Міхаі́л Мікала́евіч Чыгі́р (нарадзіўся 24 траўня 1948 г. ў в. Вусава, Капыльскі раён Менскай вобласьці) — другі прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь (22 ліпеня 1994 — 18 лістапада 1996), вязень сумленьня паводле «Міжнароднай амністыі»[1][2].

Міхаіл Чыгір
лац. Michaił Čyhir
2-гі Прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь
22 ліпеня 1994 — 18 лістапада 1996
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Папярэднік: Вячаслаў Кебіч
Наступнік: Сяргей Лінг
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 24 траўня 1948(1948-05-24) (76 гадоў)
в. Вусава, Капыльскі раён, Менская вобласьць, БССР
Партыя: КПСС (да 1991)
БСДП (НГ) (1999)
Сужэнец: Юлія Чыгір
Адукацыя:
Узнагароды:
ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР ордэн «Знак Пашаны»

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся 24 траўня 1948 году ў вёсцы Вусава Капыльскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі ў 1970 годзе (цяпер БДЭУ), спэцфакультэт па міжнародных эканамічных адносінах пры Маскоўскім фінансавым інстытуце ў 1982 годзе. З 1970 па 1971 гады Чыгір працаваў эканамістам у Салігорскам аддзяленьні Дзяржбанку СССР, у 1971—1972 — начальнікам крэдытнага аддзяленьня Бярэзінскага аддзяленьня Дзяржбанку, потым служыў у войску.

У 1983 годзе сям’я Чыгіроў пераехала ў Менск. Тут Міхаіл Чыгір працаваў кіраўніком Маскоўскага аддзяленьня Дзяржбанка СССР г. Менску, потым — кіраўніком Менскай гарадзкой канторы Дзяржбанку СССР, затым стаў першым намесьнікам старшыні кіраваньня «Аграпрамбанку». Вянком кар’еры банкіра ён лічыць пасаду старшыні кіраваньня «Белаграпрамбанку».

У ліпені 1994 году, пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах, Чыгір стаў першым прэм’ер-міністрам у прэзыдэнцкай рэспубліцы. Працаваў у гэтай пасадзе да лістапада 1996 году. Напярэдадні рэфэрэндуму вырабіў сур’ёзны ўдар Лукашэнку — гучна сышоў у адстаўку.

Празь некаторы час пасьля адстаўкі зьехаў у Маскву, дзе працаваў кіраўнікам расейскага прадстаўніцтва эўрапейскага канцэрна «GEA».

Вярнуўся ў Менск пасьля таго, як Вярхоўная Рада ініцыявала выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (неафіцыйна праведзеныя 6-16 траўня 1999 г.[3]). Высунуў сябе кандыдатам на гэтую пасаду, спадзяючыся такім шляхам вярнуць сваю краіну на дэмакратычны шлях разьвіцьця. Аднак 30 сакавіка 1999 году, незадоўга да выбараў, быў арыштаваны па абвінавачваньні ў злоўжываньні службовым становішчам, перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў, халатнасьці (абвінавачваньне ставілася да гадоў яго працы ў банкаўскай сфэры і на пасадзе прэм’ер-міністра). 30 лістапада 1999 году была зьмененая мера пакараньня пад падпіску аб нявыезьдзе. 19 траўня 2000 году Менскі гарадзкі суд прысудзіў тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады (адвакатам Міхася Чыгіра выступала яго жонка — Юлія Чыгір). Гэтае рашэньне адмяніў Вярхоўны суд (5 сьнежня 2000 году), адправіўшы матэрыялы на дарасьсьледаваньне. Чыгір прымаў удзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу Рэспублікі Беларусь (кастрычнік 2000) і ў сваёй акрузе прайграў Н. Машэравай.

У 2001 годзе прыняў удзел у кампаніі па выбарах прэзыдэнта. Выбыў зь перадвыбарнай гонкі пасьля таго, як не набраў неабходнай колькасьці подпісаў выбарнікаў і ня быў зарэгістраваны ў якасьці кандыдата.

23 ліпеня 2002 году суд Фрунзэнскага раёну Менску вынес прысуд у дачыненьні да былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхася Чыгіра — тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады, а таксама пазбаўленьне на пяць гадоў права займаць вызначаныя пасады, зьвязаныя з гаспадарча-распарадчай дзейнасьцю. Прызнаны яго вінаватым ва ўтойваньні падаткаў і ўхіленьні ад падаваньня падатковых дэклярацыяў, што прычыніла дзяржаве шкоду ў адмыслова буйным памеры. З улікам пяні і іншых налічэньняў шкода склала 8 млн 57 тыс. 355 рублёў. М. Чыгір абавязаны пакрыць нанесеную шкоду. Ён ня можа пакідаць месца жыхарства без дазволу органаў МУС. Мера пакараньня — падпіска аб нявыезьдзе — пакінутая ў сіле. Па другім пункце абвінавачваньня — службовая халатнасьць у сувязі з выплатай авансавага плацяжу на суму больш за 1 млн даляраў ЗША канадзкай фірме для будаўніцтва новага будынка «Белаграпрамбанку» — суд палічыў вінаватасьць М. Чыгіра даказанай. Аднак у сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці спыніў працэс.

Жанаты, двое дзяцей.

Кар’ера

рэдагаваць

У 1973—1980 гадах начальнік Клецкага аддзяленьня Дзяржбанку СССР, потым — Маскоўскага аддзяленьня Дзяржбанку СССР г. Менску. У 1982—1986 гадах на партыйнай працы (КПСС). З 1986 г. начальнік Менскай гарадзкой канторы Дзяржбанку СССР. У 1988—1991 гадах першы намесьнік старшыні кіраваньня Беларускага рэспубліканскага Аграпрамбанку. У 1991—1994 гадах старшыня кіраваньня акцыянэрнага камэрцыйнага Белаграпрамбанку.

22 ліпеня 1994 году ўказам №1 быў прызначаны прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь. 18 лістапада 1996 году ўказам №474 прэзыдэнт прыняў адстаўку прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхася Мікалаевіча Чыгіра (сышоў у знак нязгоды з правядзеньнем рэфэрэндуму, ініцыяванага прэзыдэнтам А. Лукашэнкам).

Красавік 1998 — сакавік 1999 году працаваў кіраўніком прадстаўніцтва Эўрапейскага канцэрна «СЕА» ў Расеі.

30 сакавіка 1999 году быў пасаджаны ў СІЗА-1. 29 верасьня 1999 году прад’яўлена абвінавачваньне ў зьдзяйсьненьні злачынстваў па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: 167, частка 1 і 2 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў), 166 (злоўжываньне ўладай або службовым становішчам) і 168 (халатнасьць). 15 красавіка «Міжнародная амністыя» прызнала Чыгіра вязьнем сумленьня[2].

30 лістапада 1999 году была зьмененая мера пакараньня пад падпіску аб невыязьдзе. 19 траўня 2000 году Менскі гарадзкі суд прысудзіў тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады і забаронай на 5 гадоў займаць пасады арганізацыйна-распарадчага характару на прадпрыемствах і ва ўстановах незалежна ад формаў уласнасьці.

З усіх эпізодаў абвінавачваньня Міхаіл Чыгір быў прызнаны вінаватым толькі па адным — у падаваньні адтэрміноўкі па выплаце падатку на дададзены кошт і мытных мыт фірме «Піаск» за ўвазныя колавыя цягачы (артыкул 167 частка 2 Крымінальнага кодэкса — «перавышэньне службовых паўнамоцтваў»). Па астатніх эпізодах экс-прэм’ер апраўданы. Суд таксама вызначыў М. Чыгіру выплаціць больш за 209 мільёнаў дэнамінаваных рублёў на карысьць мытні.

Папярэднік
Вячаслаў Кебіч
Прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь
1994—1996
Наступнік
Сяргей Лінг
  1. ^ https://web.archive.org/web/20101031012208/http://hrights.ru/text/belorus/b12/Chapter20.htm Михаил Чигирь — Узник совести
  2. ^ а б Document - Belarus: Prisoner of Conscience: Mikhail Chigir (анг.). Міжнародная амністыя (1999-04-15). Праверана 2012-07-10 г.
  3. ^ Выборы во всем мире. Электоральная свобода и общественный прогресс. Энциклопедический справочник. / Сост. А. А. Танин-Львов. — М.: "Российская политическая энциклопедия" (РОССПЭН), 2001. — С. 28. — 2000 ас. — ISBN 5-8243-0112-3

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць