Міхась Аляксандравіч Ткачоў (10 сакавіка 1942, Амсьціслаў — 31 кастрычніка 1992, Менск) — беларускі гісторык, археоляг, грамадзка-палітычны дзяяч. Доктар гістарычных навук (1987), прафэсар (1989)[2].

Міхась Ткачоў

лац. Michaś Tkačoŭ
Дата нараджэньня 10 сакавіка 1942(1942-03-10)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 31 кастрычніка 1992(1992-10-31)[1] (50 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1964)
Занятак гісторык, настаўнік, палітык
Навуковая сфэра Гісторыя
Месца працы Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы (1978-1989)
Сябра ў Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» і Паходня
Навуковая ступень доктар гістарычных навук[d]
Навуковы кіраўнік Лаўрэнці Абэцэдарскі
Вучні Алег Трусаў, Алесь Краўцэвіч, Ігар Чарняўскі, Генадзь Сагановіч, Андрэй Мяцельскі
Узнагароды Мэдаль Францішка Скарыны

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў настаўніцкай сям’і Алеся Рыгоравіча і Дамінікі Сямёнаўны. Бацька ў тым жа годзе загінуў на фронце пад Ленінградам, і пасьля вайны будучага гісторыка выхоўваў айчым. Пачатковую адукацыю атрымаў у родным Амсьціславе ў сямігодцы № 3. У 1959 годзе паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Першы курс, аднак, давучыўся завочна, бо паводле адмысловых савецкіх законаў мусіў вярнуцца ў Амсьціслаў, у калгас імя Варашылава, працаваць паляводам. Студэнцкія гады ўмацавалі нацыянальнае пачуцьцё М. Ткачова. Цікава, што пад «кіраўніцтвам» вядомага Лаўрэна Абэцэдарскага ён на ўсё жыцьцё «захварэў беларускім сярэднявеччам». М. Ткачоў узгадваў: «У душы маёй адбыўся карэнны пералом: я ўсьвядоміў, што жыву на гэтай зямлі ня нейкім там бязродным чалавекам, а беларусам, што ў мяне ёсьць культура, ёсьць гісторыя, якую, на жаль, мы вельмі дрэнна ведаем»[3].

Пасьля разьмеркаваньня па заканчэньні вучобы ў 1964 амаль пяць гадоў настаўнічаў у Жодзіне, быў завучам. Тады ўступіў у КПСС. Пры падтрымцы Пятра Глебкі паступіў ў 1968 годзе ў асьпірантуру Інстытуту гісторыі АН БССР.

У 1978 годзе прыняў запрашэньне з Горадні, дзе адчыняўся ўнівэрсытэт. Спачатку працаваў выкладчыкам, у 1983—1985 — загадчык катэдры. Падчас жыцьця ў Горадні М. Ткачоў меў некалькі сутыкненьняў зь мясцовым кіраўніцтвам, выкліканых перашкодамі, якія чыніў навуковец зьнішчэньню старажытнай гарадзкой забудовы. Справы даходзілі да Савету міністраў СССР, Ткачова спрабавалі выключыць з КПСС і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці «за клевету на органы Советской власти», «за ввод в заблуждение председателя Совета министров СССР». Аднак гісторык перамог.

Грамадзка-палітычная дзейнасьць

рэдагаваць

1 сакавіка 1986 году ў Горадні з асьветніцкімі мэтамі быў створаны гісторыка-культурны клюб «Паходня», адным з заснавальнікаў і кіраўніком якога быў М. Ткачоў. Тут зьбіраліся аматары гісторыі і культуры Беларусі, запрашаліся вядомыя навукоўцы.

Напрыканцы 1980-х М. Ткачоў уключыўся ў актыўную грамадзкую і палітычную дзейнасьць. У 1989 годзе вылучаўся кандыдатам у народныя дэпутаты СССР. «Для мяне тыя выбары, — узгадваў М. Ткачоў, — сталіся сапраўднай школай жыцьця. Я ўпершыню ўбачыў, што палітыка і бруд, амаральнасьць ідуць побач. Дагэтуль шчыра верыў у ідэалы партыі, стараўся ўзьняць яе аўтарытэт, думаючы, што найлепшы для гэтага шлях — нармальная старанная праца, асабісты прыклад у грамадзкім жыцьці. І вось прыйшло крушэньне маральных устояў, пэўных палітычных прынцыпаў. Зразумеў нарэшце, што ў партапарата сьвятога няма, дзеля захаваньня ўлады ён гатовы на ўсё»[4].

Ткачоў выйшаў з КПСС і дзейнічаў ужо толькі ў рэчышчы нацыянальна-адраджэнцкага руху. Пасьля пераезду ў Менск ў 1989 годзе ён удзельнічаў ва ўтварэньні «Мартыралёгу Беларусі», уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, зрабіўся намесьнікам старшыні Сойму БНФ.

Ткачоў быў ініцыятарам аднаўленьня ў Беларусі сацыял-дэмакратыі — з сакавіка 1991 году ён старшыня Цэнтральнай рады адноўленае БСДГ.

Навуковая дзейнасьць

рэдагаваць
 
Фрагменты археалягічных раскопак Маладэчанскага замка, XVI ст. Археолягі М. А. Ткачоў, І. У. Ганецкая, 1981, 2006 гг. Менскі абласны краязнаўчы музэй.

Пасьля паступленьня ў асьпірантуру АН БССР М. Ткачоў узяўся за распрацоўку тэмы «Ваеннае дойлідзтва Беларусі XII—XVII ст. Паводле помнікаў паўночна-заходняй і паўднёва-заходняй Беларусі». Міхась Чарняўскі так ахарактарызаваў свайго сябра М. Ткачова: «Быў малады, дужы. Здавалася, ня будзе зносу. Таму шмат дзе пасьпяваў. З 1969 па 1972 гады ім раскопваліся замкі Наваградку, Горадні, Ліды, Койданава[5], Крэва, Міру, Геранён, Мядзелу, Лепеля, Іказьні, Камянцу, умацаваньні шэрагу іншых мясьцін». Менавіта ў 1976—1978 гадах экспэдыцыя Інстытуту гісторыі АН БССР на чале з М. Ткачовым распачала на Верхнім Замку ў Віцебску археалягічныя дасьледаваньні XVIII ст. і да мацярыка. Сёньня «гістарычная археалёгія» ўжо агульнапрызнаная галіна навукі, якая пасьпяхова разьвіваецца на Беларусі, Польшчы, Летуве, Украіне. З другой палове 70-х гадоў ХХ ст. яго ўвага была скіравана на Ўсходнюю Беларусь. І зноў раскопкі ў Віцебску, Магілёве, Амсьціславе, Крычаве, Гомелі, Чачэрску, Прапойску і іншых месцах.

Вынікам гэтае працы была абароненая ўжо ў 1972 годзе кандыдацкая дысэртацыя, на аснове якой былі выдадзеныя кнігі «Абарончыя збудаваньні зямель Беларусі» (1978), а таксама «Замкі Беларусі» (1977). У 1987 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю па тэме «Арганізацыя абароны гарадоў Беларусі XIV—XVIII ст.»

Па вяртаньні ў Менск у 1989 годзе М. Ткачоў працаваў у рэдакцыі «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі»: спачатку з 1989 — загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі, з 1992 — галоўным рэдактарам «Беларускай Энцыкляпэдыі». М. Ткачоў быў адным зь ініцыятараў выданьня «Энцыкляпэдыі Археалёгіі і Нумізматыкі Беларусі» ды «Энцыкляпэдыі Гісторыі Беларусі». Ужо хворым, у апошнія гады жыцьця ён выдаў «Замкі і людзі», «Вялікае мастацтва артылерыі», «Старажытны Мсьціслаў» (апошнія дзьве ў сааўтарстве).

Галоўная ўвага Міхася Ткачова была накіравана на дасьледаваньне багатай і разнастайнай вайсковай гісторыі Беларусі. На падставе глыбокага аналізу гістарычных, археалягічных і іканаграфічных крыніцаў першым у беларускай гістарыяграфіі прасачыў генэзіс, эвалюцыю і этапы разьвіцьця замкаў і абарончых сыстэмаў населеных пунктаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў. Вынікам дасьледаваньня было каля 200 навуковых прац, зь іх 10 кніг (уключаючы разьдзелы ў калектыўных манаграфіях).

Сярод найбольш вядомых паплечнікаў і вучняў Міхася Ткачова шмат асобаў, якія вызначаюць разьвіцьцё гістарычнай і археалягічнай навукі ў Беларусі: Алег Трусаў, Лявон Калядзінскі, Тацяна Бубенька, Алесь Краўцэвіч, Ігар Чарняўскі, Генадзь Сагановіч, Андрэй Мяцельскі, Генадзь Семянчук, Уладзімер Канановіч і іншыя.

Прыкладна за год да сьмерці ў адным інтэрвію ён сказаў: «Нягледзячы на ніякія адкаты, працягваю верыць у наш народ. Што б зь ім не вытваралі, ён застанецца самім сабой: добрым, працавітым, незлабівым і вельмі адважным, рашучым у крытычныя моманты гісторыі, калі на карту ставіцца лёс яго жыцьця…»[6].

  • Ткачёв М. А. Замки Белоруссии. Мн., 1987
  • Ткачёв М. А. Организация обороны городов Белоруссии в XIV—XVIII вв. Автореферат дис. д.и.н. Мн., 1987
  • Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978
  • Ткачоў М. А. Беларуская кафля. Мн., 1989
  • Ткачоў М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991
  • Ткачоў М. А. Вялікае мастацтва артылерыі. Мн., 1992
  • Ткачоў М. А. Старажытны Мсціслаў. Мн., 1992
  • Ткачоў М. А. Паходня. Мн., 1994
  • Castrum, urbis et bellum. Баранавічы, 2002. — Навуковы зборнік, прысьвечаны Ткачову. Апублікаваны поўны сьпіс працаў.
  1. ^ https://www.svaboda.org/a/768809.html
  2. ^ Ткачоў Міхаіл Аляксандравіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 666.
  3. ^ Уліцёнак А. Іншадумцы = Мыслящие иначе. — Мн.: Беларусь, 1991. С. 266—267.
  4. ^ Уліцёнак А. Іншадумцы = Мыслящие иначе. — Мн.: Беларусь, 1991. С. 280.
  5. ^ Ткачоў Міхаіл Аляксандравіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. С. 43.
  6. ^ Уліцёнак А. Іншадумцы = Мыслящие иначе. — Мн.: Беларусь, 1991. С. 287.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць