Друкарня Мамонічаў
Друка́рня Мамо́нічаў была заснаваная ў Вільні Пётрам Мсьціслаўцам на сродкі магілёўскіх купцоў Мамонічаў у 1574 годзе. У ёй былі аддрукаваны ад 80 да 100 кнігаў, зь іх каля паловы — па-старабеларуску. Кнігі вызначаліся высокім паліграфічным і мастацка-арнамэнтальным аздабленьнем.
Дата заснаваньня / стварэньня | 1574 |
---|---|
Частка больш агульнага | Slavonic typography |
Заснавальнік | Пётра Мсьціславец |
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая |
Цяперашняе месцазнаходжаньне | Вільня |
Выкарыстоўваная мова | царкоўнаславянская мова |
Заказчык | Мамонічы |
Была адзінай беларускай друкарняй, якая выпускала зборнікі заканадаўчых актаў, у тым ліку Статут ВКЛ, «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага», канстытуцыі «вальных» соймаў.
Пачатак працы
рэдагавацьУ траўні 1574 году ў хаце Лукаша і Кузьмы Мамонічаў была арганізаваная друкарня Пётры Мсьціслаўца. Матэрыяльную дапамогу Мсьціслаўцу аказвалі таксама актыўныя прыхільнікі праваслаўя браты Зарэцкія. Маёмасьць Мсьціслаўца ў друкарні не выкарыстоўвалася[1].
Першая кніга — літургічнае «Эвангельле напрастольнае» — выйшла 30 сакавіка 1575 году. Кніга мела «густоўнага рысунку» шрыфт, які праектаваў, выразаў ды адліў для свае друкарні сам Мсьціславец. Мова кнігі, як выданьня прызначанага для богаслужэбнага ўжытку ў праваслаўных цэрквах, была царкоўнаславянская[2]. 16 студзеня 1576 году выйшаў «Псалтыр», пасьля — «Часовник».
Як вынікае з пасьляслоўяў да выдадзеных кнігаў, Пётра Мсьціславец за галоўных ініцыятараў і мэцэнатаў стварэньня друкарні ўважаў братоў Івана й Зянова Зарэцкіх, якія былі багатымі і ўплывовымі прадстаўнікамі тагачаснага купецкага стану ў Вільні ды займалі адказныя адміністрацыйна-дзяржаўныя пасады.
Пасьля таго, як у 1576 годзе каралём стаў зацяты каталік і заступнік езуітаў Стэфан Баторы, паміж Мсьціслаўцам і Мамонічамі пачаўся канфлікт. Паводле пастановы суду друкарскае абсталяваньне было прысуджанае Мсьціслаўцу, а выдадзеныя кнігі — Кузьму Мамонічу пасьля сплаты ім Мсьціслаўцу 30 копаў грошаў «личбы литовское». Пастанова суду так і не была выкананая, таму ў 1577 годзе суд паўторна вынес вырак і прызначыў штраф. Друкарня была апячатаная і не працавала[1].
Далейшых зьвестак пра жыцьцё і дзейнасьць Мсьціслаўца не захавалася. Праз 20 гадоў ад віленскае судовае справы ягоныя шрыфты зьявіліся на Валыні, у Астроскай друкарні[3].
Па Мсьціслаўцы
рэдагавацьПасьля гэтага чарговыя кнігі друкуюцца іншым шрыфтом, што можа сьведчыць пра спагнаньне судом належнага Мсьціслаўцу друкарскага абсталяваньня.
У 1582 годзе ў Вільню прыяжджаў зь Львова заблудавец Грынь Івановіч, памочнік Івана Федаровіча Масквіціна, які нарэзаў і адліў Мамонічам два камплекты шрыфтаў — адзін буйнейшы, другі меншы, курсіўны. Гэты шрыфт заставаўся адзіным кірылічным курсіўным шрыфтам ажно да 1730-х гадоў.
У 1583 годзе дзейнасьць друкарні была ўзноўленая пад кіраўніцтвам Кузьмы Мамоніча, ягонага брата Лукі і сына Кузьмы Льва (Лявона Кузьміча). Магчыма, зь імі супрацоўнічаў віленскі друкар Васіль Гарабурда(ru), які выдаў у 1582 (або 1580) годзе Актоіх[1].
Да падпісаньня Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596 году друкарня збольшага абслугоўвала патрэбы праваслаўных братэрстваў, братэрскіх школаў, цэркваў, простых местачкоўцаў. Выпускаліся багаслоўскія і літургічныя выданьні, кнігі для чытаньня, публіцыстычныя творы, падручнікі, зборнікі заканадаўчых актаў, выданьні прававога характару, канстытуцыі вальных соймаў, палемічныя творы Іпаці Пацея[4].
З XVII стагодзьдзя друкарня забясьпечвала патрэбы выключна ўніятаў[1]. Справамі распараджаўся Лявон Кузьміч Мамоніч, імя якога ў выходных зьвестках выданьняў зьявілася ў 1609 годзе. Адсутнасьць кнігаў для праваслаўных сьведчыць пра адхіленьне Кузьмы і Лукі Мамонічаў ад справаў і пераходу кіраваньнем у рукі Лявона[1]. Па сьмерці Кузьмы 16 ліпеня 1607 году Лявон успадкаваў друкарню[4].
За часы існаваньня друкарні Мамонічаў зь яе выйшлі каля 100 рэлігійных і сьвецкіх выданьняў у беларускай, царкоўнаславянскай і польскай мовах. Матэрыялы друкарні часткова перайшлі ва ўласнасьць віленскай Траецкай друкарні[4].
Статут ВКЛ
рэдагавацьТрэці статут ВКЛ друкаваўся тут у 1588, 1592—1593, 1594—1595 гадох.
Для выданьня Літоўскага Статуту Мамонічы набылі Львоўскую друкарню Івана Федаровіча[5]. Для друку быў выкарыстаны кірылічны курсіўны шрыфт Грыня Івановіча, пры стварэньні якога за ўзор было ўзятае тагачаснае беларускае скорапіснае пісьмо віленскае вялікакняскае канцылярыі[6].
У 1614 і 1619 гадох з друкарні Мамонічаў выходзілі пераклады Статуту на польскую мову.
Выданьні
рэдагавацьПётры Мсьціслаўца
рэдагаваць- «Эвангельле напрастольнае» (1575)
- «Псалтыр» (1576)
- «Часоўнік» (1576)
Мамонічаў
рэдагаваць- «Службоўнік» (1583; шрыфт скапіяваны са шрыфту Мсьціслаўца[1])
- «Зборнік» (1585; выданьне прысьвечанае канцлеру Валовічу[1])
- «Псалтыр з аднаўленьнем» (1586; копія Псалтыру, выдадзенага Іванам Федаровічам у друкарні ў Заблудаве ў 1570 годзе[1])
- «Кграматыка словенська языка» (8 кастрычніка 1586 году; пераклад працы сэрбскага аўтара XIV стагодзьдзя пра восем часьцінаў мовы, складзены паводле грэцкіх узораў. У пасьлямоўі сказана, што падручнік выдадзены на прозьбу жыхароў Вільні[1])
- «Дыялектыка» (каля 1586)
- «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага» (1586, у 1614 годзе выйшла выданьне на польскай мове)
- «Статут ВКЛ» (1588; у 1614 годзе выйшла выданьне на польскай мове[4]
- «Буквар» (1590-я, 1618, 1621)
- «Эвангельле» (1600; два выданьні ў адзін год. Спрошчаны варыянт Эвангельля Мсьціслаўца[1])
- «Малітвы паўсядзённыя» (1601)
- «Апалёгія флярэнтыйскага сабору» (1604)
- Язэп Руцкі. «Тэзы» (1608)
- «Гармонія… ўсходняй царквы з касьцёлам рымскім» (каля 1608)
- «Трыёдзь каляровая» (1609; копія маскоўскага выданьня 1591 году[1])
- «Трыёдзь посная бяз выхаду» (каля 1609; копія маскоўскага выданьня 1589 году[1])
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е ё ж з і к л 400 лет русского книгопечатания. — Москва: Наука, 1964.
- ^ Друкарня Пётры Мсьціслаўца. Да 400-годзьдзя віленскага Евангельля // Запісы. — № 13. — Нью-Ёрк: 1975. — С. 3.
- ^ Друкарня Пётры Мсьціслаўца. Да 400-годзьдзя віленскага Евангельля // Запісы. — № 13. — Нью-Ёрк: 1975. — С. 15.
- ^ а б в г Лев Мамонич — белорусский поэт и книгоиздатель конца XVI — начала XVII веков
- ^ Кузьма Мамонич(недаступная спасылка) (рас.). Календарь истории Великого княжества Литовского
- ^ Карский Е.Ф. Белорусы. Язык белорусского народа. — Вып. I. — Минск: АН БССР, 1955. — С. 86.
Літаратура
рэдагаваць- Н. Березкина. Из истории книгопечатания в Беларуси // Вестник ББА. — № 2. — 1996.
- Голенченко Г. Я. Статья // Франциск Скорина и его время. Энциклопедический справочник. — Мн.: 1990. — С. 412.
- Зернова А. С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII век) // Исслед. и материалы. — М.: 1959.
- 400 лет русского книгопечатания. — Москва: Наука, 1964.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Рыгор Максімовіч. Тры выданьні Трэцяга Статуту Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт Тумаш, Выбраныя працы. Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат». Праверана 20 лістапада 2010 г.
- Ніна Баршчэўская. Беларускае кнігадрукаваньне ў асьвятленьні эміграцыйных часопісаў. Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат». Праверана 20 лістапада 2010 г.