Тадэвуш Касьцюшка
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Касьцюшка.
Андрэ́й Тадэ́вуш Банавэнту́ра Касьцю́шка (4 лютага 1746, Марачоўшчына, Слонімскі павет Наваградзкага ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае — 15 кастрычніка 1817, Залятурн, Швайцарыя) — палітычны і вайсковы дзяяч Рэчы Паспалітай. Кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году, удзельнік Вайны за незалежнасьць ЗША, нацыянальны герой Беларусі[1][2][3], Польшчы і ЗША.
![]() Тадэвуш Касьцюшка | ||||
![]() Герб «Рох III» | ||||
Галоўнакамандуючы Нацыянальнымі Ўзброенымі Сіламі | ||||
---|---|---|---|---|
24 сакавіка 1794 — 12 кастрычніка 1794 | ||||
Папярэднік | заснаваньне пасады | |||
Наступнік | Тамаш Ваўжэцкі | |||
Асабістыя зьвесткі | ||||
Нарадзіўся | 4 лютага 1746 Марачоўшчына Слонімскага павету | |||
Памёр | 15 кастрычніка 1817 (71 год) Залятурн, Швайцарыя | |||
Пахаваны | ||||
Род | Касьцюшкі | |||
Бацькі | Людвік Тадэвуш Касьцюшка Тэкля з Ратамскіх | |||
Дзейнасьць | афіцэр, інжынэр, палітык, змагар супраціву, герой, салдат | |||
Подпіс | ![]() | |||
Рэгаліі | ||||
|
БіяграфіяРэдагаваць
ПродкіРэдагаваць
Паходзіў з старажытнага беларускага[4][5][6][7][8] роду Касьцюшкаў гербу «Рох III». Ягоны далёкі прапрадзед Канстантын (ад памяншальных формаў гэтага імя — Кастусь, Касьцюша — утварылася прозьвішча роду), які служыў пісарам у вялікакняскай канцылярыі, атрымаў Сяхновічы на Берасьцейшчыне ад Жыгімонта Старога. Маёнтак быў невялікім, Канстантын Касьцюшка выстаўляў зь яго войска ў «тры коні». Жонкай Кастуся была Ганна Гальшанская з княскага роду, параднёнага з каралямі польскімі і вялікімі князямі літоўскімі праз шлюб сясьцёр Гальшанскіх зь Ягайлам і Вітаўтам.
Да сярэдзіны XVII стагодзьдзя Касьцюшкі трымаліся праваслаўя, але ў часы «Патопу», як і многія зь берасьцейскай шляхты, адыйшлі ад дзядоўскай веры ў каталіцтва, адныя сталі рыма-каталікамі, іншыя — уніятамі. Сяхновіцкія Касьцюшкі былі каталікамі.
Людвік, бацька Тадэвуша, вызначаўся энэргіяй, дамогся ў 1731 годзе тытулу мечніка Берасьцейскага ваяводзтва, абіраўся ў 1743 годзе ад шляхты ваяводзтва ў Літоўскі Трыбунал, здолеў нейкім чынам адсудзіць у Сапегаў маёнтак Марачоўшчына, што знаходзіўся за дзьве вярсты ад Косава ў Наваградзкім ваяводзтве.
МаладосьцьРэдагаваць
У Марачоўшчыне прайшлі дзіцячыя гады Тадэвуша Касьцюшкі. У яго было дзьве сястры — Ганна і Кацярына — і брат Юзаф. Маці паходзіла зь беларускага праваслаўна-вуніяцкага роду Ратамскіх[9], звалася Тэкля. Існуе меркаваньне, што яна па нараджэньні чацьвертага дзіцяці адразу ахрысьціла яго ва ўніяцкай царкве пад імем Андрэй (у гонар апостала Андрэя Першазванага, сьвята якога прыпадае на 30 лістапада), а ўжо пазьней бацькі прывезьлі яго ў Косава, дзе ў рыма-каталіцкім касьцёле быў дапоўнены абрад хросту. У адрозьненьне ад сваіх родных Т. Касьцюшка пражыў доўгі век: ягонага бацькі ня стала, калі Тадэвушу было дзесяць гадоў, Юзаф і Кацярына памерлі яшчэ да паўстаньня, Ганна сканала ў 1814 годзе.
Навучацца Тадэвуша аддалі ў калегіюм піяраў у Любяшове за Пінскам, а не ў Берасьцейскую езуіцкую калегію. У гэтым рашэньні адчувалася ня столькі апазыцыя езуітам, колькі прызнаньне таго факту, што піяры даюць лепшую адукацыю. Піяры давалі адукацыю на эўрапейскім узроўні, гэтаму паспрыяла і рэфарматарская дзейнасьць вядомага прагрэсіўнага пэдагога XVIII стагодзьдзя Станіслава Канарскага. У школу прымаліся дзеці розных станаў, навучаліся яны шэсьць гадоў. У лік дысцыплінаў уваходзілі лацінская мова, рыторыка, матэматыка, фізыка, гісторыя, палітыка, выкладалася і мясцовае права. Шмат увагі надавалася эстэтычнаму і фізычнаму выхаваньню, культуры паводзінаў.
У 1765 годзе Т. Касьцюшка паступіў у наваствораны Варшаўскі кадэцкі корпус — тагачасную найвышэйшую афіцэрскую вучэльню, дзе спэцыялізаваўся па вайсковай інжынэрыі. Паводле сьведчаньняў сяброў па корпусе, Тадэвуш быў забіякам, не ўхіляўся ад дуэляў і меў некалькі шнараў на целе; пры гэтым вызначалі яго лагоднасьць і таварыскасьць. Сымпатыя і клопат начальніка корпусу князя Чартарыйскага ўмагчылі Касьцюшку паездку ў Парыж, дзе ён працягваў вайсковую навуку, што, аднак, прыкрывалася наведваньнямі Акадэміі жывапісу і мастацтваў.
Вайна за незалежнасьць ЗШАРэдагаваць
Увесну 1775 году Т. Касьцюшка вярнуўся на радзіму ў Сяхновічы. Вакантнага месца ў войску не было, і ён застаўся там чакаць патэнту. Пасьля няўдалае спробы выкраданьня сваёй каханкі Людвісі Сасноўскай, якую меліся выдаць за іншага, мусіў уцякчы за мяжу. Так ён ізноў апынуўся ў Францыі. У той час Амэрыканскія штаты ваявалі з Ангельшчынай за незалежнасьць, рэспубліканцы — супраць каралеўскіх войскаў. Манархічная Францыя, як адвечны вораг Ангельшчыны, падтрымлівала амэрыканскіх рэспубліканцаў, і шмат французаў служыла там. Так Тадэвуш Касьцюшка, якому патрабаваліся грошы на існаваньне, у 1776 трапіў на амэрыканскую зямлю.
Амэрыканскай арміі Т. Касьцюшка аддаў дзевяць гадоў свайго жыцьця. Разам з палкамі рэспубліканцаў ён прайшоў усе Амэрыканскія штаты, удзельнічаў ва ўсіх галоўных бітвах, распрацоўваў інжынэрнае забесьпячэньне наступаў і абароны. Гэта яму належыць праект тыповага форту, прыстасаванага да ўмоваў Амэрыкі. Рэспубліка дала Т. Касьцюшку чын генэрала, ён зрабіўся ганаровым грамадзянінам Амэрыканскіх штатаў, але ад’яжджаў з Новага Сьвету такім сама, бадай, бедным, як і прыехаў.
Пакуль Т. Касьцюшка адсутнічаў, Людвіка Сасноўская паводле волі бацькі выйшла за князя Любамірскага. У сацыяльным і палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай нічога не зьмянілася — панаваў той жа моцны прыгнёт сялянаў і магнацкая анархія. Францыя ўжо сьвяткавала другія ўгодкі рэвалюцыі, а ў Варшаве трэці год працягваўся вальны сойм.
На БацькаўшчынеРэдагаваць
Па вяртаньні Т. Касьцюшка пэўны час жыў у Сяхновічах, спрабаваў весьці гаспадарку ў сваёй частцы маёнтку. Гэты 5-гадовы пэрыяд ягонага жыцьця гісторыкі назвалі «сялянкай» (ці «ідыліяй»), калі баявы генэрал займаўся звычайнымі клопатамі вясковага жыхара.
Сытуацыя зьмянілася з пачаткам дзейнасьці Чатырохгадовага сойму (1788—1792), рэформы якога прадугледжвалі павелічэньне войска Рэчы Паспалітай да 100 тыс. чал. Соймік Берасьцейскага павету вылучыў кандыдатуру Т. Касьцюшкі на пасаду генэрал-маёра, неўзабаве 12 кастрычніка 1789 гэтую прапанову падтрымаў сойм, а таксама кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Т. Касьцюшку прызначылі ў кароннае войска, хоць сам ён жадаў служыць у войску Вялікага Княства Літоўскага[10].
У вайну з Расеяй (1792) у абарону рэформаў Чатырохгадовага сойму Т. Касьцюшка вызначыўся ў бітве пад Дубенкай як камандзір дывізіі ў арміі Ю. Панятоўскага. Нягледзячы на атрыманьне за ваенныя заслугі ордэна «Virtuti Militari» і званьня генэрал-лейтэнанта, на знак пратэсту супраць змовы караля і вялікага князя з Таргавіцкай канфэдэрацыяй 30 ліпеня 1792 ён падаў у адстаўку і неўзабаве пераехаў у Ляйпцыг, цэнтар палітычнай эміграцыі Рэчы Паспалітай.
Паўстаньне 1794 годуРэдагаваць
- Асноўны артыкул: Паўстаньне 1794 году
Няспыннае ўмяшаньне суседніх манархічных рэжымаў ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай і бясьсільле «сваіх» дзяржаўных органаў выклікалі пратэст і незадавальненьне шырокіх пластоў грамадзтва і асабліва прагрэсіўнай шляхты, прадстаўнікі якой пачалі падрыхтоўку да паўстаньня. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы браў Тадэвуш Касьцюшка.
У 1793 ён выяжджаў у Парыж па дапамогу для падрыхтоўкі паўстаньня. Аднак ні жырандысты, ні якабінцы канкрэтнай дапамогі не надалі. У жніўні 1793 Т. Касьцюшка вярнуўся ў Ляйпцыг, у пачатку верасьня прыняў прапанову прадстаўнікоў змовы ў Рэчы Паспалітай прыняць на сябе кіраўніцтва паўстаньнем, якое распачалося 24 красавіка 1794 з абвяшчэньнем у Кракаве Акта паўстаньня грамадзянаў. На кракаўскім рынку Т. Касьцюшка даў прысягу на вернасьць паўстаньню і абвясьціў, што будзе змагацца за непарушнасьць межаў дзяржавы, усталяваньне ўлады народу і ўсеагульную свабоду.
У Акце паўстаньня грамадзянаў Тадэвуш Касьцюшка адзначыў, што галоўнай мэтай Кацярыны II і Фрыдрыха Вільгельма было жаданьне «распаўсюдзіць панаваньне тыраніі» і задушэньне свабоды на суседнія народы.
Згодна з Актам паўстаньня Т. Касьцюшка ў траўні 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду. За ім засталася пасада найвышэйшага начальніка ўзброеных сілаў. У радзе Т. Касьцюшка імкнуўся прымірыць памяркоўных рэфарматараў з рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі («якабінцамі»). Па ўтварэньні Найвышэйшай Літоўскай Рады ўзьніклі пэўныя непаразуменьні паміж Т. Касьцюшкам і кіраўніком паўстаньня ў Вялікім Княстве Літоўскім Я. Ясінскім, інсьпіраваныя апанэнтамі апошняга.
1 красавіка 1794 распачаўся марш Т. Касьцюшкі на Варшаву, 4 красавіка 1794 ён атрымаў перамогу пад в. Рацлавіцы. 7 траўня 1794 Т. Касьцюшка выдаў Паланецкі ўнівэрсал, якім гарантавалася апека ўраду над сялянамі і яны абвяшчаліся асабіста вольнымі.
У чэрвені — верасьні 1794 Т. Касьцюшка ўзначальваў абарону Варшавы ад прускіх і расейскіх войскаў. 29—30 верасьня 1794 ён разам са сваім сакратаром Ю. Нямцэвічам прыяжджаў у Горадню для вайсковай нарады, у часе якой уручыў удзельнікам паўстаньня ў Вялікім Княстве Літоўскім пярсьцёнкі з надпісам «Айчына свайму абаронцу».
10 кастрычніка 1794 Т. Касьцюшка, які камандаваў паўстанцкім войскам у бітве пад Мацяёвіцамі, трапіў паранены ў палон. На загад Кацярыны II пад пільнай аховай і чужым прозьвішчам («шляхціц Шыманскі») праз Кіеў, Чарнігаў, Магілёў, Шклоў, Віцебск і Ноўгарад 10 сьнежня 1794 яго вывезьлі ў Пецярбург і зьняволілі ў Петрапаўлаўскай крэпасьці.
Неўзабаве па сьмерці Кацярыны II 26 лістапада 1796 Т. Касьцюшку наведаў новы расейскі імпэратар Павал I і прапанаваў паўстанцам амністыю. Узамен Т. Касьцюшка мусіў даць асабістую прысягу, што ён і зрабіў 28 лістапада, а на наступны дзень уручыў Паўлу I ліст з прозьвішчамі сваіх паплечнікаў, якіх той загадаў вызваліць. Імпэратар хацеў падараваць Т. Касьцюшку 1000 сялянаў і 12 тысячаў рублёў, ад якіх ён потым адмовіўся, як і ад прапановы паступіць на расейскую службу[10].
У эміграцыіРэдагаваць
У канцы 1796 Т. Касьцюшка разам зь Ю. Нямцэвічам выехаў у ЗША, дзе быў да 1798. Перад ад’ездам з ЗША ён пакінуў тастамэнт, у якім прызначыў пэўныя сумы на выкуп рабоў-нэграў і іхную адукацыю[11].
У 1798 у Францыі меў сустрэчы з прадстаўнікамі Дырэкторыі і Напалеонам, якія імкнуліся выкарыстаць ягонае імя для ўзьняцьця паўстаньня ў акупаваных Аўстрыяй землях Рэчы Паспалітай. Аднак генэрал адмовіўся падтрымаць Францыю ў барацьбе супраць Расеі.
7 жніўня 1798 уступіў у Парыжы ў эмігранцкае «Таварыства рэспубліканцаў», дзе рашуча выказваўся за ўсталяваньне рэспубліканскага ладу ў адноўленай Рэчы Паспалітай. Па падзеньні Напалеона Т. Касьцюшка двойчы беспасярэдне зьвяртаўся да імпэратара Аляксандра I, які абяцаў надаць дапамогу ў вырашэньні пытаньняў, зьвязаных з адраджэньнем Рэчы Паспалітай, аднак насамрэч нічога істотнага ў гэтым кірунку не зрабіў.
Так, у лісьце ад 9 красавіка 1814 году з Бэрвілю да імпэратара Аляксандра I Тадэвуш Касьцюшка найперш прасіў аб трох галоўных рэчах. Па-першае, аб дараваньні агульнай амністыі ўсім ягоным суайчыньнікам без усялякіх абмежаваньняў і аб прызаньні свабоды за тымі зь сялянаў, якія расьцярушаныя па замежных арміях, як толькі яны вернуцца на радзіму. Па-другое, ён прасіў аб абвяшчэньні Каралеўства Польскага, а Аляксандра I — яго каралём, і аб увядзеньні там канстытуцыі, аналягічнай той, што існавала тады ў Ангельшчыне, а таксама аб заснаваньні за дзяржаўны кошт школаў для адукацыі сялянаў. Па-трэцяе, Касьцюшка прасіў зьнішчыць крэпасную залежнасьць сялянаў на працягу дзесяці гадоў і прадаставіць ім права ўласнасьці на зямлю, якой карыстаюцца. Калі б гэтыя просьбы былі выкананыя, генэрал Т. Касьцюшка выказваў гатоўнасьць скласьці пашану імпэратару і вярнуцца да сваіх суайчыньнікаў, каб верна служыць Айчыне і ўладару[12]. У сымбалічны дзень 3 траўня расейскі імпэратар Аляксандар I даў пісьмовы адказ Касьцюшку, у якім выказаў яму сваю павагу, жаданьне бачыць яго сваім супрацоўнікам і напісаў пра намер выканаць просьбы, каб даказаць, што ён ня вораг палякам. Узрадаваны Касьцюшка нават адправіўся на сустрэчу з Аляксандрам I, якая адбылася ў хуткім часе ў Парыжы. Перад гатэлем, у якім спыніўся генэрал Касьцюшка, дзеля асаблівай павагі да знакамітага абаронцы свабодаў, імпэратар загадаў выставіць ганаровую варту. На сустрэчы Аляксандар I адкрыў Тадэвушу Касьцюшку свае пляны і намеры адносна лёсу Польшчы і запрасіў яго паехаць разам зь ім на Венскі кангрэс, на якім вырашалася будучая палітычная мапа Эўропы пасьля францускіх рэвалюцыйных войнаў, напалеонаўскіх войнаў і распаду Сьвятой Рымскай імпэрыі. Аднак у хуткім часе Тадэвуш Касьцюшка пераканаўся, што намеры Аляксандра I не адпавядаюць яго патрыятычным марам, і абяцаньні адрадзіць яго Айчыну і даць свабоду грамадзянам надта няпэўныя і цьмяныя.
У адным зь лістоў да Аляксандра І Касьцюшка таксама пісаў[9]:
Нарадзіўся я ліцьвінам… смуга будучыні яшчэ пакрывае лёс маёй роднай зямлі… | ||
Улетку 1815 Т. Касьцюшка пераехаў у швайцарскае места Залятурн, дзе 15 кастрычніка 1817 памёр беспатомным а дзясятай гадзіне вечара ў доме свайго сябра Франца Ксавэрыя Цэлтнэра. Праз чатыры дні (у поўдзень 19 кастрычніка) генэрала пахавалі на мясцовых могілках. А 22—23 чэрвеня 1818 цела Т. Касьцюшкі ўрачыста перавезьлі ў Кракаў і перазахавалі на Вавэлі, побач з магіламі іншых выбітных людзей[13].
ГалерэяРэдагаваць
- Іканаграфія Тадэвуша Касьцюшкі
Стаўленьне да прыгоньніцтва і рабстваРэдагаваць
Пра стаўленьне Т. Касьцюшкі да такіх зьяваў ягонага часу, як прыгоньніцтва і рабства, яскрава сьведчыць тастамэнт славутага генэрала:
Глыбока ўсьведамляючы, што прыгоньніцтва знаходзіцца ў супярэчнасьці з законам прыроды і дабрабытам народаў, сім зацьвярджаю, што зьнішчаю яго зусім і на вечныя часы ў маім маёнтку Сяхновіцы, разьмешчаным у Брэст-Літоўскім ваяводзтве, як ад імя свайго, так і будучых уладальнікаў. Прызнаю, такім чынам, усіх жыхароў вёскі, прыналежнай маёнтку, свабоднымі грамадзянамі і неабмежаванымі гаспадарамі ўгодзьдзяў[14] | ||
і далей:
Сваю амэрыканскую маёмасьць перадаю майму сябру Томасу Джэфэрсану, каб ён поўнасьцю выкарыстаў яе на выкуп нэграў…, і на дараваньне ім свабоды ад майго імя[14] | ||
УзнагародыРэдагаваць
- Ордэн Цынцыната (1783) — за баявыя заслугі ў Вайне за незалежнасьць ЗША; у 1784—1785 Т. Касьцюшка ахвяраваў яго вуніяцкай царкве ў вёсцы Даўгаліскі (гэтую царкву наведвалі і маліліся ў ёй маці, сястра Ганна і сам Тадэвуш)[9]
- Ордэн Virtuti Militari (1792) — за доблесьць, выяўленую ў бітве пад Зеленцамі
- Ордэн Белага Арла
- Годнасьць ганаровага грамадзяніна ЗША
- Годнасьць ганаровага грамадзяніна Францыі (26 жніўня 1792) — на знак вызнаньня ягоных заслуг у барацьбе за волю сваёй Бацькаўшчыны, ідэі роўнасьці і свабоды
ПамяцьРэдагаваць
НароднаяРэдагаваць
Памяць пра Тадэвуша Касьцюшку доўгі час захоўвалася ў легендах, паданьнях і песьнях беларусаў[9]: «Касьцюшка зваяваў бы сьвет цэлы, каб паны яго слухаць хацелі, але паны, як паны: гулялі, банкетавалі, Касьцюшкі не слухалі, затым і Польшча прапала». «Кажуць, што ў Касьцюшкі то быў такі плашч, што кулі яго не прабівалі: аднаго разу маскалі на яго зьнячэўку напалі, так ён не пасьпеў таго плашча злажыць, так яго чыста пасеклі і забралі». У беларускай народнай песьні, якую сьпявалі праз стагодзьдзе па паўстаньні, славуты генэрал вызнаецца за свайго абаронцу[9]:
Наш Касьцюшка слаўны быў, |
||
Яшчэ ў пачатку 1960-х гадоў на Лепельшчыне запісалі, а пазьней апублікавалі песьню пра Т. Касьцюшку, які, паводле народнай вэрсіі, загінуў у бітве[9]:
Вазьмі, маці, пяску жменю, |
||
Да гераічнай постаці правадыра паўстаньня 1794 году зьвяртаўся Кастусь Каліноўскі. У адным з нумароў «Мужыцкай праўды» ў 1862 годзе ён пісаў пра Т. Касьцюшку як пра народнага заступніка, заклікаў да яднаньня і змаганьня паводле прыкладу паўстанцаў 1794 году[9].
АфіцыйнаяРэдагаваць
Шматлікія творы мастацкай літаратуры, малярства і скульптуры прысьвячаюцца Тадэвушу Касьцюшку, пра ягонае жыцьцё і дзейнасьць гісторыкі напісалі мноства навуковых працаў. Пра постаць славутага генэрала-паўстанца нагадваюць мясьціны ў шэрагу краінаў сьвету:
- Беларусь: імя Т. Касьцюшкі носяць плошчы, вуліцы і завулкі ў Горадні, Берасьці, Косаве, Лідзе; у Горадні і Косаве маюцца адпаведныя мэмарыяльныя знакі. Помнікі Тадэвушу Касьцюшку стаяць у в. Малыя Сяхновічы (Жабінкаўскі раённы музэй), у Менску на тэрыторыі амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі, у Старадароскім мастацкім музэі, а з траўня 2018 году — поўнафігурны помнік на ягонай радзіме ў Марачоўшчыне[15]. Ува ўрочышчы Марачоўшчына (Івацэвіцкі раён) працуе дом-музэй Т. Касьцюшкі[16]. Кампанія «БЕЛПІ — Беларускае пітво» вырабляе ў гонар славутага генэрала гарэлку прэміюм-клясы «Генерал»[17].
- Польшча: у гонар Т. Касьцюшкі пад Кракавам насыпаны курган і пастаўлены помнік, многія вуліцы, плошчы носяць ягонае імя. У многіх мясьцінах Польшчы ёсьць помнікі.
- ЗША: у гонар Т. Касьцюшкі маюцца помнікі ў шасьці местах, ягонае імя носіць адна з акругаў штату Індыяна, места ў штаце Місысыпі, выспы на Алясцы. 26 сакавіка 2022 году каля будынку царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Злучаныя Штаты) адбылося ўрачыстае адкрыцьцё бюстаў Тадэвушу Касьцюшку і Кастусю Каліноўскаму, створаных паводле праекту беларускага скульптара Гэніка Лойкі[18].
- Швайцарыя: у гонар Т. Касьцюшкі пастаўлены помнік, існуе музэй Тадэвуша Касьцюшкі ў месьце Залятурне (Салёры).
- Францыя: ёсьць помнік Т. Касьцюшку.
- Аўстралія: імя Т. Касьцюшкі носіць найвышэйшая гара — 2228 м (яе назваў так у 1840 паляк Павал Стшэлецкі, які першым узыйшоў на вяршыню).
- Расея: імя Т. Касьцюшкі маюць плошча ў Разані і вуліца ў Санкт-Пецярбургу.
- Украіна: імя Т. Касьцюшкі носіць вуліца ў Львове.
- У гонар Тадэвуша Касьцюшкі
Курган імя Т. Касьцюшкі ў Кракаве (Польшча)
Помнік Т. Касьцюшку ў Вашынгтоне (ЗША)
Капліца-помнік Т. Касьцюшку ў Мантыньі-сюр-Люэн (Францыя)
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Бензярук А. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду. — Берасьце: «Акадэмія», 2006. — 132 с.
- ^ Тадэвуш Касцюшка — ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой ЗША, Польшчы і Беларусі // Звязда. 23 сакавіка 1994.
- ^ Тадэвуш Касцюшка. Belarus.by. Праверана 18 сакавіка 2011 г.
- ^ Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 379.
- ^ Емяльянчык У. Касцюшкі // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 146.
- ^ Емяльянчык У. Касцюшкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 72.
- ^ Юхо Я. Хто такі Тадэвуш Касцюшка? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 49.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 302.
- ^ а б в г д е ё Юхо Я., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам…». — Менск: Навука і тэхніка, 1994.
- ^ а б Емяльянчык У. Касцюшка Тадэвуш // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 145.
- ^ Емяльянчык У. Касцюшка Тадэвуш // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 72.
- ^ Мемуары графини Потоцкой. (1794—1820) : С портр. и указ. собств. имен / Соч. графини Потоцкой; Пер. с фр. А. Н. Кудрявцевой. — СПб. : Изд-во Прометей Н. Н. Михайлова, 1915. С. 238.
- ^ Бензярук А. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду. — Берасьце: «Акадэмія», 2006. — 132 с.
- ^ а б Інтэрвію з Вольгай Бабковай:«Тэстамэнты: шанаваная продкамі эўрапейская традыцыя сышла да рэшты», Радыё Свабода, 8 лістапада 2008 г.
- ^ Сьвята яднаньня: як адкрывалі першы ў Беларусі помнік нацыянальнаму герою Касьцюшку. ФОТА, ВІДЭА, Радыё Свабода
- ^ Дайлід П. Тадэвуш Касцюшка: постаць героя // Газета для вас. № 735, 29 студзеня 2010
- ^ Генерал — Вера і Адвага!. Сайт кампаніі «БЕЛПІ — Беларускае пітво». Праверана 18 сакавіка 2011 г.
- ^ Беларусы ЗША адкрылі ў Нью-Ёрку бюсты Тадэвушу Касьцюшку і Кастусю Каліноўскаму, Радыё Свабода, 27 сакавіка 2022 г.
ЛітаратураРэдагаваць
- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Бензярук А. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду. — Берасьце: «Акадэмія», 2006. — 132 с.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны / Маст. А. Александровіч і інш.. — 2-е выд., дап. — Менск: Полымя, 1993. — 270 с. — ISBN 5-345-00706-3
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Юхо Я., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам…». — Менск: Навука і тэхніка, 1994. ISBN 5-343-01483-6.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
- Кастусь Лашкевіч. Як TUTэйшыя зьмянялі сьвет. Касьцюшка. TUT.BY. Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- Тадэвуш Касьцюшка. Афіцыйны сайт Берасьцейскай вобласьці. Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- Паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі і трэці падзел Рэчы Паспалітай. library.by. Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- Паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі і трэці падзел Рэчы Паспалітай. library.by. Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- Mount Kosciuszko Inc - Perth Australia(анг.) Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- Гісторыя пад знакам Пагоні. Тадэвуш Касцюшка на YouTube