Маскоўская дзяржава

былая дзяржава

Маско́ўская дзяржа́ва, Маско́ўскае ца́рства (рас. Московское государство, Российское царство) — фэўдальная шматнацыянальная дзяржава, якая ўтварылася ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў у выніку далучэньня або захопу Маскоўскім княствам ардынскіх (Казанскага, Астраханскага і іншых ханстваў) і рускіх земляў (Цьвярскога княства, Наўгародзкай і Пскоўскай рэспублік і іншых).

Маскоўская дзяржава
Московское государьство

канец XV стагодзьдзя—1721
Сьцяг Маскоўскай дзяржавы Герб Маскоўскай дзяржавы
Сьцяг Герб
Месцазнаходжаньне Маскоўскай дзяржавы
Афіцыйная мова Расейская мова
Сталіца Масква
Форма кіраваньня Абсалютная манархія
Валюта Рубель

Тэрыторыя Маскоўскай дзяржавы ў канцы XVI ст. складала каля 5,5 млн км²: на поўначы даходзіла да Баранцава і Белага мораў, на паўночным усходзе ўлучала Урал, на паўночным захадзе гранічыла з Нарвэгіяй, Швэцыяй і Інфлянцкім ордэнам, на захадзе і паўднёвым захадзе — зь Вялікім Княствам Літоўскім, на поўдні ня мела акрэсьленых межаў. Насельніцтва каля 9—10 мільёнаў чал. Поруч з маскавітамі таксама жылі лапары, ханты, комі, удмурты, татары, мары, чувашы, мардва, карэлы і іншыя. У ходзе захопніцкіх войнаў зь Вялікім Княствам Літоўскім маскоўскія акупанты неаднойчы гвалтоўна вывозілі да сябе значныя групы літвінаў (беларусаў). Літоўскія перасяленцы зрабілі вялікі ўнёсак у разьвіцьцё тамтэйшага рамяства і духоўнай культуры.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Арыгінальны абрад Маскоўскай царквы «Шествие на осляти», 1654 г.

У змаганьні за палітычнае першынства паміж Маскоўскім і Цьвярскім княствам перамагла Масква[1]. За Іванам III Васілевічам (1462—1505) да яе далучылі Яраслаўскае (1463), Растоўскае (1474), Цьвярское (1485) княствы, Наўгародзкую рэспубліку (1478), Вяцкую (1489), часткова Разанскую землі.

У 1448 годзе ўтварылася незалежная Маскоўская царква (упершыню значыцца пад назвай рас. «Церковь Московская» у дакумэнце Маскоўскага сабору 1459 году[2]), што стала вынікам самавольнага выхаду Маскоўскай мітраполіі з-пад юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. За гэта праваслаўныя цэрквы перасталі лічыць яе кананічнай і вызначылі як схізму. Кананічная ізаляцыя Маскоўскай царквы працягвалася 141 год. Па захопе Асманскай імпэрыяй Канстантынопалю ў 1453 годзе і гібелі апошняга бізайтыйскага імпэратара гаспадары Маскоўскай дзяржавы заявілі пра свае прэтэнзіі на ролю «трэцяга Рыму». Яны пачалі абвяшчаць сябе спадкаемцамі Бізантыі і выратавальнікамі хрысьціянаў ад усіх «паганых» і «раскольнікаў», а таксама з дамапогай Маскоўскай царквы пашыраць байкі пра сваё паходжаньне ад імпэратара Аўгуста. У дзяржаўных дакумэнтах заяўлялася[3]:

  Два Рима пало, а Москва третий есть, а четвертому не быти  

У выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1492—1494 і 1500—1503 гадоў Масква захапіла шэраг тэрыторыяў зь местамі Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Любеч, Гомель, Старадуб, Мцэнск, Бельск і інш. За Васілём III Іванавічам (1505—1533) яна ўлучыла Пскоўскую рэспубліку (1510), Разанскую зямлю (1521) і іншыя. У выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1507—1508 і 1512—1522 гадоў Масква захапіла места Смаленск і іншыя землі. На службу да маскоўскага гаспадара перайшлі зь Літвы князі Вяземскія, Глінснія, Мажайскія і іншыя. 3 шляхты Вялікага Княства Літоўскага, якая трапіла ў Маскоўскую дзяржаву, утварыўся служылы пласт — літва дваровая.

 
Укосны васьміканцовы крыж — сымбаль РПЦ[4] — на гербе Аляксея Міхайлавіча ў час Патопу Вялікага Княства Літоўскага, 1661—1662 гг.

За часамі рэгенцтва Алены Глінскай (1533—1538) пры малалетнім Іване Тыране (1533—1584) адбылося скасаваньне ўдзелаў. У 1547 годзе Івана каранавалі як «цара». У 1550-я гады ён далучыў Казанскае і Астраханскае ханствы, у залежнасьць ад Масквы трапілі Вялікая Нагайская арда і Сыбірскае ханства, пачалося засваеньне маскавітамі Сыбіры. Іван Тыран распачаў Інфлянцкую вайну (1558—1582), у выніку якой Масква страціла некаторыя паўноўчна-заходнія землі.

Па ўзыходжаньні на сталец Фёдара Іванавіча (1584—1598), апошняга з дынастыі Рурыкавічаў, у Маскоўская дзяржаве надыйшоў г. зв. Смутны час. Адметнасьцю панаваньня Барыса Гадунова (1598—1605), Дзьмітрыя-Самазванца I (1606) і Васіля Шуйскага (1606—1612) былі вострыя сацыяльныя канфлікты і палітычная нестабільнасьць[5]. Вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўская дзяржавай (1609—1618), якая мела на мэце вярнуць Смаленск і іншыя месты, падтрымаць прэтэндэнта на маскоўскі сталец Дзьмітрыя-Самазванца I, з 1610 вялася, каб забясьпечыць гэты сталец за абвешчаным царом Уладзіславам Жыгімонтавічам. У 1613 годзе на маскоўскі сталец абралі Міхаіла Фёдаравіча (1613—1645), першага гаспадара з дынастыі Раманавых. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1632—1634 скончылася для Масквы няўдала.

3 пачаткам панаваньня Аляксея Міхайлавіча (1645—1676) маскоўскі ўрад узяў курс на захоп сучасных беларускіх і ўкраінскіх зямель. Вайна з Рэччу Паспалітай (1654—1667) мела для Вялікага Княства Літоўскага катастрафічны характар і скончылася стратай Смаленшчыны, Севершчыны і Левабярэжнай Украіны. Маскоўскія войскі адзначыліся разбурэньнем і спусташэньнем шматлікіх местаў і мястэчак, а таксама вынішчэньнем і паланеньнем насельніцтва. Напрыклад, у выніку ўчыненай 22 ліпеня 1654 году Трубяцкой разьні акупанты забілі амаль усіх жыхароў Амсьціслава[6][7], які быў сталіцай аднаго зь дзевяці ваяводзтваў краіны. Аднак часьцей галоўнай мэтай быў захоп у палон мясцовых жыхароў і вываз іх у Масковію. Аляксей Міхайлавіч плянаваў перасяліць на свае землі 300 тысячаў беларусаў. Кожны маскоўскі абшарнік мог прыехаць у Вялікае Княства Літоўскае і купіць хоць-якую колькасьць палонных[8]. Разам з тым гэтая вайна выклікала ў Маскоўскай дзяржаве рэзкае пагаршэньне сацыяльна-эканамічнага становішча (сялянская вайна 1670—1671 на чале з Разіным, шматлікія паўстаньні, у тым ліку ў Маскве)[9].

Адметнасьцю панаваньня Фёдара Аляксеевіча (1676—1682), Соф’і Аляксееўны (1682—1689), Івана V Аляксеевіча (1682—1696), Пятра I (1682—1725) было павелічэньне намаганьняў атрымаць выхад да Чорнага мора, спыніць агрэсіўную палітыку Крымскага ханства і Асманскай імпэрыі. Па сканчэньні Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721), у выніку якой да Маскоўскай дзяржавы адыйшлі землі Балтыі, адбылося абвяшчэньне Расейскай імпэрыі (1721).

Дзяржаўны і палітычны лад

рэдагаваць

Дзяржаўна-палітычны лад Маскоўскай дзяржавы аформіўся да сярэдзіны XVI ст. Гэты была фэўдальная манархія з станавым прадстаўніцтвам. Вярхоўная заканадаўчая, судовая і выканаўчая ўлада належала гаспадару (з 1547 году — афіцыйна называўся «царом»); дарадчы, судовы і выканаўчы орган — Баярская дума.

У сярэдзіне XVI—XVII стагодзьдзяў склікаліся станава-прадстаўнічыя Земскія саборы. Да 1550-х гаоў узьніклі цэнтральныя органы дзяржаўнага кіраваньня — прыказы, у паветах (рас. уезд) намесьнікаў замянялі станавыя органы кіраваньня — губныя і земскія ізбы.

Фіксацыя праўных нормаў Маскоўскай дзяржавы адбылася ў Судзебніках 1497 і 1550 гадоў, Саборным улажэньні (1649).

Адукацыя і культура

рэдагаваць

Першыя сярэднія школы адкрыліся ў XVII ст. у Маскве, у 1687 годзе адбылося заснаваньне першай вышэйшай навучальнай установы — Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.

Кнігадрук узьнік у сярэдзіне XVI ст. у Маскве, 1-ю датаваную кнігу («Апостал») у 1564 годзе выдалі выхадцы зь Літвы Іван Фёдараў (Хведаровіч) і Пётар Мсьціславец. Пашырэньне атрымалі хронікі («Ліцавы летапісны звод», Уваскрасенскі летапіс, Ніканаўскі летапіс і інш.), ствараліся гістарычныя аповесьці («Задоншчына», «Сказаньне пра Мамаева пабоішча», творы А. Паліцына, І. Цімафеева і інш.), пашыраліся перакладныя творы («Александрыя», «Траянскае сказаньне» і інш.). Сярод публіцыстаў XVI—XVII стагодзьдзяў вылучаюцца Ф. Карпаў, І. Перасьветаў, Ермалай-Еразм, Авакум.

Гаспадарка

рэдагаваць

Большасьць насельніцтва складала сялянства. Да сярэдзіны XVII ст. завяршыўся працэс праўнага афармленьня прыгону. Буйнымі рамеснымі прадпрыемствамі былі Гарматны (з канца XV ст.) і Манэтны (заснаваны ў 1534 годзе) двары ў Маскве. У канцы XVI ст. узьніклі першыя мануфактуры (паперні), у XVII ст. працавалі Хамоўны (палатняны) двор у Маскве, жалезаапрацоўчыя заводы ў Кашыры і Туле, шкляны і парахавы заводы ў Маскве і іншыя.

Архітэктура

рэдагаваць

Інтэнсіўна разьвівалася мураваная фартыфікацыя. У XVI ст. завяршылася ўзьвядзеньне крамлёў у Ніжнім Ноўгарадзе, Туле, Каломне, Зарайску, Смаленску, Серпухаве, пазьней і ў іншых местах. Абарончае значэньне мелі Кірыла-Белазерскі, Салавецкі і іншыя манастыры.

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 519.
  2. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 116.
  3. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 142.
  4. ^ Liungman C. G. Symbols — Encyclopedia of Western Signs and Ideograms. Ionfox AB. — HME Publishing, 2004. P. 140. ISBN 978-91-972705-0-2.
  5. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 520.
  6. ^ Грыцкевіч А. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 373.
  7. ^ Пушкін І. Гістарычная спадчына горада Магілёва: курс лекцый. — Магілёў: УА МДУХ, 2006. С. 63. [1]
  8. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 245.
  9. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 521.

Літаратура

рэдагаваць