Ліга народаў
Ліга народаў, таксама Ліга нацыяў (ЛН, па-ангельску: League of Nations) — міжнародная арганізацыя, якая мела мэтай разьвіцьцё супрацоўніцтва паміж народамі і гарантыю міру і бясьпекі. Асноўныя органы Лігі Нацыяў знаходзіліся ў Жэнэве.
Ліга народаў | |
Удзельнікі ЛН Удзельнікі Уладаньні ўдзельнікаў Мандаты | |
Абрэвіятура | ЛН |
---|---|
Наступнік | Арганізацыя аб'яднаных народаў |
Дата ўтварэньня | 10 студзеня 1920 (104 гады таму) |
Дата спыненьня існаваньня | 20 красавіка 1946 (78 гадоў таму) |
Тып | міжурадавая |
Юрыдычны статус | міжнародная арганізацыя |
Штаб-кватэра | Жэнэва, Швайцарыя |
Афіцыйныя мовы | ангельская, гішпанская, француская |
Генэральны сакратар | Шон Лэстэр |
Кіроўны орган | Сход |
Колькасьць супрацоўнікаў | 400 |
Дзейнічала ў 1919—1939 гадах. Статут Лігі Нацыяў, выпрацаваны адмысловай камісіяй, створанай на Парыскай мірнай канфэрэнцыі (1919—1920), і ўключаны ў Вэрсальскую мірную дамову (1919) і іншыя мірныя дамовы, якія завяршылі Першую сусьветную вайну (1914—1918), быў першапачаткова падпісаны 44 дзяржавамі, у тым ліку 31 дзяржавай, што прымалі ўдзел у вайне на баку Антанты або якія далучыліся да яе (Вялікабрытаніяй, Францыяй, ЗША, Італіяй, Японіяй, Канадай, Аўстраліяй, Паўднёва-Афрыканскім Саюзам, Новай Зэляндыяй, Індыяй, Кітаем, Бэльгіяй, Балівіяй, Бразыліяй, Кубай, Эквадорам, Грэцыяй, Гаіці, Хіджазам, Гандурасам, Лібэрыяй, Нікарагуа, Панамай, Пэру, Польшчай, Партугаліяй, Румыніяй, Югаславіяй, Сыямам, Чэхаславакіяй, Уругваем), і 13 дзяржавамі, што прытрымваліся нэўтралітэту падчас вайны (Аргентынай, Чылі, Калюмбіяй, Даніяй, Нарвэгіяй, Гішпаніяй, Парагваем, Нідэрляндамі, Іранам, Сальвадорам, Швэцыяй, Швайцарыяй, Вэнэсуэлай). ЗША не ратыфікавалі статут Лігі Нацыяў і не ўвайшлі ў лік яе чальцоў, хоць ініцыятарам яе стварэньня выступіў прэзыдэнт ЗША Вудра Вільсан.
У 1934 годзе СССР прыняў прапанову 30 дзяржаваў — чальцоў Лігі народаў аб уступе ў гэтую арганізацыю. У сьнежні 1939 году, пасьля пачатку савецка-фінскай вайны (1939—1940), Рада Лігі выключыла зь Лігі народаў СССР. Таксама выйшлі зь Лігі народаў Бразылія (1928), Японія, Нямеччына, Парагвай (1935), Чылі (1938) і іншыя; у 1937 выключаная Італія.
Фармальна распушчаная ў 1946 годзе, перадаўшы свае паўнамоцтвы ААН.
Установы
рэдагаваць- Сход. Складаўся з прадстаўнікоў усіх чальцоў Лігі. Пасяджэньні праходзілі штогод у верасьні.
- Рада. Першапачаткова складалася з 4 сталых чальцоў-прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Японіі і 4 нясталых чальцоў. Пасьля склад і лік чальцоў Рады мяняліся.
- Сакратарыят на чале з генэральным сакратаром.
Усё рашэньні Сходу і Рады, за выключэньнем рашэньняў па працэдурных пытаньнях, павінны былі прымацца аднагалосна. Пры Лізе народаў на правах аўтаномных арганізацыяў былі створаныя Сталая палата міжнароднага правасудзьдзя, Міжнародная арганізацыя працы і іншыя арганізацыі.
Глядзіце таксама
рэдагаваць- Жазэф Люі Ан Авэноль — другі Генэральны сакратар Лігі народаў
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЛіга народаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў