Канстытуцыя 3 траўня 1791 году

канстытуцыя Рэчы Паспалітай

Канстыту́цыя 3 тра́ўня, афіцыйная назва «Ўрадавы закон» (польск. Ustawa Rządowa z dnia 3 maja) — канстытуцыя Рэчы Паспалітай, прынятая на паседжаньні Вялікага Сойму ў Варшаве 3 траўня 1791 году. Сойм увайшоў ў гісторыю польска-літоўскай дзяржавы пад назвай Чатырохгадовага канфэдэрацыйнага сойму. «Урадавы закон» стаўся перамогай так званай «патрыятычнай партыі», якая аб’ядноўвала ў сваім складзе прыхільнікаў рэформаў дзяржаўнага ладу, і істотна карэктаваў сыстэму дзяржаўнага кіраваньня, сацыяльнае разьмежаваньне ў краіне, кардынальныя правы шляхты.

Арыгінальны рукапіс Канстытуцыі 3 траўня

Перадумовы

рэдагаваць
 
К. Вайнякоўскі. Прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня

У кастрычніку 1788 году ў Варшаве быў скліканы Вялікі Сойм (пазьней атрымаў назву чатырохгадовага — з прычыны сваёй працягласьці). Расейская імпэрыя ў гэты час была ўцягнутая адначасова ў дзьве вайны — з Турцыяй і Швэцыяй. Гэта давала шанец прыхільнікам рэформаў правесьці пераўтварэньні ў краіне, пакуль галоўная «апякунка» Рэчы Паспалітай занятая іншымі справамі. Няспадзявана для самой сябе Кацярына ІІ згуляла на карысьць рэфарматараў, дазволіўшы злучыць Сойм у канфэдэрацыю, што аўтаматычна ліквідоўвала права «liberum veto». Да ўсяго гэтага дадаўся той факт, што прускі кароль Фрыдрых Вільгельм II, у сваіх мэтах, падтрымаў «патрыятычную» партыю.

Супаданьнем усіх гэтых абставінаў рэфарматары скарысталіся: ужо ў першы год дзейнасьці Сойму было павялічанае войска, ліквідавалася Пастаянная Рада — падкантрольны Расеі выканаўчы орган пры каралі, складзены зьвяз з Прусіяй. У 1789 годзе ў межах гэтых рэформаў утварылася спэцыяльная «Дэпутацыя па зьмене формы дзяржаўнага кіраваньня» (польск. Deputacja do poprawy formy rzadu), якой было даручана распрацаваць новыя прынцыпы дзяржаўнага кіраваньня. У працэсе дзейнасьці Сойму выявілася супрацьстаяньне двух бакоў: «патрыётаў», якія імкнуліся да найбольш радыкальных рэформаў (адмена «Liberum Veto», спадчыннасьць трону, павелічэньне правоў мяшчанаў) і кансэрватараў, якія прытрымліваліся захаваньня старых гарантыяў шляхецкай вольнасьці.

Прыхільнікі рэформаў згуртаваліся вакол галоўных ідэолягаў «патрыятычнай» партыі — маршалка ВКЛ Ігнація Патоцкага, ксяндза Гуга Калянтая, прымаса Патоцкага. Распрацоўка канстытуцыі ішла патаемна ў Радзівілаўскім палацы ў Варшаве, дзе зьбіраліся ўсе прыхільнікі пераменаў.

Пазыцыі патрыётаў умацаваліся, калі да заканчэньня тэрміна паўнамоцтваў сойму (Сойм склікаўся тэрмінам на 2 гады) «патрыятычнай партыі» атрымалася, з аднаго боку, дамагчыся падаўжэньня яго паўнамоцтваў яшчэ на два гады і, зь іншага боку, павялічыць склад пасольскай палаты ў 2 разы шляхам правядзеньня яе давыбараў.

У выніку праведзеных давыбараў атрымалася суадносіны сілаў у сойме зьмяніць на карысьць групоўкі «патрыятычнай партыі», і ўжо ў пачатку 1791 году соймам былі прынятыя два важныя законы — закон аб рэарганізацыі соймікаў (сакавік 1791 году) і закон аб гарадах і аб становішчы мяшчанаў (красавік 1791 году).

3 траўня 1791 году

рэдагаваць
 
Ян Матэйка. Канстытуцыя 3 траўня

Нягледзячы на моцныя пазыцыі сваёй партыі ў Сойме, «патрыёты» баяліся, што прыхільнікі захаваньня шляхецкіх гарантыяў здолеюць заблякаваць прыняцьце Канстытуцыі. У такой сытуацыі пастанавілі прызначыць абвяшчэньне канстытуцыі на 3 траўня, за 2 дні да афіцыйнага пачатку паседжаньняў. Паслы, прыхільнікі рэформаў, патаемна прыбылі ў Варшаву ў той час, як большасьць паслоў яшчэ не вярнулася зь велікодных вакацыяў. Замак, дзе павінна было праходзіць паседжаньне, ахоўвала каралеўская варта. Усё гэта дае падставы некаторым дасьледнікам параўноўваць прыняцьце канстытуцыі зь дзяржаўным пераваротам. Такім парадкам, пры няпоўным складзе паслоў, канстытуцыя была абвешчаная.

Гэта выклікала пратэсты з боку рэакцыйнага лягеру, але праз 2 дні пад ціскам шляхты і мяшчанства новая канстытуцыя афіцыйна была абвешчаная «Ўрадавым законам», і, апроч таго, Сойм адмысловым законам усталяваў, што ўсе выступы і пратэсты супраць Канстытуцыі ня маюць ніякай сілы.

Зьмест Канстытуцыі

рэдагаваць

Канстытуцыя складалася з 11 пунктаў, у якіх апісваліся кардынальныя правы шляхты, сацыяльныя пытаньні, дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай, пытаньні рэгенцтва і войска.

Кардынальныя правы

рэдагаваць

Паноўнай рэлігіяй абвяшчалася каталіцтва. Прытым для іншых веравызнаньняў дэкляраваліся ўсе вольнасьці і свабоды. Аднак пераход у іншую рэлігію каталіку забараняўся.

Шляхце Рэчы Паспалітай гарантаваліся ўсе свабоды і прывілеі, атрыманыя ад часоў Казімера Вялікага і Вітаўта. Рыцарства прызнавалася найвышэшым станам Рэчы Паспалітай і галоўным абаронцам Канстытуцыі.

Сацыяльныя пытаньні

рэдагаваць

Гарады і мяшчанства атрымлівалі пашыраныя правы. Мяшчане атрымалі права карыстацца правам Neminem captivabimus («асабістай недатыкальнасьці»), атрымалі магчымасьць займаць духоўныя, сьвецкія і вайсковыя пасады, набываць зямлю, шляхце ж было дазволена займацца мяшчанскімі справамі. Каралеўскія гарады атрымалі большае самакіраваньне, права дасылаць на Сойм прадстаўнікоў («plenipotentow») да Скарбавай і Паліцэйскай камісіяў з правам дарадчага голасу ў пытаньнях, што тычыліся гарадоў, гандлю і г. д. Атрымалі мяшчане і магчымасьць атрымаць шляхецкія патэнты.

Сяляне — як асноўная працоўная сіла дзяржавы — бралася пад апеку Ўраду, які гарантаваў, што ўсе ўмовы, складзеныя паміж шляхецтвам і сялянствам, мусяць выконвацца.

Дзяржаўны лад

рэдагаваць

Пункты з 5 па 8 апісвалі форму дзяржаўнага кіраваньня. Улада падзялялася на тры галіны: заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

Заканадаўчая ўлада — Сойм, які падзяляўся на дзьве ізбы: пасольскую і сэнатарскую.

  • Сэнатарская ізба: складалася з ваяводаў, маршалкаў, біскупаў, міністраў і караля. Асноўная функцыя Сэнату — прыняцьце ці непрыняцьце законаў, якія прайшлі абмеркаваньне і былі падтрыманыя ніжэйшай ізбой. Сэнат меў права адзін раз адхіліць праект да наступнага Сойму. Другі раз ён абавязаны быў яго прыняць.
  • Пасольская ізба: складалася з прадстаўнікоў шляхты ўсіх паветаў Рэчы Паспалітай (па 2 прадстаўнікі ад кожнага павету). Асноўныя функцыі: распрацоўка і прыняцьце законаў — канстытуцыйных, грамадзянскіх, крымінальных; кантроль выканаўчай улады, абраньне прадстаўнікоў на вышэйшыя дзяржаўныя пасады.
 
Вокладка першага выданьня

Сойм мусіў зьбірацца кожныя 2 гады. Пазачарговыя Соймы маглі зьбірацца ў выпадку пільнай патрэбы. Права «liberum veto» скасоўвалася.

Выканаўчая ўлада — «Варта законаў» (польск. Straż Praw) на чале з каралём. Асноўная функцыя выканаўчай улады — кантраляваць і арганізоўваць выкананьне прынятых Соймам пастановаў. «Варта законаў» ня мела права прымаць новыя ці зьмяняць старыя законы, абвяшчаць мір ці вайну, уводзіць ці скасоўваць падаткі. «Варта» могла весьці часовыя перамовы з замежнымі прадстаўнікамі, а таксама разьвязваць надзённыя справы, патрэбныя для забесьпячэньня спакою ў краіне паміж Соймамі.

У адпаведнасьці з канстытуцыяй захоўвалася выбранасьць трону, але ў межах адной нязьменнай сям’і. Такім спосабам быў знойдзены кампраміс паміж прыхільнікамі элекцыйнасьці і спадчынасьці трона. Першым прадстаўніком новай каралеўскай дынастыі абвяшчаўся Фрыдэрык Аўгуст Сас.

Асоба караля абвяшчалася сьвятой, але ні ў чым не адказнай. Кароль мусіў быць не самаўладцам, але бацькам народу. За каралём пакідалася кіраваньне ўзброенымі сіламі пад час вайны, а таксама намінаваньне афіцэраў, біскупаў, прызначэньне міністраў.

«Варта законаў» складалася з прымаса, пяці міністра — міністра паліцыі, пячаткі, скарбу пячаткі, справаў замежных, справаў вайсковых і 2 сакратароў. На паседжаньнях «Варты» мусіў быць прытомны маршалак соймавы, бяз права голасу, для таго, каб у выпадку небясьпекі ці хваробы караля склікаць пазачарговы Сойм. «Варце закону» падпарадкоўваліся 4 камісіі: Вайсковая, Скарбу, Адукацыі і Паліцыі.

Судовая ўлада мела некалькі ўзроўняў:

  • Суды першай інстанцыі існавалі для кожнага павету і ствараліся для хуткага разгляду самых розных справаў. Наступнай інстанцыяй былі Галоўныя Трыбуналы, якія існавалі асобна для кожнай з трох правінцыяў (Вялікая Польшча, Малая Польшча, Літва). Судзьдзяў для судоў першай і другой інстанцыяў абіралі на сойміках. Гэтыя суды займаліся толькі справамі шляхты;
  • Асобна стваралі суды для гарадоў у адпаведнасьці зь іхнімі правамі;
  • Рэфэрэндаўскія суды для кожнай правінцыі разьвязвалі пытаньні вольных сялянаў;
  • Суды задворныя асэсарскія, рэляцыйныя і курляндзкі захоўваліся;
  • Выканаўчыя камісіі мелі свае суды на месцах;
  • Найвышэйшым судом для ўсіх станаў прызнаваўся соймавы суд.

Апошнія пункты канстытуцыі былі прысьвечаныя рэгенцтву, выхаваньню каралеўскіх дзяцей і настаўленьню грамадзянаў паважаць сваё войска.

Пытаньне фэдэрацыйнасьці Рэчы Паспалітай

рэдагаваць

Дыскусійным пытаньнем застаецца тое, што ў тэксьце ні аднаго разу ня ўзгадваецца Вялікае княства Літоўскае і толькі 2 разы Рэч Паспалітая. У астатніх выпадках ужываецца назва краіны «Польшча». Гэта дае падставы сьцьвярджаць, што Канстытуцыя 3 траўня нібы ліквідоўвала Вялікае княства Літоўскае як асобную дзяржаву. Аднак сучасныя польскія гісторыкі мяркуюць, што брак узгадак пра ВКЛ у тэксьце Канстытуцыі гаворыць хутчэй, наадварот, пра вострую супярэчнасьць у гэтым пытаньні паміж літоўскімі і польскімі пасламі. Баючыся, што пытаньне ўніфікацыі можа пазбавіць Канстытуцыю падтрымкі паслоў ВКЛ, распрацоўнікі папросту абмінулі яго ў сваім праекце. Ускосным пацьверджаньнем гэтай вэрсіі ёсьць тое, што ВКЛ як асобны суб’ект Рэчы Паспалітай працягвала бытаваць і па 3 траўня ва ўсіх дакумэнтах. А 20 кастрычніка 1791 году паміж ВКЛ і Польшчай былі падпісаныя «Узаемныя Заручыны абодвух народаў» (польск. Zaręczenie Wzajemne Obojga Narodów) — дакумэнт, дзе дакладна разьмяжоўваліся функцыі дзьвюх дзяржаваў.

Значэньне Канстытуцыі

рэдагаваць

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 году была другім у сьвеце канстытуцыйным законам такога выгляду пасьля Канстытуцыі ЗША 1787 году і першым у Эўропе.

Прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня 1791 году, нягледзячы на яе абмежаваны характар, было ўсё ж прагрэсіўнай зьявай у жыцьці Рэчы Паспалітай, бо спрыяла ліквідацыі фэадальнай анархіі, некалькі абмяжоўвала самаўпраўнасьць і магутнасьць магнатаў, прызнавала ў якасьці грамадзка-сацыяльнай сілы толькі ўзьнікаючую буржуазію.

Важна адзначыць, што канстытуцыя так і не была да канца распрацаваная. Дакумэнт, прыняты 3 траўня мусіў быў стаць толькі пачаткам вялікай працы. У самой канстытуцыі ёсьць спасылкі на патрэбу дапрацоўкі. Гуга Калантай 5 траўня абвясьціў аб працы над эканамічнай канстытуцяй, якая так і не была завершаная.

Ліквідацыя Канстытуцыі 3 траўня

рэдагаваць

Дзеяньні таргавіцкай канфэдэрацыі, падтрыманай адкрытай ваеннай інтэрвэнцыяй Расейскай імпэрыі, прывялі да скасаваньня Канстытуцыі 3 траўня і ліквідацыі створаных на яе аснове органаў улады ў 1792 годзе. У сакавіку 1794 году пачалося паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшка, мэтамі якога было ўзнаўленьне тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і Канстытуцыі 3 траўня, аднак увесну таго жа году яно было здушана. Па здушэньні паўстаньня ў 1795 годзе адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай (на змову, укладзеную паміж Расейскай імпэрыяй, Прусіяй і Аўстрыяй) і канфэдэрацыўная дзяржава (Польшча і Літва) на вызначаны час зьніклі з мапы Эўропы.

Пераклады

рэдагаваць

Адразу па ўхвале Канстытуцыю надрукавалі ў Варшаве на францускай мове асобнай кнігай, а пазьней на нямецкай мове. У ліпені і жніўні 1791 году па-француску Канстытуцыю таксама надрукавалі варшаўскія газэты. У 1791 годзе ў Лёндане Канстытуцыю надрукавалі асобнымі кнігамі на ангельскай і нямецкай мовах. 24 траўня 1791 году ў Нямеччыне газэта «Spener Zeitung» таксама надрукавала Канстытуцыю па-нямецку[1].

Паводле зьвестак расейскага гісторыка Мікалая Кастамарава, адзін з аўтараў Канстытуцыі маршалак вялікі літоўскі Ігнаці Патоцкі ў красавіку 1792 году загадаў перакласьці Канстытуцыю на «рускую мову», каб «узьняць супраць Масквы русінаў — тады паўстане ўся Беларусія[2], уся Ўкраіна, паўстануць казакі»[3]. На падставе рукапіснага перакладу на «рускую мову» ў Вільні друкаваліся брашуры з тэкстам Канстытуцыі на «рускай мове»[4].

Ані сама Канстытуцыя, ані «Ўзаемныя заручыны» не перакладаліся на летувіскую мову ў XVIII стагодзьдзі: існуе толькі рукапісны ананімны аматарскі пераклад, створаны ў пачатку XIX стагодзьдзя, пра што сьведчаць вадзяныя знакі на паперы «ВФ СТ» = «Вологодская фабрика содержателя Торунтаевского» і год «1803»[5][6].

Глядзіце такскама

рэдагаваць
  1. ^ Kowecki, E. Konstytucja 3 maja 1791. Statut Zgromadzenia Przyjaciół Konstytucji. — Warszawa, 1991. S. 48, 69.
  2. ^ Анішчанка Я. Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. — Менск, 2003. С. 270—271.
  3. ^ Костомаров Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., т. 7—8: Последние годы Речи Посполитой. — СПб., 1905. С. 345.
  4. ^ Костомаров Н. И. Собрание сочинений. — Кн. 7., т. 7—8: Последние годы Речи Посполитой. — СПб., 1905. С. 346.
  5. ^ Rankraščio aprašas (архіваваная копія), Gegužės 3-iosios Konstitucija, Magnus Ducatus Lithuaniae
  6. ^ Tumelis J. Gegužės Trečiosios konstitucijos ir Ketverių metų seimo nutarimų lietuviškas vertimas (Lithuanian) // Lietuvos istorijos metraštis. — Vilnius: Lietuvos istorijos institutas, 1978. P. 92.

Літаратура

рэдагаваць
  • Бардах Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. — Мінск, 2002.
  • Kalinka W. Sejm Czteroletni. — Kraków 1880. Ponowne wydanie. — W-wa. 1991.
  • Lelewel J. Wybór pism historycznych. — Wrocław, 2005.
  • Łojek J. Geneza i obalenie Konstytucji 3 maja. — Lublin 1986, ISBN 83-222-0313-6
  • Чудаков М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 г. Государственно-правовая характеристика. — Минск, 2005.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць