Лю́блінская у́нія — пагадненьне пра аб’яднаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага ў фэдэратыўную дзяржаву (Рэч Паспалітая абодвух народаў). Заключанае 28 чэрвеня 1569 году і 1 ліпеня таго ж году зацьверджана асобна дэпутатамі польскага і літоўскага сеймаў на сейме, скліканым у Любліне Жыгімонтам Аўгустам.

Люблінскя унія
Рэч Паспалітая пасьля Люблінскай уніі ў 1569 годзе
Рэч Паспалітая пасьля Люблінскай уніі ў 1569 годзе
Тып дамовы Дзяржаўны саюз
Падпісаная 28 чэрвеня 1569
 ·  месца Люблін (Каралеўства Польскае)
Замацаваная пячаткай Жыгімонт II Аўгуст
Набыла моц 4 ліпеня 1569
 ·  умовы тэрытарыяльныя саступкі ВКЛ на карысьць Польшчы, дзяржаўны саюз і абьяднаньне ў адзіную дзяржаву — Рэч Паспалітую
Тэрмін дзеяньня неабмежаваны
Страціла моц 3 траўня 1791
Бакі Вялікае Княства Літоўскае
Польскае Каралеўства
Статус нядзейная

Перадумовы й прычыны

рэдагаваць
  • Жыгімонт II Аўгуст, кароль польскі, ня меў нашчадкаў, і палякі баяліся, што спыніцца асабістая унія, якая злучала дзьве краіны;
  • у Вялікім Княстве Літоўскім існаваў пласт дробнае шляхты, які падтрымліваў унію;
  • дзяржаўныя і палітычныя лады Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага зблізіліся;
  • склаліся спрыяльныя зьнешнія ўмовы.

У 1558 годзе Расея пачала вайну зь Лівонскім ордэнам. 10 студзеня 1569 году пачаўся Люблінскі Сойм, які зацягнуўся на 6 месяцаў. Кожны з бакоў ставіў свае ўмовы, якія не прымаліся процілеглым. Ніхто не саступаў. Калі паслы Вялікага Княства ўбачылі пагрозу гвалтоўнага заключэньня уніі на непрымальных для іх умовах, яны 1 сакавіка 1569 году пакінулі Люблін. І тут польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы. Скарыстаўшы цяжкае замежнапалітычнае становішча Княства, польская шляхта дабілася ад Жыгімонта Аўгуста выданьня ўказаў аб далучэньні да каралеўства Польскага Падляшша, Валыні, Падольля й Кіеўшчыны. Тэрыторыя Княства звузілася ў асноўным да летувіскіх і беларускіх зямель. Супольны Сейм распачаў работу, і 1 ліпеня 1569 году быў падпісаны акт Люблінскай уніі. Згодна з уніяй, Вялікае Княства Літоўскае й Польшча злучаліся ў адзін дзяржаўны арганізм — Рэч Паспалітую на чале з адным выбраным гаспадаром. Кароль павінен быў даваць адну прысягу для Польшчы й для Княства. Асобны сейм Вялікага Княства Літоўскага скасоўваўся. Агульныя сеймы павінны былі склікацца толькі ў Польшчы. Унія абвясьціла ўвядзеньне адзінае манэты, дазвол усім жыхарам дзяржавы набываць маёнткі, зямлю ў любой частцы Рэчы Паспалітай. Павінна была стаць агульнай замежная палітыка.

 
Герб Рэчы Паспалітай 1569 году

10 студзеня 1569 г. у Любліне (Польшча) пачаў працу агульны сойм ВКЛ і Кароны Польскай. Незадаволеная яго ходам дэлегацыя ВКЛ у лютым пакінула Люблін. Кароль асобнымі актамі далучыў да Польшчы Падляшша і амаль усю тэрыторыю Украіны. Магчымасьцяў весьці вайну яшчэ й з Польшчай у ВКЛ не было. Таму ўлетку 1569 г. дэлегацыя ВКЛ зноў наведала Люблін і падпісала дамову аб уніі.

Акт Люблінскай уніі быў аформлены ў выглядзе прывілею-дагавора, зацьверджанага пастановай Люблінскага сейма 1 ліпеня 1569 г. Тэкст акта быў падрыхтаваны ў двух экзэмплярах — адзін замацаваны пячаткамі польскіх фэадалаў, другі — пячаткамі фэадалаў княства, пасьля чаго абодва бакі памяняліся актамі. Гэткі парадак іх абмену, на думку яго арганізатараў, павінен быў прыхаваць гвалтоўны, агрэсіўны і нераўнапраўны характар уніі, надаць ёй бачнасьць добраахвотнай згоды бакоў.

У акце гаварылася таксама, што «Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае ўяўляюць сабою ўжо адно непадзельнае і неаддзельнае цэлае, а таксама не асобную, а адну агульную рэспубліку, якая злучылася і зьлілася ў адзін народ зь дзьвюх дзяржаў і народаў».[1] Яшчэ ўказвалася, што хоць асобае ўзьвядзеньне на княжаньне вялікага князя літоўскага павінна быць адменена, але тытул і пасады Вялікага княства застаюцца. Уступаючы на прыстол, новы кароль пад прысягаю пацьвярджае ўсе правы і вольнасьці падданых абедзьвюх дзяржаваў і народаў. Надалей зьбіраюцца толькі агульныя соймы і адна Рада. Цалкам захоўваюцца правы і прывілеі, а таксама высокія пасады. Дагаворы і саюзы зь іншымі краінамі заключаюцца толькі з агульнага ведама і згоды абодвух народаў. Манэта павінна быць аднолькавая і раўнацэнная. Адмянялася пошліна на вываз за граніцу сельскагаспадарчых прадуктаў з маёнткаў духавенства і асобаў шляхецкага саслоўя.

Гэты акт павінен быў выклікаць і зьмены ў заканадаўстве Вялікага княства. «Усе, якія б яны ні былі, статуты, па якой бы прычыне яны ні былі ўведзены ці ўхвалены ў княстве Літоўскім супроць польскага народу і якія зьвязаны з набыцьцём ці ўладаньнем пазямельнай маёмасьцю, што дасталася паляку ў княстве якім бы ні было спосабам… усе гэтыя статуты, як супярэчныя наогул праву, справядлівасьці, узаемнай братэрскай любові і Уніі, роўна як і агульнаму злучэньню, ніякай сілы мець не павінны».[1]

Пра гвалтоўніцтва, падман, шантаж і нядобрасумленнасьць дзеяньняў польскіх фэадалаў, каталіцкага духавенства і самога Жыгімонта Аўгуста ў адносінах да прадстаўнікоў Вялікага княства яскрава сьведчаць запісы дзёньніка Люблінскага сойма, таму няма падстаў згаджацца з тымі гісторыкамі, якія лічылі, што дробная і сярэдняя шляхта жадала і дабівалася уніі з Польшчай.

 
Ян Матэйка. «Люблінская унія»

3ь юрыдычнага боку акты аб далучэньні беларускіх і ўкраінскіх земляў да Польшчы былі незаконныя і належала лічыць, што яны ня маюць сілы. Паводле заканадаўства Вялікага Княства Літоўскага, вялікі князь, уступаючы на прастол, даваў прысягу і абяцаў дзейнічаць толькі згодна зь дзяржаўнымі законамі. Адпаведна з параграфамі 12 і 15 прывілею 1492 г. і арт. 1,2, 12 раздз. 3 Статута 1566 г. вялікі князь ня меў права зьмяншаць тэрыторыю дзяржавы і выдаваць якія-небудзь заканадаўчыя акты бяз згоды Рады і сойма. У арт. 4 таго ж разьдзела проста ўстанаўлівалася забарона выдаваць прывілеі, якія парушаюць нормы Статута: «А где бы што одержано и вышло яким же кольвек обычаем против сего Статуту, то с права и суду справедливость через нас н потомки наши за радою рад наших Великого князства на сторону отложено и ни во што обернено быти маеть». Таму акты аб аддзяленьні ўкраінскіх і заходняй часткі беларускіх земляў, выдадзеныя ў Любліне, кажучы мовай Статута, належала «ни во что обернути» — прызнаць за несапраўдныя. Несапраўднасьць іх устанаўлівалася і граматай Жыгімонта Аўгуста ад 21 сьнежня 1568 г., дзе ён кляўся захоўваць старыя законы і звычаі і не парушаць тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы.

Акты аб аддзяленьні земляў не былі замацаваны пячаткай Вялікага княства, што таксама рабіла іх несапраўднымі. Юрыдычную незаконнасьць іх разумелі і самі творцы, таму і пасьля выданьня гэтых актаў стараліся прымусіць прадстаўнікоў княства згадзіцца на унію і тым самым прыхаваць незаконнае далучэньне чужых тэрыторыяў бачнасьцю «згоды» і «братэрскай любові» абодзвух бакоў. Далучэньне велізарнай тэрыторыі, адарванай ад княства, павялічыла польскую дзяржаву ў некалькі разоў, але не ўмацавала яе, а значна аслабіла, бо Польшча вымушана была ўвесь час трымаць свае сілы на захопленых землях, каб не даваць разгарацца вызвалепчай барацьбе ўкраінскага і беларускага народаў, якая праяўлялася асабліва ў сярэдзіне XVII ст. Прысваеньне гэтых тэрыторыяў узмацніла ў Польшчы і рост вялікадзяржаўных шавіністычных ілюзій, якія зусім выцясьнялі цьвярозую развагу. Пануючым вярхам Польшчы здавалася, што іх эгаістычным плянам цяпер нішто не перашкодзіць, бо галоўныя іх апаненты ў княстве зломлены і прыгнечаны, а само княства асуджана на ліквідацыю. Яны не разумелі, што падрыў сіл саюзнай дзяржавы вёў да аслабленьня Польшчы, а разгул шавінізму — да ўзмацненьня нацыянальнай барацьбы, што ўрэшце і стала адной з прычын распаду польскай фэадальнай дзяржавы.

Пасьля страты значнай тэрыторыі Вялікае княства не магло далей самастойна весьці вайну і вымушана было, каб атрымаць дапамогу ад польскіх фэадалаў, капітуляваць і падпісаць ганебны акт уніі на ўмовах, прадыктаваных імі. Патрыятычныя сілы княства, якія супраціўляліся націску польскіх фэадалаў, былі аслаблены наяўнасьцю ўнутры дзяржавы моцнай каталіцкай агентуры, якая складалася з часткі акаталічанай шляхты і каталіцкага духавенства і дзейнічала на карысьць польскіх фэадалаў на загад з Ватыкана і Гнезна. Значная ж частка фэадалаў і шляхты была запалохана пагрозай канфіскацыі маёнткаў і дзеля асабістых інтарэсаў паступалася інтарэсамі дзяржавы. Характарызуючы паводзіны прадстаўнікоў шляхты на соймах, пісьменьнік XVI ст. пісаў, што яны поўнасьцю падпарадкаваліся жаданьням караля, «адны баючыся што-небудзь страціць, а другія жадаючы ўбіцца ў ласку».[2] Пры такім становішчы прадстаўнікі Вялікага княства вымушаны былі пад пагрозай канфіскацыі маёнткаў вярнуцца ў Люблін і падпісаць прапанаваны ім акт аб злучэньні дзьвюх дзяржаваў.

Гвалтоўнае і бяспраўнае далучэньне ўкраінскіх і часткі заходнебеларускіх земляў да Польшчы прынесла шмат шкоды ня толькі насельніцтву Беларусі, Украіны і Літвы, але і самой Польшчы. Прымусовае акаталічваньне і апалячваньне беларускага і ўкраінскага народаў спарадзіла нацыянальны і рэлігійны прыгнёт. Насаджэньне ж рэакцыйнай дагматычнай ідэалёгіі каталіцкай царквы выклікала застой і заняпад навукі і культуры. Усё гэта шкодна адбілася на стане вытворчых сіл і эканомікі, што ў канчатковым выніку прывяло да загібелі ўсёй фэадальнай Рэчы Паспалітай.

  1. ^ а б Зельверович Л. М. Литовская метрика. СПб., 1883. Т.1. С.55 — 76.
  2. ^ Stryjkowski M. Kronika… Warszawa, 1846. T.2. S.418.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць