Ян Дамель

беларускі і польскі маляр, карыкатурыст

Ян Дамель (1780, Мітава ў Курляндыі — 30 жніўня 1840, Менск) — беларускі маляр, прадстаўнік мастацкай школы Віленскага ўнівэрсытэту. Пакінуў значны сьлед у мастацтве сучасных Беларусі і Летувы.

Ян Дамель

лац. Jan Damiel
Ян Дамель. Аўтапартрэт
Дата нараджэньня 1780(1780)
Месца нараджэньня Мітава, Курляндыя
Дата сьмерці 30 жніўня 1840
Месца сьмерці Менск
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак маляр
Месца працы
Сябра ў масонская лёжа[d] і Паўночная паходня[d]
Жанры партрэт, гістарычны жывапіс і рэлігійнае мастацтва[d]
Плынь клясыцызм, рамантызм

Біяграфія

рэдагаваць

Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт (1809 год), быў вучнем вядомых мастакоў Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма. У 1809—1820 гадох выкладаў на катэдры малюнку і малярства.

У 1820 годзе праз хлусьлівае зьвінавачаньне ўлады Расейскай імпэрыі выслалі Яна Дамеля ў Сыбір[1]. Знаходзіўся ў высылцы ў Табольску, Томску, Енісейску. Выконваў размалёўку тамтэйшых сакральных будынкаў, зблізіўся з кіраўніком Сыбіры графам М. Сьпяранскім, што аблегчыла ягоную долю і дапамагло хутчэй вярнуцца на Радзіму.

Па вызваленьні з 1822 году жыў у Менску.

Спачыў у касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа на Кальварыйскіх могілках Менску. Замест помніка над магілай павесілі карціну «Маленьне збаўцы», якую нябожчык лічыў адным з найлепшых сваіх твораў.

Творчасьць

рэдагаваць
 
Аўтапартрэт, 1817 г.

Творчасьць Яна Дамеля сфармавалася пад уплывам клясыцызму[2].

 
Сьвяты Язэп зь дзіцяткам Езусам, 1811 г.

Пісаў пераважна на гістарычныя тэмы: «Сьмерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам», «Сьмерць князя Панятоўскага» (абедзьве 1820-я), «Хрышчэньне славянаў», «Сьмерць Глінскага ў няволі», «Вызваленьне Т. Касьцюшкі зь цямніцы» (1830-я), «Твардоўскі паказвае Жыгімонту Аўгусту цень яго жонкі Барбары», «Напалеон на бівуаку пад Аўстэрліцам», «Адступленьне французаў праз Вільню ў 1812» ды іншыя.

Сярод працаў мастака партрэты князя Дамініка Радзівіла, графаў Яўхіма Храптовіча, Канстантына Тышкевіча, рэктара Віленскага ўнівэрсытэту С. Малеўскага, ксяндза Ф. Галанскага, «М. Равіч з сынам», «Атон Горват з жонкай», «Валадковіч з жонкай», М. Сьпяранскага, С. Строганава, Е. Кабылінскага ды іншых. Уласьцівасьцю найлепшых зь іх ёсьць тонкая псыхалягічная характарыстыка. Некаторыя партрэты (аўтапартрэт, партрэт прафэсара Яна Рустэма) маюць рысы рамантызму.

Выканаў таксама творы рэлігійнай тэматыкі: «Сьвятая Дзева зь дзіцем», «Хрыстос і самарыцянка», «Адрачэньне Сьвятога Пятра», «Палажэньне ў труну», «Маленьне пра чашу», «Спакушэньне Хрыста», «Агар у пустыні», «Сьвяты Язэп зь дзіцяткам Езусам» — алтарны вобраз касьцёла ў Вішневе.

Стварыў пэйзажы Менску і ягоных ваколіцаў, малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сібіры.

  1. ^ ДАМЕЛЬ Ян // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  2. ^ ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 203.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць