Народны сакратарыят БНР

Беларускі Народны Сакратарыят — орган выканаўчай улады, створаны ў Менску Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага зьезду. Стварэньне Сакратарыяту было абвешчана ў Першай устаўнай грамаце да народаў Беларусі. Народны Сакратарыят быў утвораны 20 лютага 1918 году, сфармаваны і прыступіў да выкананьня абавязкаў 21 лютага[1]. У складзе Народнага Сакратарыяту былі дванаццаць пасад, раўназначных пасадзе міністра, называліся народны сакратар. Акрамя іх у складзе Народнага Сакратарыяту былі двое самастойных упаўнаважаных[2]. У склад сакратарыяту ўвайшлі пераважна сябры БСГ. Казначэем быў Васіль Захарка.

Неаднаразова выступаў з нотамі пратэсту супраць акупацыйнай палітыкі Нямецкай імпэрыі на беларускіх землях. У іх гаварылася, што акупацыя кайзэраўцаў «пазбавіла Беларускі ўрад магчымасьці стварыць неабходную ўзброеную сілу для адстойваньня недатыкальнасьці сваёй тэрыторыі». У сваіх заявах кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі зьвяртала ўвагу на тое, што «немцы вялі палітыку загульваньня з бальшавікамі, перашкаджаючы стварэньню і разьвіцьцю дзяржаўных структураў»[3].

Гісторыя

рэдагаваць

Магчымасьць скліканьня такога органу зьявілася пасьля эвакуацыі Аблвыканкамзаху ў ноч на 19 лютага 1918 году, пасьля пераходу ў наступленьне нямецкага войска. Сакратарыят абвясьціў сябе вярхоўнай уладай у краі да «скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сходу Беларусі». Сядзіба Народнага Сакратарыяту знаходзілася ў Доме губэрнатара (Менск, пл. Свабоды, 9). Пасьля абвяшчэньня Першай Устаўной граматы Народны Сакратарыят у якасьці часовай улады быў падтрыманы Менскай гарадзкой думай[2]. 20 лютага заснаваная грамадзка-палітычная газэта «Белорусская земля», якая выдавалася па-расейску і друкавала рашэньні Беларускага Народнага Сакратарыяту, у тым ліку Ўстаўную грамату да народаў Беларусі (Першую).

Сакратарыят быў першым урадам БНР і, фактычна, першым уласна беларускім урадам, аднак ён ня быў фармальна прызнаны як паўнамоцны орган ані савецкай уладай у Маскве, ані нямецкай акупацыйнай уладай. 25 лютага 1918 году ўладу ў Менску ўзялі нямецкія войскі, яны выгналі Народныя Сакратарыят зь ягонай сядзібы і канфіскавалі грашовыя сродкі. 28 лютага дзейнасьць Народнага Сакратарыяту ў якасьці беларускага нацыянальнага прадстаўніцтва дазволеная Нямецкай вайсковай адміністрацыяй[4]. Паводле Другой Устаўной граматы, Народны Сакратарыят Беларусі вызначаўся органам выканаўчай і адміністрацыйнай улады, ён вылучаўся і быў адказны перад Радай Усебеларускага зьезду (пазьней перайменаванай у Раду БНР). Па ініцыятыве Народнага Сакратарыяту мог быць скліканы надзвычайны сход Рады[5]. 19 сакавіка Народны сакратарыят перамясьціўся ў новы будынак па адрасе вул. Захар’еўская, 43 (Дом Маліна), дзе арандаваў памяшканьне на трэцім паверсе[6]. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці БНР немцы разагналі Раду БНР і Народны Сакратарыят БНР. У наступныя дні беларускім дзеячам удалося дамовіцца зь нямецкай адміністрацыяй пра аднаўленьне дзейнасьці Рады БНР, але ў кампэтэнцыю Народнага Сакаратарыяту цяпер былі перададзеныя толькі народная асьвета, культура і сацыяльная апека. Адначасова абвяшчэньне незалежнасьці прывяло да спыненьня падтрымкі Народнага Сакратарыяту з боку расейскіх саыялістаў-рэвалюцыянэраў[7]. У апазыцыі да Народнага сакратарыяту Беларусі знаходзілася па-прагерманску настроеная група правых палітычных дзеячаў, якія гуртаваліся ў Менскім беларускім прадсаўніцтве[1].

У пачатку мая сацыялісты-рэвалюцыянэры Бадунова, Грыб, Заяц і сацыял-дэмакрат Смоліч выйшлі са складу Народнага сакратарыяту Беларусі. Быў створаны другі ўрад БНР, які больш вядомы як Рада пяцёх. У маі правыя сябры Рады БНР стварылі Народны сакратарыят Беларусі, альтэрнатыўны Радзе пяцёх пад старшынствам Рамана Скірмунта. Народным сакратаром унутраных спраў стаў генэрал Кіпрыян Кандратовіч, казначэм — менскі гарадзкі галава Станіслаў Хржанстоўскі[8] (у чэрвені гэтую пасаду заняў Тодар Вернікоўскі). Іншымі сябрамі ўраду сталі Павал Аляксюк і Радаслаў Астроўскі. Трэці ўрад працаваў да чэрвеня. Левыя і правыя дасягнулі паразуменьня, пасьля чаго быў створаны чацьвёрты Народны сакратарыят Беларусі, у склад якога ўвайшлі сябры БПС-Ф і БПС-Р. Старшынём стаў Ян Серада, сябрам — Захарка, вярнуўся Заяц. Пасаду народнага сакратара гандлю і прамысловасьці заняў Вернікоўскі[1].

11 кастрычніка 1918 году перайменаваны ў Раду народных міністраў БНР.

Першы Старшыня — Язэп Варонка, зь ліпеня 1918 — Раман Скірмунт (кабінэт ня быў сфармаваны), з 22 ліпеня — Ян Серада, з кастрычніка 1918 — Антон Луцкевіч.

Склад Сакратарыяту на 10(23).2.1918
  НС замежных справаў Язэп Варонка (1891—1952) БСГ, цэнтар
НС унутраных справаў Іван Макрэеў ПС-Р, украінец
  НС асьветы Аркадзь Смоліч (1891—1938) БСГ, правы
  НС юстыцыі Яфім Бялевіч (1888—1942) ПС-Р, левы
  НС народнай гаспадаркі Ян Серада (1879—1943(?)) БСГ
НС шляхоў зносін Віктар Рэдзька ПС-Р
НС фінансаў Гелій Белкінд ПС-Р, жыд
  НС сацыяльнай апекі Палута Бадунова (1885—1938) БСГ, левая, «бястужаўка»
НС вялікарускіх справаў Павал Злобін (1882—1930) ПС-Р, правы, расеец
НС пошты і тэлеграфу Аляксандар Карабач (Карач) (1878 — пасьля 1924) БСГ, цэнтар
  НС кантролю Пётра Крачэўскі (1879—1928) БСГ, цэнтар
  НС земляробства Тамаш Грыб (1895—1938) БСГ, левы
  НС вайсковых справаў Кастусь Езавітаў (1893—1946) БСГ
НС яўр. спраў[1] Майсей Гутман жыдоўская партыя С. С. і Е. С.
  Кіраўнік справамі Лявон Заяц (1890—1935) народны сацыяліст

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в г Сідарэвіч, А. Народны сакратарыят Беларусі // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 179.
  2. ^ а б Міхалюк 2015. С. 197.
  3. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 354.
  4. ^ Міхалюк 2015. С. 198.
  5. ^ Міхалюк 2015. С. 203.
  6. ^ Мазец В. Тут абвешчана незалежнасць // Навіны Беларускай акадэміі. — 1993. — № 18 (697).
  7. ^ Міхалюк 2015. С. 204.
  8. ^ Шупа, С. (27 лютага 2018) Падарожжа ў БНР (8). Раман Скірмунт ідзе ў прэм'еры. Радыё Свабода.

Літаратура

рэдагаваць