г. Рада зьвярнулася да сусьветнай супольнасьці з заклікам дапамагчы Беларусі ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, яе сябры займаліся зборам дапамогі пацярпелым раёнам Беларусі.
Галоўнай кватэрай Рады БНР быў Парыж (да 1970), Таронта (да 1983), Нью-Ёрк.
Пасьлясавецкі час
рэдагавацьУ пачатку 1990-х г. дзеячы Рады БНР уступілі ў кантакты з афіцыйнымі структурамі Рэспублікі Беларусь, якая набыла незалежнасьць у 1991 годзе. У 1993 годзе ў Менску на афіцыйным узроўні адбылося сьвяткаваньне 75-годзьдзя абвяшчэньня БНР з удзелам кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і Рады БНР.
Вялася падрыхтоўка да перадачы Радай сваіх паўнамоцтваў на карысьць парлямэнту незалежнай Беларусі, але на тым этапе яна не магла перадаць іх Вярхоўнаму Савету 12 скліканьня, спасылаючыся на тое, што яго фармаваньне адбылося пры савецкай уладзе і таму не магло лічыцца вынікам свабодных выбараў[10].
Далейшыя палітычныя зьмены ў Беларусі адклалі перадачу паўнамоцтваў Рады на нявызначаны тэрмін. Пасьля таго, як улады Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі скасавалі статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, зьмянілі дзяржаўныя сымбалі і пачалі наступ на дэмакратычныя свабоды, Рада БНР пачала выступаць з пратэстамі супраць палітыкі афіцыйнага Менску.
Пасьля 1994 году Рада папоўніла свае шэрагі за кошт новай хвалі палітычных эмігрантаў і выступае з рэзкай крытыкай у адрас дзеючай у Беларусі ўлады.
Кіраўніцтва Рады БНР пэрыядычна мае сустрэчы з прадстаўнікамі ўрадаў заходніх краінаў[11][12], Старшыня Рады рэгулярна выступае з афіцыйнымі заявамі адносна актуальнай сытуацыі ў Беларусі.
Прадстаўнікі Рады БНР працягваюць падкрэсьліваць, што Рада бачыць сябе ў якасьці надпартыйнай структуры і мае перадаць свае паўнамоцтвы дэмакратычна сфармаванай беларускай уладзе, калі ня будзе пагрозы незалежнасьці Беларусі[10].
У чэрвені 2023 году стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь абвясьціў Раду экстрэмісцкім фармаваньнем[13].
Узнагародная сыстэма Рады БНР
рэдагаваць- Жалезны «Крыж за Бацькаўшчыну». Зацьверджаны ў 1918 годзе. Узнагароджваліся асобы — змагары за Беларускую Народную Рэспубліку[14][15].
- Ордэн «Жалезны Крыж Заслугі» (часоў Другой сусьветнай вайны, 1944 год). Меў тры ступені, прывешваўся на стужцы (колеры ня высьветлены). На адваротным баку чатырохрадковы надпіс: НА СЛУЖБЕ БЕЛАРУСКАМУ НАРОДУ[14].
- Мэдаль Партызана. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя з 5 жніўня 1951 году. Мае дзьве ступені, выконваецца адпаведна з золата і срэбра. Стужка — чырвона-зямельна-зялёная. На стужцы мэдаля I ступені дзьве скрыжаваныя стрэльбы. На відавым баку ў коле дзьве скрыжаваныя стрэльбы, над імі літары «БНР». На адваротным баку парадкавы нумар[14].
- Ордэн Пагоні. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 году. Мае пяць клясаў (ступеняў). Выконваецца з золата ці срэбра, прывешваецца на стужцы нацыянальных колераў. У цэнтры выява Пагоні, на шырокіх прамянёх крыжа літары БНР, на цэнтральным верхнім промні пазначаная ступень. На адваротным баку — парадкавы нумар[14].
- Ордэн Зялезнага Рыцара. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 году. Мае пяць ступеняў, выконваецца з золата, срэбра ці бронзы. Прывешваецца на стужцы чырвонага (цёмнага) і зямельнага (бурага) колераў. Шаблі на стужцы з таго ж мэталу, што і на ордэне. На трох горных прамянёх — літары «БНР». На адваротным баку — парадкавы нумар[14].
- Мэдаль да стагодзьдзя Беларускае Народнае Рэспублікі. Зацьверджаны дэкрэтам Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы ў сьнежні 2018 году. Надаваўся «за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі»[16].
Старшыні
рэдагавацьПартрэт | Імя | Дата нараджэньня | Дата сьмерці | Пачатак праўленьня | Заканчэньне праўленьня |
---|---|---|---|---|---|
Ян Серада | 1 траўня 1879 | пасьля 19 лістапада 1943 | 9 сакавіка 1918 | 14 траўня 1918 | |
Язэп Лёсік | 6 лістапада 1883 | 1 красавіка 1940 | 14 траўня 1918 | 13 сьнежня 1919 | |
Пётра Крачэўскі | 7 жніўня 1879 | 8 сакавіка 1928 | 13 сьнежня 1919 | 8 сакавіка 1928 | |
Васіль Захарка | 1 красавіка 1877 | 14 сакавіка 1943 | 8 сакавіка 1928 | 6 сакавіка 1943 | |
Мікола Абрамчык | 16 жніўня 1903 | 29 траўня 1970 | 6 сакавіка 1943 | 29 траўня 1970 | |
Вінцэнт Жук-Грышкевіч | 10 лютага 1903 | 14 лютага 1989 | 29 мая 1970 | 27 лістапада 1982 | |
Язэп Сажыч | 5 верасьня 1917 | 19 лістапада 2007 | 27 лістапада 1982 | 31 жніўня 1997 | |
Івонка Сурвіла | 11 красавіка 1936 | 31 жніўня 1997 |
Выбітныя мінулыя радныя
рэдагаваць-
ген. Кіпрыян Кандратовіч
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Статут Рады БНР // Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, 2017 г. Праверана 26 лютага 2018 г.
- ^ Натальля Гардзіенка. Сьнежань // Адрасы БНР : каляндар на 2018 год / дызайн Анатоль Лазар. — Менск: Кнігазбор, 2017. — 1000 ас. — ISBN 978-985-7180-50-93
- ^ Пра Раду БНР // Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, 2017 г. Праверана 26 лютага 2018 г.
- ^ Пытаньні і адказы // Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, 2017 г. Праверана 26 лютага 2018 г.
- ^ а б Прэзыдыюм // Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, 2017 г. Праверана 26 лютага 2018 г.
- ^ Як падтрымаць Раду БНР // Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, 2017 г. Праверана 26 лютага 2018 г.
- ^ а б Навошта нам Рада БНР: інтэрв'ю з членам Рады (працяг)
- ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 С. 390.
- ^ Максімюк, Я. Аднаўленьне Рады БНР пасьля Другой Сусьветнай вайны // Запісы = Zapisy. — 2001. — № 25. — С. 41 — 48.
- ^ а б в Навошта нам Рада БНР: інтэрвію з членам Рады (пачатак)
- ^ Шварцэнбэрг — Сурвіле: Візы тармозіць не ЭЗ, а Менск
- ^ Эстонія падтрымлівае беларускую апазыцыю
- ^ Рада БНР выдала заяву з нагоды ўключэння яе ў спіс „экстрэмісцкіх фармаванняў” (бел.) Беларускае Радыё Рацыя
- ^ а б в г д Мазырэц Ц. Узнагароды Беларусі // Спадчына. — 1992. — № 5. — С. 38—41.
- ^ Мазырэц Ц. Узнагароды Беларусі // Спадчына. — 1993. — № 1. — С. 53—56.
- ^ Узнагароджаньне Мэдалём да стагодзьдзя БНР — Афіцыйны сайт Рады БНР, 25 сьнежня 2018 г.
Літаратура
рэдагаваць- Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск: [б.в.], 2009.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьВікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Афіцыйны сайт Рады БНР
- Афіцыйная старонка Рады БНР на Facebook
- Афіцыйная старонка Рады БНР на Twitter
- Афіцыйная старонка Рады БНР на Telegram
- Навошта нам Рада БНР: інтэрвію з членам Рады (пачатак) Наша Ніва 6 красавіка 2011
- Калі Дзень Волі стане афіцыйным сьвятам? — Перадача з удзелам Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы
- Святкаванне 75-годдзя БНР, Мінск, 1993: адкрыцьцё ўрачыстага паседжання (відэа)
- Адрасы БНР
- Адрасы БНР: экскурсія па Мінску (відэа)