Смале́нск (рас. Смоленск) — места ў Расеі, на рацэ Дняпры. Адміністрацыйны цэнтар Смаленскай вобласьці і Смаленскага раёну. Плошча 166,35 км². Насельніцтва на 2017 год — 329 853 чалавекі. Знаходзіцца за 419 км на захад — паўднёвы захад ад Масквы, за 7 км ад аўтамабільнай магістралі М1 «Беларусь». Вузел чыгунак на Маскву, Бранск, Менск, Віцебск, Полацак. Аэрапорт і рачная прыстань.

Смаленск
лац. Smalensk
Гістарычны цэнтар
Гістарычны цэнтар
Герб Смаленску Сьцяг Смаленску
Першыя згадкі: 863
Магдэбурскае права: 4 лістапада 1611
Краіна: Расея
Суб’ект фэдэрацыі: Смаленская вобласьць
Кіраўнік: Аляксандр Новікаў[d][1]
Плошча: 166,35 км²
Вышыня: 242 м н. у. м.
Насельніцтва (2013)
колькасьць: 330 970 чал.
шчыльнасьць: 1989,6 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: 4812
Паштовы індэкс: 214ХХХ
Нумарны знак: 67
Геаграфічныя каардынаты: 54°46′58″ пн. ш. 32°2′43″ у. д. / 54.78278° пн. ш. 32.04528° у. д. / 54.78278; 32.04528Каардынаты: 54°46′58″ пн. ш. 32°2′43″ у. д. / 54.78278° пн. ш. 32.04528° у. д. / 54.78278; 32.04528
Смаленск на мапе Расеі
Смаленск
Смаленск
Смаленск
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.smoladmin.ru

Смаленск — старажытны горад крывічоў[2] і сталіца адной зь першых дзяржаваў на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну, першая сталіца Беларускай ССР (1—5 студзеня 1919 году[3]). Да нашага часу тут захаваліся цэрквы Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла на Гарадзянцы, Яна Багаслова на Варажках і Сьвірская Сьвятога Міхала Арханёла, помнікі архітэктуры XII ст. з рысамі Полацкай і Смаленскай школаў дойлідзтва[4], Прачысьценская саборная царква з элемэнтамі магілёўскага барока[5] і некалькі цэркваў XVII—XIX стагодзьдзяў, магутная фартэцыя з Каралеўскім бастыёнам і палац уніяцкага япіскапа, помнікі архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў, а таксама касьцёл Беззаганага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, збудаваны ў канцы XIX ст. паводле праекту беларускага архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мураваная ратуша, драўляная саборная царква, выкананая ў беларускім стылі[6], мураваны Фарны касьцёл, калегіюм езуітаў, кляштары бэрнардынаў і дамініканаў.

Назва

Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму Смаленск. Паводле адной вэрсіі, назва места ўтварылася ад этноніму смаляне, згодна з другой — ад ракі Смольні (стараславянскае смоль — 'чарназём') паводле старажытнай мадэлі: уласная назва ракі + -ск[7]. Яшчэ адна папулярная вэрсія зьвязвае назву Смаленску з шляхам «з вараг у грэкі»: места знаходзілася на волаку, дзе мясцовыя рамесьнікі смалілі лодкі гандляроў.

У айканіміі беларускіх зямель суфікс -ск (-цк) ёсьць глыбока традыцыйнай рэліктавай зьявай, якая падкрэсьлівае самабытнасьць беларускага народу і старажытнасьць тэрыторыі яго расьсяленьня. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стагодзьдзяў, у тым ліку ў назьве аднаго з найстаражытнейшых гарадоў — Полацку, засьведчанай летапісамі пад 862 годам. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, памянёных у летапісах XI ст., прыпадае менавіта на зону фармаваньня беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасьць і ў наступныя стагодзьдзі. Кожны трэці беларускі горад зь ліку занесеных ў «Сьпіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV ст. заканчваецца на -ск (-цк)[7].

Гісторыя

Раньнія часы

 
Герб Смаленскага княства, XV ст.

Першы пісьмовы ўпамін пра Смаленск датуецца 863 годам. Горад ляжаў на важным гандлёвым шляху «З варагаў у грэкі». Паводле летапісу Нестара, у тыя часы ён быў сталіцай крывічоў, землі якіх займалі вярхоўі Дзьвіны, Дняпра і Волгі. У 882 годзе горад улучылі ў склад Кіеўскага княства.

У пачатку ХІ стагодзьдзя у Смаленску замацаваліся ўласныя князі. Сын полацкай князёўны Рагнеды і кіеўскага князя Ўладзімера, вялікі князь Яраслаў, дзелячы свае землі паміж нашчадкамі, аддаў Смаленскае княства Вячаславу. На той час княства ахоплівала значныя землі, у тым ліку частку Віцебшчыны, Пскоўшчыны, Масковіі і г. д. Але дынастыя гэтая не была бесьперапыннай — і на смаленскім стальцы зьмянілася шмат князёў. У 1125 годзе смаленскі сталец атрымаў сын кіеўскага князя Мсьціслава — Расьціслаў, пачынальнік дынастыяў князёў смаленскіх, яраслаўскіх, вяземскіх і інш.

У ХІІІ стагодзьдзі у складзе Смаленскага княства знаходзіліся такія месты сучаснай Беларусі, як Амсьціслаў, Ворша, Копысь, Крычаў і Прапойск[8]. Смаленск меў трывалыя зьвязкі з Рыгай, пра што сьведчаць гандлёвыя дамовы зь ёй і «нямецкім берагам». У 1230 годзе места трапіла пад уплыў Полацкага княства. У Лаўрэнцеўскім летапісе захаваўся запіс пра выправу на Смаленск уладзімерскага князя Ўладзімера Ўсеваладавіча, датаваны 1239 годам: Тогож̑ лѣт̑ Ӕрославъ иде Смолиньску на Литву и Литву побѣди.

У канцы ХІІІ стагодзьдзя пачаліся цесныя дачыненьні паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Смаленшчынай. У час паходаў на Маскву (1368 і 1370 гады) вялікі князь Альгерд знаходзіў вайсковую падтрымку ад смаленскага князя Сьвятаслава. Сына апошняга Юрыя Сьвятаславіча Вялікае Княства Літоўскае падтрымала ў 1386 годзе ў час змаганьня за смаленскі сталец.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай

 
Смаленская ратуша
 
Магдэбурскі герб места, 1611 г.

У 1395 годзе ў Смаленску пачалі кіраваць намесьнікі вялікага князя Вітаўта, але ў 1401 годзе места выйшла з-пад апекі Вялікага Княства Літоўскага. 24 чэрвеня 1404 году Смаленск вярнуўся ў склад ВКЛ. Паводле некаторых зьвестак, вялікі князь Вітаўт надаў месту прывілей на Магдэбурскае права (калі гэтая інфармацыя праўдзівая, то Смаленск уваходзіць у першую пяцёрку беларускіх майдэборскіх местаў[9]).

У канцы ХІІІ — ХV стагодзьдзях Смаленск стаў буйным цэнтрам беларускага летапісаньня (Летапісы смаленскія, Смаленская хроніка, Беларуска-літоўскі летапіс, магчыма, Радзівілаўскі летапіс)[10].

 
Капілутяцыя маскоўскіх войскаў на чале з Шэінам
 
Герб Смаленскага ваяводзтва, 1720 г.

15 ліпеня 1410 году смаленскія харугвы бралі ўдзел у Грунвальдзкай бітве. У 1449 годзе вялікі князь Казімер склаў дамову з маскоўскім князем Васілём Цёмным, згодна зь якой Маскоўская дзяржава адмаўлялася на вечныя часы ад Смаленску і Смаленскай зямлі. У 1508 годзе места стала сталіцай Смаленскага ваяводзтва.

У пачатку ХVІ стагодзьдзя, нягледзячы на дамову, маскоўскі гаспадар Васіль III, бацька Івана IV Тырана, тройчы браў места ў аблогу. Двойчы Смаленск адбівалі войскі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю Юрая Паца і Мікалая Салагуба, аднак у час трэцяй аблогі па моцным бамбардаваньні, з падбухторваньня Міхаіла Глінскага, смаленцы паўсталі — і 1 жніўня 1514 году маскоўскія войскі ўвайшлі ў места. На просьбу месьцічаў, Масква захавала за імі ранейшыя прывілеі. У 1596—1602 гадох маскоўскія ўлады збудавалі вакол Смаленску магутную фартэцыю. На 1600 год у месьце было больш за 8 тысячаў будынкаў.

16 верасьня 1610 году войскі караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы атачылі Смаленскую фартэцыю, у якой засела маскоўская залога пад камандаю ваяводы Міхаіла Шэіна. Новазбудаваная магутная фартэцыя дазволіла маскоўскім войскам вытрымаць 20 месяцах аблогі, толькі 3 чэрвеня 1611 году места вызвалілі і вярнулі да Вялікага Княства Літоўскага. Масква безвынікова спрабавала адбіць яго ў 1613—1615 гадох. 4 лістапада 1611 году Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права. У гэты час Смаленск меў 2 двухтыднёвыя кірмашы, штонядзельныя таргі, склад тавараў, вагі мескія, лазьню, гасьціны двор з даходамі ад іх на карысьць усяго места, дазвол на стварэньне рамесных цэхаў і г. д., а таксама герб «у чырвоным полі постаць арханёла Міхала». У 1620—1654 гадох у Смаленску дзеяў езуіцкі калегіюм (у 1646 годзе — 700 вучняў)[11]. У 1625 годзе ўтварылася Смаленская архіяпархія (Сьвяты Пасад), якая ахоплівала Смаленскае і Чарнігаўскае ваяводзтвы.

У 1632—1634 гадох у час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай Смаленск вытрымаў вялікую маскоўскую аблогу[10]. Маскоўскія войскі на чале зь Міхаілам Шэінам спрабавалі ўзяць места, але зьяўленьне войска пад камандаю караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы зьмяніла ход кампаніі — і 1 лютага маскоўцы капітулявалі. У 1638 годзе ўтварылася Смаленская каталіцкая дыяцэзія. У 1641 годзе ў межах сучаснага места (мясцовасьць Шэінаўка) на загад Уладзіслава Вазы паставілі першы ў Смаленску помнік — абэліск на Кургане Славы ў гонар перамогі над войскам Міхаіла Шэіна[12].

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Смаленску і ваколіцаў ліцьвінамі: «а из Смоленска были два литвины Мачионский да Островский» (1648 год)[13], «старец Манасия сказал: родом литвин[a], Смоленского уезду, государевы волости Ельни» (1674 год)[16], таксама пра смаленскіх баяраў Барадзіных — «…что было в поместье за литвином за Ондреем Бородиным» (Мажайская пісцовая кніга, 1626—1627 гады), тым часам сын Андрэя Ждан Барадзін значыўся сярод літвы дваровай у Мядыні (1550-я гады)[17]. У матрыкуле Інгальштацкага ўнівэрсытэту пад 1577 годам значыцца Eustachius Tissknowicz palatinides Smolienscensis Lituanus[18].

З пачаткам чарговай вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 28 чэрвеня 1654 году Смаленск ататачылі маскоўскія войскі. Нягледзячы на кепскі стан фартэцыі, у мурах якой утварыліся вялікія шчыліны, абаронцы места вытрымалі двухмесячную аблогу і толькі 29 верасьня, ня маючы спадзеву на дапамогу зь Вільні, мусілі капітуляваць.

Пад уладай Маскоўскай дзяржавы і Расейскай імпэрыі

 
Расейскі герб места, 1730 г.
 
Моўная мапа з этнаграфічнага атлясу (Лёндан, 1850 г.): літоўская мова (Lithuanian) займае ўсю этнічную тэрыторыю беларусаў (ад Горадні да Смаленску)
 
Стары касьцёл, 1870 г.

Згодна з Андрусаўскім замірэньнем 1667 году Смаленск апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы. У 1708 годзе ён стаў цэнтрам губэрні (у 1719—1726 гадох — цэнтар Смаленскай правінцыя Рыскай губэрні, у 1776—1796 гадох — цэнтар Смаленскага намесьніцтва). У 1734 годзе маскоўская гаспадыня Ганна Іванаўна выдала таемны загад «Аб шлюбах маларосаў(uk)», дзе азначыла смаленскае насельніцтва «замежнымі жыхарамі» (рас. «…с Смоляны и с поляки и з другими зарубежными жителями»). У 1764 годзе маскоўская гаспадыня Кацярына II дала наступнае заданьне датычна Смаленшчыны і іншых захопленых Расейскай імпэрыяй земляў[b]:

Гэтыя правінцыі, а таксама Смаленскую трэба найлягчэйшымі спосабамі прывесьці да таго, каб яны абмаскаліліся і перасталі б глядзець, як волкі да лесу.

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Сии провинции, также Смоленскую надлежит легчайшими способами привести к тому, чтоб они обрусели и перестали бы глядеть, как волки к лесу.

— Собственноручное наставление Екатерины ІІ князю Вяземскому при вступлении им в должность генерал-прокурора (февраль 1764 г.).

У час вайны 1812 году каля Смаленску адбылася бітва паміж францускімі і расейскімі войскамі, а 18 жніўня места занялі войскі Напалеона, якія кантралявалі яго да 17 лістапада. У 1824 годзе ўтварылася генэрал-губэрнатарства Віцебскае, Магілеўскае і Смаленскае з цэнтрам у Віцебску, якое існавала да 1855 году.

На 1860 год, паводле афіцыйнага перапісу, 68% жыхароў Смаленскай губэрні складалі беларусы[2]. Паводле афіцыйных зьвестак за 1866 год, беларусы складалі 46,69% насельніцтва губэрні, «сумесь беларусаў і расейцаў» — 10,55%[19]. Прытым беспасярэдне ў Смаленскім павеце беларусы складалі 90,49%[19]. Аднак праз узмацненьне палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі беларусаў у час перапісу 1897 году расейскія ўлады налічылі ў Смаленскім павеце толькі крыху больш за 1% насельніцтва з роднай беларускай мовай (у самім месьце — толькі 323 беларускамоўныя жыхары)[20].

У 1868 годзе праз Смаленск прайшла Рыска-Арлоўская чыгунка, у 1870 годзе — Маскоўска-Берасьцейская, у 1899 годзе — Разанска-Ўральская. У канцы XIX ст. у месьце было 10 пляцаў, 139 вуліцаў і 3261 будынак (зь іх 633 мураваныя), дзеялі 32 царквы, 3 манастыры, касьцёл, лютэранская кірха і 2 сынагогі, працавалі 33 навучальныя ўстановы, у тым ліку мужчынская і жаночая гімназіі, 5 друкарняў, 1 хромалітаграфія, 40 лекараў, 6 аптэк, 8 лякарняў з 484 ложкамі, 2 прыватныя лячэбніцы і земская губэрнская лякарня, выдавалася 3 газэты.

Найноўшы час

 
Праект новага касьцёла. Аўтар
Л. Вітан-Дубейкаўскі, 1893 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Смаленск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў Смаленску абвясьцілі ўтварэньне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, праз тыдзень сталіцу савецкай Беларусі перанесьлі ў Менск[3]. 16 студзеня, нягледзячы на перавагу этнічна беларускага насельніцтва (75—80%[3]), Масква адабрала Смаленск разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1920 годзе газэта Наша Ніва пісала, што пад Смаленскам і ў Акуліцкай пушчы дзеяць беларускія партызанскія аддзелы, якія змагаюцца за незалежнасьць Беларусі[21].

У 1920 годзе ў Смаленску выдавалася газэта «Савецкая Беларусь». У 1922—1923 і 1925—1927 гадох дзеяла Беларуская сэкцыя пры Смаленскім губэрнскім аддзеле народнай асьветы, якая працавала разам зь Беларускім студэнцкім зямляцтвам у Смаленску (існавала ў 1924—1929 гадох пры Смаленскім унівэрсытэце). Апроч таго, працавалі беларускія школы, хаты-чытальні і чырвоная куткі. Аднак у 1930-я гады ўся беларуская дзейнасьць на Смаленшчыне трапіла пад забарону, пачаліся сталінскія рэпрэсіі і чысткі[3]. У 1918—1939 гадох у Смаленску знаходзіўся акруговы вайсковы камісарыят Беларускай вайсковай акругі[4]. У месьце ў розны час жылі і працавалі беларускія пісьменьнікі Максім Гарэцкі, Янка Купала, навукоўцы Ўладзімер Дабравольскі, Аляксандар Ляўданскі і іншыя.

У 1937 годзе Смаленск стаў цэнтрам вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 25 верасьня 1943 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1985 годзе Смаленск атрымаў званьне «Горад-герой».

У 1990 годзе смаленскія дэпутаты прыхільна паставіліся да магчымасьці правядзеньня рэфэрэндуму аб далучэньні Смаленску да Беларусі[22]. А ў сярэдзіне 1990-х гадоў смаленская эліта выступіла з прапановай зрабіць у месьце сталіцу г. зв. «Саюзу Расеі і Беларусі» на той падставе, што менавіта тут утварылася Беларуская ССР[22].

10 красавіка 2010 году пры заходзе на пасадку ў смаленскі вайсковы аэрапорт «Паўночны» адбылася адна з найбуйнейшых у гісторыі авіяцыі катастрофа, у якой загінулі прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі, першыя асобы Польскай дзяржавы, вядомыя грамадзкія і рэлігійныя дзеячы.

Геаграфія

Агульныя зьвесткі

Смаленск разьмяшчаецца ў вярхоўі Дняпра, на Смаленскім ўзвышшы. Рака перасякае места з усходу на захад і падзяляе яго на дзьве часткі: паўночную (Задняпроўе) і паўднёвую (цэнтар). У межах Смаленску і ў ягоных ваколіцаў Дняпро прымае некалькі невялікіх прытокаў, у далінах якіх раскінуліся вуліцы места.

Высокія адхоны між яраў і рэчак, а таксама ўзгоркі і мысы ўтвораць гэтак званыя горы. Перапад вышыняў дасягае 90 мэтраў. Лічыцца, што Смаленск стаіць на сямі ўзгорках.

Хвалісты рэльеф, вялікая колькасьць рэчак, рачулак і яраў, багатая расьліннасьць надаюць Смаленску прыгожы, маляўнічы краявід.

Клімат

  Кліматычныя зьвесткі для Смаленску  
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 9,3 9,0 17,5 26,0 30,2 31,2 33,3 33,0 29,5 24,8 13,9 8,9 33,3
Сярэдні максымум t, °C −4,6 −3,5 1,5 10,4 17,6 21,0 22,1 21,1 15,1 8,4 1,0 −2,8 9,0
Сярэдняя t, °C −9 −6,5 −1,9 5,7 12,2 15,9 17,1 15,8 10,5 4,8 −1,2 −5,1 5,0
Сярэдні мінімум t, °C −10,3 −9,8 −5,3 1,6 7,1 11,1 12,4 11,9 6,4 1,6 −3,5 −7,7 1,3
Абсалютны мінімум t, °C −37,9 −36,8 −28,1 −19,8 −5,4 −0,7 4,4 0,3 −4,4 −12,8 −24,8 −35,2 −37,9
Норма ападкаў, мм 44 38 40 41 56 88 100 69 77 58 56 54 721
Крыніца: pogoda.ru.net

Клімат у Смаленску мерны кантынэнтальны з значным уплывам атлянтычнага морскога паветра. Лета параўнальна цёплае, зіма — мерна халодная. Значныя ваганьні сярэдняй тэмпэратуры ў сэзоны: ад −9 °C у студзені да +17,1 °C у ліпені.

На працягу году 178 дзён пераважае пахмурнае надвор’е, 103 дні з туманамі, 28 дзён з навальніцамі. Найбольш вільготным зьяўляецца летні пэрыяд. Сярэдняя велічыня адноснай вільготнасьці паветра — 81 %.

Пераважная ў месьце ружа вятроў — заходняя, паўднёвая і паўднёва-заходняя.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • ХVІІ стагодзьдзе: 1650 год — больш за 80 тыс. чал.
  • ХVІІІ стагодзьдзе: 1780 год — 2875 чал.[9]
  • ХIХ стагодзьдзе: 1867 год — 22 977 чал., зь іх 12 574 муж.; 11 кастрычніка 1881 году — 33 890 чал. (19 579 муж., у тым ліку 4128 вайскоўцаў, і 14 311 жан.), у тым ліку паводле веры: 28 924 праваслаўныя, 1572 каталікі (468 жан.), 383 эвангелісты, 2933 юдэі, 55 магамэтанаў і 23 іншых вызнаньняў; паводле стану: 4694 шляхты, 1506 духоўнага стану, 307 ганаровых грамадзянаў, 608 купцоў, 10 292 мяшчанаў, 8192 сялянаў, 8291 іншых станаў[23]; 1897 год — 46 899 чал. (26 539 муж. і 20 360 жан.); 1899 год — 56 389 чал., у тым ліку паводле веры: праваслаўных 84,6%, каталікоў 5,7%, лютэранаў 1,5%, юдэяў 8,1%, магамэтанаў і старавераў 0,1%; паводле стану: нашчадкавай шляхты і дваранаў 4,9%, асабістых 8,0%, духавенства 1,9%, ганаровых грамадзянаў і купцоў 5,2%, мяшчанаў 26,3%, сялянаў 25,3%, рэгулярных войскаў 13,9%, запасных ніжэйшых чыноў 8,8%, адстаўных ніжэйшых чыноў 3,7%, іншых 2,0%.[24]
  • ХХ стагодзьдзе: 1923 год — 67 тыс. чал.; 1939 год — 157 тыс. чал.; 1959 год — 147 тыс. чал.; 15 студзеня 1970 году — 211 тыс. чал.[25]; 1993 год — 362 тыс. чал.[26]; 1998 год — 355,9 тыс. чал.[27]; 2000 год — 353 тыс. чал.[28]
  • ХХI стагодзьдзе: 2007 год — 316,5 тыс. чал.; 2010 год — 314,5 тыс. чал.; 2017 год — 329 853 чал.

Адукацыя

У Смаленску працуюць 6 дзяржаўных унівэрсытэтаў і 3 прыватныя.

Мэдыцына

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць 8 паліклінік, 4 муніцыпальныя стаматалягічныя паліклінікі, 5 лякарняў, анкалягічны дыспансэр, станцыя хуткай мэдычнай дапамогі.

Культура

Дзеюць драматычны і лялечны тэатры, філярмонія.

Забудова

Плян

Гістарычны цэнтар Смаленску знаходзіцца на левым беразе Дняпра — гэта фартэцыя і Прачысьценская саборная царква. Па вайне 1812 году места разьвівалася паводле пляну 1818 году, які спалучаў прастакутны плян цэнтру з сыстэмай радыяльных вуліцаў старажытнай часткі места.

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Барклая дэ Толі вуліца Аўрамаўская вуліца Чырвонагвардзейская вуліца (1924—1965 гг.)
Жукава вуліца (1965—1997 гг.)[29]
Валадарскага вуліца Пастарская вуліца[30]
Войкава вуліца Вялікая Ўваскрасенская вуліца
Вялікая Савецкая вуліца Малахоўская вуліца (частка)
Траецкая шаша (частка)
Вялікая Благавешчанская вуліца
(частка, 2-я палова XIX ст.[31])
Вялікая Чырвонафлёцкая вуліца Вялікая Сьвірская вуліца (частка)
Багаслоўская вуліца (частка)
Калхозная плошча Рынак пляц Базарная плошча
Камуністычная вуліца Вялікая Шляхецкая вуліца (частка)
Кадэцкая вуліца (частка)
рас. Большая Дворянская улица
Карла Маркса вуліца Каралеўская вуліца[32]
Кастрычніцкая рэвалюцыі вуліца Ільлінская вуліца
Лавачкіна вуліца Шкляная гара вуліца[33]
Леніна вуліца Блонная вуліца (частка)
Малая Адзігітраўская вуліца (частка)
Кірхавая вуліца (1869—1899 гг.)
Пушкінская вуліца (1899—1924 гг.)
Мэталістаў вуліца Ніжнемітрапольская вуліца
Нікалаева вуліца Вялікая Красьнянская вуліца
Ніжнелермантаўская вуліца Ніжнемохавая вуліца
Парыскай камуны вуліца Рэзьніцкая вуліца
Родніцкая вуліца[34]
Піянэрская вуліца Кавальская вуліца[35]
Пушкіна вуліца Малая Багаслоўская вуліца
Пятрова вуліца (з 1982 г.) Дарагабуская вуліца
Раеўскага вуліца Выганная вуліца
Рэўваенсавета вуліца Спаская вуліца
Собалева вуліца Вялікая праезная дарога
Армянская вуліца
Сьмірнова плошча Малахоўскі пляц
Твардоўскага вуліца Запольная вуліца
Тухачэўскага вуліца Мікольская вуліца Дзекабрыстаў вуліца
Урыцкага вуліца (з 1919 г.) Касьцельная вуліца
Ціміразева вуліца Пакроўская вуліца
Фрунзэ вуліца Парэцкая вуліца
Фурманава вуліца Юр’еўская вуліца рас. Георгиевская улица
Школьная вуліца Верхнемітрапольская вуліца
Энгельса вуліца Вялікая Мікольская вуліца

З урбананімічнай спадчыны Смаленску гістарычныя назвы захавалі вуліцы Акопная, Аптэчная, Верхнесянная, Верхні Волак, Клоўская, Нагорная і Саборная Гара. Сярод адметных беларускіх урбанонімаў вылучаліся вуліцы Блонная (ад беларускага слова «блонь» — абалона), Верхнешкляная, Шкляная і Шкляны завулак (ад бел. «шкло»), Кавальская (ад бел. «каваль»), Каралеўская (назва з часоў Вялікага Княства Літоўскага), Касьцельная, Рэзьніцкая (ад бел. «рэзьнік») і іншыя. Гістарычны Верхні Рынак, на якім стаяла ратуша[36], у наш час ня мае афіцыйнай назвы.

Мясцовасьці

У Смаленску існавалі гістарычныя мясцовасьці: Блоньне, Варажкі, Верхні Волак, Гародня, Задняпроўе, Клоўка, Княскі Горад, Падол, Рачэўскі лог, Саборны Двор, Садкі, Сьмядынь, Торжышча і Чурылаўка; Лысая, Пакроўская, Пячорская, Саборная, Сьвірская, Уваскрасенская і Шкляная горы; Духаўская, Рачэўская і Сьвірская слабоды; Амсьціслаўкае, Красьнянскае, Мікольскае, Рачэўскае і Рослаўскае прадмесьці.

У 1897 годзе гісторык і краязнаўца Сямён Пісараў(ru) паведамляў, што старажытная частка (цэнтар) Смаленску — Княская мясцовасьць — гістарычна называлася «па-літоўску проста „места»[c][37].

Эканоміка

Асноўныя прамысловыя прадпрыемствы Смаленску:

  • Смаленскі авіяцыйны завод
  • ААТ «ВА „Крышталь“» (дыямэнтагранільная фабрыка)
  • ЗАТ «Смаленская панчошная фабрыка»
  • ААТ «Хлебапек» (уваходзіць у Аграпрамысловую карпарацыю «Стойленская Ніва»)

Транспарт

Смаленск — буйны чыгуначны вузел, знаходзіцца на Маскоўскай чыгунцы. За 7 км ад места праходзіць аўтамабільная магістраль M1 «Беларусь».

У месьце ёсьць разьвітая сыстэма грамадзкага транспарту, якая ўлучае трамвай, тралейбус, аўтобус, у сэзон Дняпром ходзяць рачныя трамвайчыкі.

У Смаленску працуюць два аэрапорты: Паўднёвы — грамадзянскі і Паўночны — вайсковы.

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

 
Фартэцыя

Дзеюць Смаленскі гістарычны і архітэктурна-мастацкі музэй-запаведнік, музэй скульптуры імя С. Канёнкава, мастацкая галерэя (калекцыя абразоў XIV—XVI стагодзьдзі, расейскае і заходне-эўрапейскае мастацтва), музэй смаленскага лёну.

У месьце ёсьць помнік вайскаводу беларускага паходжаньня Васілю Маргелаву, памятныя шыльды ўтварэньню БССР (на абласной філярмоніі) і Янку Купалу.

У Смаленскім дзяржаўным музэі-запаведніку захоўваецца калекцыя твораў мастацтва Вялікага Княства Літоўскага (афіцыйна завецца «польскай калекцыяй» і налічвае каля 50 твораў), вывезеная зь Беларусі ў часы Першай сусьветнай вайны. Найбольш вядомыя экспанаты — партрэты канцлера Яна Фрыдэрыка Сапегі, мальтыйскага кавалера Міхала Казімера Паца, гетмана вялікага Казімера Яна Сапегі, а таксама 4 слуцкія паясы майстэрні Лявона Маджарскага[38].

Славутасьці

  • Абарончыя ўмацаваньні (XVI—XVII стагодзьдзі), у тым ліку Каралеўскі бастыён (1626—1632)
  • Архірэйскі двор (XVII—XX стагодзьдзі)
  • Забудова гістарычная (XVIII — пачатак XX ст.)
  • Касьцёл Беззаганага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1884—1896)
  • Кірха лютэранская (1857—1859)
  • Манастыры: Аўрамаўскі з саборнай царквой Сьвятога Спаса (1753—1755), Траецкі з саборнай царквой Сьвятой Тройцы (1672—1727), Ушэсьценскі з саборнай царквой Ушэсьця Гасподняга (1693—1704)
 
Старыя каталіцкія могілкі
  • Могілкі старыя каталіцкія, капліцы (ХІХ ст.)
  • Палац уніяцкага япіскапа (1632; перабудаваны ў 1782—1787 гадох пад царкву Сьвятой Барбары)
  • Цэрквы (XІI—XIХ стагодзьдзі): саборная Божага Яўленьня (1782—1787), Зьвеставаньня Багародзіцы (1773—1774), Покрыва Багародзіцы (1789—1799), саборная Прачыстай Багародзіцы (1677—1772), Сьвятога Мікалая (ніжняя, 1748), Сьвятога Міхала Арханёла (Сьвірская, 1180—1197), Сьвятога Спаса (1766—1768), Сьвятога Юрыя (верхняя, 1810), Сьвятога Юрыя (ніжняя, 1782), Сьвятога Яна Багаслова на Варажках (1160—1180), Сьвятога Яна Прадцечы (1699—1703), Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла на Гарадзянцы (1146), Уваскрасеньня Хрыстова (1765), Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа (1764—1767)
  • Шляхецкі сход (1825)

Страчаная спадчына

 
Абэліск на Кургане Славы, 1641 г.
  • Абэліск на Кургане Славы ў гонар перамогі над маскоўскім войскам (1641)
  • Касьцёл і калегіюм езуітаў (1611, 1639)
  • Касьцёл і кляштар бэрнардынаў (XVII ст.)
  • Касьцёл і кляштар дамініканаў (1614)
  • Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (Фарны; 1636—1638)
  • Ратуша (1611)
  • Сынагога харальная (XIX ст.)
  • Цэрквы: Казанскага абраза Маці Божай (1763—1767), абраза Маці Божай Адзігітрыя (1764), Сьвятога Духа (XVIII ст.), Сьвятога Ільлі (1787), Сьвятога Мікалая (верхняя, 1794—1796)

Галерэя

Помнікі сакральнай архітэктуры

Іншае

Месты-сябры

  1. Цюль, Францыя (1981)
  2. Хаген, Нямеччына (1985)
  3. Каларада-Спрынгс, ЗША (1993)
  4. Раён Варшавы Урсынаў, Польшча
  5. Віцебск, Беларусь
  6. Керч, Украіна (1998)
  7. Таргавіштэ, Баўгарыя (2002)
  8. Зьвяз гмінаў Кутнаўскага рэгіёну, Польшча (2004)

Асобы

Ураджэнцы

Жыхары

Глядзіце таксама

Заўвагі

  1. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[14] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[15]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  2. ^ Сборник Императорского Русского Исторического Общества. Т. 7: Бумаги Императрицы Екатерины II, хранящияся в Государственном Архиве Министерства Иностранных Дел. Ч.1 / Собраны и изданы, с Высочайшаго соизволения, по предначертанию Его Императорскаго Величества Государя Наследника Цесаревича, академиком Пекарским. — СПб.: Тип. Имп. Акад. наук, 1871. С. 348.
  3. ^ рас. «…бывшей Княжеской местности, по-литовски просто: „места“»

Крыніцы

  1. ^ а б https://web.archive.org/web/20230810233542/https://www.smoladmin.ru/administraciya-goroda/rukovodstvo/novikov-aleksandr-aleksandrovich/
  2. ^ а б Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 197.
  3. ^ а б в г Трусаў А. Вялікае Княства Смаленскае // Наша Слова. № 34 (822), 5 верасня 2007 г.
  4. ^ а б БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 40.
  5. ^ Антон Астаповіч. Падняпроўскія цэрквы — прыгажосць магілёўскага барока, planetabelarus.by
  6. ^ а б Ширяев С. Д. Этюды по истории архитектуры Смоленска и белорусской Смоленщины. — Смоленск, 1924.
  7. ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010.
  8. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 354.
  9. ^ а б Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 235.
  10. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 598.
  11. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 601.
  12. ^ Кононов В. Слава Владислава // О чем говорит Смоленск. № 8 (54), 15.05.2012 г.
  13. ^ Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 3. — СПб., 1861. С. 12.
  14. ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
  15. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
  16. ^ Материалы для истории раскола за первое время его существования. Т. 3, ч. 3. — М., 1878. С. 340.
  17. ^ Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV-первой трети XVI в. — 2-е изд., испр. и доп. — М., 2010. С. 270.
  18. ^ Czaplewski P. Polacy na studyach w Ingolsztacie. Z rękopisów Uniwersytetu Monachijskiego. — Poznań, 1914. S. 24.
  19. ^ а б Списки населенных мест Российской империи, составленные и издаваемые Центральным статистическим комитетом Министерства внутренних дел. Вып. 40: Смоленская губерния. — СПб., 1868. С. 60.
  20. ^ Перепись 1897 года. Смоленский уезд, Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
  21. ^ Наша Ніва. № 1, 1920. С. 4.
  22. ^ а б Ракіцкі В., Тручаў А. Беларускі фэномэн Смаленшчыны, Радыё Свабода, 31 жніўня 2007 г.
  23. ^ Krzywicki J. Smoleńsk // Słownik geograficzny... T. X. — Warszawa, 1889. S. 898.
  24. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  25. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  26. ^ Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  27. ^ Энциклопедический словарь
  28. ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 39.
  29. ^ Перлин Б. П. Смоленск и его улицы. — Смоленск, 2002. С. 70.
  30. ^ Перлин Б. П. Смоленск и его улицы. — Смоленск, 2002. С. 82.
  31. ^ Перлин Б. П. Смоленск и его улицы. — Смоленск, 2002. С. 49.
  32. ^ Перлин Б. П. Смоленск и его улицы. — Смоленск, 2002. С. 97.
  33. ^ Перлин Б. П. Смоленск и его улицы. — Смоленск, 2002. С. 111.
  34. ^ Перлин Б. П. Смоленск и его улицы. — Смоленск, 2002. С. 136.
  35. ^ Перлин Б. П. Смоленск и его улицы. — Смоленск, 2002. С. 139.
  36. ^ Ширяев С. Д. Этюды по истории архитектуры Смоленска и белорусской Смоленщины. — Смоленск, 1924. С. 9.
  37. ^ Писарев С. П. Было ли перенесение мощей святых мучеников Бориса и Глеба из Вышгорода в Смоленск. — Смоленск, 1897. С. 52.
  38. ^ Хадыка А. Вяртанне страчанай спадчыны // Новы Час, 17 ліпеня 2009 г.
  39. ^ Ігар Карней, Памёр Уладзімер Кармілкін, Радыё Свабода, 17 ліпеня 2022 г.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі