Менскае княства
Менскае княства — удзельнае княства Полацкай зямлі, у басэйнах рэк Сьвіслачы, Друці, Бярэзіны. Існавала ў канцы XI[1] — пачатку XIV стагодзьдзяў. Сталіца — Менск.
Колішняя дзяржава Менскае княства лац. Mienskaje kniastva | |||
1101 — 1413 | |||
---|---|---|---|
Сталіца | Менск | ||
Афіцыйная рэлігія | |||
Форма ўраду | манархія | ||
Гісторыя
рэдагавацьУ гістарычных крыніцах Менскае княства ўпершыню ўпамінаецца пад 1104 годам[2]. Першы князь менскі Глеб, сын Усяслава Полацкага, імкнуўся пашырыць межы дзяржавы за кошт суседніх зямель. У пачатку XII стагодзьдзя ў склад Менскага княства ўваходзілі Ворша і Копысь. Існуе меркаваньне, што менавіта Глеб збудаваў у гэтых местах умацаваньні[3]. Апроч таго, у залежнасьці ад Менску знаходзіўся Друцак.
Паміж сынамі Ўсяслава пачалося міжусобнае змаганьне, у якое ўмешваліся кіеўскія князі. У 1105 годзе[3] (паводле Іпацьеўскага летапісу — у 1104 годзе) на Менск напала аб’яднанае войска паўднёварускіх князёў, аднак паход ня меў посьпеху. У 1116 годзе Глеб Усяславіч захапіў частку зямлі дрыгавічоў, спаліў іх горад Слуцак і ўзяў людзей у палон. Гэтыя дзеяньні выклікалі незадаволеньне князя кіеўскага Ўладзімера Манамаха. На Менскае і Друцкае княства рушыла шматлікага войска, хаўрусьнікамі Кіева выступілі князі пераяслаўскі і смаленскі. Па двухмесячнай аблозе Менску Глеб Усяславіч скіраваў паслоў да Манамаха, які згадзіўся на перамовы. Князь менскі выйшаў з гораду з сваімі дзецьмі і дружыньнікамі да Манамаха і паабяцаў ва ўсім яго слухацца. Князь кіеўскі зрабіў Глебу настаўленьні, як ён мае сябе паводзіць і пакінуў яму Менск. Аднак ужо ў 1117 годзе князь менскі пачаў заваёўваць смаленскія і іншыя землі. Уладзімера паслаў на Менск войска на чале з сваім сынам Мсьціславам. Глеб трапіў у палон і памёр у Кіеве ў 1119 годзе. З гэтага часу да 1132 году Менскае княства знаходзілася пад уладай Кіева.
У 1146 годзе ў Менску пачаў княжыць сын Глеба, Расьціслаў Глебавіч. Расьціславу і яго наступнікам давялося весьці змаганьне супраць князёў друцкіх і віцебскіх. Па тым, як у 1164 годзе Валадар Глебавіч разьбіў з дапамогай літвы князя полацкага Рагвалода Барысавіча, ён ўмацаваў незалежнасьць Менскага княства ад Полацку. У 1249 годзе войскі княства непадалёк ад Менску разам зь літвой здолелі разьбіць татара-мангольскіх захопнікаў.
Пад 1326 годам[1] у складзе пасольства вялікага князя Гедзіміна ў Ноўгарад упамінаецца князь менскі Васіль. Гэта сьведчыць пра тое, што Менскае княства ўваходзіла ў палітычную сыстэту Вялікага Княства Літоўскага[1]. Пазьней у Менску сядзелі намесьнікі вялікіх князёў.
Князі менскія
рэдагаваць- 1101—1119: Глеб Усяславіч (памёр у 1119)
- 1146—1151: Расьціслаў Глебавіч (памёр каля 1165), князь менскі 1146—1151, 1159—1165, князь полацкі 1151—1159, сын папярэдняга
- 1151—1159: Валадар Глебавіч (памёр каля 1167), князь гарадзенскі 1146—1167 (?), князь менскі 1151—1159, 1165 (?) — 1167, князь полацкі 1167
- 1159—1165: Расьціслаў Глебавіч (поўторна)
- 1165—1167: Валадар Глебавіч (поўторна)
- 1180-я: Уладзімер Валадаравіч (памёр па 1182), сын папярэдняга
- 1320-я: Васіль (памёр па 1326)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 289.
- ^ Загарульскі Э. Мінскае княства // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 164.
- ^ а б Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 37.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9