Аповесьць мінулых часоў

«Аповесьць мінулых часоў», «Аповесьць мінулых гадоў» (стар.-рус. Повѣсть временныхъ лѣт) — помнік усходнеславянскага летапісаньня, створаны людзьмі блізкімі да кіеўскіх князёў. Меў тры рэдакцыі, у якіх пададзеная гісторыя Русі ад 852 року да 1110 уключна. Зьбярогся ў розных летапісных зводах (найбольш поўная рэдакцыя ў Іпацьеўскім і Лаўрэнцеўскім сьпісах). У Іпацьеўскім летапісе «Аповесьць мінулых часоў» працягваецца Кіеўскім летапісам.

14-ы аркуш Радзівілаўскай хронікі, што ўлучае ў сябе сьпіс «Аповесьці мінулых гадоў» з унікальнымі ілюстрацыямі XV ст.. На аркушы апісваецца паход кіеўскага князя Алега на Царград

«Аповесьць мінулых часоў» значна паўплывала на разьвіцьцё ўсходнеславянскага летапісаньня. У наступны час яна ўлучалася амаль ва ўсе мясцовыя летапісы ў якасьці своеасаблівых уводзінаў.

Рэдакцыі твору

рэдагаваць

Асновай твору зьяўляецца старажытны летапісны звод, у якім падзеі даводзяцца да 1037. Гэтая частка твору была напісаная ў часы княжаньня Яраслава Мудрага.

Першую рэдакцыю зводу зрабіў буйны царкоўны і палітычны дзяяч Русі Нікан, які працягнуў падзеі да 1073, унёс літаратурны запіс аб прызваньні варагаў. З 1061 ім даюцца дакладныя зьвесткі. Нікан упершыню паведаміў пра Менск пад 1067 і апісаў бітву на Нямізе (магчыма, паводле аповедаў яе ўдзельнікаў).

Другая рэдакцыя атрымала назву Пачатковага зводу, бо падзеі былі даведзеныя да 1093 і дапоўнены наўгародзкімі зьвесткамі. Яго аўтар ва ўмовах аслабленьня Кіеўскай дзяржавы імкнецца даць станоўчую ацэнку першым кіеўскім князям, высока ацаніць іх ваенныя заслугі.

Трэцюю рэдакцыю зрабіў каля 1113 Нестар у Кіева-Пячэрскім манастыры. Нестар упершыню паспрабаваў зьвязаць гісторыю ўсходніх славянаў з гісторыяй усяго чалавецтва, стварыў своеасаблівую гістарычную канцэпцыю.

Структура

рэдагаваць

«Аповесць мінулых часоў» пабудаваная на мэтадалягічных прыёмах антычнай гістарыяграфіі, вызначаных у ІІ ст. да н. э. грэцкім гісторыкам Палібіем. Яны прадугледжвалі тры правілы: веданьне гістарычных укладаньняў папярэднікаў, шырокі агляд геаграфіі дасьледаваньня, сувязь падзеяў мінулага і сучаснага. Як і Фукідыд і Арыстотэль, Нестар асноўную ўвагу надаваў апісаньню палітычных і ваенных падзеяў. Уплыў антычнай традыцыі вельмі выразна адчуваецца тады, калі летапісец укладвае ў вусны сваіх пэрсанажаў антычныя афарызмы, напрыклад, «маці гарадоў рускіх». З другога боку, відавочныя прынцыпы і падыходы, характэрныя для сярэднявечнай мэтадалёгіі — правідэнцыялізму. У многіх выпадках летапісец тлумачыць падзеі і дзеяньні людзей са спасылкай на Слова Божае. Мэтадалягічная структура летапіснага зводу складаецца з тлумачальнай (галоўнай) і правідэнцыяльнай (дапаможнай) гісторыі. Тлумачальная гісторыя будуецца на прынцыпах заканамернасьці, ісьціны і праўды.

Клясыфікацыя

рэдагаваць

Беларускі дасьледнік Мікалай Сьмяховіч адносіць «Аповесьць мінулых гадоў» да пасіўна-сузіральнага кірунку школы базавай вэрыфікацыі. У зводзе адсутнічаюць элемэнты крытыкі, папярэдні аналіз матэрыялаў, запазычаных зь іншых крыніцаў. Летапісец найперш выконваў камунікацыйную функцыю, каб перадаць гістарычна цэласныя веды, якія назапасіла грамадзтва.

Летапісны звод пабудаваны на прызнаньні заканамернасьці сацыяльнага разьвіцьця і па лягічнай схеме: ад апісаньня падзеі да тлумачэньня прычынаў яе ўзьнікненьня, ад тлумачэньня прычынаў — да абагульняльных высноваў.[1]

Зьвесткі пра беларускія землі

рэдагаваць

Летапіс зьмяшчае ўнікальныя зьвесткі з гісторыі беларускіх зямель эпохі Старажытнай Русі, асабліва Полацкага княства. У прыватнасьці, тут апісаная раздача гарадоў Рурыкам, удзел палачанаў у паходзе Алега на Царград (цяперашні Стамбул), толькі ў гэтым творы апавядаецца пра полацкага князя X ст. Рагвалода і ягоную дачку Рагнеду, тут падрабязна выкладзеная гісторыя жыцьця і дзейнасьці князя Ўсяслава Чарадзея, апетага ў «Слове пра паход Ігаравы». У ёй прыведзеныя самыя раньнія зьвесткі пра многія беларускія месты, пра бітву на Нямізе (1067).[2]

  1. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 32
  2. ^ В. А. Чамярыцкі. Аповесць мінулых гадоў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 519

Літаратура

рэдагаваць
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.