Таўцівіл

князь полацкі

Таўціві́л Даўспру́нгавіч (каля 1200—1264) — полацкі князь, атрымаў ад палачанаў мянушку «Добры». Пляменьнік Міндаўга, князеў Жамойці Гедзівіла і Вікінта, стрыечны брат Траняты.

Таўцівіл
лац. Taŭcivił
Князь полацкі
1250-я — 1264
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1200
Памёр 1264(1264)
Бацька Даўспрунг

Паводле літоўскага (беларускага) перакладу пачатку XVII стагодзьдзя «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага, «...бо Феафіл [Таўцівіл] Полацак узяў <...> па Васілю Рагвалодзе, каторы тэж быў ліцьвін, і па Глебе, сыне яго, і застаў князем полацкім»[1].

Тэўдавіл (Theudowills) — імя германскага паходжаньня[2]. Іменная аснова -тэўд- (-дэўт-, -тыд-) (імёны ліцьвінаў Таўдвід, Таўтвін, Таўтгерд; германскія імёны Teutwidis, Teutwin, Teutgerdis) паходзіць ад гоцкага þiuda[3], германскага þeudo[4] 'род, народ'[5], а аснова -віл- (імёны ліцьвінаў Вільбут, Вільгейда, Мунтвіл; германскія імёны Willebut, Williheid, Muntwil) — ад гоцкага wilja 'воля'[6]. Такім парадкам, імя Таўцівіл азначае «воля роду»[7].

Адпаведнасьць імя Таўтвіла германскаму імю Theowilh сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[8].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Тевтевила… Тевтивилоу… Тевтивилъ… Тевътивилъ… Тевтевилъ… Тевтивила… Товтивила… Товтивилъ… Товтовиловоу (Галіцка-Валынскі летапіс)[9]; Полотьскыи князь Товтивилъ (Наўгародзкі першы летапіс)[10]; Товтивилъ Полоцкій (Наўгародзкі чацьверты летапіс)[11]; со княземъ съ Полотьскимъ съ Товтивиломъ (Сафійскі першы летапіс)[12].

Біяграфія

рэдагаваць

Быў старэйшым сынам Даўспрунга, старэйшага брата Міндаўга. Каля 1245 году Міндаўг забраў уладаньні ў Таўцівіла і яго малодшага брата Гедзівіла, а саміх паслаў шукаць шчасьця ў вайне з Смаленскай зямлёй — прапануючы ім там здабыць сабе новыя ўладаньні, прытым паслаўшы за імі забойцаў. Таўцівіл з Гедзівілам, даведаўшыся пра намеры Міндаўга, замест прапанаванай выправы на Смаленск уцяклі ў Галіцка-Валынскае княства шукаць падтрымкі, бо іх сястра была замужам за Данілам Галіцкім. Даніла паслаў Таўцівіла ў Яцьвезь, Жамойць і Рыгу, каб стварыць вайсковы хаўрус супраць Міндаўга. У Рызе Таўцівіл быў ахрышчаны ў каталіцтва (паводле зьвестак Мацея Стрыйкоўскага, пад імем Готліб).

Даніла Галіцкі, Лівонскі ордэн, рыскі арцыбіскуп і Вікінтава палова Жамойці падтрымалі Таўцівіла, але нанесьці паразу Міндаўгу не атрымалася, бо па хрышчэньні Міндаўга ў 1253 годзе ў каталіцтва крыжакі перайшлі на яго бок. Пэўны час Таўцівіл жыў у Галіцка-Валынскім княстве і ў 1253 годзе разам з братам Гедзівілам браў удзел у выправе Данілы Галіцкага ў Чэхію. Але потым пасварыўся зь ім, бо той замірыўся зь Міндаўгам.

Па гэтым Таўцівіл перабраўся ў Полацак, бо быў жанаты з дачкой полацкага князя Брачыслава. Невядома, калі адбыўся гэты шлюб — да 1245 або па 1253 годзе. Магчыма, што першае ёсьць больш імаверным, але простых сьведчаньняў гэтаму няма. Па сьмерці свайго цесьця Таўцівіл быў абраны полацкім князем, магчыма абыходзячы простых нашчадкаў Брачыслава. Таўцівіл, хоць і быў выгнаны Міндаўгам зь Літвы, але захоўваў там даволі значны ўплыў. Магчыма, што ў 1258 годзе ўжо як полацкі князь браў удзел зь літоўскім аддзелам у выправе палачанаў на Смаленскую зямлю і Таржок, але яго імя ў зьвязку з гэтай выправай не ўпамінаецца. Узімку 1258—1259 гадоў у час татарскай выправы на Літву Таўцівіл, аб’яднаўшыся з сваім стрыечным братам Войшалкам, дзеіў супраць Рамана Данілавіча, нават быў датычны да яго забойства. Але толькі ў 1262 годзе Таўцівіл беспасярэдне ўпамінаецца як полацкі князь.

Па забойстве Міндоўга ў 1263 годзе як адзін з законных нашчадкаў быў запрошаны ўзурпатарам Транятам для падзелу спадчыны. Задумаў забіць Траняту і цалкам завалодаць спадчынай Міндаўга, але з прычыны здрады полацкага баярына Пракопа сам быў забіты, а астатнія полацкія баяры зь яго атачэньня трапілі ў палон да Траняты. Па забойстве Таўцівіла Транята, відаць, пагражаючы забойствам палонных полацкіх баяраў, патрабаваў выдачы яму Таўцівілавага сына Івана. Палачане ня выдалі Івана, дапамогшы яму зьбегчы ў Ноўгарад, дзе ён потым пастрыгся ў манахі. Аднак Полацку давялося ўзяць за князя вылучэнца Траняты — Канстанціна, магчыма сына Брачыслава, але ён быў на пасадзе невялікі час.

  1. ^ ГСБМ. Вып. 17. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 66.
  2. ^ Gamillscheg E. Romania Germanica. Bd. 3: Die Burgunder, Schlußwort. — Berlin und Leipzig, 1936. S. 152.
  3. ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 209.
  4. ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 34.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 19.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  7. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 26.
  8. ^ Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 103.
  9. ^ ПСРЛ. Т. 2. — СПб., 1845. С. 187—189, 201—202.
  10. ^ ПСРЛ. Т. 3. — СПб., 1841. С. 57.
  11. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 39.
  12. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 190.

Літаратура

рэдагаваць