Нэўры
Нэ́ўры (па-старажытнагрэцку: Νευροί, па-лацінску: Neuri) — старажытны народ. Тэрыторыяй пражываньня лічацца вярхоўі Днястра і Паўднёвага Бугу. Распаўсюджанаму меркаваньню пярэчаць дасьледаваньні пазьнейшага гісторыка Плінія, які сьцьвярджаў, што вытокі Дняпра знаходзяцца ў краіне нэўраў.
Антычныя сьведчаньні
рэдагавацьНэўры згадваюцца ў 4-й кнізе «Гісторыі» Герадота як народ, землі якога на захадзе межавалі з агафірсамі, на поўдні са скіфамі, а на ўсходзе з андрафагамі. На поўначы Герадот зьмяшчаў бязьлюдную пустэльню[1].
Нэўры быццам змушаныя былі «за адно пакаленьне да паходу Дарыя» пакінуць свае землі з-за «мноства зьмеяў, якіх нарадзіла іх краіна» (то бок, ворагаў), і пасяліцца «разам з будзінамі». Герадотавы нэўры былі, «можна думаць, чараўнікамі», і, паводле словаў скіфаў і элінаў, што жылі ў скіфаў, па некалькі разоў за год прымалі воўчае аблічча[2]. Гэтае паведамленьне дазволіла прасачыць славянскія ўяўленьні пра пярэваратняў-ваўкоў углыб гісторыі. Пазьней, правёўшы аналёгіі з татэмнымі культамі індзейцаў (у асаблівасьці племені квакіюталь, навукоўцы прыйшлі да высновы пра наяўнасьць між нэўраў культу ваўка.
У Герадота ёсьць згадка і пра тое, што цар (цары) нэўраў разам зь іншымі царамі Вялікай Скіфіі прымалі ўдзел у знакамітай Радзе цароў Скіфіі 512 (514) року да н. э. У адказ на просьбу пра дапамогу супраць пэрсыдзкага цара Дарыя нэўры і іншыя плямёны адмовіліся, тлумачачы гэта тым, што ня маюць спрэчак з пэрсамі, і не дапамогуць скіфам, якія самі спрычынілі вайну. У рэшце рэшт скіфы, выматваючы пэрсаў, прайшлі па царствах Паўночнай Скіфіі, адступіўшы і ў зямлю нэўраў, якія сышлі на поўнач у пустэльню[3].
Гістарыяграфія
рэдагавацьСтаражытнарымскія аўтары I—V стст. (Пампоній Мела, Гай Пліній Секунд, Марцін Капела) зьвязвалі тэрыторыю герадотавых нэўраў з рэкамі Тырас (Днестр) і Барысфен (Дняпро).
У новы час швэдзкі гісторык Улёф фон Далін (XVIII ст.) вызначыў нэўраў як «сумесь расаў» і лякалізаваў месца іхняга знаходжаньня ў Скандынавіі. У XIX стагодзьдзі чэскі гісторык Павал Ёзэф Шафарык памяшчаў нэўраў у басэйне р. Нараў (Польшча), а расейскі этнограф П. М. Шпілеўскі — на тэрыторыі Беларусі, бо лічыў, што тут найбольш былі пашыраныя ўяўленьні аб ваўках-пярэваратнях. Савецкі археоляг В. М. Мельнікоўская (1950-я—1960-я гг.) лічыла нэўраў насельніцтвам мілаградзкай археалягічнай культуры, якое ў VIII—III стст. да н. э. займала паўднёвы ўсход Беларусі. Яна меркавала, што плямёны мілаградзкай культуры прыйшлі на тэрыторыю Беларусі з заходняй часткі Валыні. Гэтую думку падтрымаў акадэмік Б. А. Рыбакоў на падставе таго, што будзіны[4], да якіх перасяліліся нэўры, жылі на тэрыторыі сучаснай Бранскай вобласьці, побач з Гомельшчынай.
На думку Б. М. Гракава, нэўрам належаць помнікі на правым беразе сярэдняга Дняпра ўсутыч да лесастэпавых водаў Паўднёвага Бугу і Днястра[5]. Пра нэўраў, што перасяліліся ў свой час у зямлю будзінаў, то бок на Дняпроўскае левабярэжжа[2], нагадваюць зьвязаныя са сваім паходжаньнем з культурой правабярэжжа помнікі басэйну Ворсклы[6].
Беларускі археоляг С. Я. Рассадзін удакладніў лякалізацыю нэўраў у басэйне р. Гарынь (заходняя частка мілаградзкага арэалу). На ягоную думку, адтуль нэўры рушылі да Паўднёвага Буга — да скіфаў, а згадваньне будзінаў — памылка перапісчыка. Зь ім згодны дасьледнік скіфскай культуры А. І. Цераножкін. Зьмеі Герадота[7], на думку Рассадзіна, азначаюць зьмену клімату — паніжэньне сярэдніх тэмпэратураў і ўзрастаньне вільготнасьці (шмат дажджоў, паводкі, забалочваньне нізінаў), якія мелі месца ў сяр. VI ст. да н. э., і якія прымусілі нэўраў перасяліцца на сушэйшыя месцы.
Паводле Рассадзіна і на падставе таго, што да нэўраў па дапамогу звярталіся скіфы, нэўры былі даволі шматлікімі і моцнымі; не былі дзікунамі, а мелі палітычную арганізацыю — «норавы скіфскія»[8].
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Герадот. Гісторыя IV 17, 100
- ^ а б Герадот. Гісторыя. IV, 105
- ^ Герадот. Гісторыя IV 125
- ^ Носьбіты юхнаўскай археалягічнай культуры
- ^ Граков Б. Н. Скифы. М., 1971. С. 120 сл.
- ^ Граков Б. Н. Скифы. М., 1971. С. 161.
- ^ Зьмяя — міталягічны сымбаль дажджу.
- ^ У тагачаснай Скіфіі ўжо склалася рабаўладальніцкая дзяржава.
Літаратура
рэдагаваць- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна: ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7
- Гісторыя Беларусі: Вучэбна-метадычны комплекс / Дз.С. Самахвалаў, В.М. Лянцэвіч, С.А. Кізіма, А.А. Крыварот / Пад агульн. рэд. Дз.С. Самахвалава. — Мн.: Мінскі інстытут кіравання, 2004.