Тэўтонскі ордэн
Тэўто́нскі о́рдэн, Ордэн тэўтонскіх рыцараў шпіталя Сьвятой Марыі ў Ерусаліме (па-нямецку: Deutscher Orden) — рыма-каталіцкая арганізацыя, якая пачала сваю дзейнасьць ад канца XII стагодзьдзя ў Палестыне. Існуе на сёньняшні дзень у форме царкоўнай арганізацыі.
Тэўтонскі ордэн | |
Ordo domus Sanctæ Mariæ Theutonicorum Hierosolymitanorum | |
Герб Тэўтонскага ордэна | |
Гады існаваньня | каля 1190 — наш час |
---|---|
Падпарадкаваньне | Папа, Імпэратары Сьвятой Рымскай Імпэрыі |
Тып |
Каталіцкі рэлігійны ордэн (1192—1929 вайсковы ордэн) |
Колькасьць | каля 1000 |
Дысьлякацыя |
Акра (1192—1291) Вэнэцыя (1291—1309) Мальбарк (1309—1466) Кёнігсберг (1466—1525) Бад Мергентхайм (1525—1809) Вена (1809 — наш час) |
Мянушка | Нямецкі Ордэн |
Заступнікі | Багародзіца, Сьвятая Альжбэта Вугорская ды Сьвяты Георгі Перамоганосец |
Дэвіз | «Дапамагаць — Абараняць — Вылечваць» |
Колеры | белая мантыя з чорным крыжам |
Удзел у | Лядовае пабоішча, Грунвальдзкая бітва |
Дзейны камандзір | Бруна Плятэр |
Вядомыя камандзіры | Конрад фон Юнгінген |
Паўстаў як нямецкі духоўна-рыцарскі ордэн ў 1190 у Акры, дзе пілігрымы зь Любэку і Брэмэна стварылі шпіталь, які неўзабаве перайшоў пад патранаж нямецкай царквы Сьвятой Марыі ў Ерусаліме.
У 1198 годзе крыжакі імпэратара Гэнрыха VI пераўтварылі шпітальнае брацтва ў рыцарскі ордэн і сталі прымаць да сябе толькі немцаў. Да 1291 году рэзыдэнцыя ордэна знаходзілася ў Акры, а пасьля падзеньня гораду — у Вэнэцыі. Тым часам распалілася варожасьць паміж Тэўтонскім Ордэнам і двума іншымі рыцарскімі ордэнамі: тампліерамі і Мальтыйскім ордэнам (гасьпітальерамі). У пачатку 13 стагодзьдзя Тэўтонскі Ордэн перанёс сваю дзейнасьць ва Ўсходнюю Эўропу і першапачаткова займеў рэзыдэнцыю ў Трансыльваніі, служачы тут бар’ерам на шляху набегаў куманаў. Затым імпэратар Фрыдрых II рэарганізаваў Тэўтонскі Ордэн, надаўшы вялікаму магістру Герману фон Зальцу княскі тытул, і накіраваў Ордэн на заваяваньне і хрысьціянізацыю ўсходніх памежных земляў Сьвятой Рымскай імпэрыі.
У 1226 годзе Герман фон Зальц адгукнуўся на просьбу аб дапамозе кн. Конрада Мазавецкага і арганізаваў крыжовы паход супраць прусаў. Паводле дамовы з Конрадам Тэўтонскі Ордэн атрымаў у валоданьне Хэлмінскую зямлю ў Мазавецкім княстве ў якасьці пляцдарму, а таксама ўсе землі, якія заваюе ў паганскай Прусіі. У 1234 годзе Тэўтонскі Ордэн фармальна прызнаў свае ўладаньні папскім ленам, але напраўдзе быў асобнай дзяржавай, паколькі слабая папская ўлада не магла аказаць на яго хоць якога-небудзь істотнага ўплыву. У 1237 годзе Тэўтонскі Ордэн далучыў Ордэн мечаносцаў, пацярпеўшы перад гэтым паразы ад русінаў, жамойтаў і земгалаў, і значна ўзмацніўся. У наступныя стагодзьдзі Тэўтонскі Ордэн усталяваў кантроль над усім балтыйскім узьбярэжжам ад межаў Памор’я да Фінскага заліву і пабудаваў шэраг гарадоў (напр., Мэмэль, 1253 год) і замкаў, і заступаючы Польшчы і Вялікаму Княству Літоўскаму выхад да Балтыйскага мора. Тэўтонскі Ордэн выдаваў землі нямецкім рыцарам у якасьці лэнаў, сяліў на заваяваных землях нямецкіх сялянаў і разам з Ганзейскім саюзам гарадоў заснаваў шэраг новых гандлёвых паселішчаў. У 1309 годзе Тэўтонскі Ордэн перанёс сваю сталіцу ў Марыенбург (зараз Мальбарк, Польшча).
У пачатку XIV стагодзьдзя Тэўтонскі Ордэн дасягнуў вяршыні сваёй магутнасьці і росквіту. У 2-ой палове XIV стагодзьдзя адбылося ўзмацненьне Польшчы, асабліва пасьля яе аб’яднаньня зь Вялікім Княствам Літоўскім. У час Вялікай вайны 1409—1411 гадоў з саюзнымі Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім магутнасьць Ордэна была зломлена, найперш у Грунвальдзкай бітве (1410 году). Паводле Торуньскага міру 1466 году, які завяршыў Трынаццацігадовую вайну Польшчы з Тэўтонскім Ордэнам (1454-66 гг.), апошні прызнаў сябе васалам Польшчы і перадаў ёй Заходнюю Прусію. У 1525 годзе вялікі магістар Ордэна Альбрэхт Старэйшы Гагэнцолерн прыняў лютэранства і правёў сэкулярызацыю Ордэна ва Ўсходняй Прусіі, якая стала з гэтага часу яго спадчынным герцагствам. Калі ў 1618 годзе гэтая дынастычная лінія спынілася, герцагства перайшло ў валоданьне брадэнбурскіх курфюрстаў, таксама з Гагэнцолернў.
У 1801 годзе Францыя далучыла землі Тэўтонскага Ордэна на захад ад Рэйна, а ў 1809 годзе Напалеон сваім дэкрэтам скасаваў Ордэн і аддаў яго зямлі на правым беразе Рэйна нямецкім хаўрусьнікам.
Тэўтонскі Ордэн быў адноўлены ў Аўстрыі ў 1834 годзе — у якасьці каталіцкага шляхецкага зьвязу. Пасьля 1918 году існуе толькі сьвятарская галіна ордэна, ператвораная Піюсам XI у духоўны ордэн з рэзыдэнцыяй у Вене. Таксама Тэўтонскі Ордэн працягвае існаваць у рамках пратэстантызму ва Утрэхце.
Вялікія магістры
рэдагаваць- Генрых Вальпот фон Басэнгайм 1198—1200
- Ота фон Керпэн 1200—1208
- Генрых фон Туна 1208—1209
- Герман фон Зальца 1209—1239
- Конрад Цюрынскі 1239—1240
- Герггард фон Мальбэрг 1240—1244
- Генрых фон Гагэнлёэ 1244—1249
- Гюнтэр фон Вюлерсьлебэн 1250—1252
- Попа фон Астэрна 1252—1256
- Ана фон Зангерсгаўзэн 1256—1273
- Гартман фон Гэльдрунген 1273—1282
- Бурхард фон Швандэн 1282 ці 1283—1290
- Конрад фон Фойхтванген 1290—1297
- Готфрыд фон Гагэнлёэ 1297—1303
- Зыгфрыд фон Фойхтванген 1303—1311
- Карл Трырскі 1311—1324
- Вэрнэр фон Орзэльн 1324—1330
- Лютэр Браўншвайскі 1331—1335
- Дытрых фон Альтэнбург 1335—1341
- Людольф Кёніг 1342—1345
- Генрых Дузэмэр 1345—1351
- Вінрых фон Кніпродэ 1351—1382
- Конрад Цэльнэр фон Ротэнштайн 1382—1390
- Конрад фон Валенрод 1391—1393
- Конрад фон Юнгінген 1393—1407
- Ульрых фон Юнгінген 1407—1410
- Генрых фон Пляўэн 1410—1413
- Міхаэль Кюхмайстар фон Штэнбэрг 1414—1422
- Паўль фон Русдорф 1422—1441
- Конрад фон Эрліхсгаўзэн 1441—1449
- Людвіг фон Эрліхсгаўзэн 1449 ці 1450—1467
- Генрых Ройс фон Пляўэн 1467—1470
- Генрых Рэфле фон Рыхтэнбэрг 1470—1477
- Мартын Трухзэс фон Вэцгаўзэн 1477—1489
- Ёган фон Тыфэн 1489—1497
- Фрыдрых Саксонскі 1497—1510
- Альбэрт Гогенцолерн 1510—1525