Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2001 году

Чарговыя выбары прэзыдэнта Беларусі прайшлі 9 верасьня 2001 году. У першым туры перамогу атрымаў Аляксандар Лукашэнка.

1994
 Сьцяг Беларусі
2006
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2001 году
9 верасьня 2001
Аляксандар Лукашэнка
Кандыдат Аляксандар Лукашэнка Уладзімер Ганчарык
Партыя Незалежны кандыдат Незалежны кандыдат
Адсотак 75,65% 15,65%

Перадвыбарчае становішча

рэдагаваць

Папярэднія прэзыдэнцкія й парлямэнцкія выбары праходзілі ў 1994 і 1995 гадох адпаведна паводле Канстытуцыі 1994 году. Пасьля абраньня прэзыдэнтам Лукашэнка павялічыў дэкрэтамі свае паўнамоцтвы за кошт Вярхоўнага Савету (ВС). Пасьля рэфэрэндуму 1996 году яго паўнамоцтвы яшчэ больш узрасьлі, а тэрмін знаходжаньня на пасадзе быў прадоўжаны да 2001 году. Насуперак рашэньню Канстытуцыйнага суду аб кансультатыўным статусе рэфэрэндуму 1996 году Канстытуцыю 1994 году зьмянілі ў адпаведнасьці з пастаўленымі на рэфэрэндум пытаньнямі. Замест ВС стварылі дзьвюхпалатны парлямэнт, дзе Палата прадстаўнікоў складалася з 110 дэпутатаў, а Савет Рэспублікі — з 69 сэнатараў. У Палату ўлучылі частку 199 дэпутатаў ВС. У 1997 годзе Рада Эўропы прыпыніла ўдзел урада Беларусі ў арганізацыі ў якасьці асацыяванага сябра. Парлямэнцкая асамблея АБСЭ захоўвала дачыненьні з ВС да выбараў у Палату ў жніўні 2000 году. 7 чэрвеня 2001 году Палата прадстаўнікоў Беларусі прызначыла прэзыдэнцкія выбары на 9 верасьня. Грамадзкія аб’яднаньні здолелі аб’яднаць у «Беларускую ініцыятыву „Незалежнае назіраньне“» больш як 10 тысячаў зарэгістраваных наглядальнікаў за выбарамі. Некалькі апазыцыйных палітычных партыяў утварылі «Каардынацыйную Раду». Іх прадстаўнікі цягам 1999 году, да лістапада, беспасьпяхова вялі перамовы з урадам аб доступе да ўрадавага вяшчаньня, пашырэньні паўнамоцтваў парлямэнта, касаваньні абмежавальнага выбарчага заканадаўства ды аднаўленьні грамадзянскіх правоў.

Прававыя ўмовы

рэдагаваць

Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь (ВК) ухвалілі ў лютым 2000 году. Зьмены ў яго ўнесьлі ў ліпені. Артыкул 79 ВК дазваляў правесьці выбары ў адзін тур пры ўдзеле больш як паловы выбаршчыкаў ды наборы адным з кандыдатаў больш як паловы іх галасоў. Артыкул 33 ВК надаваў Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) права тлумачыць выбарчае заканадаўства. 15 чэрвеня 2001 году Канстытуцыйны суд дазволіў рэгістрацыю ініцыятыўнае групы Зянона Пазьняка, хоць той пражываў 3 гады за мяжою, на падставе Артыкула 80 Канстытуцыі. Лукашэнка абмежаваў правы партыяў, вылучэнцаў ды грамадзкія аб’яднаньні ў выбарчай гонцы дэкрэтамі № 8, 11 і 20. Участковыя выбарчыя камісіі адмаўляліся падаваць падрабязныя вынікі галасаваньня. Назіральнікам забаранялася знаходзіцца ля сталоў выдачы бюлетэняў, а таксама пры перадачы пратаколаў галасаваньня ў вышэйшыя камісіі. Прэзыдэнцкі дэкрэт № 11 ад 7 траўня 2001 году забараніў дэманстрацыі з удзелам больш як 1000 чалавек без папярэдняга дазволу старшыні абласнога або гарадзкога выканаўчага камітэта. За парушэньне дэкрэту партыям ды прафсаюзам пагражала забарона.

Рыхтаваньне й правядзеньне

рэдагаваць

Правядзеньнем выбараў займаліся ЦВК, 7 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў (ТВК) абласнога ўзроўню й 161 — раённага, а таксама 6753 ўчастковыя выбарчыя камісіі (УВК) ў Беларусі й 37 УВК у дыпляматычных прадстаўніцтвах за мяжой. На 81% ТВК і УВК складаліся з супрацоўнікаў, найманых выканаўчаю ўладаю. З 2179 чальцоў ТВК толькі 67 (3%) прадстаўлялі партыі, з 78 407 чальцоў УВК — толькі 172 (0,2%).

Улік выбаршчыкаў

рэдагаваць

На 4 верасьня ў сьпіс для галасаваньня ўнесьлі 7 221 434 выбаршчыкаў. Пры агалошваньні вынікаў выбараў ЦВК абвясьціла аб наяўнасьці ў сьпісе 7 356 343 выбаршчыкаў. У дзень выбараў колькасьць выбаршчыкаў узрасла на амаль 108 тысячаў, у тым ліку на 32 тысячы ў Менску.

Улік вылучэнцаў

рэдагаваць

Для збору неабходных для рэгістрацыі вылучэнца 100 000 тысячаў подпісаў ЦВК зарэгістравала 22 ініцыятыўныя групы. 16 зь іх падалі сабраныя подпісы на праверку ў выбарчыя камісіі. 14 жніўня рэгістрацыю ў ЦВК прайшлі:

22 жніўня ў адпаведнасьці з пагадненьнем апазыцыйнай кааліцыі Домаш зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Ганчарыка.

Выбарчая кампанія й вяшчаньне

рэдагаваць

Вылучэнцам дазвалялася выкарыстоўваць у агітаваньні толькі сродкі агульнага выбарчага фонду. Афіцыйная кампанія пачалася 14 жніўня пасьля ўліку вылучэнцаў. 3 верасьня ў Менску адбылася сустрэча Ганчарыка з трыма тысячамі выбаршчыкаў, а 4 верасьня — сустрэча Лукашэнкі з 2,5 тысячамі выбарцаў. Лукашэнка пагражаў выслаць з краны кіраўніка кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ды зьвінаваціў краіны «сьпелага народаўладзьдзя» ў «нападзе» на Беларусь, што стрымлівае гаспадарчае разьвіцьцё краіны. Старшыня ЦВК Лідыя Ярмошына заявіла, што параза на выбарах Лукашэнкі для яе была б «асабістаю трагедыяй». Назіраўся перасьлед апазыцыі ды назіральнікаў: адымалася офіснае абсталяваньне й агітацыйныя матэрыялы. З 13 жніўня паводле закону забаранялася публікаваць вынікі грамадзкіх апытаньняў. Аднак 30 жніўня дзяржаўная «Народная газета» надрукавала вынікі апытаньня, што ўказвала на «гарантаваную перамогу Лукашэнкі ў першым туры (65-70%)».

У краі панавала дзяржаўнае вяшчаньне. БТ ды «Народная газета» распаўсюдзілі інтэрвію дэпутата расейскай Дзяржаўнае Думы Ўладзімера Жырыноўскага, які абвінаваціў Гайдукевіча ў неправамерных дзеяньнях. 27 жніўня Назіральная рада па інфармацыйных спрэчках пры ЦВК задаволіла скаргу Гайдукевіча супраць БТ ды «Народнай газеты» й забавязала іх даць кандыдату бясплатны этэрны час ды газэтную плошчу для абвяржэньня. Аднак 28 жніўня БТ ізноў паказала інтэрвію расейскага палітыка. На пачатку выбарчае кампаніі друкарня «Мэджык», дзе выдаваліся няўрадавыя газэты, прыпыніла дзейнасьць да зьмены кіраўніка на праўладнага, які спрыяў цэнзуры. Перад выбарамі шэраг няўрадавых выданьняў зазналі адыманьне й крадзеж кампутарнага абсталяваньня, канфіскацыю газэтных накладаў, закрыцьцё рэдакцыйных сядзібаў, затрыманьне журналістаў ды цэнзуру. 31 жніўня «Предпринимательская газета» выйшла з «белымі плямамі» на першай паласе, а «Народная воля» — 5 і 8 верасьня. 6 верасьня Беларуская асацыяцыя журналістаў выказала свой безвыніковы пратэст на гэтыя дзеяньні Дзяржаўнаму камітэту друку.

Назіраньне

рэдагаваць

ЦВК зарэгістравала 21 887 назіральнікаў. Беларуская ініцыятыва «Незалежнае назіраньне» здолела прыцягнуць да назіраньня за выбарамі больш як 10 тысячаў чалавек. Каля 10 тысячаў назіральнікаў выставіў Беларускі патрыятычны саюз моладзі разам зь іншымі праўладнымі аб’яднаньнямі Рэспубліканскае каардынацыйнае рады кіраўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў (РКРКППГА). У красавіку старшыня Камітэту дзяржаўнае бясьпекі заявіў, што «міжнародная дапамога ў падрыхтоўцы назіральнікаў за выбарамі была вярбоўкаю выведнікаў» ды прыгразіў перасьледам яе арганізатарам. 8 верасьня ЦВК пазбавіла ўліку каля 2 тысячаў назіральнікаў ад грамадзкага аб’яднаньня «Вясна» й каля тысячы назіральнікаў ад Фонду імя Льва Сапегі, што былі аднымі з найбольшых удзельнікаў у «Незалежным назіраньні». Беларуская ініцыятыва «Незалежнае назіраньне» ладзіла на 500 выбарчых участках паралельны падлік галасоў, які старшыня ЦВК назвала «шарлатанствам». Міністэрства юстыцыі забараніла праводзіць апытаньні выбаршчыкаў на выхадзе з участкаў. Назіральнікам забаранялася знаходзіцца ля сталоў выдачы бюлетэняў[1]. У дзень выбараў на выбарчыя ўчасткі Гарадзенскае вобласьці не дапусьцілі траціну з 350 назіральнікаў, што ўваходзілі ў «Незалежнае назіраньне».

ЦВК таксама акрэдытавала 717 замежных назіральнікаў з 45 краінаў, што прадстаўлялі 13 міжнародных арганізацыяў. Большасьць зь іх аб’ядналася ў Міжнародную місію па абмежаваным назіраньні за выбарамі. Астатнія прадстаўлялі Таварыства выбарчых службоўцаў Усходняе й Сярэдняе Эўропы, а таксама Міжпарлямэнцкі сход СНД. 24 жніўня прадстаўнік пралукашэнкаўскай РКРКППГА Міхайла Вобразаў заявіў, што замежныя назіральнікі «ліюць бруд на вынікі нашых выбараў» ды «нашая задача палягае ў тым, каб іх спыніць».

Да дня выбараў 136 скаргаў паступіла ў ЦВК, якая іх усе адхіліла. 70 скаргаў атрымалі выбарчыя камісіі ніжэйшага роўню ды органы пракуратуры. 10 верасьня Ганчарык, Беларускі Хэльсынскі камітэт ды «Незалежнае назіраньне» падалі ў ЦВК скаргі з патрабаваньнем скасаваць вынікі датэрміновага галасаваньня па прычыне яго «шырокай фальсыфікацыі». ЦВК адхіліла ўсе тры скаргі 14 верасьня. 23 верасьня Ганчарык падаў скаргу ў Вярхоўны суд, якую той адхіліў 27 верасьня.

Галасаваньне й падлік галасоў

рэдагаваць

Падчас датэрміновага галасаваньня, што адбывалася з 4 па 8 верасьня, скрыні для бюлетэняў не апячатваліся. Напрыканцы датэрміновага галасаваньня 8 верасьня ЦВК абвясьціла, што ў датэрміновых выбарах узялі ўдзел 14,7% выбаршчыкаў. У дзень выбараў назіральнікі ад «Незалежнага назіраньня» падвяргаліся затрыманьням ды пазбаўляліся допуску на выбарчыя ўчасткі Магілёўскае вобласьці.

ЦВК разьмясьціла папярэднія вынікі падліку галасоў на сваім сайце 9 верасьня, а канчатковыя вынікі выбараў абвясьціла 12 верасьня[2]. Паводле ЦВК вынікі галасаваньня былі наступнымі[3]:

Вобласьць Яўка Галасоў за Гайдукевіча Галасоў за Ганчарыка Галасоў за Лукашэнку
Берасьцейская 85,84% 2,44% 15,73% 76,17%
Віцебская 84,67% 2,41% 12,76% 77,45%
Гарадзенская 85,67% 2,87% 15,08% 76,96%
Гомельская 85,74% 1,76% 8,34% 85,00%
Магілёўская 85,26% 2,17% 9,84% 83,03%
Менск 77,59% 3,37% 30,50% 57,37%
Менская 84,12% 2,32% 14,84% 76,56%
Уся краіна 6 169 087 (83,86%) 153 199 (2,48%) 965 261 (15,65%) 4 666 680 (75,65%)

Беларуская апазыцыя, ЗША і ЭЗ не прызналі вынікі выбараў, заявіўшы, што яны прайшлі са шматлікімі парушэньнямі і не адпавядалі дэмакратычным стандартам.[4][5] Назіральнікі ад СНД і Расеі палічылі, што істотных парушэньняў падчас выбараў не было, і іх вынікі адказваюць волевыяўленьню беларускага народа.

Пасьля выбараў

рэдагаваць

Пасьля выбараў у многіх СМІ скралі ўласнасьць свае ўправы. Газэта «Дзень» (Менск) была двойчы абакрадзеная, газэта «Рэгіянальная газэта» скралі ўласнасьць у ноч 11—12 кастрычніка 2001 году кампутары, газэта «Шаг» (Баранавічы), газэта «Дэ-факта» (Магілеў)[6]. Управу БАЖ спрабавалі абакрасьці, але не змаглі, бо іх управа была пад аховаю.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць