Усяслаў Чарадзей

князь полацкі
(Перанакіравана з «Усяслаў Брачыславіч»)

Усясла́ў Брачысла́віч Чарадзе́й (1029—1101) — князь полацкі (1044—1101), вялікі князь кіеўскі (1068—1069). Сын Брачыслава, унука Рагнеды, і невядомай (імя маці гісторыя не захавала). Паводле легендаў, паходжаньне князя прыпісвалася чарадзейным сілам (імаверна, таму яго і празвалі «Чарадзеем»)[2].

Усяслаў Полацкі (Чарадзей)
лац. Usiasłaŭ Połacki (Čaradziej)
Усяслаў Чарадзей (уяўны партрэт). Фрагмэнт мініятуры з Радзівілаўскага летапісу, XV ст.
Князь полацкі
1044 — 1101
Папярэднік Брачыслаў
Наступнік Рагвалод-Барыс
Вялікі князь кіеўскі
15 верасьня 1068 — красавік 1069
Папярэднік Ізяслаў Яраславіч
Наступнік Ізяслаў Яраславіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 29 ліпеня 1029[1],
Памёр 14 красавіка 1101 (71 год),
Нашчадкі Давыд, Глеб, Раман, Расьціслаў, Сьвятаслаў-Юры, Рагвалод-Барыс
Дынастыя Рагвалодавічы
Сужэнец Усяславава Брачыславіча[d]
Бацька Брачыслаў
Маці ?

Пры Ўсяславе адзначаецца найвышэйшы ўздым і тэрытарыяльнае пашырэньне Полацкага княства. За ўвесь час ад сьмерці Яраслава Ўладзімеравіча ў 1054 годзе да Мангольскай навалы ў 30—40-я гады XIII стагодзьдзя ён быў адзіным князем, які заняў кіеўскі вялікакняскі пасад, ня будучы Яраславічам[3].

Біяграфія

рэдагаваць

Пачатак княжаньня. Будова

рэдагаваць

У 1044 годзе па сьмерці бацькі Ўсяслаў стаў полацкім князем, маючы 15—16 гадоў. На працягу першых 16 гадоў крыніцы не паведамляюць пра Полаччыну і дзейнасьць маладога князя. Праўдападобна, гэта тлумачыцца тым, што дзейнасьць Усяслава не выходзіла за межы Полацкай зямлі. А летапісы суседніх дзяржаваў звычайна ўпаміналі Полацак толькі тады, калі ён сваімі дзеяньнямі закранаў інтарэсы Кіева, Ноўгарада альбо падпарадкаваных ім земляў. Імаверна, у гэтыя часы Ўсяслаў займаўся ўнутраным уладкаваньнем сваёй дзяржавы.

За Ўсяславам у сярэдзіне XI стагодзьдзя заканчваецца працэс пераносу адміністрацыйнага цэнтру Полацку з «гарадзішча Рагвалода» на Верхні замак. Тут, на Верхнім замку ён будуе новы замак-дзядзінец, славуты Сафійскі сабор, таксама распачалося ўзьвядзеньне іншых манумэнтальных збудваньняў. У якасьці ўзору для сабора князь абраў канстантынопальскую Сафію. Раней чым у Полацку аналягічныя будынкі зьявіліся толькі ў Кіеве і Ноўгарадзе. Гісторыя захавала імёны полацкіх дойлідаў: Давыд, Таўма, Мікула, Капес. Ёсьць сьведчаньне, што Ўсяслаў будаваў і ўмацоўваў ня толькі сваю сталіцу, але і іншыя гарады Полацкай зямлі: Браслаў, Друцак, Заслаўе, Лагойск, Копысь, Воршу, Менск.

У сваёй сталіцы Ўсяслаў прымаў вядомага ў Старажытнай Русі паэта-сьпевака Баяна. Апроч таго, ён стварыў моцнае, добра падрыхтаванае войска, якое паказала свае здольнасьці ў час паходу на торкаў у зьвязе з кіеўскімі князямі[4].

Вайна з Кіевам. Бітва на Нямізе

рэдагаваць

У 1065 годзе пачалася другая вайна паміж Кіевам і Полацкам. Усяслаў хадзіў паходам на Пскоў, потым — на Ноўгарад. Пазьней ён захапіў Наваградак[2][5]. У адказ на гэта тры кіеўскія князі, браты-суваладары, нашчадкі Яраслава Мудрага, павялі свае войскі на Менск. Крывавая бітва адбылася на рацэ Нямізе. Апавядаючы пра трагізм Няміскай бітвы 1067, аўтар «Слова пра паход Ігаравы» з спачуваньнем намаляваў вобраз Усяслава Чарадзея як яскравую гістарычную асобу, мудрага і дзейнага валадара, князя-чарадзея і адначасна як несправядліва пакрыўджанага, няшчаснага чалавека:

  На Немизе снопы стелютъ головами, молотятъ цепы харалужъными, на тоце живот кладутъ, веютъ душу от тела. Немизе кровави брезне балогом бяхуть посеяни, посеяни костьми Руськых сынов. Въсеслав князь людем судяше, князем грады рядяше, а сам в ночь вълком рыскаше: из Кыева дорыскаше, до кур, Тьмутораканя; великому Хърсови вълком прерыскаше. Тому в Полотьсте позвониша заутренюю рано у святыя Софеи, а он в Кыеве звон слышаше. Аще и веща душа в друзе теле нъ часто беды страдаше. Тому вещий Боян и първое припевъку смысленый рече: «Ни хытру, ни горазду, ни птичу, горазду суда Божия не минути».  

Хутчэй за ўсё, страты ў гэтай бітве былі вялікімі з абодвух бакоў, бо Яраславічы не адважыліся ісьці на Полацак і праз 4 месяцы па бітве запрасілі Ўсяслава на перамовы. Летапісец так распавядае пра гэта: «Цалавалі крыж чэсны Ўсяславу, казалі: „Прыйдзі да нас, а мы не зробім табе благое“». Але кіеўскія князі ашукалі Ўсяслава Брачыславіча. Па прыбыцьці на перамовы як толькі той ступіў з чоўна на другі бераг Дняпра каля Воршы, яго схапілі і адвезьлі ў Кіеў, дзе разам з двума малалетнімі сынамі кінулі ў вязьніцу-поруб.

Княжаньне ў Кіеве

рэдагаваць
 
Усяслаў Полацкі. Мастак Язэп Драздовіч, 1923 г.

Усяслаў прабыў у зьняволеньні больш за 14 месяцаў. Але ў гэты час на Кіеўскую зямлю напалі полаўцы, разьбілі войска Яраславічаў, і тыя ў паніцы зьбеглі хавацца ў розныя гарады сваёй дзяржавы. Абураныя іх паводзінамі кіяне ўзьнялі мяцеж, выпусьцілі зь вязьніцы Ўсяслава Чарадзея з сынамі і пасадзілі полацкага князя на кіеўскі пасад.

На вялікакняскім прастоле Ўсяслаў прабыў 7 месяцаў. За гэты час ён разьбіў полаўцаў, учыніў паход на Тмутаракань. Аднак неўзабаве зьявіўся выгнаны ў час мяцяжу з Кіева Ізяслаў Яраславіч з набраным у Польшчы войскам. Усяслаў з кіянамі пайшоў яму насустрач, каб даць бой. Але, не жадаючы пачынаць братазабойную вайну, ён нечакана для ўсіх уначы пакінуў войска і зьбег у родны Полацак. Дасьледнікі да гэтага часу спрачаюцца пра прычыны такога ўчынку князя. Імаверна, яны былі дастаткова важкімі, бо Ўсяслава ніяк нельга лічыць баязьліўцам ці здраднікам.

Вяртаньне ў Полацак. Рэшта жыцьця

рэдагаваць

Неўзабаве кіеўскі князь Ізяслаў вярнуў сабе пасад і зноў напаў на Полацкія землі. Не пасьпеўшы арганізаваць добрую абарону Полацку, Усяслаў Чарадзей пакінуў горад і знайшоў прытулак у племені водзь, дзе зьбіраў сілы, каб вярнуць страчаную ўладу. У 1068 годзе на чале водзкага войска ён зьявіўся пад Ноўгарадам. У баі з наўгародцамі Ўсяслаў трапіў у палон, але неўзабаве яго зь невядомых прычынаў адпусьцілі.

У 1071 годзе, сабраўшы войска з прадстаўнікоў балцкіх плямёнаў, Усяслаў урэшце вярнуў свой полацкі пасад. У тым жа годзе ён зьдзейсьніў няўдалы паход на Менск, а праз шэсьць гадоў — на Ноўгарад. У адказ на гэта кіеўскія і чарнігаўскія князі ў 1077 і 1078 гадах нападалі на Полацак, але няўдала. Па паразе ў 1078 годзе яны разрабавалі частку Полацкага княства. Усяслаў адказаў на гэта паходам на Смаленск, па чым смаленскі князь Уладзімер (у будучыні — Манамах) правёў некалькі паходаў на Полацак.

Да 1084 году кіеўскія князі неаднаразова спрабавалі захапіць Полацак і скінуць Усяслава з пасаду. Але полацкі князь адстаяў свае землі і трывала трымаўся на стальцы сваіх бацькоў.

Вынікі кіраваньня. Нашчадкі

рэдагаваць
 
Усяслаў Полацкі. НБ Беларусі, 2005 г.

Дзякуючы вайсковаму майстэрству і мудраму кіраваньню Ўсяслава Чарадзея з 1084 году да самай яго сьмерці (1101 год) Полацкае княства існавала бяз войнаў, Полацак разьвіваўся як гандлёвы і культурны цэнтар.

Усяслаў меў 6 сыноў — Давыда, Глеба, Рамана, Расьціслава, Сьвятаслава-Юрыя, Рагвалода-Барыса. Аднак Полацкая зямля, падзеленая паміж сынамі на ўдзелы, уяўляла ўжо меншую пагрозу для Кіева і Ноўгарада. А канчаткова полацкая пагроза зьнікла ў пэрыяд ад захопу Ўладзімерам Манамахам Глеба Менскага і ягонай сьмерці ў 1119 году да высылкі часткі полацкіх князёў у 1129 годзе ў Бізантыю Мсьціславам Уладзімеравічам.

Ліквідаваўшы Полацк як канкурэнта на палітычнай мапе Ўсходняй Эўропы, нашчадкі Яраслава ня здолелі вынішчыць вобраз Усяслава Брачыславіча з памяці кіянаў і наўгародцаў. Яшчэ ў 1147 годзе ў часе бунту ў Кіеве супраць князя Ўсевалада Алегавіча Чарнігаўскага:

  Кияне же рекоша рад оже ны Богъ тебе избавилъ от великия льсти братю нашю идемъ по тобе и с детми акоже хощеши. И реч единъ человекъ по князи своемъ: рад идемъ, но первое о семъ промыслимы акоже и преж створиша при Изяславе Ярославличе высекше Всеслава ис пороуба злии они и поставили князя собе и много зла быс про то градоу нашему.  
 
Помнік у Полацку

У наш час у Полацку 1 верасьня 2007 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё коннага помніка вядомаму полацкаму князю[6]. Раней 28 сьнежня 2005 году Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне юбілейную манэту «Усяслаў Полацкі».

Постаць Усяслава Чарадзея ўвасобілі ў сваіх творах шматлікія беларускія мастакі і літаратары.

Папярэднік
Брачыслаў I
Князь полацкі
1044—1101
Наступнік
Рагвалод II Барыс
  1. ^ Дзьве даты // Зьвязда : газэта. — 29 ліпеня 2011. — № 142 (27006). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  3. ^ Семянчук Г. Усяслаў Брачыславіч, князь полацкі (штрыхі да гістарычнага партрэта) // «Białoruskie Zeszyty Historyczne». № 18, 2002.
  4. ^ Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.
  5. ^ Строкин В. В. Князь Всеслав Чародей и его время
  6. ^ Раманенкава Г. Першы конны — Усяславу Чарадзею! // «Культура» № 15 (833), 12 красавіка 2008.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць