Судзебнік Казімера
Судзе́бнік Казі́мера, Стату́т Казімера, Судзебнік 1468 року — першы звод законаў Вялікага Княства Літоўскага, укладзены вялікім князем Казімерам Ягайлавічам 29 лютага 1468 року. Стаў першай спробай укладаньня законаў ВКЛ[1], працягнутай трыма Статутамі XVI стагодзьдзя. Напісаны рускай мовай[2].
Судзебнік Казімера | |
Створаны | 29 лютага 1468 |
---|---|
Месцазнаходжаньне | Дзяржаўны гістарычны музэй[d], Расейская дзяржаўная бібліятэка[d] і Ягелонская бібліятэка |
Аўтар(-ы) | Казімер Ягелончык |
Тып носьбіту | папера |
Тэматыка | гаспадарчае права[d] |
Гістарычнае тло
рэдагавацьГісторыкі сышліся ў меркаваньні, што найбольш імаверна Судзебнік Казімера быў укладзены ў лютым 1468 року, калі Сойм ВКЛ засядаў у Вільні[3]. Дакладную дату выданьня (29 лютага 1468 року) вызначыў протаярэй Іван Грыгаровіч[4]. Судзебнік напісаны рускай мовай суцэльным тэкстам. Арыгінал да нашага часу не захаваўся, аднак існуюць некалькі сьпісаў канца XV — пачатку XVI стагодзьдзяў[1]:
- так званы «Румянцаўскі», датаваны 80-мі гадамі XV стагодзьдзя, захоўваецца, у Расейскай дзяржаўнай бібліятэцы;
- «Тарноўскі» (апошняя чвэрць XV стагодзьдзя) захоўваецца ў Ягелонскай бібліятэцы (Кракаў, Польшча);
- «Увараўскі» (канец XV — пачатак XVI стагодзьдзя) — у Дзяржаўным гістарычным музэі Расеі[5].
Апошні асобнік найбольш поўны, упершыню яго апублікаваў у 1826 року Ігнацы Даніловіч, прафэсар права Віленскага ўнівэрсытэту[6]. Назва Судзебнік ці Статут Казімера — сучасная, у арыгінале меў агульнапрынятую для такіх дакумэнтаў назву «Ліст». Падзел на 25—28 артыкулаў зьдзейсьнілі дасьледнікі ў XIX стагодзьдзі[4][3].
Судзебнік складзены на аснове звычаёвага права і судова-адміністрацыйнай практыкі. У адрозьненьне ад ранейшых вялікакняскіх прывілеяў, не надаваў шляхце новых правоў. Як вынікае са зьместу, кодэкс прызначаўся для шляхцічаў і земляўласьнікаў, якія атрымалі ад Казімера ў 1447 року прывілей на княскіх сялянаў(d) — кляс залежных сялянаў, якія ў выніку стануць прыгоннымі[3]. Кодэкс спрабаваў упарадкаваць абыходжаньне з такімі сялянамі. У дакумэнце не пазначана, для якіх судоў ці абшараў ён прызначаны, але гісторыкі лічаць, што ягонае дзеяньне магло распаўсюджвацца на ўсю тэрыторыю ВКЛ да прыняцьця I Статуту 1529 року.
Нягледзячы на нязначны памер і ахоп, Судзебнік 1468 року меў агромнае значэньне для парадкаваньня заканадаўства ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ён зафіксаваў нормы літоўскага звычаёвага права, запачаткаваў кадыфікацыю будучых Статутаў, якія сталі паўнавартасным зводам тагачаснага літоўскага права, узорным для суседніх дзяржаваў.
Зьмест
рэдагавацьКодэкс усталяваў адзіныя для ўсёй дзяржавы пакараньні і судовыя працэдуры за асобныя віды злачынстваў[1]. Ён закранаў толькі злачынствы супраць уласнасьці (крадзеж і рабаваньне). Мноства іншых выпадкаў ня трапілі ў кодэкс і судзіліся паводле звычаёвага права. Упершыню законам быў усталяваны мінімальны век, зь якога пачыналася крымінальная адказнасьць: сем гадоў[5].
Найперш у Судзебніку пералічаныя пакараньні для простых сялянаў, яія ў XV стагодзьдзі паступова пераўтвараюцца з вольных у прыгонных. Узмацненьне фэадальнага прыгнёту было замацавана артыкулам, які прадугледжваў суворае пакараньне за садзейніцтва ўцёкам нявольных і фэадальна залежных сялянаў[5].
Шляхцічаў тычыліся артыкулы, што разьвязвалі тэрытарыяльныя спрэчкі: Судзебнік забараняў практыку наездаў і апісваў судовы спосаб вырашэньня такіх пытаньняў. Злачынствы, зьвязаныя з самахотнай вырубкай лесу, наезды, рабаваньні меў судзіць сам вялікі князь з паны-радай. Княскіх сялянаў судзілі цівуны, а прыгонных — іхнія паны ці прызначаныя імі асобы[6].
Упершыню ў Судзебніку Казімера зьявілася азначэньне злачынства як парушэньня закону. Пералічаныя чатыры віды пакараньняў у залежнасьці ад нанесенай шкоды. У звычаёвым праве існавала практыка кампэнсаваць пацярпеламу матэрыяльную шкоду, а скрадзенае майно перадавалі на карысьць суду. Судзебнік абмяжоўваў гэтае права: калі злачынца ня мог кампэнсаваць шкоду, то суд быў абавязаны вярнуць пацярпеламу канфіскаванае майно. За буйныя крадзяжы (на суму большую чым паўканя) былі ўведзеныя цялесныя пакараньні і нават павешаньне, якім маглі пакараць за паўторныя злачынствы, выкраданьне кароваў і коней ды буйнейшыя крадзяжы.
Кодэкс забараняў выкупленьне асуджанага ад сьмяротнай кары, як дагэтуль дзеялася ў звычаёвым праве. Было дазволенае выкарыстаньне катаваньняў для абвінавачаных у крадзяжы. Саўдзельнікі — блізкія сваякі абвінавачанага — несьлі салідарную адказнасьць, за выняткам выпадкаў, калі ня ведалі і ня бралі ўдзелу ў злачынстве[6]. У апошнім разьдзеле ўводзілася адказнасьць для ўсіх жыхароў за належнае абыходжаньне і ўтрыманьне ў парадку дарогаў і мастоў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Rimvydas Petrauskas, Jūratė Kiaupienė Lietuvos istorija. Nauji horizontai: dinastija, visoumenė, valstybė (лет.). — Baltos lankos, 2009. — Т. IV. — С. 320—321. — ISBN 978-9955-23-239-1
- ^ Burinskaitė, Kristina Lietuvos ir Rusijos santykiai XV-XX a. (лет.). — Alma littera, 2005. — С. 28. — ISBN 978-9955-08-897-4
- ^ а б в Machovenko, Jevgenij Lituvos Didžiosios Kunigaikštystės teisės šaltiniai (лет.). — Vilnius: Justitia, 2000. — С. 50—52. — ISBN 9986-567-32-7
- ^ а б 2002. С. 250.
- ^ а б в Судзебнік Казіміра (1468) Гісторыя Беларусі Праверана 9 верасьня 2023 г.
- ^ а б в Vytautas Andriulis, Mindaugas Maksimaitis, Vytautas Pakalniškis, Justinas Sigitas Pečkaitis, Antanas Šenavičius Lietuvos teisės istorija (лет.). — Vilnius: Justitia, 2002. — С. 83—93. — ISBN 9986-567-81-5
Літаратура
рэдагаваць- Судзебнік 1468 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — ISBN 985-11-0251-2
- Судебник Казимира IV 1468 // Юридична енциклопедія : [у 6 т.] / ред. кол.: Ю. С. Шемшученко (відп. ред.) [та ін.]. — К.: Українська енциклопедія ім. М. П. Бажана, 2003. — Т. 5 : П — С. — 736 с. — ISBN 966-7492-05-2
- Juliusz Bardach. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVII w.. — Warszawa: 1970.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Аўтэнтык Судзебніка Казімера (ст.-бел.)
- Выданьне з камэнтарамі Ігнацыя Даніловіча (пол.)