Леў Сапега

(1557—1633) канцлер вялікі літоўскі, ваявода віленскі і гетман вялікі літоўскі

Леў Іва́навіч Сапе́га[5][a] (4 красавіка 1557, мястэчка Астроўна Віцебскага павету — 7 ліпеня 1633, Вільня) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар (1581—1585), падканцлер (1585—1589) і канцлер вялікі літоўскі (1589—1623), ваявода віленскі (з 1623) і адначасна гетман вялікі літоўскі (з 1625)[9].

Леў Сапега
лац. Leŭ Sapieha
Леў Сапега. Невядомы мастак, XVII ст.
Леў Сапега. Невядомы мастак, XVII ст.

Герб «Ліс»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 4 красавіка 1557[1][2]
Памёр 7 ліпеня 1633(1633-07-07)[3][1][4] (76 гадоў)
Пахаваны
Род Сапегі
Бацькі Іван Сапега
Багдана з Друцкіх-Сакалінскіх
Жонка Дарота са Збараскіх
Альжбета з Радзівілаў
Дзеці ад 1-га шлюбу: Кацярына, Крыштап, Ян Станіслаў, Андрэй
ад 2-га шлюбу: Ганна, Мікалай, Крыштап Міхал, Казімер Леў
Дзейнасьць дыплямат, палітык, вайсковец

Леў Сапега ўвайшоў у гісторыю Беларусі як выдатны дзяржаўны дзяяч і дыплямат[9][10][11][12].

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў родавым маёнтку Астроўне (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласьці). Належаў да старэйшай чарэйскай лініі магнацкага роду Сапегаў. Сын Івана, старосты дарагічынскага і падстаросты аршанскага, і Багданы з Друцкіх-Сакалінскіх[9]. Малалетнім яго аддалі на выхаваньне ў Нясьвіскі двор Мікалая Радзівіла Чорнага, які пазьней выправіў 13-гадовага юнака атрымліваць адукацыю ў Ляйпцыскі ўнівэрсытэт. У часе навучаньня ў Ляйпцыгу перайшоў у кальвінізм, пра што напісаў потым у сваім тэстамэнце. На Радзіму вярнуўся каля 1572 году.

У 1575 годзе Андрэй Нікадзімавіч Цеханавецкі, які прадстаўляў інтарэсы наваградзкага ваяводзіча Астафія Гарнастая, выклікаў у аршанскі гродзкі суд «о гвалтовное выбитие спокойного держания с имения Старосельского и з ыменей заднепровских и побитье, помордование и зранение слуг, и бояр, и подданых наших и почынение немало шкод» Івана Іванавіча Сапегу разам з сынамі — Рыгорам і Львом. Адказьнікі на суд не зьявіліся і Цеханавецкі дамогся атрыманьня выраку аб выгнаньні іх за межы дзяржавы «за тое непослушенство», які і адаслаў каралю і вялікаму князю Генрыху Валуа. Аднак толькі Стэфан Баторы, пасьля таго як атрымаў ліст ад аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага, нягледзячы на скаргі Сапегаў пра несправядлівасьць суду, асудзіў іх у абозе пад Гданьскам 10 жніўня 1577 году на баніцыю (выгнаньне). Да рэалізацыі дэкрэту справа аднак не дайшла. Ужо ў кастрычніку 1577 году манарх скасаваў вырак аршанскага гродзкага суду як супрацьпраўны пасьля звароту ваяводы падляскага Івана Іванавіча Сапегі. Як сьведчаць крыніцы, у задворным каралеўскім судзе інтарэсы бацькі бараніў Леў Іванавіч Сапега. Кар’ера якога была прадвызначана ў гэтае першае спатканьне з манархам.

 
Альжбета з Радзівілаў

На працягу свайго жыцьця Леў Сапега займаў розныя высокія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім: 4 лютага 1580 году атрымаў пасаду сакратара Яго Каралеўскай Міласьці Стэфана Баторыя, а пасьля складаньня перамір’я з Маскоўскай дзяржавай стаў пісарам вялікім літоўскім (згадваецца на пасадзе ўжо 3 сакавіка 1581 году). Пасьля адмаўленьня Крыштапа Радзівіла Перуна ад пасады падканцлера быў прызначаны на гэтую пасаду 2 лютага 1585 году. 20 ліпеня 1586 году атрымаў прывілей на Слонімскае судовае староства па сьмерці Р. Валовіча. Гэтую пасаду займаў да 1605 году.

Пад канец варшаўскага пацыфікацыйнага сойму ў канцы красавіка 1589 году атрымаў ад Жыгімонта Вазы пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага, якую займаў да прызначэньня ваяводам віленскім. Прызначэньне на апошнюю пасаду атрымаў у 1623 годзе (вядома з намінацыі на канцлерства Вялікага Княства Літоўскага яго наступніка — Альбрэхта Станіслава Радзівіла, які атрымаў намінацыйны прывілей на пасаду 6 лютага 1623 году). У некаторых публікацыях намінацыя Л. Сапегі на віленскае ваяводзтва памылкова датуецца 1621 годам.

Захаваўшы пасаду віленскага ваяводы, каля 25 ліпеня 1625 году атрымаў прызначэньне на найвышэйшага (або вялікага) гетмана Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя таго, займаў пасаду маршалка Галоўнага Трыбуналу у 1604, 1624 і 1630 гадох.

 
Надмагільле Льва Сапегі

На апошнім этапе Інфлянцкай вайны (1558—1583) атрымаў вядомасьць як вайсковы дзяяч і дыплямат. Сфармаваўшы за свой кошт гусарскі полк, зьвярнуў на сябе ўвагу пасьпяховымі дзеяньнямі ў бітвах пад Завалаччам, Вялікіх Луках, пры аблозе Пскову. Пасьля заканчэньня вайны ўзначаліў пасольства Рэчы Паспалітай у Маскву, дзе падпісаў з царом Фёдарам Іванавічам мірнае пагадненьне на 10 гадоў. У 1600 зноў езьдзіў з пасольствам у Маскву, дзе зноў склаў мірнае пагадненьне на на 20 гадоў ужо з Барысам Гадуновым. Нягледзячы на тое, што паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім частымі былі ваенныя і розныя дыпляматычныя сутыкненьні і асабістыя адносіны Льва Сапегі да гэтай краіны не заўсёды былі дружалюбнымі, пасьля сьмерці караля Стэфана Баторыя яго апанавала думка пра аб’яднаньне Рэчы Паспалітай з Масквой. Аб’яднаньне гэтых народаў і абраньне імі адзінага манарха, на думку Льва Сапегі, спрыяла б росту іх эканамічнага і вайсковага патэнцыялу, забясьпечыла б трывалы мір.

Калі ў 1620-я гады ў межы Вялікага Княства Літоўскага ў чарговы раз уварваліся швэды, браў удзел у ваенных дзеяньнях, вылучыўшы на фінансаваньне войска значную частку сваіх уласных сродкаў (каля 40000 фларэнаў). Быў адным з ініцыятараў падпісаньня сэпаратнага Балдэнмуйскага замірэньня з Швэцыяй 1627 году і Альтмарцкага міру, складзенага ў 1629 годзе.

Апошнія гады жыцьця правёў у Вільні, дзе актыўна займаўся ўпарадкаваньнем архіваў Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага (работу над рэгістрамі дакумэнтаў архіўнага збору ён распачаў яшчэ ў 1594 годзе). Памёр і пахаваны ў Вільні ў касьцёле сьвятога Міхала.

Погляды і дзейнасьць

рэдагаваць

Леў Сапега быў прадстаўніком і выразьнікам інтарэсаў свайго асяродзьдзя. Ён належаў да той яго часткі, што імкнулася выкарыстаць у сваіх мэтах новыя дасягненьні ў грамадзкай думцы. Яго дзейнасьць аб’ектыўна спрыяла разьвіцьцю і ўмацаваньню на Беларусі ў 2-й палове 16 ст. прагрэсіўнай сьвецкай сацыяльна-палітычнай думкі.

Зь імём Льва Сапегі зьвязваюць падрыхтоўку і выданьне ў 1588 годзе Трэцяга Статуту Вялікага Княства Літоўскага і стварэньне ў 1581 годзе Галоўнага Трыбуналу — найвышэйшай судова-апэляцыйнай інстанцыі дзяржавы. Аднак варта зазначыць, што і ў распрацоўцы праўнага зводу, і ў стварэньні Трыбуналу таксама бралі ўдзел шматлікія іншыя сэнатары і шляхціцы Вялікага Княства Літоўскага.

Філязофска-праўныя погляды Льва Сапегі значна паўплывалі на зьмест Статуту. Пры яго выданьні канцлер зьмясьціў як прадмову зварот да вялікага князя Жыґімонта Вазы і насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, дзе абгрунтаваў неабходнасьць гэтай новай кадыфікацыі законаў. Важнай крыніцай вывучэньня сацыялягічных поглядаў Лява Сапегі зьяўляюцца таксама яго лісты.

Погляды на грамадзтва і асобу

рэдагаваць
 
Статут 1588 году

Сьветапогляд і грамадзка-палітычная дзейнасьць Льва Сапегі даволі супярэчлівыя. Як буйны землеўладальнік ён абараняў інтарэсы сваёй клясы, а як чалавек вялікай эрудыцыі і дальнабачны палітык ён ня мог не ўспрымаць тых прагрэсіўных працэсаў, што адбываліся ў грамадзтве і ідэалёгіі. Кампраміс з прагрэсіўнымі ідэямі дазваляў канцлеру даволі эфэктыўна праводзіць сваю галоўную лінію — проціборства з геґемоніяй царквы, бо прэтэнзіі духавенства на вядучую ролю ў дзяржаве выклікалі незадаволенасьць у часткі фэадалаў. Усьведамляючы клясавую сутнасьць фэадальнага грамадзтва і дзяржавы, ён адстойваў права шляхты на палітычнае панаваньне і ў той жа час выступаў прыхільнікам унутрана адзінай, цэнтралізаванай, шляхецка-дэмакратычнай дзяржавы. Леў Сапега быў перакананы, што права мусіла абараняць падданых ад злоўжываньняў з боку манарха і тым самым засьцерагаць ад тыраніі, а закон мусіў забясьпечыць дзяржаве парадак, спакой і сацыяльны мір. Таму канцлер лічыў, што неабходна мець адзіны закон і для кіроўных вярхоў, і для падданых.

Леў Сапега выступаў як прыхільнік незалежнасьці і свабоды чалавека, для ўдакладненьня сутнасьці свабоды спасылаўся на Цыцэрона. Асаблівую ўвагу зьвяртаў на тое, што паводзіны чалавека ў грамадзтве мусілі вызначацца не яго ўнутранымі пажаданьнямі, а ўстаноўленымі рамкамі закону. Ягоныя погляды на натуральна-праўны падыход супадаюць з пастулятамі, што значна пазьней зьявіліся ў краінах Заходняй Эўропы.

Канцлер разглядаў права як прадукт дзейнасьці чалавечага розуму, а ня боскага адкрыцьця. Абсалютнасьць і аб’ектыўнасьць права, вяршэнства закону яскрава выявіліся ў артыкулах распрацаванага ім Статуту, дзе закон ёсьць «найвышэйшым вартавым ўсеагульнай свабоды».

Супрацьстаяньне з Польшчай

рэдагаваць
 
Партрэт зь Нясьвіскага замка. Зьнік перад Другой сусьветнай вайной

Палітычная і творчая дзейнасьць Льва Сапегі адбывалася ў пэрыяд, калі Вялікае Княства Літоўскае і Польшча знаходзіліся ў «вечнай уніі» пад вяршэнствам адзінага караля і сойму. Аднак фэўдалы Польшчы выношвалі агрэсіўныя намеры ў адносінах да Вялікага Княства Літоўскага. Леў Сапега актыўна процідзеяў ім. Яго намаганьні скіроўваліся на забесьпячэньне дзяржаўнай годнасьці і сувэрэнітэту дзяржавы і тым самым абаранялі інтарэсы літоўскага народу. У аснове барацьбы супраць экспансіянісцкіх задумаў польскіх маґнатаў было нежаданьне кіроўных колаў Вялікага Княства Літоўскага аддаць ім на сваей тэрыторыі частку палітычнай улады і асьцярога быць пацясьнёнымі ў эканамічных інтарэсах.

Процідзеяньне польскім намерам выявілася ў барацьбе супраць шэрагу палажэньняў уніі 1569 году, якія прыніжалі палітычнае і самастойнае значэньне Вялікага Княства Літоўскага. У адпаведнасьці з гэтымі палажэньнямі і канстытуцыямі сойму нормы новага Статуту (1588) мусілі былі адпавядаць пастановам Люблінскай уніі. Аднак кадыфікацыя права Вялікага Княства Літоўскага ў пасьлялюблінскі пэрыяд ішла іншым шляхам. Дзякуючы дыпляматычным здольнасьцям Л. Сапегі і Я. Глябовіча ў 1588 годзе Статут быў зацьверджаны каралём і вялікім князем Жыгімонтам Вазам і замацаваны пячаткай толькі Вялікага Княства Літоўскага за подпісамі Л. Сапегі і пісара Габрыеля Войны. Нават гэтым Леў Сапега імкнуўся падкрэсьліць незалежнасьць Вялікага Княства Літоўскага ад Польскай Кароны ў справах, якія тычыліся яго ўнутранага ўладкаваньня. Артыкулы Статуту 1588 году замацоўвалі палітыка-праўны статус Вялікага Княства Літоўскага як сувэрэннай дзяржавы ў складзе Рэчы Паспалітай, дзяржавы, якая пайшла на зьвяз з Польскай Каронай, але імкнулася да пераасэнсаваньня ўмоваў Люблінскай уніі. Статут выразна забараняў польскім фэўдалам атрымліваць пасады і землі ў Княстве, патрабаваў весьці справаводзтва ў судах на беларускай мове. На каранацыйным сойме 1588 году Леў Сапега атрымаў ад караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы выключнае права на друк Статуту 1588 году.

Рэлігійная сытуацыя на Літве

рэдагаваць

Леў Сапега браў удзел і ў рэфармацыйным руху. У рэлігійных адносінах ён не вызначаўся пасьлядоўнасьцю. Двойчы мяняў веравызнаньне: спачатку перайшоў з праваслаўя ў пратэстантызм, а потым у каталіцтва. Талерантны палітык і прыхільнік верацярпімасьці, Леў Сапега падтрымліваў утварэньне ўніяцкай царквы на Беларусі, але быў катэгарычным супраціўнікам ґвалту і насільля як сродкаў яе ўмацаваньня. Паводле яго меркаваньняў, рэлігійнае адзінства спрыяла б умацаваньню дзяржавы і пазбавіла б яе ад многіх унутраных канфліктаў. Тым ня менш, калі на тагачаснай арэне рэлігійнага змаганьня за унію зьявілася асоба сьвятара Язафата Кунцэвіча, які вызначаўся апантанасьцю ў гэтай справе, што пацягнула самыя непажаданыя вынікі для спакою і бясьпекі ў Вялікім Княстве Літоўскім, канцлер мусіў умяшацца ў такі ход падзеяў.

Паміж Львом Сапегам і Язафатам Кунцэвічам узьнікла вострая палеміка. Каб стрымаць апошняга, канцлер выкарыстоўваў і сваё высокае дзяржаўнае становішча. Але той, карыстаючыся падтрымкай караля, у сваю чаргу востра выступаў супраць. Свае погляды на рэлігійную праблему Леў Сапега выказаў у вядомым пасланьні да Язафата Кунцэвіча ад 22 сакавіка 1621 году:

  ...Я сам прыкладаў намаганьні па ўвядзеньні уніі і спыніць яе ўвядзеньне было б справай неразумнай. Аднак ніколі мне не прыходзіла думка, каб Ваша міласьць вырашыла прыводзіць людзей да яе гэткімі гвалтоўнымі спосабамі. Вы Вашымі неразважнымі гвалтамі ўзбурылі і, дадам, прымусілі народ рускі да адпору... Што тычыцца небясьпекі, якая пагражае Вашаму жыцьцю [Кунцэвіч скардзіўся Сапегу, што яму пагражаюць праваслаўныя], дык можна сказаць: „Кожны сам прычына сваей бяды...“ Трэба выкарыстоўваць спрыяльныя абставіны, але нельга паддавацца неразумнаму захапленьню, асабліва калі справа ідзе пра веравызнаньне... Калі ґвалціце людзкія сумленьні, калі замыкаеце цэрквы, калі людзі без набажэнства, абрадаў хрысьціянскіх павінны гінуць, як няверуючыя, калі самавольна дамагаецеся любові і павагі да гаспадара, тады абыходзіцеся без нас. Калі ж з прычыны ўціскаў у народзе паўстане непакой, які трэба ўціхамірваць, тады намі (г. зн. сьвецкай уладай) добра дзьверы запхнуць. ...Калі Вы на гэтым маім напамінаньні не расьпячатаеце і не адчыніце цэрквы, тады я сам загадаю іх расьпячатаць і праваслаўным аддаць.  

Аўтар пасланьня сьцьвярджаў, што рэліґійная цярпімасьць — аснова ўсякай цывілізаванай дзяржавы, а рэліґійны выбар — неад’емнае права чалавека ў грамадзтве. Сваімі поглядамі на рэлігійную праблему Леў Сапега апярэдзіў эпоху на сотні гадоў. Для свайго часу ён быў прыкладам справядлівасьці і сапраўднай талерантнасьці.

Аднак Язафат Кунцэвіч не прыслухаўся да разважлівага папярэджваньня. І як вынік — паўстаньне віцебскіх месьцічаў і забойства імі ўніяцкага сьвятара ў 1623 годзе. Удзельнікі сурова пакараныя, прытым расьсьледаваньне гэтай справы ўзначаліў сам канцлер, які на гэты раз дзеяў ужо як суровы судзьдзя. У такой сытуацыі яму давялося зьмірыцца з сацыяльна-палітычнай рэчаіснасьцю і, магчыма, не без ваганьняў і ўнутранага болю адмовіцца ад некаторых сваіх асьветніцка-гуманістычных ідэалаў.

Малярства

рэдагаваць

Ушанаваньне памяці

рэдагаваць

У 1995 годзе Беларуская пошта надрукавала адмысловую маркую, прысьвечаную Льву Сапегу. 30 сьнежня 2010 году Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэньне памятныя манэты «Леў Сапега» сэрыі «Умацаваньне і абарона дзяржавы».

Імя Льва Сапегі носіць пляц у Слоніме, у колішнім прадмесьці Замосьці. На гэты пляцы ў 2008 годзе зьбіраліся паставіць першы помнік гэтаму дзеячу, чаму аднак замінуў брак грошай[13]. 26 верасьня 2007 году ў гонар Льва Сапегі сваю назву атрымала новая вуліца ў Менску, у мікрараёне Міхалове[14]. Апроч таго, імя Льва Сапегі плянуюць надаць адной з новых вуліцаў Пружанаў[15].

11 верасьня 2010 году ў Лепелі паставілі першы ў Беларусі помнік канцлеру Вялікага Княства Літоўскага[16]. У верасьні 2019 году ў Слоніме ўсё ж адкрылі помнік Льву Сапегу на гістарычным Рынку ў цэнтры места.

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Напрыклад, паводле ліста караля і вялікага князя Стэфана Баторыя, «паслу нашаму пану Льву Іванавічу Сапезе» (18 траўня 1585 году)[6], таксама паводле ліста ад «Паноў Рад карунных і літоўскіх да баяр маскоўскіх» (28 сьнежня 1585 году), «Леў Іванавіч Сапега, падканцлеры Вялікага Княства Літоўскага, дзяржаўца маркаўскі і мядзельскі»[7], і паводле ліста караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы, «яснавяльможнага пана Льва Іванавіча Сапегу, канцлера найвышшага Вялікага Княства Літоўскага, старосту слонімскага, парнаўскага і магілёўскага, дзяржаўцу рэтаўскага і блудненскага» (13 ліпеня 1600 году)[8]
  1. ^ а б в Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі (белар.)Мінск: Віктар Хурсік, 2017. — С. 52. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  2. ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. РахубаWarszawa: 2020. — С. 183. — ISBN 978-83-65880-89-5
  3. ^ Wurzbach D. C. v. Sapieha, Leo (ням.) // Biographisches Lexikon des Kaiserthums Oesterreich: enthaltend die Lebensskizzen der denkwürdigen Personen, welche seit 1750 in den österreichischen Kronländern geboren wurden oder darin gelebt und gewirkt habenWien: 1856. — Т. 28. — S. 239.
  4. ^ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 (пол.) / пад рэд. J. WolffKraków: 1885. — С. 74, 151.
  5. ^ Даты, падзеі, людзі / гал.рэд. Павал Сухарукаў // Зьвязда : газэта. — 4 красавіка 2014. — № 62 (27672). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Lietuvos Metrika. Knyga 593 (1585—1604). — Vilnius, 2008. P. 16.
  7. ^ Lietuvos Metrika. Knyga 593 (1585—1604). — Vilnius, 2008. P. 20.
  8. ^ Lietuvos Metrika. Knyga 593 (1585—1604). — Vilnius, 2008. P. 211.
  9. ^ а б в Грыцкевіч А. Сапега Леў Іванавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 542.
  10. ^ Грыцкевіч А. Сапега Леў Іванавіч // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 222.
  11. ^ Саверчанка І. Хто такі Леў Сапега? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 35—36.
  12. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 214.
  13. ^ Чыгрын С. Толькі стаіць Ленін з працягнутай рукой…(недаступная спасылка) // Газета Слонімская, 17 чэрвеня 2009 г.
  14. ^ У Менску зьявіліся вуліцы Брыля, Сапегі і Вайніловіча // Наша Ніва, 26 верасьня 2007 г.
  15. ^ «Пружаны, вуліца Льва Сапегі», Радыё Свабода, 30 ліпеня 2008 г.
  16. ^ У Лепелі адкрылі помнік Льву Сапегу // Наша Ніва, 13 верасьня 2010 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць