Белсат
Каардынаты: 52°11′12″ пн. ш. 21°0′38″ у. д. / 52.18667° пн. ш. 21.01056° у. д.
«Белсат» (польск. Belsat) — пераважна беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал Польскага тэлебачаньня, заснаваны паводле дамовы зь Міністэрствам замежных справаў Польшчы ад 23 красавіка 2007 году[1].
«Белсат» | |
Краіна | Польшча |
---|---|
Зона вяшчаньня | Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа |
Дата стварэньня | 10 сьнежня 2007 (17 гадоў таму) |
Заснавальнік | Галоўная ўправа Польскага тэлебачаньня |
Уладальнік | Польскае тэлебачаньне |
Кіраўніцтва | |
Слоган | Першае незалежнае тэлебачаньне ў Беларусі |
belsat.eu |
На час стварэньня быў адзіным беларускамоўным тэлеканалам у сьвеце, у 2017 годзе была запушчаная перадача па-расейску[2]. На пачатак 2024 году галаўная сядзіба тэлеканала месьцілася ў Варшаве па вуліцы Вароніча, д. 17 (раён Макотаў, мікрараён Ксавераў)[3].
Перадачы
рэдагавацьНа 2021 год тэлеканал «Белсат» выпускаў 24 перадачы, зь іх 20 па-беларуску:
- гутарковае шоў «Кожны з нас»
- 2 дакумэнтальныя[4] — «Загадкі беларускай гісторыі» (штопанядзелак а 18:50, вядоўца Аляксандар Краўцэвіч)[5] і «Шыльды» (штонядзелю а 20:10, вядоўца Лявон Вольскі)[6];
- 3 забаўляльныя[7] — «Вечаровы шпіль» (штосуботу а 21:15, вядоўца Алесь Карніенка)[8] і «Хай так» (штосуботу а 20:25; вядоўцы Яўген Барышнікаў, Зьміцер Есяневіч і Ўсевалад Сьцебурака)[9], а таксама па-расейску «Найлюцейшы мульт»;
- 3 інфармацыйныя[10] — «Аб’ектыў» (штовечар а 21:00, вядоўца Юлія Лабанава)[11], «Беларускі сьвет» (штоаўторак а 19:05)[12] і «Студыя»[13];
- 2 культурніцкія[14] — «Вершы»[15] і «Мова нанова» (штонядзелю а 20:20[16];
- 11 публіцыстычных[17] — «Без акрэдытацыі» (штопятніцу а 21:30, вядоўца Зьміцер Мацкевіч)[18], «Беларус беларусу»[19], «Гэта ж Вінаград» (вядоўца Павал Вінаградаў(be))[20], «Давайце разьбірацца» (вядоўца Станіслаў Івашкевіч)[21], «Маю права» (штопятніцу а 19:05)[22], «ПраСьвет» (шточацьвер а 21:35, вядоўцы Аліна Коўшык і Сяргей Пеляса)[23], «Размова» (панядзелак-чацьвер а 21:20, вядоўцы Сьвятлана Калінкіна, Уладзімер Мацкевіч і Віталь Цыганкоў)[24] і «Шчыра кажучы» (вядоўца Арына Маліноўская)[25], а таксама па-расейску «Вось так», «Лукавыя навіны» і «Эканоміка»[26];
- 2 спазнаваўчыя — «Лябірынты» (вядоўца Васіль Дранько-Майсюк)[27] і «Міжмор’е» (вядоўца Павал Мажэйка)[28].
Зачыненыя
рэдагавацьПасьля 2014 году зачынілі такія перадачы, як:
- адукацыйныя — «Гісторыя пад знакам Пагоні» (Уладзімер Арлоў і Аляксандар Краўцэвіч), «Моўнік»;
- забаўляльныя — «Назад у будучыню» (Лявон Вольскі), «Фітнэс-шмітнэс» (Павал Аракелян і Валярына Кустава), «Экспэрт»;
- інфармацыйных — «Агляд падзеяў культуры» (панядзелак-пятніца, 20:10-20:15), «Дэвайс» (панядзелак-пятніца, 19:15; Кірыл Сьмяглікаў), «Рэпартаж» (Алесь Залеўскі і Алесь Сіліч), «Сальда» (аўторак, серада і пятніца, 19:15; Мікалай Ваўранюк і Хрысьціна Марчук), «Ўэб-браўзэр»;
- культурніцкія — «Відзьмо-невідзьмо» (Сяргей Філімонаў), «Зоры ня сьпяць», «Рэмарка» (Сяргей Харэўскі, Аляксей Стрэльнікаў і Юлія Цімафеева), «Чорным па белым»;
- публіцыстычныя — «54%» (Кацярына Барушка і Аліна Коўшык), «Асабісты капітал» (Сяргей Наўродзкі), «Беларусы ў Польшчы» — сэрыя дакумэнтальных фільмаў, «Гарачы камэнтар» (панядзелак-пятніца, 19:40), «Два на два» (штотыдзень; Зьміцер Гурневіч і Павал Мажэйка), «Зона Свабоды» (Аляксандар Лукашук), «Людзкія справы» (Алесь Залеўскі), «Над Нёмнам» (Станіслаў Пачобут), «Профіль пакаленьня», «Рэпартэр» (штотыдзень) — паўгадзінная перадача рэпартэраў, «Стыль», «Сьвет», «Форум» (вядоўца Эдуард Мельнікаў) — ток-шоў, пачатак трансьляцыі — студзень 2008;
- спазнаваўчыя — «Аўтаспынам па Беларусі» (Аўгіня Манцэвіч), «Гарадзенскія вандроўкі» (Станіслаў Пачобут).
Да 2014 году існавалі:
- East Front — музычнае шоў (вядучы — гітарыст гурту «Парасон» Андрэй Карповіч).
- Запальнічка — гіт-парад (вядучая — Вольга Данішэвіч; дыджэй Блажэй, затым Sup — Павал Супаненка).
- YoLife! (ТваёЖыцьцё) — аўтарская маладзёвая праграма Крова.
- Прэс-экспрэс — штотыднёвы агляд беларускіх газэтаў (вядучыя — Сяргей Скулавец, Кацярына Цыбульская).
- Кішэнь — гаспадарчы агляд: навіны гаспадаркі з камэнтарамі эканамістаў, сюжэт-дасьледаваньне «Тэма тыдня» актуальнай эканамічнай праблемы.
- Невядомая Беларусь — дакумэнтальная гістарычная перадача.
- Элі Макбіл — сэрыял (дубляваны па-беларуску). Пачатак вяшчаньня — 8 студзеня 2008.
- Кухня — музычны агляд (вядучы — Зьміцер Падбярэскі).
- Дэмакратыя наштодзень — нізка дакумэнтальных фільмаў. Вядучы — Міхась Андрасюк.
- Бульбаны (Алег Мініч) — сатырычны шматсэрыйны мультфільм
- Вагон (Віктар Шалкевіч)
- Жаўтуха (Аляксандар Хацкевіч і Сяргей Міхалок)
- Калыханка з Сашам і Сірожам (Аляксандар Хацкевіч і Сяргей Міхалок);
- Басанож па сьвеце (Войцех Цэйроўскі)
- Кулінарныя падарожжы (Робэрт Макловіч)
- Эўрамакс — перадача пра эўрапейскі стыль жыцьця, культуру і адпачынак.
- Госьць (вядоўца Павал Мажэйка) — гутаркі з постацямі Беларусі і замежжа;
- Рэпартаж зь Беларусі — публіцыстычная праграма.
- Хто ёсьць кім? — нізка дакумэнтальных фільмаў-партрэтаў, якія знаёмяць гледача з выбітнымі беларусамі. Вядучая тэледыктарка Зінаіда Бандарэнка.
- Тыдзень з радыё «Свабода» — публіцыстычная праграма, якая рыхтуецца журналістамі беларускай службы радыё «Свабода».
- European Journal — тэлечасопіс рэпартажаў «Нямецкай хвалі» з усёй Эўропы.
- Эўразьвяз без сакрэтаў — перадача дакумэнтальных фільмаў пра жыцьцё ў заштатных кутках Эўразьвязу.
- Іншыя: Дажыліся, Паляваньне на дзівосы, Ліпі і Мэсі, Прыватная калекцыя, Будучыня, Бязь межаў, На колах, Навігатар
Спадарожнікі
рэдагавацьЗадачы і супрацоўнікі
рэдагавацьНа 2014 г. тэлеканал меў у якасьці задачаў наданьне беларусам доступу да культурніцкіх і забаўляльных перадачаў на беларускай мове, дакладных і поўных зьвестак аб мінушчыне і міжнародным атачэньні Беларусі.
На 2014 г. налічваў 120 супрацоўнікаў у Беларусі і 70 — у Польшчы, у тым ліку 40 вядоўцаў перадачаў. Перадачы здымаліся ў Беластоку (Падляскае ваяводзтва), Варшаве (Польшча), Вільні (Летува), Менску (Беларусь) і Празе (Чэхія). Сетка супрацоўнікаў у Беларусі ахоплівала 10 гарадоў у 5 з 6 вобласьцяў краіны: Бабруйск (Магілёўская вобласьць), Баранавічы (Берасьцейская вобласьць), Берасьце, Віцебск, Ворша (Віцебская вобласьць), Гомель, Горадня, Ліда (Гарадзенская вобласьць), Менск, Пінск (Берасьцейская вобл.). У трэціх краінах сталыя карэспандэнты працавалі ў Брусэлі (Бэльгія), Вільні (Летува), Кіеве (Украіна), Лёндане (Ангельшчына), Маскве (Расея) і Празе (Чэхія).
Гісторыя
рэдагавацьІдэя стварэньня спадарожнікавага каналу, адрасаванага да гледачоў у Беларусі, узьнікла на Польскім тэлебачаньні ў адказ на просьбы з боку беларускіх дэмакратычных колаў. Упершыню з такой прапановай у сьнежні 2002 г. выступіла Таварыства беларускай мовы[29]. У чэрвені 2006 г. Польскае тэлебачаньне прызначыла Агнешку Рамашэўскую-Гузу кіраваць стварэньнем тэлеканалу. 17 ліпеня 2007 г. Галоўная ўправа Польскага тэлебачаньня зацьвердзіла назоў тэлеканалу. 10 сьнежня 2007 г., у Дзень правоў чалавека, тэлеканал пачаў выпрабавальнае вяшчаньне праз спадарожнік «Астра 1KR»[30] трохгадзінным этэрам, што складаўся з навінаў, запісу беларускага рок-канцэрту і сатырычнай перадачы «Саша і Сірожа»[31]. У наступныя дні вяшчаньне каналу ўключала 1-гадзінны блёк, які паўтараўся 3 разы. Са сьнежня 2007 году дырэктаркай ТБ «Белсат» зьяўлялася Агнешка Рамашэўская-Гузы. Яна дамагалася большай заангажаванасьці TVP у фінансаваньне тэлеканалу.
8 студзеня 2008 г. арыгінальны этэр пашырыўся да 2 гадзінаў. Пазьней перадачы сталі выходзіць адным 3-гадзінным блёкам, які паўтараўся адзін раз. 18 ліпеня канал упершыню выйшаў праз больш даступны для беларусаў спадарожнік «Sirius 4» з наўпроставым уключэньнем з фэсту «Басовішча-2008». Перадачы «Белсату» пачалі выходзіць у адным 6-гадзінным блёку з 18:00 да 24:10. У сьнежні пры тэлеканале стварылі грамадзкую Назіральную Раду для рэкамэндацыяў тэлевізійнікам. Яе старшынём абралі Ўладзімера Коласа. Стварэньнем Рады займаліся Нацыянальны камітэт Аб’яднаных дэмакратычных сіл і Рада беларускай інтэлігенцыі. У яе склад увайшлі 15 вядомых асобаў зь Беларусі (сярод іх Зінаіда Бандарэнка, Сьвятлана Калінкіна, Уладзімер Колас, Юры Хашчавацкі, Генадзь Бураўкін і іншыя).
17 сакавіка 2009 году Рада TVP звольніла Агнешку Рамашэўскую-Гузы з пасады дырэктаркі TV Polonia i ТБ «Белсат»[32]. Выконваючы абавязкі прэзыдэнта TVP Пётар Фарфал тлумачыць звальненьне паміж іншым публічным падважваньнем былой дырэктаркі рашэньняў рады. Таксама была звольнена Аніта Гаргас, аўтарка праграмы «Спэцыяльная місія».
Спадарыня Рамашэўская-Гузы паведаміла, што пра сваё звальненьне даведалася ў аўторак пасьля абеду, пры гэтым ёй не прадставілі ніякага абгрунтаваньня гэтага рашэньня. Яна падкрэсьліла, што ў гэтай сытуацыі больш за ўсё непакоіцца за лёс «Белсату»: «Магчыма, гэта абазначае ліквідацыю каналу, гэта, ўласна кажучы, мой аўтарскі праект… Я баюся, што ў гэтым замешаныя такія палітычныя сілы, якія вельмі ня хочуць нашкодзіць Лукашэнку. Ня хочуць ісьці супраць яго». Апошнім часам спадарыня Рамашэўская гучна пратэставала супраць значнага зьмяншэньня фінансаваньня TV Polonia. Па гэтым пытаньні зьбіралася камісія Сейму па сувязях з палякамі за мяжой. Камісія занепакоілася тым, што бюджэт тэлеканалу зьменшыўся ў параўнаньні зь мінулым годам амаль на адну чвэрць — у 2008 г. ён складаў 54 млн злотых, у 2009 г. — 39 млн злотых.
19 сакавіка 2009 году кіраўніком тэлеканалу «Белсат» прызначана Бэата Паклепа. Раней Б. Паклепа займала пасаду намесьніцы дырэктаркі каналу.
Паводле апытаньня Цэнтру сацыялягічных дасьледаваньняў «Люстэрка-Інфа» 14-28 траўня 2012 г. сярод 2999 жыхароў Беларусі ва ўзросьце ад 18 гадоў, тэлеканал глядзелі 53% (933 тыс.) з 1,76 млн карыстальнікаў спадарожнікавых антэнаў. 44,5% (415 тыс.) гледачоў тэлеканалу глядзелі яго перадачы часьцей чым аднойчы на тыдзень. Мужчыны складалі 57% гледачоў тэлеканалу (532 тыс.).
Фінансаваньне
рэдагавацьУ 2009 годзе польскі ўрад вылучыў тэлеканалу 5655 тыс. даляраў з мэтавага рэзэрвовага фонду, прызначанага для падтрымкі дэмакратыі і грамадзянскага грамадзтва за мяжой. У 2010 годзе ўрады Эўрапейскага Зьвязу вылучылі блізу 10 мільёнаў эўра[33]. У 2011 годзе каштарыс склаў 9 млн $, зь якіх 6 выдаткавала МЗС Польшчы, рэшту — урад Швэцыі[34].
Агітацыя
рэдагаваць13 лістапада 2008 году ў Менску аддзяленьне Партыі БНФ «Моладзь БНФ» арганізавала акцыю ў падтрымку тэлеканала «Белсат». Актывісты арганізацыі на Камароўскім рынку раздавалі поліэтыленавыя пакеты з рэклямай канала «Белсат». На пакетах быў разьмешчаны лягатып тэлеканала, паказаныя частоты, на якіх ён вяшчае, і спадарожнікі, якія яго трансьлююць. Усяго было раздадзена прыкладна дзьве з паловай тысячы такіх пакетаў[35][36]. Затым было праведзена яшчэ некалькі акцый у падтрымку незалежнага тэлеканалу «Белсат»[37].
Улада й Белсат
рэдагавацьУ 2007 прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праект вяшчаньня незалежнага беларускага канала з Польшчы зьяўляецца «глупым, бязглуздым і нетаварыскім»[38].
27—28 сакавіка 2008 году былі праведзены масавыя ператрусы ў Менску, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні і іншых гарадах Беларусі. Яны праводзіліся на здымных і асабістых кватэрах журналістаў, якія супрацоўнічаюць з польскім тэлеканалам «Белсат», а таксама іншымі СМІ — замежнымі і недзяржаўнымі беларускімі (Радыё Рацыя, Эўрарадыё)[39]. Падчас ператрусаў у журналістаў канфіскоўвалі аргтэхніку і розныя носьбіты інфармацыі[40].
Ператрусы ў кватэрах журналістаў праводзяцца на падставе даручэньня намесьніка пракурора Менску Аляксея Стука першаму намесьніку старшыні КДБ Віктару Вегеру. Паводле тэксту даручэньня, супрацоўнікі КДБ павінны «прыняць меры па прадухіленьні распаўсюджваньня загадзя ілжывых зьвестак у стаўленьні кіраўніка дзяржавы». Гаворка ідзе аб дэманстрацыі «анімацыйнага роліка», нібы паказанага тэлеканалам «Белсат»[41].
Афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС сьцьвердзіў, што арыштаваных людзей нельга лічыць журналістамі замежных мэдыяў, бо яны ня маюць акрэдытацыі[42]. Прадстаўнікі ж самога канала «Белсат» заявілі, што дзеяньні Камітэта дзяржаўнай бясьпекі зьвязаныя з «перадачай аб’ектыўных рэпартажаў з месца жорсткага разгону» апазыцыйнага мітынгу, прысьвечанага 90-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР (Дзень Волі), а таксама інфармацыі «пра рэальную эканамічную і палітычную сытуацыю на Беларусі»[39]. На 2014 год тэлеканал выпускаў 33 перадачы.
Канал асьвятляў пратэсты ў Беларусі 2020—2021 гадоў, за гэта шмат хто з журналістаў быў асуджаны і арыштаваны. У 2020 годзе журналістаў «Белсата» затрымлівалі 162 разы, вельмі часта з канфіскацыяю тэхнікі[43]. Са жніўня 2020 году сайт тэлеканалу заблякаваны ў Беларусі[44][45]. З 2021 траўня году беларускія ўлады блякуюць і люстэрка асноўнага сайту[46].
15 лістапада 2020 году за трансьляцыю мірнае акцыі ў памяць Рамана Бандарэнкі з «Плошчы Пераменаў(be)» журналісткі тэлеканала Кацярына Андрэева й Дар’я Чульцова былі арыштаваны, а ў лютым 2021 году атрымалі па два гады пазбаўленьня волі[47][48].
27 ліпеня 2021 году інфармацыйныя рэсурсы «Белсату» прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкімі, распаўсюджваньне інфармацыі зь іх цягне адміністрацыйную адказнасьць[49]. 3 лістапада таго ж году МУС прызнала інтэрнэт-рэсурсы рэсурсы «Белсату» экстрэмісцкім фармаваньнем (за стварэньне такога фармаваньня і членства ў ім прадугледжана крымінальная адказнасьць)[50].
У студзені 2023 году Дар’ю Лосік, жонку Ігара Лосіка, за інтэрв’ю каналу прысудзілі да двух гадоў калёніі па крымінальным артыкуле аб садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці[51]. Увосень 2022 году крымінальную справу за інтэрв’ю каналу завялі супраць Натальлі Суславай, маці загінулага ва Украіне беларускага добраахвотніка Паўла «Волата» Суслава[52].
Восеньню 2024 года расейскія ўлады абвясьцілі «Белсат» непажаданай арганізацыяй у Расеі[53].
Акрэдытацыя
рэдагавацьТэлеканал «Белсат» некалькі разоў спрабаваў падаць неабходныя дакумэнты ў МЗС Беларусі для акрэдытацыі. Але МЗС знаходзіў розныя падставы для адмовы[54]. У сьнежні 2009 г. тэлеканал атрымаў другую адмову ва ўліку прадстаўніцтва ў Менску.
Крытыка
рэдагавацьКанал «Белсат» актыўна крытыкуецца таксама з боку апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Праект абвінавачвалі ў невыкананьні абяцаньняў, дадзеных у пачатку вяшчаньня, аб хуткім пашырэньні вяшчаньня на касьмічны спадарожнік Sirius 4, папулярны ў Беларусі[55][56][57]. У сувязі з хваляю крытыкі прэс-служба канала распаўсюдзіла інтэрвію Агнешкі Рамашэўскай з адказамі на пытаньні[58].
У верасьні 2018 году з тэлеканалу быў звольнены былы актывіст Іван Шыла пасьля таго, як апублікаваў у сваім профілі на Facebook пратакольны фатаздымак з сустрэчы прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Фатаздымак суправаджаўся крытычным камэнтаром, што прадстаўнікі кіраўніцтва тэлеканала і асабіста Агнешка Рамашэўска-Гузы ў дыскусіі пад допісам ахарактарыхавалі як праяву неляяльнасьці да «Белсата»[59]. На наступны пасьля гэтага дзень Шыла быў выключаны з рабочай перапіскі і атрымаў паведамленьне аб звальненьні[59]. Сытуацыя выклікала скандал і атрымала асьвятленьне ў беларускіх і замежных СМІ[59][60][61].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Jakub Iwaniuk. (2017-01-30) La télévision Bielsat s'inquiète pour son avenir (фр.). Le Monde. Праверана 2018-01-29 г. Архіўная копія ад 2021-03-16 г.
- ^ Тэлеканал «Белсат» запускае перадачу па-расейску. svaboda.org (31 траўня 2017).
- ^ Зваротная сувязь // Тэлеканал «Белсат», 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Дакумэнтальныя цыклі // Тэлеканал «Белсат», 12 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Загадкі беларускай гісторыі» // Тэлеканал «Белсат», 12 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Шыльды» // Тэлеканал «Белсат», 25 красавіка 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Забаўляльныя перадачы // Тэлеканал «Белсат», 16 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Вечаровы шпіль» // Тэлеканал «Белсат», 15 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Хай так» // Тэлеканал «Белсат», 15 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Інфармацыйныя перадачы // Тэлеканал «Белсат», 27 красавіка 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Аб’ектыў» // Тэлеканал «Белсат», 15 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Беларускі сьвет» // Тэлеканал «Белсат», 11 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Студыя» // Тэлеканал «Белсат», 13 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Культурніцкія перадачы // Тэлеканал «Белсат», 12 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Вершы» // Тэлеканал «Белсат», 9 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Мова нанова» // Тэлеканал «Белсат», 16 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Публіцыстычныя перадачы // Тэлеканал «Белсат», 12 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Без акрэдытацыі» // Тэлеканал «Белсат», 15 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Беларус беларусу» // Тэлеканал «Белсат», 17 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Гэта ж Вінаград» // Тэлеканал «Белсат», 14 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Давайце разьбірацца» // Тэлеканал «Белсат», 27 красавіка 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Маю права» // Тэлеканал «Белсат», 14 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «ПраСьвет» // Тэлеканал «Белсат», 14 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Размова» // Тэлеканал «Белсат», 13 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Шчыра кажучы» // Тэлеканал «Белсат», 12 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Праграмы // Тэлеканал «Белсат», 17 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Лябірынты» // Тэлеканал «Белсат», 9 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Перадача «Міжмор'е» // Тэлеканал «Белсат», 16 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- ^ Станіслаў Суднік, Тацяна Вабішчэвіч Летапіс дзейнасьці грамадзкага аб'яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны». 1989-2009 / рэд. Алег Трусаў. — Ліда: Наша слова, 2009. — С. 78. — 164 с. — 299 ас.
- ^ Тэлеканал «Белсат» пачне працаваць 10 сьнежня// Хартыя'97. 23 верасьня 2007
- ^ «Белсат» пачынае працу // Радыё «Свабода», 10 сьнежня 2007 г. Праверана 21 сакавіка 2013 г.
- ^ Дырэктарку «Белсата» раптам адправілі ў адстаўку // Эўрарадыё, 17 сакавіка 2009 г. Праверана 21 сакавіка 2013 г.
- ^ Руслан Туркоў (11 сьнежня 2011) Тое, з чым зараз сутыкнулася Расея, даўно выкарыстоўваецца ў Беларусі У сьвеце. Белтэлерадыёкампанія. Праверана 4 чэрвеня 2012 г.
- ^ Андрэй Крывашэеў (24 красавіка 2011) Пасланьне прэзыдэнта беларускаму народу і парлямэнту - адна з тэмаў, якая найбольш абмяркоўваецца ў Інтэрнэце Грамадзтва. Белтэлерадыёкампанія. Праверана 4 чэрвеня 2012 г.
- ^ Васіль Сямашка (13 лістапада 2008) Фотарэпартаж з акцыі ў падтрымку тэлеканала «Белсат» у Менску. БелаПАН. Праверана 3 чэрвеня 2012 г.
- ^ На Камароўскім рынку ў Менску адбылася акцыя ў падтрымку тэлеканала «Белсат» Відэа. БелаПАН (13 лістапада 2008). Праверана 3 чэрвеня 2012 г.
- ^ «Моладзь БНФ» раздавала «ролтаны» + фота Наша Ніва
- ^ Тэлевяшчаньне на Беларусь з-за мяжы Лукашэнка лічыць «неразумным, бесталковым і недружалюбным». Беларуская асацыяцыя журналістаў (27 красавіка 2007). Праверана 3 чэрвеня 2012 г.
- ^ а б https://web.archive.org/web/20080511104327/http://www.belsat.eu/generator.php?lista_wezlow=1,71,243
- ^ Тацяна Каравянкова (27 сакавіка 2008) Замежныя СМІ, у рэдакцыях якіх праводзіліся вобшукі, не маюць акрэдытацыі ў Беларусі, заяўляе беларускае МЗС Грамадзтва. БелаПАН. Праверана 3 чэрвеня 2012 г.
- ^ Алесь Дашчынскі (27 сакавіка 2008) Для ператрусу дзьверы рэзалі аўтагенам Грамадзтва. Радыё Свабода. Праверана 3 чэрвеня 2012 г.
- ^ Зьміцер Панкавец (27 сакавіка 2008) МЗС: Лягічна, што КДБ заняўся журналістамі. Наша Ніва. Праверана 3 чэрвеня 2012 г.
- ^ Trial of Belarusian journalists underway (анг.). polandin.com. Праверана 2021-03-25 г.
- ^ Виталий Олехнович. (2020-08-22) В Беларуси заблокирован ряд сайтов. В том числе и СМИ (рас.). Onliner.by. Праверана 2020-12-23 г.
- ^ В Белоруссии заблокировали несколько десятков информационных сайтов. Среди них — "Радио Свобода" и "Медиазона" (рас.). Meduza (2020-08-22). Праверана 2020-08-24 г.
- ^ Мининформ заблокировал сайт blstv.eu телеканала «Белсат» (рас.). Мэдыязона (2021-05-07). Праверана 2021-05-08 г. Архіўная копія ад 2021-05-08 г.
- ^ Польскі прэзыдэнт заклікаў улады Беларусі амніставаць асуджаных журналістак «Белсату» (бел.). Радыё Свабода (2021-02-18). Праверана 2021-03-16 г. Архіўная копія ад 2021-03-15 г.
- ^ Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з «плошчы Перамен». ФОТА і ВІДЭА (бел.). Радыё Свабода (2021-02-18). Праверана 2021-03-16 г. Архіўная копія ад 2021-03-15 г.
- ^ Сайт і ўсе сацыяльныя сеткі «Белсата» прызналі экстрэмісцкімі Новы час Праверана 2022-01-12 г.
- ^ «Белсат» — экстрэмісцкае фарміраванне. Што гэта значыць для іх аўдыторыі? Наша Ніва Праверана 2022-01-12 г.
- ^ В Беларуси суд приговорил к двум годам колонии Дарью Лосик (рас.) Праверана 2023-03-24 г.
- ^ В Беларуси против матери погибшего в Украине белорусского добровольца завели уголовное дело (рас.) Праверана 2023-03-24 г.
- ^ Генпрокуратура объявила «нежелательным» в России телеканал Belsat (рас.) Meduza
- ^ Тацяна Каравянкова (7 ліпеня 2009) МЗС зноў не прыняло дакумэнты на рэгістрацыю тэлеканала «Белсат». БелаПАН. Праверана 3 чэрвеня 2012 г.
- ^ Сяргей Дубавец (2 красавіка 2008) Сініца ў кішэні і разьбіты нос журналіста. naviny.by. Праверана 3 чэрвеня 2012 г.
- ^ «Белсат» ніхто не бачыць // Хартыя’97, 24 сакавіка 2008 г. Праверана 21 сакавіка 2013 г.
- ^ Алесь Кудрыцкі. «Белсат» на талерачцы // Наша Ніва, 17 траўня 2008 г. Праверана 21 сакавіка 2013 г.
- ^ http://www.belsat.eu/generator.php?lista_wezlow=71,255(недаступная спасылка)
- ^ а б в Polish leader resists view that he was disrespected by Trump // Washington Post, 23 верасьня 2018 г.
- ^ Івана Шылу звольнілі з Белсата за жарт з прэзідэнта Польшчы ў фэйсбуку Наша Ніва
- ^ Pracownik Biełsatu zwolniony po tym, jak pokazał zdjęcie Dudy przy biurku Trumpa // Gazeta Wyborcza, 21 верасьня 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Праграма ТБ // Тэлеканал «Белсат», 17 траўня 2021 г. Праверана 17 траўня 2021 г.
- Добрапіс
- RSS-стужка тэлеканала
- Ютуб: жывы этэр
- Жывы часопіс: Суполка гледачоў
- Сац.сеткі: Твітэр, VKontakte, Фэйсбук, Одноклассники