Герб Беларускай ССР
Герб Белару́скай ССР — рэспубліканскі сымбаль Беларускай ССР, прыняты 30 сакавіка 1927 і істотна перапрацаваны за часамі Вялікага тэрору ў 1938 годзе. Грунтаваўся на гербе Савецкага Саюзу. Праіснаваў да выхаду Беларусі з складу СССР.
З 1995 году рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае мадыфікацыю гербу БССР — каляніяльны[1] афіцыйны герб Беларусі (рас. герб Белоруссии), de facto усталяваны ў якасьці дзяржаўнага гербу Беларусі ўказам Лукашэнкі ад 12 чэрвеня 1995 году на падставе афіцыйна абвешчаных вынікаў рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году, які адзначаўся неадпаведнасьцю Канстытуцыі і заканадаўству краіны, парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[2].
Гісторыя
рэдагавацьФармаваньне сымболікі БССР адбывалася цэнтралізавана і рэгулявалася камуністычнымі ідэалягічнымі патрабаваньнямі[3]. Першы герб ССРБ узору 1919 году нічым не адрозьніваўся ад гербу РСФСР, апроч надпісаў. Канстытуцыя ССРБ (3.2.1919) у артыкуле 31 апісвала яго наступным чынам:
Залатыя серп і молат на чырвоным фоне ў прамянях узыходзячага сонцу, вакол — вянок з каласоў і надпісы: «Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь» і «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!».
У 1924 годзе Сакратарыят ЦВК Беларускай ССР абвясьціў конкурс на найлепшы праект дзяржаўнага гербу рэспублікі. Ён мусіў быў адлюстраваць прыродныя і гаспадарчыя асаблівасьці Беларусі, яе непарыўную сувязь з Савецкім Саюзам. Увесну 1924 году журы рэспубліканскага конкурсу сярод трох найлепшых праектаў абрала работу беларускага графіка Генадзя Змудзінскага, дзе савецкая атрыбутыка спалучалася зь бела-чырвона-белай нацыянальнай сымболікай[4]. Гэта быў выцягнуты шчыт белага колеру, наверсе якога месьцілася кампазыцыя з выявамі сонца й расьлінных арнамэнтаў, пасярэдзіне дыяганальна праходзіла цёмна-чырвоная паласа з надпісам Беларуская соцыалістычная савецкая рэспубліка, на белым участку зьверху ад паласы знаходзіліся выявы двух снапоў, на белым участку зьнізу ад паласы — выявы двух дрэваў. Зь левага боку герб акаймлялі дзьве цёмна-жоўтыя літары С, справа — С і Р, складаючы надпіс СССР; у самым нізе гербу знаходзіўся стылізаваны сымбаль саветаў, серп і молат. Уздоўж краёў гербу праходзілі надпісы на тагачасных афіцыйных мовах БССР — беларускай (верх), расейскай (левы бок), ідышы (ніз) і польскай (справа)[5]. Аднак напярэдадні канчатковага падсумоўваньня ЦК ВКП(б) змусіў ЦВК БССР скасаваць вынікі конкурсу і схаваць іх ад грамадзкасьці.
27 сьнежня 1926 году СНК БССР прызнаў удалым малюнак гербу, выкананы кіраўніком Беларускага мастацкага тэхнікуму Віцебску Валянцінам Волкавым. Ён у агульных рысах паўтараў герб СССР, але меў бела-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцыяў, аднак Прэзыдыюм ЦВК у выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай[6]. У пастанове Саўнаркаму ад 30 сакавіка 1927 году зазначалася:
Прыняць праект дзяржаўнага гербу БССР, які складаецца з малюнку на чырвоным фоне ў прамянях узыходзячага сонцу сярпа і молата, зьмешчаных крыж-накрыж дзяржальнямі дадолу і акружаных вянком, якія складаюцца зьлева з жытніх каласоў, абвітых канюшынай, і справа − з дубовай галінкі; зьнізу — паміж абедзьвюма паловамі вянку знаходзіцца частка зямнога шару з тэрыторыяй Беларускай ССР. Абедзьве паловы вянка абвіты чырвонай стужкай, на якой зьмешчаныя надпісы на чатырох мовах: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!» — і ніжэй «Б. С. С. Р.» Наверсе гербу — пяціканцовая зорка.
Згодна з афіцыйным тлумачэньнем, жытнія каласы на гербе адлюстроўвалі сельскую гаспадарку, а дубовая галінка — лясныя багацьці рэспублікі; пяціканцовая зорка — шлях да сацыялізму; колькасьць моваў — чатыры — адпавядала, з аднаго боку, асноўным этнічным групам, якія пражывалі на тэрыторыі рэспублікі, а з другога — не стварала палітычных падставаў для ўціску беларускай мовы на тэрыторыі Заходняй Беларусі, перададзенай Леніным Польшчай[7]. Тэкст дэвізу на беларускай мове з 1927 году выглядаў як «Пралятары ўсіх краін, злучайцеся!» (да 1927 году было: «Пролетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!»). З 1937 году дэвіз на беларускай мове выглядаў як «Пролетарыі ўсіх краін, злучайцеся!».
11 красавіка 1927 году малюнак дзяржаўнага гербу БССР і яго апісаньне былі прынятыя VIII зьездам Саветаў БССР і занесеныя ў Канстытуцыю. Паводле Канстытуцыі, прынятай XI зьездам Саветаў БССР 19 лютага 1937 году, геральдычная абрэвіятура рэспублікі «Б. С. С. Р.» стала расшыфроўвацца як Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.
Нягледзячы на адсутнасьць у гербе БССР якіх-кольвек беларускіх нацыянальных адметнасьцяў, разгорнуты ў 1930-я гады наступ на «нацдэмаў» закрануў і прынятую ў часе беларусізацыі сымболіку. 28 ліпеня 1938 году на паседжаньні Вярхоўнага Савету БССР дэпутат Захараў І. А. выступіў з прамовай, дзе азначалася, што:
Беларусь зьяўляецца індустрыяльна-калгаснай краінай. У сельскай гаспадарцы пераважаюць большасьцю пасевы зернавых і тэхнічных культур — жыта, лён, канюшына. Усё гэта зьяўляецца асноўным багацьцем сельскай гаспадаркі, што і павінна быць адлюстравана ў дзяржаўным гербе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі.
На гэтай падставе ён унёс прапанову пра зьмяненьне гербу БССР: «замяніць вянок з дубовымі лісьцямі вянком з жытніх каласоў, пераплеценых клеверам і льном». Такім чынам быў створаны прэцэдэнт, калі разьвіцьцё народнай гаспадаркі аўтаматычна вымагала ўнясеньня дадатковых зьменаў у дзяржаўную сымболіку. Адпаведна, герб пераўтварыўся з сымбалічнай, ляканічнай і ўстойлівай выявы, якая мусіць адлюстроўваць гістарычныя карані, традыцыю, альбо час і галоўныя ідэі грамадзка-палітычнага ладу, у рухомую мінівыставу мясцовых дасягненьняў прамысловасьці і сельскай гаспадаркі[8].
Апроч таго, зьмяненьні закранулі дэвіз на гербе, які ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Камісіі пры Прэзыдыюме ВС СССР стаў адлюстроўвацца толькі на дзьвюх мовах: беларускай і расейскай (прыбралі надпісы на польскай і на ідыш). 20 лістапада 1938 году быў удакладнены пераклад на беларускую мову дэвізу, ён стаў чытацца як: «Пролетарыі ўсіх краін, еднайцеся!», таксама былі занесеныя папраўкі ў малюнак (зьмененая групоўка сонечных прамянёў). Ініцыятаркай зьмены лёзунгу і наўмыснага ўвядзеньня ў яго артаграфічнай памылкі была Старшыня Вярхоўнага Савету БССР Надзея Грэкава. Аўген Калубовіч апісваў гэта наступным чынам:
— Ну а Грэкава? — зноў перапыніў яго Якуб Колас. Відаць было, што ён сьпяшаўся. Грэкава, працягваў К. Гурскі, загадала ўнесьці ў правапіс дзьве зробленыя ёю «папраўкі» ў лёзунг «Пролетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!» Па-першае, слова «злучайцеся» замяніць на «еднайцеся», бо вось яна як сакратар ЦК часта падпісвае «дырэктывы» калгасам, што ўжо пара пачынаць «злучную кампанію для ската»; таму заклік «злучайцеся!» у дачыненьні да пралетарыяту «неяк нядобра гучыць». Па-другое, у слове «яднайцеся» пачатнае «я», хоць і стаіць у першым складзе перад націскам, павінна пісацца празь «е», бо могуць быць выпадкі, тлумачыла Грэкава, калі слова гэтае пры пісьме ці друку трэба пераносіць і тады пры падзеле яго можа выйсьці «яд-». Для палітычнага лёзунгу гэта недапушчальнае і ЦК партыі на гэта ня можа згадзіцца. Якуб Колас нічога не адказаў.[9] | ||
—Аўген Калубовіч, Якуб Колас і Янка Купала. Крокі гісторыі |
У 1950-я гады народны мастак Савецкага Саюзу Ян Дубасаў распрацаваў новы, зьлёгку зьменены праект гербу. Лён на гербе БССР стаў адлюстроўвацца ня з скрыначкамі, а з кветкамі. З 1956 году абрэвіятура назвы рэспублікі не падзялялася кропкамі. 28 лютага 1958 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР прыняў указ аб чарговым удакладненьні беларускага тэксту дэвізу, з тых часоў ён выглядаў як «Пролетарыі ўсіх краін, яднайцеся!».
Апошняе ўдакладненьне гербу БССР адбылося ў 1981 годзе, калі трохі зьмянілі малюнак кветак лёну і сонечных прамянёў.
27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце краіны. 25 жніўня 1991 году Беларусь абвясьціла незалежнасьць ад СССР. У 1991 годзе пад беларускай нацыянальнай сымболікай прайшлі красавіцкія і травенскія страйкі працоўных Беларусі, якія адыгралі важную ролю ў крушэньні таталітарызму ў краіне[10]. 19 верасьня 1991 году парлямэнт Беларусі прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», якія аднавілі бел-чырвона-белы сьцяг з гербам Пагоняй у якасьці дзяржаўных сымбаляў[10].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Мікулевіч С., Гезгала С. Сёння — Дзень Пагоні і нацыянальнага сцяга, Наша Ніва, 19 верасьня 2012 г.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 136.
- ^ Корсак Д. Кого догоняет «Погоня»? Разговор с историком о старых и новых гербах Беларуси, Onliner.by, 12.10.2020 г.
- ^ Літаратура і Мастацтва. № 48, 2013. С. 15.
- ^ Насевіч В. Гэты сцяг пачынаўся так… // Чырвоная Змена. № 42 (13900), 20 красавіка 1995 г.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 134.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 135.
- ^ Аўген Калубовіч. Якуб Колас і Янка Купала. Крокі гісторыі. Менск, 1993.
- ^ а б Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 393.
Літаратура
рэдагаваць- Лялькоў І. Пытаньне дзяржаўнай сымболікі ў Беларусі: гісторыя і сучасны стан // ARCHE Пачатак. № 1 (21), 2002. С. 98—112.
- Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. — 144 с.: іл. ISBN 978-985-454-500-4.
- Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. ISBN 985-6299-36-5.
- Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 3—10.