Вацлаў Ластоўскі
Ва́цлаў Юсты́навіч Ласто́ўскі (8 лістапада [ст. ст. 27 кастрычніка] 1883[1] — 23 студзеня 1938) — беларускі пісьменьнік, гісторык, літаратуразнавец, публіцыст і палітычны дзяяч, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня. Псэўданімы і крыптанімы: Власт; Wlast; Васіль Люцьвяг[2]; Юры Верашчака; Ласт; В.Ласт.; Уласт; Арцём Музыка; Пагашчанін; Сваяк; Ю.Сулімірскі; Veritatis; Miles; Peregrinus; В.В…; В-…; В. Л.; В.Л-скі; В-т; Л.; Ю. В.) Акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928).
Вацлаў Ластоўскі | |
![]() | |
2-і Старшыня Рады міністраў БНР | |
---|---|
сьнежань 1919 — красавік 1922 | |
Папярэднік: | Антон Луцкевіч |
Наступнік: | Аляксандар Цьвікевіч |
Неадменны сакратар БАН | |
1928 — 1930 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
8 лістапада 1883 з. Калесьнікі, Дзісенскі павет, Віленская губэрня |
Памёр: |
23 студзеня 1938 (54 гады) Саратаў, Расейская Савецкая Фэдэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка, СССР |
Партыя: | БСГ (1906-1908), БПСР (1919-1923) |
Сужэнец: | Марыя з Іваноўскіх |
Бацька: | Юстын Ластоўскі |
Маці: | Ганна |
Род: | Ластоўскія |
БіяграфіяРэдагаваць
Нарадзіўся ў засьценку Калесьнікі Дзісенскага павету Віленскай губэрні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці[3]) у сям’і безьзямельнага шляхціца. Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу. Пасьля сканчэньня непрацяглы час вывучаў лацінскую мову ў свайго дзядзькі Франціша Ластоўскага.
У 1896 годзе, прайшоўшы пехатой 70 вёрстаў да чыгункі, Ластоўскі зьехаў у Вільню. Працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы, канцылярыстам у Шаўлях (Летува), бібліятэкарам у студэнцкай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, дзе наведваў лекцыі ва ўнівэрсытэце. Уступіў у Польскую сацыялістычную партыю. Рабіў канторшчыкам на таварнай станцыі ў Рызе. Далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадзкага і культурнага руху. У 1906—1908 гадах уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1906 годзе быў арыштаваны за сацыялістычную прапаганду і сядзеў некалькі месяцаў у турме.
Ад 1909 — сакратар рэдакцыі «Нашай Нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні (па адрасе ў Вільні Завальная, 7), у 1916—1917 — рэдактар газэты «Гоман», у 1918 выдаваў газэту «Krywičanin». У канцы 1918 году ўзначаліў прадстаўніцтва ўраду БНР пры літоўскай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры літоўскім пасольстве ў Бэрліне. З 1919 — у партыі беларускіх эсэраў, са сьнежня 1919 да красавіка 1923 узначальваў Раду міністраў БНР (быў прэм’ерам)[4],[5].
Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, быў старшынём Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызваленьня Беларусі. Быў зьняволены польскімі ўладамі, у 1920 яму дазволена выехаць ў Летуву. У красавіку 1923 году выйшаў з ураду БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Выдаваў у Коўні літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч» (1923—1927).
У красавіку 1926 пераехаў у БССР. У 1927 урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю. Ад 1928 году Вацлаў Ластоўскі — акадэмік і сакратар Інбелкульта і Акадэміі навук БССР.
У 1930 годзе, падчас экспэдыцыі ў Сыбір, Ластоўскага арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», пазбавілі званьня акадэміка і саслалі на 5 гадоў у Саратаў. Там ён працаваў загадчыкам аддзелу рэдкай кнігі ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы. Паўторна арыштаваны ў 1937, прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня. 23 студзеня 1938 году яго расстралялі. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988, па другім — у 1958.
КрытыкаРэдагаваць
Крытыцы В. Ластоўскага прысьвечаныя некалькі нумароў часопіса Беларуская думка (галоўны рэдактар В. Гігін). У нумары № 3 за 2009 год публіцыст Алег Ліцкевіч выказвае меркаваньне, што Ластоўскі склаў шэраг песень, якія выдаў за аўтэнтычныя фальклёрныя, у тым ліку вядомую песьню пра бітву пад Воршай («Слава Воршы ўжо ня горша…»)[6].
У нумары № 2 за 2008 год гісторык А. Гронскі сьцьвярджае, што менавіта Ластоўскі «прыдумаў Каліноўскаму імя „Кастусь“»[7], ігнаруючы той факт, што ў адпаведнасьці з гістарычнымі дакумэнтамі дадзеная форма імя ўжывалася ў сям’і К. Каліноўскага.[8] У гэтым жа артыкуле Гронскі выкрывае падкрэсьлена ненавуковую, публіцыстычную працу[9] В. Ластоўскага, прыводзячы скажэньні арыгінальнага тэксту твору Каліноўскага:[10]
- Браты мае, мужыкі родныя!
- Марыська, чарнаброва галубка мая
У Ластоўскага[10]:
- Беларусы, браты родныя!
- Беларуская зямелька, галубка мая
На гэтай падставе Гронскі сьцьвярджае, што «зьвяртаючыся да сялянаў ён [К. Каліноўскі] не называў іх беларусамі», тым часам у шырока вядомых Лістах з-пад шыбеніцы К. Каліноўскі пісаў: «…а пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць».[11]
ПамяцьРэдагаваць
У 2012 годзе разам зь іншымі выбітнымі ўраджэнцамі Глыбоччыны ў Глыбокім быў усталяваны бюст Вацлава Ластоўскага.[12]
БібліяграфіяРэдагаваць
Выступаў як паэт, празаік, публіцыст, крытык і літаратуразнавец. Выдаваў часопісы і газэты.
- Власт. «Наперад!». Верш. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 1 красавік—травень. — С. 18.
- Ю. В. Над сьвежай магілай. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 2—3. красавік—травень. — С. 28—29, 34—36.
- Власт. *** Верш. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 2—3. красавік—травень. — С. 29.
- Ластоўскі. З Беларуска–Літоўскай мінуўшчыны. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 4. жнівень—верасень. — С. 24—28.
- Власт. Мікалай Галубовіч. Повесьць. Разьдзел І некалькі слоў аб паходжаньні гэрбу і протаплястак фаміліі пана Мікалая Галубовіча, гэрбу Разходнік. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 4. жнівень—верасень. — С. 34—38.
- «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910; факсымільнае перавыданьне — Менск, 1992 і 1993)
- «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўна, 1926; факсымільнае перавыданьне — Менск, 2012 з прадмовай Алеся Сушы)
- «Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924; факсымільнае перавыданьне — Менск, 1990)
- «Што трэба ведаць кажнаму беларусу» (Менск, 1918, 1943, 1991)
- «Творы» (Мюнхэн, 1956)
- «Выбраныя творы» (Менск, 1997; уклад., прадм. і камэнт. Я.Янушкевіча).
- Успаміны пра нашаніўскі пэрыяд
Крыніцы і заўвагіРэдагаваць
- ^ Некаторыя крыніцы лічаць днём нараджэньня 1 лістапада (20 кастрычніка паводле старога стылю) 1883 году. Сам Ластоўскі ў сваім «Curriculum Vitae» ўжывае яшчэ адну дату нараджэньня — 24 сьнежня 1882 году.
- ^ http://pawet.net/library/history/bel_history/_articles/lastouski/%D0%9B%D0%B0%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%9E%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%92._%D0%90%D0%B1_%D0%BD%D0%B0%D0%B9%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D1%8C%D0%BD%D1%8F%D1%85_-_%27%D0%93%D1%83%D0%B4%D1%8B%27,_-_%27%D0%9A%D1%80%D1%8B%D0%B2%D1%96%D1%87%D1%8B%27,_-_%27%D0%A0%D1%83%D1%81%D1%8C%27.html
- ^ Радзіма Вацлава Ластоўскага Radzima.org
- ^ Интервью съ предсѣдателемъ Совѣра Министровъ Бѣлорусской Народной Республики г-мъ Ластовскимъ. / Вадим Белов // Свободное слово. Ежедневная демократическая національная газета : газэта. — Ревель(Талін): Прогрессъ, 10.06.1921. — № 44. — С. 3.
- ^ Les nationalites en Russie-Blanche. / M. Hambourg. // La Tribune Juive. Revue Hebdomadaire.Consacree aux interets des juifs russes. : газэта. — Paris: 02.09.1921. — № 88. — С. 7.
- ^ Ліцкевіч А. «Слава Воршы ўжо не горша…» // Беларуская думка. — 2009. — № 3. — С. 92-99.
- ^ Гронский А. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. — № 2. — 2008. — С. 82—87.
- ^ Ці застанецца Каліноўскі на п’едэстале нацыянальнага героя? // Радыё Свабода, 30 верасьня 2009
- ^ Андрэй Вашкевіч. Як Гронскі расправіўся над Каліноўскім // ARCHE Пачатак, 11 лістапада 2008
- ^ а б «Мужыцкая праўда» і лісты «з-пад шыбеніцы»: Тексты і каментарый. — Нью-Йорк, 1980
- ^ «І да нашага кутка даляцела ваша Газэтка…» // Лісты з-пад шыбеніцы
- ^ У Глыбокім усталявалі помнік прэм’еру БНР Вацлаву Ластоўскаму Эўрарадыё Праверана 30 жніўня 2012 г.
ЛітаратураРэдагаваць
- Ластоўскі Вацлаў // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- 27 кастрычніка (8 лістапада) 1883. Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі // Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
- Ластоўскі Вацлаў // Беларускі нацыяналізм: Даведнік. — Менск: Голас Краю, 2001.
- Ластоўскі Вацлаў // Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі — Менск: БГА, 2000.— 160 с. ISBN 985-6374-15-4.
- 103. Хто такі Вацлаў Ластоўскі? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- Алесь Пашкевіч. Вільня ці Менск? Трагічны выбар Вацлава Ластоўскага // ARCHE Пачатак, 9 студзеня 2009
- Łastoŭski, Vacłaŭ // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |
Вацлаў Ластоўскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Радыё Свабода: «8 лістапада — дзень нараджэньня Вацлава Ластоўскага»
- Бібліяграфія на «Беларускім Кнігазборы»
- Расійска-Крыўскі (Беларускі) слоўнік (спампаваць)
- Вацлаў Юсцінавіч Ластоўскі. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа. Праверана 11 студзеня 2012 г.
- В. Ластоўскі: «Што трэба ведаць кажнаму беларусу» на Google Play