Лібэральна-дэмакратычная партыя (Беларусь)
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
Лібэра́льна-дэмакраты́чная па́ртыя (ЛДП) — палітычная партыя Беларусі. Лідэрам партыі зьяўляецца Сяргей Гайдукевіч (старшыня). Намесьнік старшыні — Уладзімер Карунас. Кіроўны орган — Вышэйшы Савет.
Лібэральна-дэмакратычная партыя | |
па-беларуску: Ліберальна-дэмакратычная партыя | |
Лідэр партыі | Алег Гайдукевіч |
---|---|
Дата заснаваньня | 1994 |
Штаб-кватэра | 222000, Менская вобласьць, Менскі раён, в. Сёмкава, вул. Садовая, 89а; тэл. 503-14-00 |
Саюзьнікі і блёкі | ЛДПР |
Ідэалёгія | Панславізм, эўраскептыцызм і правы папулізм[d] |
Афіцыйны сайт | www.ldpb.net, http://ldpb.by |
Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі была заснаваная ў лютым 1994 году на ўзор і пры падтрымцы расейскай Лібэральна-дэмакратычнай партыі У. Жырыноўскага. Згодна з праграмай, прынятай на ўстаноўчым зьезьдзе партыі, ЛДП павінна «супрацьстаяць нацыянал-дэмакратам, вінаватым у развале адзінай саюзнай дзяржавы».
Гісторыя
рэдагавацьЛібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі ўзьнікла 5 лютага 1994 году. Яе заснаваў Сяргей Гайдукевіч, былы савецкі вайсковец. 24 лютага 1994 году партыя была зарэгістраваная. 15 чэрвеня 1999 году партыя была перарэгістраваная.
У 90-я гады да 30% членаў партыі складалі былыя супрацоўнікі КДБ і міліцыі. Істотную частку таксама складалі "казакі" і вэтэраны савецкай вайны ў Аўганістане[1]
Паводле СМІ, у 90-я гады члены ЛДП неаднаразова былі фігурантамі крымінальных справаў за вымагальніцтва, захоўваньне зброі, хабары[1].
6 ліпеня 2009 году супраць намесьніка старшыні партыі Ўладзімера Карунаса была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 430 ч. 2 («Атрыманьне хабару»). Карунас быў арыштаваны 9 ліпеня. Палітык, які таксама зьяўляўся дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў, быў арыштаваны за атрыманьне хабару ў памеры каля 9 тыс. даляраў ЗША. У Лібэральна-дэмакратычнай партыі падпалкоўнік запасу Ўладзімер Карунас ня толькі зьяўляўся намесьнікам Сяргея Гайдукевіча, але і ўзначальваў менскую гарадзкую арганізацыю. Акрамя таго, у 2001 і 2006 гадах ён кіраваў перадвыбарным штабам кіраўніка ЛДП[2].
У 2001 годзе Гайдукевіч абвяшчае пра свой намер змагацца за пасаду прэзыдэнта. Ён накіроўвае Лукашэнку адкрыты ліст, у якім абвінавачвае Лукашэнку ў «прымітыўным папулізьме», падкрэсьлівае яго нелегітымнасьць і заклікае яго добраахвотна сысьці ў адстаўку. Дастаткова абразьлівы зьмест пісьма, здаецца, ужо не пакідае Гайдукевічу шляху назад. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Гайдукевіч даслаў яшчэ больш абразьлівы адкрыты ліст адзінаму кандыдату дэмсілаў Ганчарыку, у якім у брутальнай форме запатрабаваў зьняцьця яго кандыдатуры. Назіральнікамі гэтае было праінтэрпрэтавана як сьведчаньне таго, што паміж Лукашэнкам і Гайдукевічам быў укладзены таямніцы перадвыбарчы альянс.
Па словах кіраўніцтва ЛДП, гэтая партыя мае найбольшую з усіх палітычных партыяў колькасьць сяброў — каля 20 000.
Дзейнасьць у парлямэнце
рэдагавацьНа выбарах у Вярхоўны Савет 13 скліканьня ЛДПБ не атрымала ніводнага мандата. У 2000 годзе на выбарах у Палату прадстаўнікоў 2 скліканьня ЛДПБ атрымала адно месца ў парлямэнце — яго атрымаў прадпрымальнік Ваганаў, які, аднак, неўзабаве выйшаў з партыі.
Выбары 2004 году захавалі статус-кво для ЛДПБ. Але ў сьвеце прадстаўніцтва, заваяванага астатнімі партыямі, яе пазыцыі значна ўзмацніліся. Наогул, у Палаце былі прадстаўлены ўсяго тры палітычныя партыі. Гайдукевіч меўся нават утварыць групу сваіх прыхільнікаў у парлямэнце, але ягоная задума пацярпела крах.
У 2007 годзе Гайдукевіч балятаваўся на пасаду сьпікера, але за яго прагаласавала толькі пяць дэпутатаў.
На сёньня ЛДПБ — гэта папулісцкая партыя, якая зьяўляецца зручным спарынг-партнёрам беларускіх уладаў на разнастайных выбарах.
Улетку 2020 году партыя заклікала выбаршчыкаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах падтрымаць кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі.
Ідэалёгія, мэты
рэдагавацьУ пачатку ЛДП ўспрымалася як аддзяленьне партыі скандальнага расейскага палітыка Жырыноўскага, які ў 1994 годзе карыстаўся вялікай папулярнасьцю ў Расеі і сярод расейскага ці русіфікаванага насельніцтва іншых былых рэспублік СССР. І далей зь цягам часу папулярнасьць Жырыноўскага памяншаецца, і С. Гайдукевіч пачынае дыстанцыявацца ад ЛДПР і Жырыноўскага.
Фармальнымі мэтамі заяўляецца пабудова парлямэнцкімі мэтадамі прававой дзяржавы з многаўкладнай эканомікай праз прапаганду ідэяў лібэралізму і лібэральнай дэмакратыі, прызнаньне шматпартыйнасьці, плюралізму поглядаў, гарантыі грамадзянскіх правоў і свабодаў, адмова ад гвалтоўных дзеяньняў; стварэньне спрыяльных умоваў для годнага жыцьця кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, забесьпячэньня свабоднага разьвіцьця яго асобы ў эканамічнай, палітычнай і культурнай галінах[3].
Дэ-факта ЛДПБ, нягледзячы на заявы, ня была ані апазыцыйнай, ані лібэральна-дэмакратычнай паводле ідэалёгіі. Ацэнкі яе ідэалёгіі вельмі адрозьніваюцца — называюцца і папулізм, і панславянства, і этатызм. Крытыкі партыі заяўляюць, што гэтая партыя дэ-факта падтрымлівае цяперашняга прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку.
У лістападзе 1996 Гайдукевіч стрымана падтрымаў дзеяньні Лукашэнкі. У наступныя гады ЛДП хісталася паміж антызаходнімі, панславісцкімі лёзунгамі, падтрымкай Лукашэнкі і спробамі супрацоўніцтва з дэмакратычнай апазыцыяй.
14 ліпеня 2009 году Пашыраны Вышэйшы савет ЛДП зацьвердзіў праграму патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі, а таксама аднагалосна прыняў рашэньне пра ўключэньне ў праграму патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі пытаньні прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і пераход Беларусі на расейскі рубель[4].
ЛДП — гэта выразна пэрсаніфікаваная партыя. Яе палітыка цалкам вызначаецца яе лідэрам Сяргеем Гайдукевічам. ЛДП ня мае пэўнай ідэалёгіі, а падхоплівае любыя лёзунгі, якія, на думку Гайдукевіча, могуць паспрыяць павышэньню папулярнасьці партыі і яе лідэра ў пэўны момант часу. Пры гэтым гэтыя лёзунгі часта бываюць супрацьлеглымі (напрыклад: у кастрычніку 1998 году ЛДП вылучала ініцыятыву правесьці рэфэрэндум па пытаньні стварэньня канфэдэрацыі з Расеяй. Абгрунтоўваючы неабходнасьць рэфэрэндуму, Гайдукевіч тады казаў пра блізкасьць беларускага і расейскага народаў, аб вялікай эканамічнай і палітычнай карысьці ад стварэньня канфэдэрацыі. Тады Мінюст адмовіўся зарэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзеньні рэфэрэндуму. І вось праз год Гайдукевіч ўжо тлумачыць: «… чаму Ўлады ня далі правесьці гэты плебісцыт. Ды таму, што яны выдатна разумелі: калектыўна меркаваньне народных масаў было б ня ў іх карысьць. Народу надакучылі мілагучныя абяцаньні невядома чаго пад эгідай Масквы. Бо наша партыя і хацела справакаваць цалкам заканамернае адрыньваньне ідэі бессэнсоўнага і нікому, па вялікім рахунку, не патрэбнага аб’яднаньня»).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б «Конструктивной оппозиции», партии ЛДП, 25 лет: экс-сотрудники КГБ и милиции и место в парламенте ["Канструктыўнай апазыцыі", партыі ЛДП, 25 гадоў, экс-супрацоўнікі КДБ і міліцыі і месца ў парлямэнце] (па-расейску) - Tut.by, 5 лютага 2019 г.
- ^ Намесьнік старшыні ЛДП арыштаваны за атрыманьне хабару (рас.) // Салідарнасьць
- ^ Зьвесткі аб палітычных партыях, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь // Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь
- ^ Вышэйшы савет ЛДП выступае за прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і пераход Беларусі на расейскі рубель // БелаПАН
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйная старонка (рас.)