Віктар Ёсіфавіч Ганчар (7 верасьня 1958, пас. Радзічава, Менская вобласьць — 16 верасьня 1999 (?)) — беларускі палітык, бязь сьледу зьніклы ў 1999 годзе разам з Анатолем Красоўскім. Кандыдат юрыдычных навук.

Віктар Ганчар
Старшыня ЦВК Беларусі
1996 — лістапад 1996
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Міхаіл Чыгір
Наступнік: Лідзія Ярмошына
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 7 верасьня 1958
пас. Радзічава, Менская вобласьць, БССР
Памёр: 16 верасьня 1999 (?)
Партыя: АГП
Сужэнец: Зінаіда Ганчар
Адукацыя:

Біяграфія

рэдагаваць

У 1984 г. абараніў дысэртацыю на званьне кандыдата юрыдычных навук[1]. Дацэнт Беларускага дзяржаўнага інстытуту народнай гаспадаркі ім. В. У. Куйбышава (цяпер БДЭУ). Кандыдат у сябры КПСС. Абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня па Васьняцоўскай выбарчай акрузе № 6 г. Менску. На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году Віктар Ганчар быў адным з кіраўнікоў выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі. З 1994 году Ганчар быў намесьнікам старшыні ўраду Беларусі.

З 1995 г. — дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, намесьнік старшыні.

Напярэдадні рэфэрэндуму 1996 г. і ў 1998 г. — старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі.

Віктар Ганчар браў актыўны ўдзел у працы Вярхоўнага Савету падчас канстытуцыйнага крызісу 1996 году, быў адным з найбольш актыўных ініцыятараў працэсу імпічмэнту А. Лукашэнку.

У траўні 1999 году Віктар Ганчар арганізаваў кампанію па выбарах прэзыдэнта Беларусі, якая была сарваная ўладамі.

Дзейнасьць самога Вярхоўнага Савету была дэзарганізаваная ад’ездам ягонага старшыні Сямёна Шарэцкага ў Летуву. Выконваць абавязкі старшыні ўзяўся Віктар Ганчар.

16 верасьня 1999 году Віктар Ганчар разам са сваім сябрам бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім зьніклі бязь зьвестак. Пазьней на месцы, дзе па меркаваньнях адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля і сьляды крыві.

У снежні 2019 году «Нямецкая хваля» апублікавала дакумэнтальны фільм, у якім Юры Гараўскі, былы супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня МУС Беларусі, пацьвердзіў, што менавіта яго падразьдзяленьне арыштавала, зьвезла й забіла Юрыя Захаранку, і што пазьней яно зрабіла тое ж самае зь Віктарам Ганчаром і Анатолем Красоўскім[2].

  1. ^ Гончар, Виктор Иосифович. Правовые формы внутрихозяйственного расчета структурных подразделений предприятий и производственных объединений : автореф. дис…. канд. юрид. наук / Акад. наук СССР, Ин-т государства и права. — Москва : [б. и.], 1984. — 26 с.
  2. ^ Belarus: How death squads targeted opposition politicians. Нямецкая хваля (2019-12-16). Праверана 2020-11-25 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць