Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе

(Перанакіравана з «АБСЭ»)

Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе[2][3][4] (АБСЭ, да 1995 г. НБСЭ (Нарада)[5]; анг. Organization for Security and Co-operation in Europe) — міжнародная арганізацыя, заснаваная 34-ма дзяржавамі Паўночнага паўшар’я ў выніку падпісаньня 21 лістапада 1990 году Парыскае хартыі для новай Эўропы. Акрамя сядзібаў у Вене (Аўстрыя) ды Варшаве (Польшча), мае 17 прадстаўніцтваў у краінах Эўропы, у тым ліку ў Беларусі, ды Сярэдняй Азіі[6]. Службовымі мовамі арганізацыі зьяўляюцца ангельская, гішпанская, італьянская, нямецкая, расейская ды француская.

Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе
Удзельнікі й супольнікі АБСЭ

     Дзяржавы-ўдзельніцы

     Дзяржавы-супольніцы

Абрэвіятура АБСЭ
Папярэднік Нарада аб бясьпецы й супрацы ў Эўропе
Дата ўтварэньня 18 сакавіка 1991 (33 гады таму)
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Штаб-кватэра Вена, Аўстрыя
Сяброўства 56 дзяржаваў Паўночнага паўшар’я
Афіцыйныя мовы ангельская, гішпанская, італьянская, нямецкая, расейская, француская
Старшыня Івіца Дачыч
Генэральны сакратар Ламберта Заньер
Дырэктар БДІПЧ Міхаэль Георг Лінк
Прадстаўнік па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч
Кіроўны орган Нарада
Бюджэт 156,4 млн эўра (2008)
Колькасьць супрацоўнікаў 3266 (2008)[1]
Сайт www.osce.org
Колішняя назва Нарада аб бясьпецы й супрацы ў Эўропе

Установы

рэдагаваць
  • Выканаўчая рада (да 1995 г. Рада). Складаецца зь міністраў замежных справаў, зьбіраецца прынамсі аднойчы на год ды рыхтуе Нарады кіраўнікоў урадаў. Яе старшыня мае быць прадстаўніком дзяржавы, у якой праводзіцца пасяджэньне. Парадак дня яе працы рыхтуецца Сталай радаю.
  • Сталая рада (Вена; да 1995 г. Камітэт высокіх прадстаўнікоў, КВП). Выконвае пастановы Выканаўчае рады, вызначае парадак яе працы на падставе прапановаў дзяржаваў-удзельніцаў АБСЭ ды абмяркоўвае дачыненьні зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі. На паседжаньні мае старшыняваць прадстаўнік дзяржавы, чый міністар ужо быў старшынёю Выканаўчае рады. Старшыня Сталае рады мае права склікаць пасяджэньне пасьля нарады зь дзяржавамі-ўдзельніцамі.
  • Нарада кіраўнікоў урадаў. Мае праводзіцца кожныя два гады цягам ня больш як трох месяцаў.
  • Парлямэнцкі сход. Складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў ды ўхваляе штогадовыя заявы[7].

Службовыя

рэдагаваць
  • Сакратарыят (Вена; да 1993 году ў Празе) на чале з генэральным сакратаром:
  1. захоўвае й распаўсюджвае дакумэнты АБСЭ,
  2. забясьпечвае правядзеньне пасяджэньняў прадстаўнічых установаў АБСЭ,
  3. выконвае іх даручэньні.
  • Цэнтар засьцярогі ад супярэчнасьцяў (ЦЗС, Вена). Дапамагае ў ажыцьцяўленьні наступных захадаў дзеля ўмацаваньня даверу й бясьпекі:
  1. парадак нарады й супрацы наконт надзвычайнае вайсковае дзейнасьці,
  2. штогадовы абмен вайсковымі зьвесткамі,
  3. падтрыманьне міжурадавае сеткі зносінаў,
  4. супраца наконт небясьпечных вайсковых здарэньняў.
  • Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека (БДІПЧ, Варшава; да 1992 г.[8] Бюро па вольных выбарах):
  1. спрыяе сувязям ды абмену зьвесткамі аб выбарах між дзяржавамі дзеля выкананьня імі пунктаў 6—8 Капэнгагенскага дакумэнта НБСЭ (ахова народаўладзьдзя ад перавароту, правядзеньне вольных выбараў паводле ўсеагульнага ды роўнага выбарчага права, забесьпячэньне свабоды аб'яднаньняў, запрашэньне на выбары замежных назіральнікаў);
  2. зьбірае зьвесткі аб часе, парадку, выніках ды назіраньні за ўсенароднымі выбарамі;
  3. спрыяе сувязям між замежнымі назіральнікамі за выбарамі ды адпаведнымі ўправамі дзяржаваў, у якіх тыя выбары маюць адбыцца[9].

Удзельнікі

рэдагаваць

Пры заснаваньні ў арганізацыю ўваходзілі Аўстрыя, Баўгарыя, Брытанія, Бэльгія, Ватыкан, Вугоршчына, Гішпанія, Грэцыя, Данія, ЗША, Ірляндыя, Ісьляндыя, Італія, Канада, Кіпр, Ліхтэнштайн, Люксэмбург, Мальта, Манака, Нарвэгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Партугалія, Польшча, Румынія, Сан-Марына, СССР, Турцыя, Фінляндыя, Францыя, Чэхаславаччына, Швайцарыя, Швэцыя ды Югаславія. Колькасьць удзельнікаў АБСЭ ўстойліва павялічвалася і ў чэрвені 2006 году дасягнула 56 дзяржаваў.

Урад Беларусі, як і ўрад Украіны, бярэ ўдзел у АБСЭ з 30 студзеня 1992 году. Урады ўсіх іншых сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама зьяўляюцца яе ўдзельнікамі. Урады Расеі (як спадкаемца СССР) й Польшчы — ад заснаваньня арганізацыі, Латвіі й Летувы — з 10 верасьня 1991 году.

На канец году Колькасьць дзяржаваў-удзельніцаў
Заснавальнікі 34
1991 38
1992 51
1993 52
1995 53
1996 54
2000 55
2006 56

Дачыненьні з Беларусьсю

рэдагаваць
Офіс АБСЭ ў Менску
Папярэднік Кансультацыйна-назіральная група (1998—2002)
Дата ўтварэньня 1 студзеня 2003 (21 год таму)
Юрыдычны статус прадстаўніцтва
Месцазнаходжаньне праспэкт газэты «Праўда», д. 11
кіраўнік Бэнэдыкт Галер
Колькасьць супрацоўнікаў 13

Урад Беларусі ўступіў у АБСЭ 30 студзеня 1992 году. 26 лютага 1992 году адбылося падпісаньне Канчальнае пастановы Хэльсынскае НБСЭ 1975 году, а 8 красавіка 1993 году — Парыскае хартыі[10].

У выніку роспуску ў 1996 годзе прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам абранага ў 1995 годзе Вярхоўнага Савету Беларусь пазбавілі ў 1997 годзе права на прадстаўніцтва ў Парлямэнцкім сходзе АБСЭ[11]. Паводле бестэрміновае Дамоўленасьці аб Кансультацыйна-назіральнай групе (КНГ) ад 18 сьнежня 1997 году з урадам Беларусі ў 1998 годзе АБСЭ адчыніла ў Менску сваё прадстаўніцтва. КНГ налічвала 4 адмыслоўцаў ды ўзначальвалася да канца 2001 году нямецкім амбасадарам Гансам-Георгам Вікам[12]. Паводле новай Дамоўленасьці з 2003 году КНГ ператварылі ў Офіс, які складаўся з 5 замежных і 8 мясцовых службоўцаў ды да 31 сакавіка 2011 году ўзначальваўся нямецкім дыпляматам Бэнэдыктам Галерам[13].

Кіраўнікі Офіса АБСЭ
Імя й прозьвішча Час займаньня пасады Месца народзінаў Дата народзінаў Папярэдняя пасада
1 Эбэргард Гайкен 10 лютага 2003[14] — 31 ліпеня 2005[15] Нямеччына 1935
2 Оке Пэтэрсан 29 жніўня 2005[16] — 28 траўня 2007 Швэцыя кіраўнік дэпартамэнту ў справах уцекачоў і міграцыйнай палітыкі МЗС Швэцыі[17]
3 Ганс-Ёхан Шміт 4 лютага 2008[18] — 10 верасьня 2009[19] Нямеччына
4 Бэнэдыкт Галер 15 студзеня 2010 — 31 сакавіка 2011 г. Фэльбэрт, Мэтманскі раён, Дзюсэльдорфская акруга, зямля Паўночны Райн — Вэстфалія, Нямеччына 11 траўня 1954 амбасадар па адмысловых даручэньнях МЗС Нямеччыны[20][21]

У верасьні 2000 году на канфэрэнцыі ў Беластоку[22] кіраўнік Кансультацыйнай назіральнай групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік заявіў, што АБСЭ апошнія шэсьць гадоў прапагандавала стратэгію далучэньня Беларусі да Расеі. Падобныя дзеяньні ён абгрунтаваў патрэбай Эўропы ў расейскай нафце[23].

11 кастрычніка 2000 году рэдакцыя беларускай газэты Наша Свабода атрымала расейскамоўны прэс-рэліз АБСЭ, у якім тая «цьвёрда зьняпраўджвала паклёпніцкія паведамленьні… што амбасадар [Ганс-Георг Вік] прапагандаваў саюз Рэспублікі Беларусі з Расейскай Фэдэрацыяй, патрэбны дзеля фармаваньня ў рэспубліцы дэмакратычных інстытутаў». У адказ на гэта рэдакцыя дала слова ўдзельнікам той канфэрэнцыі — кандыдатам гістарычных навук Алегу Латышонку і Валянціну Голубеву, карэспандэнтам Радыё Палёнія Тамашу Саевічу і Радыё Беласток Яраславу Іванюку, якія пацьвердзілі сказанае Вікам, у тым ліку з спасылкамі на наяўныя магнітафонныя запісы канфэрэнцыі[23].

  1. ^  (анг.)Грашовая справаздача за 2008 год ды выснова рэвізора // Сайт АБСЭ. 28 верасьня 2009.
  2. ^ Вячорка В. Не сьмяшыце мае прыназоўнікі. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2017. С. 216.
  3. ^ НАУ прадставіла ў Страсбургу справаздачу аб ролі рэжыму Лукашэнкі ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей, Радыё Свабода, 10 траўня 2023 г.
  4. ^ АБСЭ апублікавала справаздачу аб прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею і Беларусь, Радыё Свабода, 9 траўня 2023 г.
  5. ^  (анг.)Будапэшцкі дакумэнт НБСЭ. 6 сьнежня 1994 г. (Рашэньне аб узмацненьні НБСЭ) // Сайт Арганізацыі па бясьпецы й супрацы ў Эўропе. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  6. ^  (анг.)Кантактныя дадзеныя прадстаўніцтваў // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  7. ^  (анг.)Заявы // Сайт Парлямэнцкага сходу АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  8. ^  (анг.)Хэльсынскі дакумэнт НБСЭ. 10 ліпеня 1992 г. // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  9. ^  (анг.)Парыская хартыя для новай Эўропы. 21 лістапада 1990 г. (Дапаўняльны дакумэнт) // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  10. ^  (анг.)Дзяржавы-ўдзельніцы // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  11. ^  (анг.)Варшаўская заява Парлямэнцкага сходу АБСЭ. 8 ліпеня 1997 г.(недаступная спасылка) // Сайт Парлямэнцкага сходу АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  12. ^  (анг.)Кансультацыйна-назіральная група ў Беларусі // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  13. ^  (анг.)Офіс АБСЭ ў Менску // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  14. ^  (анг.)Агляд Офіса АБСЭ ў Менску // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  15. ^ Уладзімер Глод. Эбэргард Гайкен пакінуў Беларусь(недаступная спасылка) // Радыё «Свабода». 4 жніўня 2005.
  16. ^ Юлія Канавалава. Інтэрв’ю са спадаром Оке Пэтэрсанам, кіраўніком менскага офіса Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ) // 11.09.2005 // Беларуская служба Швэдзкага радыё. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  17. ^ Уладзімер Глод. У менскім офісе АБСЭ будзе новы кіраўнік(недаступная спасылка) // Радыё «Свабода». 28 траўня 2007.
  18. ^ Уладзімер Глод. У Менск прыедзе новы кіраўнік офісу АБСЭ(недаступная спасылка) // Радыё «Свабода». 4 лютага 2008.
  19. ^ Шміт удзячны дзяржаўным партнэрам(недаступная спасылка) // Радыё «Свабода». 8 верасьня 2009.
  20. ^  (анг.)Кіраўнік Офіса АБСЭ ў Менску // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  21. ^ Уладзімер Глод. У офісе АБСЭ ў Менску пачаў працаваць новы кіраўнік(недаступная спасылка) // Радыё «Свабода». 18 студзеня 2010.
  22. ^ Пазьняк З. Першае, што трэба зрабіць, каб забясьпечыць справядлівыя выбары — выдаліць зь Беларусі Віка // Беларускія ведамасьці. № 6 (36), 2001. С. 2.
  23. ^ а б Наша Свабода. № 66, 13 кастрычніка 2000. С. 1.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць