Наваградзкае ваяводзтва
Навагра́дзкае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Вялікім Княстве Літоўскім. Плошча 36 920 км²[1]. Сталіца — места Наваградак. Найбольшыя месты: Ваўкавыск, Слонім, Слуцак, Клецак і Нясьвіж
Наваградзкае ваяводзтва | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага |
Адміністрацыйны цэнтар | Наваградак |
Дата ўтварэньня | 1507 |
Дата скасаваньня | 1795 |
Ваяводы | Ваяводы наваградзкія |
Кашталяны | Кашталяны наваградзкія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 36 920 км² |
Час існаваньня | 1507—1795 |
Месцазнаходжаньне Наваградзкаага ваяводзтва | |
![]() | |
![]() |
СымболікаРэдагаваць
Сьпярша герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «срэбны крыж у чырвоным полі»[2]; пазьней — «чорны анёл у чырвоным полі»[3], паводле іншых зьвестак — «белая Пагоня ў чырвоным полі»[4]. Імаверна, герб складаўся зь дзьвюх тарчаў: на адной быў чорны анёл у чырвоным полі з раскінутымі крыламі, што трымаў адну руку ўнізе, а іншай абапіраўся ў бокі; на другой — Пагоня[5].
Ваяводзкая харугва была чырвонага колеру з выяваю гербу ў цэнтры.
ГісторыяРэдагаваць
Утварылася ў 1507 шляхам вылучэньня зь Віленскага ваяводзтва на аснове Наваградзкага намесьніцтва (колішняга Наваградзкага княства). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) утварылася наноў, складалася з Ваўкавыскага, Наваградзкага і Слонімскага паветаў (дагэтуль тэрыторыя ваяводзтва фактычна адпавядала Наваградзкаму павету).
У 1791 паводле Канстытуцыі Рэчы Паспалітай Слуцкае княства пераўтварылася ў Случарэцкі павет[6].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) да Расейскай імпэрыі адыйшла ўсходняя частка ваяводзтва. Таго ж року ўтварыўся Сталавіцкі павет[7].
У 1795 у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя ваяводзтва апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі.
ДэмаграфіяРэдагаваць
У сяр. XVII ст. налічвала 62,4 тыс. дымоў (каля 375 тысячаў жыхароў)[1].
Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 437 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 279 тыс. чал.[8]
ГеаграфіяРэдагаваць
На поўначы межавала зь Віленскім і Менскім ваяводзтвамі, на ўсходзе — з Мазырскім і Рэчыцкім паветамі Менскага ваяводзтва, на поўдні — зь Пінскім паветам Берасьцейскага ваяводзтва, на захадзе — з Гарадзенскім паветам Троцкага ваяводзтва[4].
- Наваградчына на старых мапах
Наваградзкае і Берасьцейскае ваяводзтвы (Парыж, 1665)
Менскае і Наваградзкае ваяводзтвы (2-я палова XVIII ст.)
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзелРэдагаваць
Ваяводзтва падзялялася на тры паветы: Наваградзкі, Ваўкавыскі, Слонімскі. Асобнай часткай Наваградзкага павету гістарычна выступала Слуцкае княства.
Назва | Цэнтар | Плошча, тыс. км² |
Староствы |
---|---|---|---|
Наваградзкі павет | Наваградак | 24,5 | Наваградзкае (гродавае) Клецкае |
Ваўкавыскі павет | Ваўкавыск | 4 | Ваўкавыскае (гродавае) Воўпенскае Жыліцкае Мсьцібаўскае Ялаўскае |
Слонімскі павет | Слонім | 8,5 | Слонімскае (гродавае) Зьдзітаўскае Сакалоўскае |
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Наваградку. У павятовых цэнтрах месьціліся падкаморскія, земскія і гродзкія суды, праходзілі павятовыя соймікі.
Наваградзкая, ваўкавыская і слонімская шляхта абірала шасьцёх паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама шасьцёх дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
УраднікіРэдагаваць
- Асноўныя артыкулы: ваяводы наваградзкія і кашталяны наваградзкія
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Наваградзкае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. За ўвесь час свайго існаваньня ваяводзтва мела 30 ваяводаў і 19 кашталянаў[4].
Ваяводзкі мундзір складаўся з пунсовага кунтуша і чорнага жупана і адваротаў[5].
ЗаўвагіРэдагаваць
КрыніцыРэдагаваць
- ^ а б Гайба М. Новагародскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 359.
- ^ Гербы белорусских воеводств в Великом княжестве Литовском. HERALDICUM. Праверана 1 студзеня 2012 г.
- ^ Пякарскі А. Наваградскія гербы // «Спадчына» №5, 1993.
- ^ а б в Jelski A. Województwo nowogródzkie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 340.
- ^ а б Żmigrodzki J. Nowogródek i okolice. — Nowogródek, 1931.
- ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 39.
- ^ Гайба М. Навагрудскае ваяводства // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 257.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
ЛітаратураРэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.