Барская канфэдэрацыя

Барская канфэдэрацыя (1768—1772) — вайскова-палітычнае аб’яднаньне шляхты, магнатаў і дзеячоў царквы Рэчы Паспалітай дзеля змаганьня за ўнутраную і замежную незалежнасьць краіны, супраць уплыву Расеі на каралеўскі ўрад, а таксама дзеля захаваньня шляхецкіх вольнасьцяў, утворнае 28 лютага 1768 году ў мястэчку Бары на Падольлі.

Казімер Пуласкі пад Чэнстаховай. Карціна Юзэфа Хэлмонскага, 1875. Нацыянальны музэй, Варшава, Польшча
Раёны дзеяў канфэдэрацыі

Перадумовы

рэдагаваць

У 1764 годзе каралём і вялікім князем стаў былы фаварыт Кацярыны II Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які быў прыхільнікам рэформаў і моцнай улады. Суседнія дзяржавы — Расея і Прусія — былі незадаволеныя такой палітыкай і сталі падтрымліваць супраціўнікаў караля, якія ядналіся ў канфэдэрацыі і з зброяй у руках выступалі супраць цэнтральнай улады. Адначасна супраціўнікі Расеі аб’ядналіся ў Барскую канфэдэрацыю, якая выступала за незалежнасьць дзяржавы.

Ваенныя дзеяньні

рэдагаваць

Як адказ на такія падзеі Расея ўвяла на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага войскі. У 1768 годзе яны занялі Нясьвіж і Слуцак.

Найбольшага размаху рух канфэдэратаў дасягнуў у 1770—1771 гадох. Змаганьне супраць расейскіх войскаў і прыхільнікаў Панятоўскага ахапіла Амсьціслаўскае, Берасьцейскае, Полацкае ваяводзтвы, Ашмянскі, Браслаўскі, Ваўкавыскі паветы, ваколіцы Гомля і іншыя землі Вялікага Княства Літоўскага. Расейскія ўлады афіцыйна прызналі, што канфэдэратаў падтрымлівае мясцовае насельніцтва[1].

На бок канфэдэратаў перайшоў Міхал Казімер Агінскі, які разграміў расейцаў пад мястэчкам Безьдзежам[2]. Аднак неўзабаве яго трохтысячны аддзел пацярпеў паразу пад Сталовічамі ад Суворава. Расея і Прусія ўжо вялі перамовы аб падзеле Рэчы Паспалітай, пазьней да іх далучылася Аўстрыя.

Падзел Рэчы Паспалітай

рэдагаваць

5 жніўня 1772 году гэтыя дзяржавы падпісалі ў Санкт-Пецярбургу канвэнцыю, згодна зь якой пад уладу расейскага стальцу пераходзілі Інфлянцкае і Амсьціслаўскае ваяводзтвы, амаль усё Віцебскае, разьмешчаная на правым беразе Дзьвіны частка Полацкага, а таксама ўсходнія землі Менскага ваяводзтва з гарадамі Рагачовам, Прапойскам, Чачэрскам і Гомелем. Прусія атрымала паўночна-заходнюю частку Польшчы і частка Заходняй Украіны зь Львовам перайшла пад кантроль Аўстрыі.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць