Нёманская культура

археалягічная культура

Нёманская культура — археалягічная культура[1] часоў мэзаліту і нэаліту на тэрыторыі басэйна р. Нёман і прылеглых раёнаў. Разьвілася на базе кантактаў Сьвідэрскай культуры з прышлым насельніцтвам. Існавала, захоўваючы свае традыцыі, больш за 5000 год. Характэрныя для яе рысы зьніклі ў выніку асыміляцыі больш шматлікімі і ваяўнічымі плямёнамі шнуравой керамікі не раней за XXII ст. да н. э. З суседніх культураў найбольш блізкая да яе — днепра-данецкая. Па этнічным складзе належыць да старажытнага даіндаэўрапейскага насельніцтва. У генэтычным аспэкце былі ў шэрагу продкаў сучасных беларусаў; найбольш імаверныя гаплагрупы Y-храмасомы — I1, N, G2.

На тэрыторыі Беларусі вядомы каля 300 паселішчаў[2], невялікага памеру, на берагах рэк і азёраў. Наземныя жытлы зь бярвеньня, дах трымаўся на апорах, умацаваных пасярэдзіне хаты. На некаторых паселішчах паўзямлянкі. Паляваньне і рыбалоўства, потым — земляробства і жывёлагадоўля. Здабывалі крамень для сябе і на продаж суседзям (>1000 шахтаў глыбінёй да 8 м).[3] Шахты знойдзеныя як на тэрыторыі сучаснай Летувы, так і на Беларусі (каля Ваўкавыска), гэта найранейшая пацьверджаная распрацоўка карысных выкапняў на нашай зямлі.

8-5 тыс. да н. э. Жыхары выраблялі лістападобныя наканечнікі стрэл, ланцэтападобныя вастрыі, авальныя сякеры, трапэцыі, укладышы, касьцяныя вырабы. У цёплы і сухі барэальны пэрыяд (8-7 тыс. да н. э.) акрамя паляваньня, вялікую ролю адыгрывала зьбіральніцтва, з пачаткам вільготнага атлянтычнага пэрыяду ў 6 тыс. да н. э. вядучае месца заняло рыбалоўства.[4]

 
Нэалітычная нёманская кераміка.

5-3 тыс. да н. э. Падзяляецца на 3 стадыі.

Раньні (Дубічайскі) этап. Пераход да нэаліту вызначаецца распаўсюджваньнем керамікі. Характэрныя вастрадонныя слабапрафіляваныя арнамэнтаваныя гаршчкі з расьліннымі дамешкамі ў гліне. Крамянёвыя прылады працы захоўваюць мэзалітычныя рысы.

Сярэдні (Лысагорскі) этап. Калі паўднёва-заходні сусед, культура лінейна-стужкавай керамікі, загінула пад ціскам культуры лейкападобных кубкаў, уплыў гэтай апошняй прывёў да выразных тэхналягічных удасканаленьняў. У гаршчкоў зьяўляецца шыйка, арнамэнт робіцца больш складаным[5].

Позьні (Дабраборскі) этап. Прыкметны ўплыў цэнтральнаэўрапейскай культуры шарападобных амфар, напрыканцы — культуры шнуравой керамікі. Посуд арнамэнтуецца з дапамогай адбіткаў лінейных штампаў, у гліну больш не дадаюць расьлінныя дамешкі. Пачынаюць вырабляць сярпы, а таксама крамянёвыя сякеры са звужанымі абушкамі і прышліфоўкай на лязе. Наканечнікі стрэл трохкутныя, дасканала рэтушаваныя; наканечнікі дзід лістападобныя.[6] Пашыраецца земляробства і жывёлагадоўля (каровы, сьвіньні).[7]

  1. ^ Дасьледчыкі могуць разглядаць Нёманскую культуру як адзіную з мэзалітычным і нэалітычным этапам (М. Гимбутас. Цивилизация Великой Богини: мир древней Европы, М, 2006, С. 155), ці як дзьве асобныя культуры — Нёманскую мэзалітычную і проста Нёманскую (Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мн.: БелЭн, 1993. С. 462). Але гэта галоўным чынам тэрміналягічнае пытаньне; гістарычнай пераемнасьці паміж мэзалітам і нэалітам Нёманшчыны ніхто не аспрэчвае.
  2. ^ Нарысы гісторыі Беларусі пад рэд. М. П. Касьцюка, Мн, 1994, Т. 1, С. 20
  3. ^ Нарысы гісторыі Беларусі пад рэд. М. П. Касьцюка, Мн, 1994, Т. 1, С. 21
  4. ^ Мария Гимбутас. Цивилизация Великой Богини: мир древней Европы, М, 2006, С. 139
  5. ^ Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мн.: БелЭн, 1993. С. 462
  6. ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 т. Мн.: БелЭн, 1993—2003. Т.5, С. 324
  7. ^ Нарысы гісторыі Беларусі пад рэд. М. П. Касьцюка, Мн, 1994, Т.1, С. 21