Прыпяць

рака ў Беларусі

Пры́пяць — рака ў Беларусі і Ўкраіне, правы прыток Дняпра. Цячэ ў Валынскай, Ровенскай, Кіеўскай абласьцях Украіны, Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях Беларусі. Даўжыня 761 км, у межах Беларусі 500 км. Вадазбор 121 тыс. км². Выдатак вады ў вусьці 450 м³/с. Агульны спад ракі 69,5 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,1 .

Рака
Прыпяць
лац. Prypiać
Рака Прыпяць каля Мазыру
Рака Прыпяць каля Мазыру
Агульныя зьвесткі
Выток каля в. Гладзін (Украіна)
Вусьце Дняпро
Краіны басэйну Беларусь, Украіна
Вобласьці Кіеўская вобласьць, Гомельская вобласьць і Берасьцейская вобласьць
Даўжыня 775 км
Сярэднегадавы сьцёк 450 м³/с
Плошча басэйну 121 тыс. км²
Нахіл воднай паверхні 0,1 ‰
Месцазнаходжаньне
Прыпяць на мапе

Асноўныя прытокі

рэдагаваць

Агульныя зьвесткі

рэдагаваць

Пачынаецца за 1 км на паўднёвы ўсход ад в. Гладзіна Любамльскагу раёну Валынскай вобласьці на вышыні 168 м над узроўнем мора, цячэ ўздоўж Прыпяцкай нізіны на працягу 204 км ува Ўкраіне, 500 км — у Беларусі і астатнія 57 км — зноў ува Ўкраіне. Упадае з паўночнага ўсходу ў Кіеўскае вадасховішча.

Даліна слабавыразная, шырынёй 70—75 км; каля Мазырскай грады трапэцападобнай формы, звужаецца да 5 км. Вылучаюцца абалона і 2 надабалонавыя тэрасы. Абалона разьвітая на ўсім працягу ракі; шырыня яе да возера Любяж (Любязь, Валынская вобласьць) 2—6 км, у Беларусі ў вусьці Піны і Гарыні 16—18 км, ніжэй паміж в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёну і вусьцем Сьцьвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады да в. Барбароў Мазырскага раёну звужаецца да 1 км і далей пашыраецца да 9 км. Першая надабалонавая тэраса разьвітая на ўсім працягу, адсутнічае толькі каля Петрыкава і Мазыра. Шырыня яе 1—8 км, у месцах упадзеньня буйных прытокаў да 18 км. Шырыня 2-й тэрасы ад 200—500 м да 28 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу зьвілістае, вольна мэандруе, шмат нізкіх пясковых выспаў, старарэччаў, затокаў. На тэрыторыі Ўкраіны ніжэй за вусьце р. Турыя гідравузел, празь які частка сьцёку Прыпяці падаецца ў Белаазёрскі канал для жыўленьня Дняпроўска-Бускага каналу. Ніжэй за гідравузел на невялікім працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Пераважная шырыня ракі ад вытоку да вусьця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па плыні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўтоку ў Кіеўскае вадасховішча 4—5 км. Да р. Бобрык 1-ы рэчышча Прыпяці нярэдка абвалаванае, у сярэдняй плыні — прыродныя берагавыя валы (вышыня да 1,5 м).

Характарыстыкі гідралягічнага рэжыму ракі — расьцягнутае веснавое разводзьдзе, кароткачасовая (100—120 дзён) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль рэгулярнымі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. На пэрыяд веснавога разводзьдзя прыпадае 60%, летне-восеньскую межань — 24%, зімовую — 16% сярэдняга сьцёку. Максымальныя ўзроўні вады — у першай палове красавіка. Вышыня пад’ёму ў верхняй плыні да 2 м, у сярэдняй і ніжняй да 5 м, у межах вузкай абалоны (каля Мазыру) да 7 м над самай нізкай межаньню. Найніжэйшыя ўзроўні звычайна ў верасьні — кастрычніку. Замярзае амаль адначасна на ўсім працягу звычайна ў першай палове сьнежня, ачышчаецца ад лёду ў канцы сакавіка. Веснавы ледаход 4—8 дзён. Сярэдні выдатак вады: каля вёскі Кораб’е (Столінскі раён, 310 км ад вытоку) — 119 м³/с, каля Турава — 264 м, Мазыра — 383 м; найбольшы — адпаведна 1760 (1932 год), 3990 (1979 год), 5670 (1895 год); найменшы — адпаведна 9,66 (1953 год), 38,6 (1954 год), 22 (1921 год)[1].

Экалёгія

рэдагаваць

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986 год) басэйн ніжняй плыні Прыпяці быў забруджаны радыенуклідамі. Зь месцаў, дзе пражываньне зрабілася небясьпечным для здароўя, насельніцтва эвакуявана, утварыўся Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік. У сярэдняй плыні Прыпяці, на тэрыторыі Жыткавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў, паблізу ракі знаходзіцца Прыпяцкі ляндшафтава-гідралягічны запаведнік.

Большая частка паверхні вадазбору — роўная, нізінная раўніна, у значнай ступені занятая мэліяраванымі землямі. Аднастайнасьць і роўнасьць рэльефу падкрэсьліваецца чаргаваньнем водна-ледавіковых раўнінаў і плоскіх затарфаваных старажытных азёрных лагчынаў, на фоне якіх вылучаюцца дзюнава-ўзгорыстыя ўтварэньні вышынёй 5—8 м. У ніжняй плыні р. Прыпяці сярод манатоннага раўніннага ляндшафту ўзвышаюцца Мазырская града і Хойніцка-Брагінскія вышыні.

Расьліннасьць

рэдагаваць

Лясныя масівы разьмяшчаюцца пераважна на левабярэжжы, паміж нізоўямі рэчак Ясельда і Пціч, па правабярэжжы яны засяроджваюцца на паўднёвы захад ад Мазыра. Пераважаюць хвоя і дуб. Абалоны рэчак часта пакрываюць дубровы і дубова-грабавыя лясы, высечкі і гары звычайна займаюць бярэзьнікі. Лясістасьць вадазбору каля 25%.

Вялікія масівы нізінных, травяных балотаў залягаюць на левабярэжжа паміж Агінскім каналам і р. Пціч (Выганаўскае, Капацэвіцкае, Грычына). Усходняй мяжой распаўсюду вялікіх балотных масіваў на правабярэжжы зьяўляецца р. Убарць. Балоты тут галоўным чынам пераходныя і верхавыя, нярэдка зарослыя лесам ці хмызьняком (Тураўскія балоты). Найбольшай забалочанасьцю вылучаюцца вадазборы рэчак Стыр, Ільва, Сьцьвіга, Убарць.

Жывёльны сьвет

рэдагаваць

Азёрнасьць басэйну малаважная (каля 1%). Азёры вадазбору маюць рознае паходжаньне, найбольш характэрныя плыткія зарослыя вадаёмы, нярэдка абалонавыя. Найбольшыя зь іх: воз. Чырвонае, Выганаўскае (водападзельнае), Чорнае, Спораўскае, знаходзяцца па левабярэжжы.

Гаспадарчая дзейнасьць

рэдагаваць

Рака суднаходная на ўсёй тэрыторыі Беларусі, навігацыя на працягу 240—270 дзён. Злучаецца Дняпроўска-Бужанскім каналам з р. Мухавец (басэйн Заходняга Буга), Агінскім каналам (ня дзейнічае) — зь Нёманам, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. Вада ў рацэ гідракарбанатава-кальцыевай клясы, умерана жорсткая, сярэдняй мінэралізацыі.

У басэйне ракі Прыпяці шмат штучных вадаёмаў. Асабліва павялічылася іх колькасьць у зьвязку з праведзенымі на вадазборы буйнамаштабнымі мэліярацыйнымі працамі і неабходнасьцю рэгуляваньня сьцёку для мэтаў сельскай гаспадаркі ды індустрыі. На вадазборы буйныя вадасховішчы: Чырвонаслабадзкое, Салігорскае, Любанское, Сялец.

Значная плошча вадазбору (23%) у межах Беларусі на 1 студзеня 2006 году мэліяраваная, здадзена ў эксплюатацыю каля 56 000 км адкрытай асушальнай сеткі каналаў. Найбольш маштабныя мэліярацыйныя працы (асушваньне) праведзеныя ў басэйнах прытокаў р. Прыпяць: р. Піна (35%), р. Няслуха (47%), р. Ясельда (31%), р. Бобрык (30%), р. Цна (22%), р. Гарынь (12%), р. Лань (24%), р. Случ (25%), р. Убарць (14%), р. Пціч (24%), р. Іпа (25%), р. Ніжняя Брагінка (55%).

Рэжым ракі вывучаўся на 21 гідрапасьце, у наш час дзейнічаюць 7 гідрапастоў (м. Пінск, в. Качановічы (верхні і ніжні б’еф), в. Чарнічы, м. Петрыкаў, м. Мазыр, мяст. Нароўля, мост Любанскі)[2].

  1. ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994.
  2. ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі (рас.)

Літаратура

рэдагаваць
  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — 598 с.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць