Лагойскае княства
Лагойскае княства — удзельнае княства Полацкай зямлі. Існавала ў XII—XV стагодзьдзях[1]. Сталіца — Лагойск. Імаверна, мела сьціплыя памеры, што адпавядалі гістарычна складзенай да XI стагодзьдзя тэрыторыі воласьці вакол яе цэнтру[2]. На паўднёвым захадзе межавала з Ізяслаўскім, на поўдні і ўсходзе — зь Менскім княствам.
Як сьведчаць пісьмовыя крыніцы, Лагойскае княства зрабілася ўдзелам значна пазьней, чым іншыя воласьці Полацкай зямлі[2]. Першы пісьмовы ўспамін пра Лагойск зьмяшчаецца ў «Павучаньні Ўладзімера Манамаха» пры апісаньні падзеяў 1078 году. У 1-й трэці XII стагодзьдзя, магчыма, існавала адно Ізяслаўска-Лагойскае княства, якім валодаў Брачыслаў Давыдавіч.
Па паходзе вялікага князя кіеўскага Мсьціслава на Полацкую зямлю (1127—1128) Лагойск адыйшоў да ягонага сына Ізяслава. Пад 1180 годам (фактычна пад 1181[2]) Іпацьеўскі летапіс згадвае першага князя лагойскага Ўсяслава Мікуліча, які быў хаўрусьнікам князёў полацкіх. А ўжо пад 1186 годам у Лаўрэнцеўскім летапісе называецца іншы князь «из Ложьска Василко Воладаревич», які разам з наўгародцамі і смалянамі выступіў супраць Полацку. Па 1186 годзе і да XIV стагодзьдзя зьвесткі пра княства адсутнічаюць.
Не пазьней за 1-ю палову XIV стагодзьдзя[3] Лагойскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Потым ім валодалі Гедзімінавічы: сьпярша Войшвіл (паводле адной з вэрсіяў — сын Кейстута), у 1387 годзе вялікі князь Ягайла перадаў Лагойскае княства разам з Полацкім і Троцкім свайму брату Скіргайлу, які фактычна быў ягоным намесьнікам у Літве. У 1392 годзе Ягайла мусіў перадаць уладу Вітаўту, які ў той час пачаў раздаваць асобныя маёнткі Лагойскага княства: Ганявічы, Корань, Гасьцілавічы, Коцалі. Імаверна, да Лагойскага княства належала і Харэцкая воласьць у вярхоўях ракі Бярэзіна.
Не пазьней за 1-ю палову XV стагодзьдзя з Лагойскага княства вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Заазер’е і, відаць, Смалявічы. Пазьней ад княства заставалася невялікая частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала князю кіеўскаму Алельку Ўладзімеравічу, а з 1455 году — яго малодшаму брату Андрэю Ўладзімеравічу. Па сьмерці Андрэя (1457) Гайну пакінулі ў валоданьні ягоных нашчадкаў, а Лагойск вярнулі вялікаму князю і ў 1460 годзе наноў падаравалі князю Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтку[3].
Князі лагойскія
рэдагаваць- 1116/1127 — 1129: Брачыслаў Давыдавіч (памёр па 1129), князь ізяслаўскі і лагойскі 1116/1127—1129
- 1170-я: Андрэй Уладзімеравіч (памёр да 1180)
- 1180-я: Усяслаў Мікуліч (памёр па 1180)
- 1180-я: Васілька Валадаравіч (памёр па 1186)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Вячаслаў Насевіч. Лагожскае княства // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 326.
- ^ а б в Ляўко В. Раздрабленне тэрыторыі Полацкай зямлі на княствы — удзелы // «ГАЗ» № 15, 2000. — С. 116—122.
- ^ а б Вячаслаў Насевіч. Лагойскае княства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 178.
Літаратура
рэдагаваць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0