Летувісы (гістарычныя жамойты[11][12]; саманазва лет. lietuviai, адз. лік лет. lietuvis) — эўрапейская нацыя, асноўнае насельніцтва Летувы (2 561 314 або каля 84% насельніцтва краіны на 2011 год). У значнай колькасьці таксама жывуць у ЗША (каля 660 тыс.), Вялікабрытаніі, Ірляндыі, Бразыліі, Канадзе, Расеі (каля 25 тыс. у адной толькі Калінінградзкай вобласьці). Агульная колькасьць у сьвеце складае каля 4,5 млн. Карыстаюцца летувіскай мовай, створанай у канцы XIX стагодзьдзя на базе гістарычнай жамойцкай мовы — архаічных гаворак ваколіцаў Коўна, Шаўляў і Клайпеды[13]. Паводле веры пераважна каталікі.

Летувісы
Лаўрын Гуцэвіч Мацей Валанчэўскі Сыманас Даўкантас
Л. Гуцэвіч · М. Валанчэўскі · С. Даўкантас
Антанас Сьмятона Ёнас Басанавічус Відунас
А. Сьмятона · Ё. Басанавічус · Відунас
Антанас Баранаўскас Мікалоюс Чурлёніс Арвідас Сабоніс
А. Баранаўскас · М. Чурлёніс · А. Сабоніс
Колькасьць каля 4,5 млн
Рэгіёны пражываньня

Летува:
2 561 314[1]
ЗША:
652 790[2]
Бразылія:
100 000[3][4]
Вялікабрытанія:
97 000[5]
Канада:
49 130[6]
Расея:
45 600[7]
Ірляндыя:
24 628[8]
Латвія:
  24 426
Аргентына:
   30 000
Гішпанія:
   25 000
Польшча:
   15 000
Аўстралія:
   12 317

Украіна:
  11 000
Беларусь:
5087[9]
Мовы летувіская мова
Рэлігіі каталіцтва
Блізкія этнасы латышы, жамойты, беларусы[a][10]

Назва рэдагаваць

Асноўныя артыкулы: Жмогусы і Жамойты
 
Моўная мапа з этнаграфічнага атлясу (Лёндан, 1850 г.): літоўская мова (Lithuanian) займае ўсю этнічную тэрыторыю беларусаў (ад Горадні да Смаленску), жамойцкая мова (Samogitian) — этнічную тэрыторыю летувісаў

Паводле гісторыка і этноляга Ігара Чаквіна, беларускамоўныя ліцьвіны гістарычна супрацьпастаўлялі сябе летувісам, якіх вызначалі назвамі «жамайты», «жамойты», «жмудзь», «самагіты» ды іншымі[14][b]. Тым часам жыхары Жамойці не называлі сябе ліцьвінамі[14]. Ужо ў 1854 годзе называньне жамойтаў «літвой» крытыкавалася на старонках першага ў Расейскай імпэрыі масавага прыватнага часопіса Библиотека для чтения(ru), які рэдагаваўся народжаным на Віленшчыне навучэнцам Менскага езуіцкага калегіюму і Віленскага ўнівэрсытэту прафэсарам-паліглётам Восіпам Сянкоўскім супольна з выхадцам з кіеўскай шляхты, энцыкляпэдыстам і знаўцам эўрапейскіх і ўсходніх моваў Альбэртам Старчэўскім(ru)[22]: «…дарма адну частку гэтага народа называюць літвою, тады як іншай пакідаюць агульную і сапраўдную назву ўсяго народа, жамойць. Абедзьве яны — тая ж жамойць <…> Слова Літва <…> належыць столькі ж і яшчэ больш славянскай частцы ранейшага літоўскага гаспадарства. <…> Калі жыхары чудзкай часткі адгукаюцца, што яны — літува <…>, гэта па-мне значыць толькі, што яны ўжываюць на свой асабісты рахунак агульную палітычную назву гаспадарства, а не сваю племянную назву. <…> Латышы, альбо леты, чудзкія людзі аднаго кораня зь літоўскай чудзьдзю, не называюць сябе літвою; такім чынам, і сястра іхняя, літоўская чудзь, этнаграфічна, ня мае права на гэтую назву. Уся яна — жамогусы, жамогі альбо жамодзі, сямогі альбо сямодзі, адкуль ўтварыліся словы Жамойць і Самагіція. Латышы таксама называюць сябе земме, семме, а гэта значыць толькі „свая зямля“ падобна таму, як сома альбо суомі, „свая зямля“ Фінляндыя і суомалайне, „людзі сваёй зямлі“, фіны, альбо фінляндцы. Жамогус альбо жмогус значыць — чалавек. Яны проста — людзі, а ня літоўцы»[c]. Тым часам у другой палове XIX ст. ліцьвінамі звычайна называлі беларусаў, а летувісаў — жамойтамі[d].

Тое, што «ні ў якім разе ня можна зваць цяперашніх жмудзінаў літоўцамі», падкрэсьліваў яшчэ ў 1921 годзе мовазнаўца Язэп Лёсік[24], такую ж думку ў 1934 годзе выказваў загаднік беларускага замежнага архіва ў Празе Тамаш Грыб: «Трэ мець на ўвазе пры гэтым і адрознасьць паміж Ліцьвінамі (старадаўнымі Люцічамі, Велетамі або Волатамі) і Жмудзінамі. Асабліва сяньня трэ мець на ўвазе гэну адрознасьць, калі Жмудзіны, прыняўшы старадаўнае найменьне Літва, імкнуцца прыўласьніць і гістарычны зьмест гэтага слова — гістарычную мінуўшчыну беларускага народу»[25]. Як адзначае гісторык Уладзімер Арлоў, нельга блытаць летувісаў (цяперашніх «літоўцаў») з старажытнымі ліцьвінамі, якія жылі на тэрыторыі Беларусі і бралі ўдзел у фармаваньні беларускага этнасу[26]. Сяргей Дубавец і Генадзь Сагановіч таксама зьвяртаюць на тое, што ўжываньне саманазвы сучаснай нацыі — летувісы — дазваляе пазьбегнуць тэрміналягічнай блытаніны[27].

 
Мапа пашырэньня германцаў на ўсход у 800—1400 гадох, на якой летувісы азначаюцца латышамі (анг. Letts). Атляс гісторыка Ўільяма Шэпарда(en). Нью-Ёрк, 1926 г.

Яшчэ ў 1837 годзе народжаны на Меншчыне пісьменьнік Тадэвуш Булгарын выкарыстоўваў у сваёй кнізе «Россия в историческом, статистическом, географическом и литературном отношениях» дзеля азначэньня старажытнага народу назву летувы[e][28], тым часам назву Letuwis у польскамоўным тэксьце ўжываў яшчэ ў 1809 годзе гісторык Іяхім Лялевель[29][f]. У 1916 годзе польскі гісторык Людвік Яноўскі(pl) прапанаваў аддзяляць летувісаў (польск. Letuwisi з вытворным прыметнікам letuwiski) ад ліцьвінаў і зазначаў, што пра патрэбу такога разьмежаваньня раней казалі Бэнэдыкт Дыбоўскі і Ян Обст[30]. Гісторык Валяр'ян Мэйштовіч(pl), сын старшыні Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы Аляксандра Мэйштовіча, зазначаў у сваіх успамінах: «Летувіскі нацыянальны рух зьвярнуўся да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага. <…> Нават ня мелі для іх назвы. „Ліцьвіны — казаў пан Міхал Юхневіч — гэта Ягайла, Хадкевіч, Міцкевіч, Пілсудзкі і я, а вы ёсьць летувісамі“»[g][31]. У 1922 годзе прафэсар гісторыі Віленскага ўнівэрсытэту Фэлікс Канечны(be) апублікаваў артыкул, у якім таксама прапанаваў тэрміналягічна аддзяляць летувісаў (польск. Letuwini з прыметнікам letuwski) ад гістарычных ліцьвінаў[32]. 18 сакавіка 1928 году гэтую прапанову абмяркоўвалі на паседжаньні Віленскага аддзелу Польскага гістарычнага таварыства, дзе Фэлікс Канечны выступіў зь лекцыяй «Этнаграфічная тэрміналёгія ў Вялікім Княстве Літоўскім»[33].

З 1990-х гадоў летувісы выступаюць супраць ужываньня ўласных саманазваў Летува і летувісы ў іншых мовах (хоць у выпадку іншых уласных імёнаў, зьвязаных зь Вялікім Княствам Літоўскім, яны ў тэкстах на іншых мовах, наадварот, выкарыстоўваюць летувіскія формы[34]), тым часам гэтая тэрміналёгія мае даўнюю традыцыю ў самой Летуве. Напрыклад, у 1928 годзе для шматлікай супольнасьці расейскіх старавераў, што жылі ў Летувіскай рэспубліцы, на заказ урадоўцаў зрабілі афіцыйны расейскі пераклад дзяржаўнага гімну, які пачынаўся словамі: рас. «Летува, отчизна наша...»[35].

Назва летувісы[36] пасьлядоўна ўжываецца па Другой сусьветнай вайне ў клясычнай моўнай норме Беларускай дыяспары[37] — у адрозьненьне ад наркамаўкі, дзе савецкія ўлады дазволілі толькі варыянт «літоўцы». Напрыклад, у тэкстах Аляксандра Надсана сустракаецца пераважна Летува, летувіскі, летувіс (а ў размове таксама жмудзін, Жмудзь). У 1960—1970-я гады ў часопісе «Божым шляхам» у многіх тэкстах ужываліся словы Летува, летувіскі (у Часлава Сіповіча, Льва Гарошкі). Тое ж назіралася ў мове беларускага друку Паўночнай Амэрыкі: у тэкстах Сяргея Хмары ўжываецца Летува ў апісаньні праекту летувіскай дзяржаўнасьці з сталіцай сьпярша ў Коўне, потым у Вільні. Газэта беларусаў ЗША «Беларус» ўжывае выняткова Летува. Словы Летува, летувіс і летувіскі фіксуюцца ў неапублікаваным «Беларуска-францускім слоўніку» Льва Гарошкі[38].

Як адзначаецца ў энцыкляпэдычным даведніку «Народная культура Беларусі» (пад рэдакцыяй доктара гістарычны навук Віктара Цітова), які выйшаў у 2002 годзе ў выдавецтве Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі: «Сучасныя Л. называюць сваю краіну Летувой, а сябе — летувісамі, і гэтыя назвы зьяўляюцца больш дакладнымі і гістарычна апраўданымі, чым „Літва“ і „літоўцы“, якія на працягу некалькіх вякоў ужываліся ў адносінах да Беларусі»[39].

Этнагенэз рэдагаваць

 
Мапа абшару з часткова летувіскамоўным насельніцтвам, большая частка якога азначаецца Жамойцю (ням. Samogitien), 1876 г.

Працэс фармаваньня летувіскай нацыі заняў дастаткова працяглы пэрыяд і адбываўся пад уплывам геаграфічна-кліматычных, сацыяльна-эканамічных, палітычных, царкоўна-рэлігійных фактараў, а таксама агульнаэўрапейскіх этнічных тэндэнцыяў. У навуцы няма адназначнасьці што да храналягічных і тэрытарыяльных рамак фармаваньня летувіскага народу.

 
Вокладка летувіскага выданьня 1904 году: «Пачытай, летувіс, якога крыўдзяць! Пяруне, божа, ня бі жамойта, а бі гуда, як сабаку рудога! (старажытная летувіская малітва)»

Паводле першай тэорыі, якой прытрымліваюцца асобныя сучасныя летувіскія аўтары, летувіскі этнас узьнік прыкладна ў VI—VII стагодзьдзях. У гэты час, на думку прыхільнікаў гэтай тэорыі, адбылося разгалінаваньне ўсходніх балтаў на летувісаў і латгалаў і адпаведна разгалінаванне летувіскай і латыскай моваў з аднаго кораня. Тэорыя сьцьвярджае, што месцам фармаваньня летувісаў была тэрыторыя паміж сярэдняй плыньню Нёмана, рэкамі Вяльлёй і Мерычанкай, адкуль летувісы пашыраліся на поўнач (да земгалаў і селаў) і на захад, асымілюючы мясцовае насельніцтва. Прыхільнікі гэтай тэорыі лічаць, што ў выніку колькаснага разрастаньня летувіскага этнасу адбылося разгалінаваньне родаплемянной структуры летувісаў у канцы I тысячагодзьдзя н. э. на плямёны «ўсходніх летувісаў» («уласна летувісаў» альбо «аўкштайтаў»), якія разьмяшчаліся ў тым ліку на землях Нальшанаў і Дзяволтвы, і «летувісаў-жамойтаў» або проста жамойтаў (на паўднёвых землях сучаснага летувіскага этнаграфічнага рэгіёну Жамойці), сфармаваных у выніку асыміляцыі летувіскімі перасяленцамі (на заходнім кірунку міграцыі) часткі куршаў і іншых заходнебалтыйскіх плямёнаў[40]. Паводле гэтай тэорыі, з утварэньнем Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) у сярэдзіне XIII—XV стагодзьдзяў адбывалася асыміляцыя летувісамі іншых балтыйскіх плямёнаў — паўднёвых частак селаў, земгалаў і куршаў, а таксама нейкіх частак яцьвягаў, скальваў і прусаў, што прывяло да чарговага дэмаграфічнага і тэрытарыяльнага разрастаньня летувіскага этнасу[41]. Па-за межамі ВКЛ у выніку міграцыі часткі летувіскага насельніцтва з тэрыторыі Жамойці і асыміляцыі летувісамі часткі балтыйскага насельніцтва (галоўным чынам, прусаў і скальваў) у Прусіі ў XVI ст. утварылася асобная этнічная група летувісаў — г.зв. летувінінкі[41].

 
Фрагмэнт мапы «Землі і народы Эўропы» нямецкага гісторыка Дытрыха Шэфэра (1916 г.), на якой абшар летувісаў мае подпіс «Schamaiten (Samogitien)»[h]
 
Легенда да мапы Д. Шэфэра, дзе летувісы азначаюцца жамойтамі[43]: «Litauer (Schamaiten, Schmuden

Паводле другой тэорыі, этнагенез летувіскага этнасу мае больш позьняе паходжаньне, прытым адмаўляецца этнічнае адзінства балтыйскіх плямёнаў літвы і жамойтаў у VI — першай палове XIII стагодзьдзяў. Прыхільнікі гэтай тэорыі лічаць, што ўтварэньне летувіскага этнасу пачалося толькі ў межах ВКЛ з другой паловы XIII ст. і стала вынікам кансалідацыі балтыйскіх плямёнаў літвы (на думку прыхільнікаў гэтай тэорыі, дала імя новаму этнасу), жамойтаў і частак селаў, земгалаў, куршаў, яцьвягаў, скальваў і прусаў[44].

Паводле трэцяй тэорыі, якой прытрымліваецца частка беларускіх навукоўцаў, сучасны летувіскі этнас узьнік у часы ВКЛ галоўным чынам на аснове балтыйскага племені жамойтаў[45][46], у склад якога ўвайшла пэўная частка іншых балтыйскіх плямёнаў (куршаў, прусаў, скальваў, яцьвягаў і інш.), у тым ліку балтыйскія плямёны нальшаны і дзяволтва — балтамоўныя жыхары паўночнай (балтыйскай) часткі ўласна Літвы[47], якая і дала новаму этнасу ў больш позьнія часы імя летувісы (афіц. літоўцы), а большая частка самога племені літвы на Віленшчыне славянізавалася ў часы ВКЛ[48].

 
Жамойць у этнаграфічных межах летувісаў, фрагмэнт мапы былой Рэчы Паспалітай, 1920 г.

Апошняя тэорыя знаходзіць пэўныя пацьверджаньні ў афіцыйных дакумэнтах і выданьнях Расейскай імпэрыі, зь якіх вынікае, што фармаваньне летувіскай нацыі адбывалася ў другой палове XIX ст. пры спрыяньні расейскіх уладаў. У 1861 годзе ў прадстаўленьні папячыцеля Віленскай навучальнай акругі Аляксандра Шырынскага-Шыхматава(ru) да генэрал-губэрнатара Ўладзімера Назімава(ru) адзначалася, што большасьць сельскага насельніцтва Ковенскай губэрні — жамойты, якія размаўляюць па-жамойцку, тым часам большасьць сельскага насельніцтва Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губэрніяў размаўляюць па-беларуску. Адпаведна, у народных вучэльнях дзеля першых прапаноўвалася выкладаць па-жамойцку, а дзеля другіх — толькі па-расейску. Тым часам летувісы (рас. литовцы) у гэтым афіцыйным дакумэнце Расейскай імпэрыі не ўпаміналіся:

  Так, у большай частцы Ковенскай губэрні, населенай жамойтамі, якія маюць сваю пісьменнасьць, хоць яшчэ і нязначную, але якая прадстаўляе ўжо для народу малітоўнікі, календары і некаторыя іншыя карысныя кнігі на жамойцкай мове, на якой народ слухае пропаведзі ў касьцёлах і спавядаецца ў гэтай губэрні, навучаньне ў пачатковых вучэльнях жамойцкай грамаце варта дазволіць, выкладаньне ж польскай мовы, на якой гавораць абшарнікі і чыноўнікі, у гэтыя вучэльні ня ўводзіць, пакінуўшы яе толькі ў гімназіях і прагімназіях. У губэрнях жа Віленскай, Гарадзенскай і Менскай вялікая частка сельскага насельніцтва размаўляе беларускай гаворкай, таму і народныя вучэльні ў гэтых мясцовасьцях маюць быць чыста расейскімі.  

—Корнилов И. П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьевскую эпоху. — С.-Петербург, 1901. С. 4—5.

 
Літва гістарычная і Летува («Літва этнаграфічная»). Рыга, 1920 г.

Як прызнае сучасны летувіскі гісторык Дарыюс Сталюнас(lt), «Хоць уласна тэрмін „літоўцы“ ўжываўся даволі часта, больш звыклымі для расейскай бюракратыі [у 1860-я гады] заставаліся іншыя паняцьці — „самагіцкае племя“, „жамойць“ або „жмудзіны“, „жамойцкі народ“, а мова — „жамоцкая“ або „самагіцкая“»[i][49].

У 1862 годзе ў прадстаўленьні Аляксандра Шырынскага-Шыхматава да кіраўніка Міністэрства народнай асьветы Расейскай імпэрыі Аляксандра Галаўніна(ru) адзначалася, што адной з мэтаў адкрыцьця школаў на Жамойці (пад якой найперш разумелася этнічна летувіская Ковенская губэрня) мусіць быць умацаваньне жамойцкай нацыянальнасьці зь бесьперапынным пераконваньнем тамтэйшых сялянаў, што яны жамойты і літоўцы (ліцьвіны) і што ўлады Расейскай імпэрыі жадаюць не абмаскаліць іх, а наблізіць іхныя інтарэсы да інтарэсаў Расеі:

  На Жамойці — умацаваньне жамойцкай нацыянальнасьці, зусім не варожай Расеі і ўраду ў ніжэйшых пластах насельніцтва, і бесьперапыннае ўнушэньне сялянам, што яны не палякі, а жамойты і літоўцы, і што Расея не жадае зусім абмаскаліць іх, а хоча толькі зблізіць іх інтарэсы з інтарэсамі дзяржавы.  

—Корнилов И. П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьевскую эпоху. — С.-Петербург, 1901. С. 22.

Францускі географ і гісторык Элізэ Рэклю(en) ў 5-м томе сваёй працы «Зямля і людзі» (1881 год) засьведчыў, што ў той час у Польшчы і Расеі ліцьвінамі ўсё яшчэ традыцыйна называлі беларусаў, тады як летувісаў — жамойтамі[50]:

  ...нават цяпер яшчэ ў Польшчы, як і ў Расеі, «ліцьвінамі» звычайна называюць беларускіх славянаў былой палітычнай Літвы, тады як літоўцам ва ўласным сэнсе[j] даюць назву «жамойтаў» альбо «жмудзінаў».  

—Реклю Э. Земля и люди. Т. 5, вып. 2. — СПб., 1883. С. 124.

Тым часам жамойцкі біскуп у Расейскай імпэрыі Мацей Валанчэўскі (Валанчус) (1801—1875) азначаў прускіх летувісаў (у г.зв. «Малой Летуве») як жамойтаў, якія «гавораць па-жамойцку, маюць жамойцкія кнігі і вывучаюць жамойцкую мову»[k][52]. А ў лічбе Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту за 1874 год зазначалася, што ў Прусіі ўсіх летувісаў, што жывуць у Расейскай імпэрыі, называюць жамойтамі[l]. У 1882 годзе нямецкі лінгвіст Адальбэрт Бэцэнбэргер, які лічыцца заснавальнікам балтыйскай філялёгіі, таксама пакінуў сьведчаньне, што летувісы ў Расейскай імпэрыі называлі прускіх летувісаў жамойтамі, а іх мову — жамойцкай, тым часам самі прускія летувісы называлі жамойтамі ўсіх расейскіх летувісаў[m][54]. У 1900 годзе на старонках прускага летувіскага часопісу Saulėteka(lt) зазначалася, што прускія летувісы звычайна называюць расейскіх летувісаў «жамойтамі» і лічаць гэтых жамойтаў такім жа чужым народам, як расейцаў або палякаў[n][56].

У навуковым выданьні «Акты, издаваемые Виленскою археографическою коммиссиею», выдадзеным у 1899 годзе, у прадмове зьмяшчаўся агляд аўтарам Ковенскае губэрні, якая займала тады ўсю тэрыторыю сучаснае Летувы на поўнач ад Коўны: «Ковенская губэрня ўся амаль заселеная карэннымі літоўцамі, якія край свой называюць Жмудзь, а сябе жмогусамі» (рас. «Ковенская губерния вся почти сплошь заселена коренными литовцами, которые страну свою называют Жмудь, а себя жмогусами»[57]). У 1893 годзе паведамлялася, што «...Жамойць, або, як яна сама сябе называе, «сьвятая Жамойць», засяляе шчыльнай масай мільёна ў два душ паўночную частку Віленскай губэрні і найбольшую частку Ковенскай і Сувалкаўскай» (рас. «...Жмудь, или, как она сама себя называет, «святая Жмудь», населяет плотной массой миллиона в два душ северную часть Виленской губернии и наибольшую часть Ковенской и Сувалкской»)[58]. А народжаны ў Смаленску географ Сяргей Меч(ru) адзначаў (у тым ліку на падставе ўласнай вандроўкі ў 1894 годзе), што ў басэйне Нёману беларусы называюць сябе ліцьвінамі, тым часам летувісаў «больш за ўсё ў Ковенскай і Віленскай губэрнях, дзе яны вядомыя пад імём жмудзінаў»[o][59].

Перапіс 1897 году засьведчыў дамінаваньне менавіта жамойцкай (а не летувіскай) самаідэнтыфікацыі сярод найменш уразьлівай да расейскай прапаганды (за іншыя малаадукаваныя станы) балтамоўнай «патомнай шляхты»[p] колішняга Вялікага Княства Літоўскага: калі жамойцкую мову як родную вызначыла 28 895 чалавек (9,38% ад усёй «патомнай шляхты» колішняга ВКЛ), то летувіскую — толькі 10 302 чалавекі (3,34%)[q][60][61].

Як прызнае летувіскі этноляг Пятрас Кальнюс(lt), у афіцыйных дакумэнтах Расейскай імпэрыі азначэньне жамойцкай мовы ў якасьці «літоўскай» (рас. «литовский язык») — як і само паняцьце «літоўскі народ» (рас. «литовский народ») датычна летувісаў Віленскай і Ковенскай губэрняў — пачало дамінаваць толькі ў 1890—1900-я гады[62].

Мова рэдагаваць

Асноўны артыкул: Летувіская мова

Нацыянальная мова летувісаў — летувіская (усходнебалтыйская падгрупа балтыйскай групы). Утварылася ў канцы XIX стагодзьдзя на базе гістарычнай жамойцкай мовы — архаічных гаворак ваколіцаў Коўна, Шаўляў і Клайпеды[63].

Глядзіце таксама рэдагаваць

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Пра даўнія этнакультурныя повязі сьведчыць падабенства пэўных элемэнтаў матэрыяльнай культуры, пласт беларусізмаў у летувіскай мове, а таксама пласт летувізмаў у беларускай
  2. ^ Гісторык Яўстах Іваноўскі(pl) ў 1861 годзе пісаў, што ліцьвіны ўжываюць наступныя назвы да жамойтаў: Zmogosy, Zmujdziaki, Żmudź, Żmudzin[15]. Беларускае слова «жмудзяк» з расейскім перакладам «жмудин, литвин» зафіксаваў «Беларуска-расійскі слоўнік Байкова і Некрашэвіча» 1925 году, а выдадзены ў 2014 годзе «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна» падае слова «жмудзяк» у значэньні «скупы чалавек, скнара»: «Такі ўжо жмут, такі жмудзяк, што зімой лёду не пазычыць». Мовазнаўца Ніна Мячкоўская адзначае дзьве даўнія беларускія прымаўкі пра летувісаў[16]: «на Жмойдзі і куры людзі»[17] і «жмойда жмецца, а ня дасьць»[18]. Тым часам у беларускіх гаворках захавалася слова «жмодзь» — 'саранча, навала', якое паводле Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі, відаць, ёсьць пераасэнсаваньнем старой назвы групы плямёнаў — жамойць — вядомым і ў іншых выпадках (напрыклад, барбары)[19]. Летувіская мовазнаўца Юраце Лаўчуце(lt) ў сваім «Слоўніку балтызмаў у славянскіх мовах» (1982 год) зьвязвае з этнонімам «жамойць» беларускае слова «жмойдзь» — 'шматлікая сям'я з малалетніх, якія задарма ядуць хлеб; увогуле вялікая колькасьць дармаемаў' і параўноўвае яго з словам «жэмяць» — 'малеча, драбяза'[20]. Таксама, відаць, зьвязаны з жамойтамі выраз «жэмаць пузатая» — 'малыя дзеці' — ёсьць у лексыконе аўсюкоўскай гаворкі (Расонскі раён)[21]
  3. ^ рас. «...понапрасну одну часть этого народа называют Литвою, тогда как другой оставляют общее и настоящее название всего народа, Жмудь. Обе они — та же Жмудь. Слово Литва <...> принадлежит столько же и еще более славянской части прежнего литовского господарства. <...> Если жители чудской части отзываются, что они — Литува <...>, это по-мне значит только, что они употребляют на свой личный счет общее политическое название господарства, а не свое племенное название. <...>. Латыши, или Леты, чудские люди одного корня с литовскою Чудью, не называют себя Литвою; следовательно, и сестра их, литовская Чудь, этнографически, не имеет права на это название. Вся она — Жемогусы, Жемоги или Жемоди, Семоги или Семоди, откуда произошли слова Жмудь и Самогиция. Латыши также называют себя Земме, Семме, а это значит только «своя земля» подобно тому, как Сома или Суома, «своя земля» Финляндия и Суомалайне, «люди своей земли», Финны, или Финляндцы. Жемогус или жмогус значит — человек. Они просто — человеки, а не литовцы»
  4. ^ У 218-м томе (1881 год) афіцыйнага часопіса Міністэрства народнай асьветы Расейскай імпэрыі зазначалася[23], што «...назвы «Жмудзіны» і «Літвіны» (Літоўцы) у лінгвістычна-этнаграфічным сэнсе далёка не супадаюць зь іх гістарычным значэньнем і зь іх папулярным ужываньнем у цяперашні час. Шмат хто называе «Жмудзінамі» ўсіх сапраўдных Літоўцаў, у супрацьлегласьць «Літвінаў», гэта значыць людзям не літоўскага, але славянскага этнаграфічнага паходжаньня, якія жывуць у Літве, альбо ў супрацьлегласьць «літвінаў» як наогул жыхарам гістарычнай Літвы без адрозьненьня іх паходжаньня. Пры такім поглядзе замест назвы «літоўская мова» ўжываюць «жамойцкая мова»» (рас. ...названия «Жмудины» и «Литвины» (Литовцы) в лингвистико-этнографическом смысле далеко не совпадают с их историческим значением и с их популярным употреблением в настоящее время. Многие называют «Жмудинами» всех настоящих Литовцев, в противоположность «Литвинам», то есть людям не литовского, но славянского этнографического происхождения, живущим в Литве, или же в противоположность «Литвинам» как вообще жителям исторической Литвы без различия их происхождения. При таком взгляде вместо названия «литовский язык» употребляют «язык жмудский»)
  5. ^ Напрыклад, рас. «Славяне заняли часть земли, принадлежавшей древним Летувам, или Литве, в нынешней Пруссии, и часть Вендов даже смешалась с Летувами»
  6. ^ польск. «Między wyrazem Estji, a Letuwis i Welta, zdają mi się nadto wielkie różnice ażeby jich pojednać. Położenie niezmienne Estji nad Wisłą, a Letuwis za Niemnem, od tego pojednania wstrzymuje: chyba własne Prusaków nazwanie było do Estów podobne, wszakże tego niewiemy»
  7. ^ польск. «Ruch narodowy litewski zgłosił się do dziedzictwa po Wielkim Księstwie Litewskim. <...> Nawet nie mieliśmy dla nich nazwy. „Litwini — mówił pan Michał Juchniewicz — to Jagiełło, Chodkiewicz, Mickiewicz, Piłsudski i ja, a wy to Lietuvisy“»
  8. ^ Яшчэ ў 1943 годзе барон Ойген фон Энгельгардт у сваёй фундамэнтальнай манаграфіі «Weissruthenien. Volk und Land», выдадзенай у Вене, адзначаў, што Жамойць і жамойты — гэта асноўная зямля і асноўнае племя летувісаў (ням. «das Kernland und den Kernstamm der Litauer, die Shamaiten»)[42]
  9. ^ рас. «Хотя собственно термин „литовцы“ употреблялся довольно часто, более привычными для российской бюрократии оставались другие понятия — „самогитское племя“, „жмудь“ или „жмудины“, „жмудский народ“, а язык — „жмудский“ или „самогитский“»
  10. ^ Тут — у сэнсе «летувісы»: сам аўтар ужо лічыць слушным у этнаграфічным пляне атаясамліваць ліцьвінаў зь летувісамі
  11. ^ лет. «...daug yra žemaičių katalikų, kurie tačiau gyvena dailiai, šneka žemaitiškai, turi knygų, mokos rašto žemaitiško»[51]
  12. ^ рас. «В Пруссии называют Жемайтами всех Литовцев, живущих в России, хотя, собственно говоря, Жемайты (Жмудь) составляют только часть их»[53]
  13. ^ ням. «Der gemeine russische Litauer aber versteht unter Žemaiten alle diejenigen seiner landsleute, welche über seinen horizont hinaus nach westen wohnen. So erklärte zum biespiel ein Litauer, mit dem ich mich in Birsen über seine muttersprache unterhielt, das preussische süd-Litauisch, das ich damals sprach, für žemaitisch. Umgekehrt nenuen die preussischen Litauer alle jenseits der grenze wohnenden Litauer „Žemaiten“»
  14. ^ лет. «Kas pažįsta arčiaus prūsų pusės lietuvius, tas gerai mato, kad maskoliškoji Lietuva su savo gyventojais yra visai nepažįstama jiems šalis; jie jos ir nenori pažinti, nelaikydami tų, kaip jie vadina «Žemaičių», ne per savo viengenčius; jų akyse žemaitis, tai tiek, ką maskolius ar lenkas»[55]
  15. ^ рас. «…белорусы (которые зовут себя… литвинами) <…> всего больше литовцев в Ковенской и Виленской губерниях, где они известны под именем жмудин»
  16. ^ У гэты стан трапілі толькі прызнаныя ўладамі Расейскай імпэрыі рас. «потомственные дворяне» — звычайна найбольш заможная частка шляхты колішняга ВКЛ
  17. ^ Тым часам сярод сялянаў, наадварот, расейскі перапіс сьцьвярджаў дамінаваньне летувіскай самаідэнтыфікацыі: 1 121 735 чалавек (13,99% ад усяго насельніцтва колішняга ВКЛ) з роднай летувіскай мовай супраць 385 269 чалавек (4,81%) з роднай жамойцкай мовай

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Ethnicity, mother tongue and religion (анг.) — зьвесткі перапісу 2011 году. Праверана 13 красавіка 2016 г.
  2. ^ American FactFinder - Results (анг.)
  3. ^ Lithuania in the World // Lithuanian Airlines. — Vilnius: 1996. — Vol. 4 (3).
  4. ^ Eliane Sebeika Rapchan e seus descendentes reflexões sobre a identidade nacional numa comunidade de imigrantes(недаступная спасылка) (парт.)
  5. ^ The number and percentage of the non-UK born population by world region and the top ten countries within each world region // 2011 Census Analysis: Ethnicity and Religion of the Non-UK Born Population in England and Wales. — С. 21.
  6. ^ 2011 National Household Survey: Data tables | Ethnic Origin (264), Single and Multiple Ethnic Origin Responses (3), Generation Status (4), Age Groups (10) and Sex (3) for the Population in Private Households of Canada, Provinces, Territories, Census Metropolitan Areas and Census Agglomerations, 2011 National Household Survey
  7. ^ Федеральное агентство по делам национальностей (рас.) Праверана 13 красавіка 2016 г.
  8. ^ Profiles of nationalities. — 2006. — P. 32.
  9. ^ Население по национальности и родному языку (рас.) Перепись населения Республики Беларусь 2009 года. Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (12.08.2010).
  10. ^ Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 432.
  11. ^ Ермаловіч М. Ці праўда, што літоўцы заваёўвалі Беларусь? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 11.
  12. ^ Беларусы: У 13 т.  Т. 4. — Менск, 2001. С. 95—96.
  13. ^ Свяжынскі У. Літоўская мова // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 209.
  14. ^ а б Беларусы: У 13 т.  Т. 4. — Менск, 2001. С. 95—96.
  15. ^ Iwanowski E. (Eu…… Heleniusz) Wspomnienia narodowe. — Paryż, 1861. S. 491.
  16. ^ Мечковская Н. Национально-культурные оппозиции в ментальности белорусов (на материале белорусских паремий и фразеологизмов с этнолигвонимами и топонимами) // Встречи этнических культур в зеркале языка в сопоставительном лингвокультурном аспекте. — М., 2002. С. 228.
  17. ^ Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 4. — Warszawa, 1935. S. 364.
  18. ^ Беларуская Народная Творчасць. Выслоўі / [Склад., сістэматызацыя тэкстаў, уступ, артыкул і камент. М. Грынблата. Рэд. тома А. Фядосік]. — Менск: Навука і тэхніка, 1979. С. 253.
  19. ^ Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 3. — Мн., 1985. С. 231.
  20. ^ Лаучюте Ю. А. Словарь балтизмов в славянских языках / Отв. ред. чл.-корр. АН СССР А. В. Десницкая; Институт языкознания АН СССР. — Л.: Наука. Ленингр. отд-ние, 1982. С. 54.
  21. ^ З лексікону аўсюкоўскай гаворкі, ARCHE Пачатак, 7 лютага 2014 г.
  22. ^ Библиотека для чтения. Том 123, 1854. С. 28—29.
  23. ^ Журнал Министерства народного просвещения. Том 218 (1881). С. 299.
  24. ^ Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы. — Менск, 2016. С. 10.
  25. ^ Грыб Тамаш. На два франты // Спадчына. № 4, 1995. С. 80—120.
  26. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 31.
  27. ^ Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // З гісторыяй на «Вы». Вып. 2. — Менск, 1994. С. 237.
  28. ^ Булгарин Ф. Россия в историческом, статистическом, географическом и литературном отношениях. — СПб., 1837. С. 135.
  29. ^ Lelewel J. Wzmianka o naydawnieyszych Dziejopisach Polskich. — Warszawa, 1809. S. 43.
  30. ^ Janowski L. Litwa i Polska. — Lausanne, 1916. S. 5.
  31. ^ Meysztowicz W. Gawędy o czasach i ludziach. — Londyn — Łomianki, 2008. S. 26—27.
  32. ^ Koneczny F. Letuwa a Litwa // Przegląd Powszechny. Nr. 463, 1922. S. 41.
  33. ^ Ateneum Wilenskie. Z. 14, 1928. S. 215.
  34. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 349.
  35. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 33.
  36. ^ Польска-беларускі слоўнік / Słownik polsko-białoruski. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2004. ISBN 985-11-0307-1. — С. 280.
  37. ^ Гарбацкі Ў. У тарашкевіцы не абыйсьціся бяз слова «Летува», ARCHE: электронная газэта, 9 сакавіка 2020 г.
  38. ^ Санько З. І ўсё ж — Літва ці Летува?, Радыё Свабода, 2 сакавіка 2020 г.
  39. ^ Народная культура Беларусі: энцыклапедычны даведнік / пад рэдакцыяй В. Цітова. — Менск: БелЭн, 2002. С. 222.
  40. ^ Гудавичюс Э. История Литвы. Т. 1. — Москва, 2005. С. 23—24.
  41. ^ а б Литва. Краткая энциклопедия. — Вильнюс, 1989. С. 385.
  42. ^ Engelhardt E. Weissruthenien. Volk und Land. — Wien, 1943. S. 38.
  43. ^ Остапенко А. В. Етнічні фактори у процесах формування білоруського народу та нації : автореф. дис. … д-ра іст. наук : [спец.] 07.00.05 «Етнологія» / Остапенко Анатолій Володимирович ; Київський нац. ун-т ім. Тараса Шевченка. — Захищена 26.04.2021. — Київ, 2021. С. 139—140.
  44. ^ Унуковіч Ю. Літоўцы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 212.
  45. ^ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998. С. 157.
  46. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 32, 102.
  47. ^ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998. С. 153—154.
  48. ^ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998. С. 118, 133.
  49. ^ Сталюнас Д. Идентификация, язык и алфавит литовцев в российской национальной политике 1860-х годов // Ab imperio. № 2, 2005. С. 225—254.
  50. ^ Reclus E. The universal geography: earth and its inhabitants. Vol. 5. — London, 1881. P. 256.
  51. ^ Valančius M. Maskoliams katalikus persekiojant. — Kaunas, 1929. P. 76—77.
  52. ^ Pocytė S. Mažosios ir Didžiosios Lietuvos integracijos problema XIX a. — XX a. pradžioje // Sociologija. Mintis ir veiksmas. Nr. 1—2, 2001. P. 78—79.
  53. ^ Отчет о состояниях и действиях Императорского Московского университета за 1874 год. — Москва, 1875. С. 14.
  54. ^ Bezzenberger A. Litauische Forschungen: Beiträge zur Kenntniss der Sprache und des Volkstumes der Litauer. — Göttingen, 1882. S. 38.
  55. ^ K-o šešėlis. Patėmyjimai iš šalies // Saulėteka. Nr. 7, 1900. P. 191.
  56. ^ Pocytė S. Mažosios ir Didžiosios Lietuvos integracijos problema XIX a. — XX a. pradžioje // Sociologija. Mintis ir veiksmas. Nr. 1—2, 2001. P. 80.
  57. ^ Акты, издаваемые Виленскою археографическою коммиссиею // Акты Упитского гродского суда. — Вильна, 1899. С. XXIX.
  58. ^ Русское обозрение. Т. 4, 1893. С. 414.
  59. ^ Меч С. Россия. Географический сборник для чтения в семье и школе. Изд. 11. — Москва, 1910. С. 97.
  60. ^ Табліца з вынікамі перапісу 1897 году для колішняга Вялікага Княства Літоўскага
  61. ^ Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 года / Изд. Центр. Стат. комитетом М-ва вн. дел; Под ред. Н. А. Тройницкого. — [СПб.], 1897—1905.
  62. ^ Kalnius P. Žemaičių etniškumo sampratos XIX a. šaltiniuose. 2. Nuo žemaičių kultūrinio sąjūdžio iki XIX a. pab // Liaudies kultūra. 2 (131), 2010. P. 22.
  63. ^ Свяжынскі У. Літоўская мова // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 209.

Літаратура рэдагаваць