Антон Луцкевіч
Анто́н Луцке́віч (Псэўданімы: Антон Навіна, І. Мялешка[2]; 29 студзеня [ст. ст. 17 студзеня] 1884, Шаўлі, Ковенская губэрня — 23 сакавіка 1942 або 30 лістапада 1943[1], перасыльны пункт Аткарску, Саратаўская вобласьць) — адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху ў ХХ ст., гісторык, літаратуразнаўца, публіцыст. Брат Івана Луцкевіча. Псеўданімы: Белорус Антон; Букавецкі Генрык; Иванов А.; Кумельган; Мялешка І.; Мялешка Ів.; Ант. Навіна; Навіна Антон. Крыптанімы: A.L!; A.N.; H.B.; а-н-а; А-н-а; А-н-А; А.Л.; А.Н-а; А.Н-А; А.Н.; Б.Г.; Г-бэ; Г.; Г.Б.; Г.В.; Н-а-А; Н.; Н.А.; S-wicz.[3]
Антон Луцкевіч лац. Anton Łuckievič | |
Прэм’ер-міністар БНР | |
---|---|
1918 — 1919 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
17 (29) студзеня 1884 Шаўлі, Ковенская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр: |
23 сакавіка 1942 або 30 лістапада 1943[1] перасыльны пункт Аткарск, Саратаўская вобласьць, РСФСР, СССР |
Партыя: | |
Сужэнец: | Зоф’я Абрамовіч[d] |
Дзеці: | Лявон Луцкевіч і Юры Луцкевіч[d] |
Бацька: | Ян Баляслаў Луцкевіч |
Маці: | Зоф’я Лычкоўская[d] |
Адукацыя: | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Луцкевіч.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся 29 студзеня 1884 году (па новым стылі) ў г. Шаўлі Ковенскай губэрні. Паходзіў з шляхецкага роду гербу «Навіна». Брат Івана Луцкевіча.
Вучоба
рэдагавацьУ 1902 годзе скончыў Менскую гімназію. Вучыўся на фізыка-матэматычным факультэце Пецярбурскага ўнівэрсытэту, юрыдычным факультэце Дэрпцкага ўнівэрсытэту. Адзін з заснавальнікаў у 1903 годзе Беларускай рэвалюцыйнай грамады (пазьней — Беларуская сацыялістычная грамада). Арыштаваны ў Менску ў 1904 годзе за распаўсюджваньне партыйнай літаратуры, выпушчаны з пазбаўленьнем права пакідаць горад. У лютым 1906 году перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Уваходзіў у склад рэдакцый газэтаў «Наша доля» й «Наша ніва». Першы артыкул апублікаваў у 1906 годзе ў № 1 газэты «Наша доля». Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Нашай нівы», з 1913 зь Беларускім выдавецкім таварыствам. З 1911 году — саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веды» Б. Даніловіча, з 1914 году — яе ўладальнік.
1915—1920 гады, пачатак палітычнае дзейнасьці
рэдагавацьПасьля акупацыі Вільні ў 1915 годзе нямецкімі войскамі ўзначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў газэты «Гоман». У 1915 годзе з братам, паэтэсай Цёткай (А. Пашкевіч) і іншымі заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з ініцыятараў Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. У 1916 годзе БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора.
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году выказваўся за ўключэньне ў склад будучай беларуска-літоўскай дзяржавы ўсіх беларускіх зямель, за наданьне дзяржаўнага статусу ўсім мясцовым мовам, школьнае навучаньне на роднай мове. На Беларускай канфэрэнцыі 1918 абраны старшынём Віленскай беларускай рады (ВБР)[4]. 18 сакавіка 1918 году кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, быў ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Пасьля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У верасьні 1918 году прызначаны Радай БНР Старшынём Народнага сакратарыяту й народным сакратаром замежных справаў (з кастрычніка 1918 году — Старшыня Рады Народных Міністраў і міністар замежных справаў БНР). У верасьні — пачатку кастрычніка 1918 году ўзначальваў беларускую надзвычайную дэлегацыю, якая наведала Ўкраіну, сустракалася з гетманам П. Скарападзкім. 3 сьнежня 1918 Рада і ўрад БНР на чале з А. Луцкевічам пераехалі ў Вільню, 27 сьнежня — у Гародню. 14 сьнежня 1918, 2 і 3 студзеня 1919 году Луцкевіч накіраваў ноты пратэсту польскаму ўраду супраць далучэньня да Польшчы Беластоцкага, Бельскага й Аўгустоўскага паветаў. У канцы сакавіка 1919 году перад пагрозай польскай акупацыі Гарадзеншчыны й Віленшчыны ён і некаторыя чальцы ўраду БНР выехалі ў Бэрлін. Дамагаўся таго, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыскай мірнай канфэрэнцыі. У Бэрліне склаў мэмарандум, які быў уручаны старшыні канфэрэнцыі. Па запрашэньні міністра-прэзыдэнта Польшчы І. Падарэўскага выехаў з Парыжу ў Варшаву, дзе ў пачатку верасьня 1919 году быў інтэрнаваны. 1 сьнежня 1919 году вярнуўся ў Менск. Пасьля расколу Рады БНР з 13 сьнежня 1919 году — Старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР.
Не знайшоўшы паразуменьня з Польшчай, 28 лютага 1920 году падаў у адстаўку і выехаў у Вільню. Там аднавіў выданьне газэты «Наша ніва» (выйшла 9 нумароў), да канца 1920 году склаў і выдаў зборнікі «Наша ніва» і «Памяці Івана Луцкевіча». У ліпені — жніўні 1920 году зьняволены бальшавікамі. З 1921 году — старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні.
Выкладаньне і палітычная дзейнасьць
рэдагавацьВыкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. У ліпені 1921 году заснаваў Беларускую школьную раду, якая пазьней зьлілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Яго намаганьнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) арганізаваны Беларускі музэй імя І. Луцкевіча. У 1922 годзе ўзначаліў у Вільні Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт, распрацаваў тактыку й структуру Беларускага пасольскага клубу.[4] Пасьля ўтварэньня ў 1925 годзе Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) працаваў у яе рэдакцыйным камітэце, куды быў запрошаны С. Рак-Міхайлоўскім. Быў адным з заснавальнікаў Беларускага каапэратыўнага банку[5][6]. Арыштаваны польскімі ўладамі ў кастрычніку 1927 году, абвінавачаны ў супрацоўніцтве зь нямецкай і савецкай разьведкай; апраўданы судом у пачатку 1928 году. У 1928 годзе арыштоўваўся яшчэ раз і зноў апраўданы. У сярэдзіне 1929 году А. Луцкевіч выключаны з ТБШ, дзе камуністы мелі моцныя пазыцыі. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюзу культурных і гаспадарчых арганізацыяў (Цэнтрасаюзу), які адмаўляў рэвалюцыйныя мэтады змаганьня з санацыйным рэжымам Ю. Пілсудзкага й выступаў за парлямэнцкія мэтады барацьбы. Незадавальненьне КПЗБ выклікала крытыка А. Луцкевічам нацыянальнай і аграрнай палітыкі, якую савецкае кіраўніцтва пачало ў 1929 годзе, асабліва артыкул «Цень Азефа» (1930), дзе ён даў рэзка адмоўную характарыстыку Сталіну й яго акружэньню. Антон Луцкевіч праяўляў вялікую актыўнасьць у галіне культурна-публіцыстычнай, між іншым быў старшынём Беларускага навуковага таварыства. У 1930 годзе польскія ўлады забаранілі дзейнасьць Беларускага выдавецкага таварыства, якім кіраваў Антон Луцкевіч. У 1931 годзе звольнены з работы ў Віленскай беларускай гімназіі. Антон Луцкевіч стаў аб’ектам палітычных спэкуляцый і нападаў. У гэты час выявіліся супярэчнасьці паміж лідэрамі Цэнтрасаюзу. Яго старшыня Ф. Акінчыц крытыкаваў А. Луцкевіча за марксісцкі сьветапогляд. 3 абвінавачваньнямі ў палітычных праліках выступілі ў друку і хрысьціянскія дэмакраты.
Зьніжэньне дзейнасьці
рэдагавацьУ 1933—1939 гадах беларускія газэты яго не друкавалі. Антон Луцкевіч выступаў пераважна ў газэце «Przeglad Wileński» («Віленскі агляд»), часопісе «Калосьсе», «Гадавіку» Беларускага навуковага таварыства. Адышоў ад палітычнай дзейнасьці, працаваў у БНТ і Беларускім музэі, выступаў зь лекцыямі й рэфэратамі.
3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Антона Луцкевіча прадугледжвалася «спальваць»[7].
Арышт і сьмерць
рэдагавацьПасьля ўступленьня ў Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі яго запрасілі на сход беларускай інтэлігенцыі. У верасьні 1939 году арыштаваны бальшавікамі ў Вільні й перавезены ў Менск. Асобай нарадай НКВД СССР прыгавораны да 8 гадоў канцлягераў. Памёр у саратаўскай вязьніцы НКУС. Быў пахаваны ў спэцсэктары камунальных могілак Аткарску[8].
Рэабілітаваны ў 1989 годзе.
Навуковая дзейнасьць і публіцыстыка
рэдагавацьПершы артыкул «Што будзе?» надрукаваў у газэце «Наша доля» (1906, № 1). Паступова стаў вядучым беларускім публіцыстам. У артыкулах і нататках пачатку ХХ ст. крытыкаваў аграрную й нацыянальную палітыку царызму, выказваўся за сацыяльнае й нацыянальнае вызваленьне беларускага народу, асуджаў нацыяналізм («Краёвае становішча», 1914). Разьвіцьцё беларускага вызваленчага руху зьвязаў з разьвіцьцём капіталістычных адносінаў і станаўленьнем нацыянальнай буржуазіі («Эканамічная эвалюцыя і беларускі рух», 1917). Склаў курсы лекцый па фанэтыцы й этымалёгіі. У 1917 годзе выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 годзе (разам з Я. Станкевічам) — «Беларускі правапіс». Аўтар брашуры «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), працы «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысьвечаная гісторыі БРГ і БСГ). Дасьледаваў гісторыю нарадавольніцкага руху, выступаў з дакладамі й рэфэратамі па гэтым пытаньні. Вывучаў мову скарынаўскіх выданьняў і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 году («Чатырохсотледце першага кодэксу беларускага права», 1929; «Статут Вялікага Княства Літоўскага на фоне эвалюцыі нацыянальных адносін у Беларусі», 1930, і інш.). Аўтар зборнікаў літаратурна-крытычных працаў «Нашы песьняры» (1918), «Адбітае жыцьцё» (1929). Апублікаваў шэраг працаў па гісторыі беларускай культуры, мастацтва й літаратуры: «Пуцяводныя ідэі літаратуры», «Жыдоўскае пытаньне ў беларускай літаратуры» (абедзьве 1921), «Вязьніца Адама Міцкевіча» (1923), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалёгіі і адбіцьце яе ў літаратуры» (1926) і інш. Асобныя артыкулы і нататкі прысьвяціў жыцьцю і творчасьці М. Багдановіча, А. Бурбіса, М. Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Ф. Багушэвіча, Я. Коласа, Я. Купалы, Цёткі, К. Сваяка й інш. Пераклаў на беларускую мову працу М. Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі» (1919), «Элемэнтарную альгебру» А. Кісялёва і падручнік В. Остэрлёфа і Я. Шустэра «Сусьветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (1921), адзін зь перакладчыкаў Новага запавету і Псалтыра (Хэльсынкі, 1931) і інш.
Ушанаваньне памяці
рэдагаваць7 сакавіка 2018 году ў Менску ў рамках мерапрыемстваў да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі быў усталяваны памятны знак у гонар братоў Антона й Івана Луцкевічаў. Памятны знак разьмешчаны на месцы дамоў Зоф’і Луцкевіч па колішняй Садовай вуліцы (цяпер парк імя Янкі Купалы), дзе браты жылі ў 1896—1906 гадах[9].
У прыватным музэі Анатоля Белага ёсьць памятная дошка «Заснавальнікам БНР», на якой разьмешчаны, сярод іншых, барэльеф Антона Луцкевіча[10].
На віленскіх могілках Роса месьціцца кенатаф Антона Луцкевіча.
Бібліяграфія
рэдагаваць
|
|
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Атрымана пасведчанне аб смерці Антона Луцкевіча(недаступная спасылка) «Наша Ніва», 2 чэрвеня 2011
- ^ Луцкевіч А. Публіцыстыка з часоў БНР // Спадчына №3-1993. С. 11-15
- ^ Смалянчук, Аляксандар. Краёвая ідэя і беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі ў 1920—1930-я гг. // рэдактар Смалянчук, Аляксандар Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi. — Вільня : Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, 2012. — С. 389, 404. — ISBN 978-9955-773-53-5.
- ^ а б ЭГБ, т.4
- ^ Пінскі аддзел Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні (1926–1932 гг.): утварэнне і дзейнасць А.С. ГОРНЫ, А.Л. ІЛЬІН // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 1 (94), 2016.
- ^ Горны А. Рэгіянальныя структуры беларускага нацыянальнага pyxy ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2021. С. 19
- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ^ Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР = (рас.); (бел.) / Михнюк, В. Н., Климович, Н. М., Гесь, А. Н.. — Менск: БелНИИДАД, 1997. — 203 с. — (Возвращенные из небытия). — 100 ас.
- ^ Максім Ляшко (7 сакавіка 2018) У парку Янкі Купалы ў Мінску ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар братоў Луцкевічаў. nn.by. Праверана 7 сакавіка 2018 г. Архіўная копія ад 7 сакавіка 2018 г.
- ^ Вячаслаў Кулік Створаны першы помнік заснавальнікам БНР. svaboda.org. Архіўная копія ад 22 студзеня 2018 г.
Літаратура
рэдагаваць
|
|
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАнтон Луцкевіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў