Расейская акупацыя Беларусі

Расе́йская акупа́цыя Белару́сі — фактычная гібрыдная[1][2][3][4] акупацыя Расеяй тэрыторыі Беларусі, адкрытая дэманстрацыя якой адбылася 24 лютага 2022 году, калі расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі[5][6][7]. Расейская акупацыйная адміністрацыя — марыянэткавы[8] рэжым Лукашэнкі, яе кіраўнік, абвешчаны «прэзыдэнтам»[9] — Аляксандар Лукашэнка[10]. Адзін з галоўных захадаў уладаў Расеі (Расейскай імпэрыі, СССР, Расейскай Фэдэрацыі) і яе акупацыйных адміністрацыяў у розныя часы — бесьперапынная гвалтоўная русіфікацыя беларусаў (расейскі этнацыд беларусаў)[11].

Гісторыя

рэдагаваць

Тэрмін «расейская акупацыя Беларусі» ўпершыню зьявіўся ўвосень 1917 году[12], для папярэдняй формы Беларускай дзяржаўнасьці — Вялікага Княства Літоўскага — акупацыяй сталі падзелы Рэчы Паспалітай і заняцьце тэрыторыі краіны войскамі Расейскай імпэрыі. Продкі беларусаў — ліцьвіны — змагаліся з расейскім панаваньнем у паўстаньні 1794 году пад камандаю Тадэвуша Касьцюшкі, вызвольным паўстаньні 1830—1831 гадоў, нацыянальна-вызвольным паўстаньні 1863—1864 гадоў пад камандаю Кастуся Каліноўскага і шматлікіх лякальных выступленьнях. А ў 1881 годзе шляхціч Ігнат Грынявіцкі, выконваючы прысуд «Народнай волі», забіў маскоўскага гаспадара Аляксандра II[13].

Вызначальныя словы пра расейскую акупацыю ў сваім запавеце беларускаму народу — «Лістах з-пад шыбеніцы» — выказаў Кастусь Каліноўскі[14]:

  Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе  

Па распадзе Расейскай імпэрыі і ўтварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі першыя паўстаньні супраць расейскіх бальшавікоў, якія спрабавалі захапіць этнічную тэрыторыю беларусаў, адбыліся ў сакавіку — верасьні 1918 году — на Амсьціслаўшчыне, Аршаншчыне, Віцебшчыне і Полаччыне. У лістападзе таго ж году выбухнула Вяліскае паўстаньне, у якім бралі ўдзел дзясяткі тысячаў чалавек. Яно перакінулася на сумежную Смаленшчыну (Парэцкае паўстаньне). У сакавіку — красавіку 1919 году паўстаньні прайшлі ў ваколіцах Гомля, Кармы, Рагачова, Рэчыцы, Нясьвіжу, Міру, Слуцку, Старобіна ды іншых местаў і мястэчак. Антыбальшавіцкія паўстаньні працягнуліся ў 1920 годзе, найбольшым зь іх выявілася Койданаўскае паўстаньне, калі ў ліпені чатыры дні трымалася Койданаўская самастойная рэспубліка. У лістападзе — сьнежні таго ж году Рада Случчыны, узначаленая беларускімі сацыялістамі-рэвалюцыянерамі, узьняла 10 тысячаў чалавек і арганізавала іх у два палкі, якія месяц трымалі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў 15 валасьцях. У 1921 годзе на тэрыторыі Беларусі дзеялі партызанскія аддзелы (агулам 3,5 тысячы чалавек)[15].

З утварэньнем Беларускай ССР і абвяшчэньнем беларусізацыі, якая на пачатку станаўленьня савецкай улады мусіла выгадна адрозьніваць яе ў вачах беларусаў ад уладаў Расейскай імпэрыі, адкрытая дэманстрацыя акупацыі адбылася зь зьнішчэньнем нацыянальных элітаў і аднаўленьнем палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі ў другой палове 1930-х гадоў. У 1944—1957 гадох узброенае змаганьне з расейска-савецкімі акупантамі за аднаўленьне незалежнасьці Беларусі вяла партызанская арганізацыя Чорны кот[16], у 1946—1949 гадох дзеяў падпольны Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі.

Распад СССР і аднаўленьне незалежнасьці Беларусі ў 1990 годзе прыпыніла пэрыяд расейскай акупацыі краіны за савецкім часам. Аднак фактычнае аднаўленьне акупацыі адбылося ў 1995 годзе — з усталяваньнем прарасейскага аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі, калі супрацоўнікі сілавых структураў, фармальна падкантрольныя абранаму ў 1994 годзе першаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку (44,82% галасоў у першым туры, 80,1% галасоў у другім туры — па тым, як на тэледэбатах зь Вячаславам Кебічам, у адрозьненьне ад суперніка, які выступаў безь якіх-кольвек значкоў, Лукашэнка начапіў на пінжак значок зь беларускім нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам[17], хоць раней насіў чырвона-зялёны дэпутацкі значок БССР[18]), зьбілі і вывелі з парлямэнту 19 дэпутатаў ад нацыянальных беларускіх сілаў, што галадавалі на знак нязгоды з ініцыяваным Лукашэнкам рэфэрэндумам, які парушаў канстытуцыю і законы і фактычна зьняважыў беларускую нацыю, пераламаў ёй хрыбет. Паводле Сяргея Дубаўца, канчатковае афармленьне акупацыі адбылося ў 1996 годзе, калі рэжым Лукашэнкі пры вызначальным удзеле ўладаў Расеі правёў поўны захоп улады[19]. Па гэтых падзеях у краіне пачало дзеяць Беларускае Вызвольнае Войска (Беларускае Нацыянальна-Вызвольнае Войска). Разам з тым, праз гібрыдны[20][21] характар самой акупацыі, а таксама брак азначэньня сытуацыі ў краіне як «расейскай акупацыі» з боку міжнароднай супольнасьці (у тым ліку Злучаных Штатаў Амэрыкі і Эўрапейскага Зьвязу) і пэўныя захады, скіраваныя на дызарыентацыю беларускага грамадзтва (г. зв. «мяккая беларусізацыя», якая мела падобныя мэты да бальшавіцкай беларусізацыі 1920-х гадоў — выявіць усе цэнтры беларускай актыўнасьці і пачаць супраць іх тэрор і татальную русіфікацыю[22]), большасьць беларусаў абралі мірны, пераважна палітычны шлях змаганьня, які дасягнуў найбольшага ўздыму падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня ў 2020 годзе, на якія рэжым Лукашэнкі адказаў забойствамі і масавымі катаваньнямі беларусаў[23]. 17 красавіка 2021 году ФСБ Расеі заявіла, што дапамагло прадухіліць зрынаньне рэжыму Лукашэнкі «паводле адпрацаванага сцэнару „каляровых рэвалюцыяў“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў»[24]. 21 красавіка кіраўнік Расеі Ўладзімер Пуцін згадаў пра Беларусь у кантэксьце нібыта прадухіленай з удзелам ФСБ спробы зрынаньня рэжыму Лукашэнкі як пра кантраляваную Расеяй тэрыторыю, на якой Расея будзе вызначаць, што ёсьць дзяржаўным пераваротам, а што — не[25].

24 лютага 2022 году Дзяржаўная пагранічная служба Ўкраіны засьведчыла, што расейскія войскі атакавалі дзяржаўную граніцу ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, тым часам кіраўнік расейскай акупацыйнай адміністрацыі Беларусі Лукашэнка ня стаў зьняпраўджваць гэтых фактаў, заявіўшы толькі, што беларускія войскі «не бяруць ніякага ўдзелу ў расейскай спэцапэрацыі ў Данбасе». Па чым дадаў, што «нашых войскаў там няма. Але калі трэба будзе, калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расеі — яны будуць»[5]. У той жа дзень з аэрадрома ў Баранавічах а 13:05 вылецелі чатыры зьнішчальнікі Су-35С. У Кіеўскай вобласьці расейскія войскі пайшлі на прарыў дзяржаўнай граніцы з тэрыторыі Беларусі. Ваенная тэхніка агрэсара зайшла праз пункт пропуску «Вільча»[5]. 27 лютага 2022 году Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі Беларусі запусьцілі ракеты па Ўкраіне[26].

27 лютага 2022 году ў рэчышчы партызанскага змаганьня з расейскімі акупантамі, якія выкарыстоўваюць чыгуначныя шляхі Беларусі дзеля транспартаваньня зброі і падвозу паліва ва Ўкраіну, адбыліся атакі на сэрвісы продажу квіткоў і ўнутраныя сыстэмы Беларускай чыгункі[27]. У выніку рух цягнікоў часткова перавялі ў ручны рэжым працы. Дыспэтчарскую цэнтралізацыю «Нёман» зрабілася непрыдатнай, спыніла працу спадарожнае праграмнае забесьпячэньне. Адказнасьць за блякаваньне сыстэмаў Беларускай чыгункі ўзяла на сябе групоўка «Кібэрпартызаны». Чарговая атака на сыстэмы аўтаматызацыі Беларускай чыгункі адбылася ўдзень 2 сакавіка: перасталі функцыянаваць сыстэма ГВР (Графік выкананага руху), «Нататнік кіраўніка», «Абанэнцкі пункт», аўтаматызаваная сыстэма «Аўтадыспэтчар» ды іншае спадарожнае праграмнае забесьпячэньне, праз уплыў на сыстэму ДЦ «Нёман» — пайшлі праблемы з рухам цягнікоў. Адказнасьць за яе таксама ўзялі на сябе хакеры з групоўкі «Кібэрпартызаны». Таксама 1 сакавіка зьявілася паведамленьне ініцыятывы BYPOL пра тое, што на чыгунцы зьнішчылі прынамсі дзьве шафы СЦБ — прылады, якія кіруюць сыгналізацыяй, цэнтралізацыяй і блякаваньнем руху на чыгунцы. Гэта парушыла працу сьвятлафораў і стрэлкавых пераводаў, заблякавала рух на адпаведных дзялянках чыгункі. Таксама на дзялянцы абслугоўваньня Магілёўскага аддзелу БЧ правялі закарочваньне рэйкавых ланцугоў. Намесьнік міністра ўнутраных справаў рэжыму Лукашэнкі Генадзь Казакевіч паведаміў 2 сакавіка пра тры факты падпалу рэлейных шафаў і блякаваньня чыгуначных шляхоў на тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай і Менскай абласьцей. Падкантрольны Лукашэнку Сьледчы камітэт заявіў пра затрыманьне мінімум чатырох чалавек, якіх падазраюць у зрыве графіку руху расейскіх цягнікоў з зброяй[28] (на 9 сакавіка — схапілі восем меркаваных рэйкавых партызанаў[29]). Па партызанскіх дывэрсіяў на чыгунцы каля Стоўпцаў у гэтае места прыбылі супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія затрымліваюць з зброяй мясцовых і б’юць проста ў пастарунку міліцыі[30]. Паводле ініцыятывы BYPOL, 16 сакавіка на перагоне Даманава — Лясная (Берасьцейскі аддзел) партызаны зьнішчылі прылады аўтаматыкі і тэлемэханікі СЦБ, а на перагоне Фарынава — Загацьце (Віцебскі аддзел) — рэлейную шафу СЦБ, што парушыла графік руху цягнікоў, у тым ліку ваеннага прызначэньня[31].

12 сакавіка 2022 году Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася зь лістом да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага: «Хачу падкрэсьліць, што беларускі народ цярпіць падвойную акупацыю. З аднаго боку, рэжым Лукашэнкі, нелегітымны пасьля рэфэрэндуму ў траўні 1995 г.; пасьля ж г.зв. „выбараў“ у 2020 годзе краіна была ператворана ў канцлягер. Зь іншага боку, ёсьць рэжым Пуціна, які задоўга да жніўня 2020 году стаў адзінай падтрымкай Лукашэнкі»[32].

14 сакавіка 2022 году лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянон Пазьняк выступіў з заклікам рыхтавацца да рашучага павароту беларускіх вайсковых аддзелаў на абарону Айчыны супраць расейскіх інтэрвэнтаў[33].

16 сакавіка 2022 году Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва (НАК) на чале з Паўлам Латушкам выступіла з заявай, у якой назвала Беларусь часова акупаванай тэрыторыяй і заклікала міжнародную супольнасьць даць адпаведную праўную ацэнку. НАК лічыць, што ў выніку прызнаньня міжнароднай супольнасьцю факту акупацыі Беларусі Расейскай Фэдэрацыяй «стане магчымым эфэктыўнае прасоўваньне наступных прынцыповых пытаньняў», і пералічвае іх у сваёй заяве[34]:

  • Аб захаваньні тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці Беларусі. Міжнароднае прызнаньне Беларусі часова акупаванай тэрыторыяй ёсьць важным прэвэнтыўным захадам дзеля абароны сувэрэнітэту краіны, бо ўсякія магчымыя дзеяньні акупантаў, скіраваныя на зьмену юрыдычнага статусу акупаванай тэрыторыі ня будуць мець ніякай сілы з пункту гледжаньня міжнароднага права, якое абавязвае акупантаў безумоўна яе пакінуць.
  • Аб прадухіленьні разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі і стварэньня пагрозаў рэгіянальнай бясьпецы.
  • Аб ацэнцы ўсякай актыўнасьці грамадзянаў Беларусі ў супрацьстаяньні рэжыму Лукашэнкі і расейскай акупацыі як дзеяньняў, якія зьдзяйсьняюцца ў рамках нацыянальна-вызвольнага руху ў абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны.
  • Аб пазбаўленьні марыянэткавага ўраду Лукашэнкі міжнародна-праўнай суб’ектнасьці і аб прыпыненьні ўдзелу Беларусі ў міжнародных арганізацыях (ААН, МВФ ды іншых) — да спыненьня акупацыі і дэмакратычнага фармаваньня новага ўраду.
  • Аб сынхранізацыі санкцыяў у дачыненьні да Расеі і Беларусі як акупаванай тэрыторыі і ліквідацыі магчымасьцяў для Расеі ў абходзе санкцыяў празь Беларусь і выкарыстаньні краіны як афшорнай зоны.

17 сакавіка 2022 году Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з 27 амбасадарамі краін ЭЗ у Жэнэве, якія прадстаўляюць свае краіны ў ААН, выступіла з заклікам да іх[35]:

  • вызнаць Беларусь як краіну дэ-факта часова акупаванай Расеяй;
  • прыцягнуць Лукашэнку да трыбуналу ў зьвязку з падзеямі ва Ўкраіне;
  • неадкладна адрэагаваць на катаваньні ў турмах Беларусі і ўмовы ўтрыманьня палітычных вязьняў.
  • падтрымаць працу міжнароднай плятформы ў зборы довадаў злачынстваў рэжыму і падтрымаць беларускіх праваабаронцаў.

У ліпені 2022 году адзначалася, што хоць асобныя палітыкі і парлямэнтары заходніх краінаў і Ўкраіны заяўлялі пра акупацыю Беларусі Расеяй, аднак ніводная з адпаведных краінаў не засьведчыла расейскую акупацыю Беларусі фармальна — на афіцыйным узроўні[36]. 30 жніўня 2022 году кіраўнік Міністэрства замежных справаў Летувы Габрыелюс Ланбсбергіс заявіў, што азначыў бы Беларусь як «часткова акупаваную краіну»[37]. 7 верасьня 2022 году кіраўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў азначыў Беларусь як акупаваную Расеяй краіну[a][39].

22 кастрычніка 2022 году ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зарэгістравана заява з асуджэньнем акупацыі тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Расейскай Фэдэрацыяй. Дакумэнт таксама прадугледжвае зварот да міжнароднай супольнасьці з просьбай прызнаць тэрыторыю Беларусі часова акупаванай Расеяй:[40][41][42]

  • заклікаць міжнародную супольнасьць таксама прызнаць тэрыторыю Беларусі часова акупаванай Расеяй;
  • пазбавіць рэжым Лукашэнкі міжнароднай правасуб’ектнасьці;
  • спыніць удзел Беларусі ў міжнародных арганізацыях (ААН, МВФ і інш.);
  • сынхранізаваць санкцыі супраць Расеі й Беларусі як акупаванай тэрыторыі й выключыць магчымасьць абыходу Расеяй санкцыяў празь Беларусь і выкарыстаньня гэтай краіны ў якасьці афшорнай зоны.

25 сакавіка 2023 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея разьмяшчае у Беларусі сваю тактычную ядзерную зброю, што неўзабаве ажыцьцявілі[43][44].

4 ліпеня 2023 году Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прыняла дэклярацыю, у якой азначаецца «гвалтоўна імпэрскі і каляніяльны характар» дзяржавы Расеі і прызнаецца «мяккая анэксія» Беларусі Расеяй[45][b].

Юрыст, сябра Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк зьвяртае ўвагу на гібрыдны характар расейскай акупацыі: «Праз гэтую размытасьць у беларускай палітычнай думцы дагэтуль існуе памылковы наратыў: рабіць што-небудзь дзеля таго, каб „Беларусь ня страціла сувэрэнітэту“ — хоць немагчыма страціць тое, чаго ўжо няма». Таксама ён зазначае наступны чыньнік[47]:

  Нягледзячы на тое, што ЗСУ пасьпяхова зьнішчаюць расейскія войскі, як бачым, нават рэгулярнага войска Ўкраіны недастаткова. Войска краіны з насельніцтвам у чатыры разы большым, чым у нас, якая валодае дзевяцігадовым баявым досьведам, падмацаваным шырокім апалчэньнем, забясьпечанай зброяй і фінансаваньнем ЭЗ і ЗША. Так, дагэтуль недастаткова, каб цалкам пазбыцца расейскай прысутнасьці. Падтрымліваць фантазію аб тым, што 9 мільёнаў бяззбройных беларусаў (або некалькі тысячаў каліноўцаў) змогуць самастойна справіцца там, дзе з вельмі цяжкімі высілкамі ваюе армія 40-мільённай краіны пры фінансавым падтрыманьні наймацнейшых эканомік сьвету — безадказна і злачынна.  

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ укр. «Країна Білорусь окупована Російською Федерацією»[38]
  2. ^ анг. «Underscoring the violently imperial and colonial nature of the State of the Russian Federation, which is on fullest display in its unprovoked and illegal war against Ukraine and violations of international human rights laws and the laws of sovereign nations, including through unlawful abduction, but is also expressed in its soft annexation of Belarus…»[46]
  1. ^ Litwin H. Belarus between a difficult yesterday and an uncertain tomorrow // New Eastern Europe. Issue 1—2, 2024. P. 7—8.
  2. ^ Usov P. From Authoritarianism to Neo-Totalitarianism in Belarus // Politics and Security of Central and Eastern Europe. — Springer, 2023. P. 34.
  3. ^ Raport VII: Białoruś w fazie rosyjskiej okupacji hybrydowej. — Warszawa: Studium Europy Wschodniej UW, 2022. ISBN 978-83-67208-14-7.
  4. ^ The Belarus Research Network on Neighborhood Policy
  5. ^ а б в Ліхтаровіч Ю. Беларусы супраць вайны, але краіна пад расійскай акупацыяй, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 24 лютага 2022 г.
  6. ^ Дашкевіч З. «Беларусь паўстала, і цяпер беларусы самі пад акупацыяй», Новы час, 25 лютага 2022 г.
  7. ^ «Выглядае, што Беларусь акупаваная». Дасьледчыца Atlantic Council пра магчымы ядзерны ўдар Пуціна, Радыё Свабода, 3 сакавіка 2022 г.
  8. ^ Гурневіч Д. 7 адказаў тым, хто абвінавачвае агулам усіх беларусаў, — меркаваньне, Радыё Свабода, 26 лютага 2022 г.
  9. ^ Зянон Пазняк: Вінаваты не Лукашэнка, а людзі, якія яму вераць, Наша Ніва, 25 лютага 2022 г.
  10. ^ Генадзь Коршунаў: Каб у свой час сусветная супольнасць так стала побач з беларусамі, як сёння з украінцамі, то нішто не ляцела б з акупаванай тэрыторыі, Наша Ніва, 27 лютага 2022 г.
  11. ^ Дубавец С. Па-за межамі разуменьня. Чаму і навошта «ўкраінцы бамбяць свае гарады»?, Радыё Свабода, 28 сакавіка 2022 г.
  12. ^ Цыганкоў В. Ніна Стужынская: Тэрмін «расейская акупацыя Беларусі» ўпершыню зьявіўся восеньню 1917 году, Радыё Свабода, 26 верасьня 2022 г.
  13. ^ Арлоў У. Як беларусы змагаліся супраць расейскага панавання? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 51—52.
  14. ^ Сяргей Дубавец, Жыцьцё ў зрушаным часе. Чаму важна прызнаць «беларускія ўлады» расейскімі акупацыйнымі, Радыё Свабода, 2 красавіка 2022 г.
  15. ^ Сідарэвіч А. Дзе ў Беларусі былі арганізаваныя паўстанні супраць камуністаў? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 65.
  16. ^ Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. Мн.: Архіў найноўшае гісторыі, 1999.
  17. ^ Тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь 1994 году
  18. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 106.
  19. ^ Дубавец С. Дубавец: Чаму Беларусь не «краіна-агрэсар», ніколі такой не была і ня будзе, Радыё Свабода, 16 сакавіка 2022 г.
  20. ^ Зянон Пазьняк: Маскоўская гібрыдная акупацыя пачалася, Беларускае Радыё Рацыя, 16 жніўня 2017 г.
  21. ^ Юры Драгахруст, Агрэсар — Беларусь ці Лукашэнка? Дыскусія юрыстаў, Радыё Свабода, 13 красавіка 2022 г.
  22. ^ Дубавец С. «Застаюся камуністам»… Чаму незалежныя СМІ захоўваюць вернасьць «наркамаўцы», Радыё Свабода, 21 красавіка 2022 г.
  23. ^ Рада БНР заклікае да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і да ціску на Расею, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, 16 лістапада 2020 г.
  24. ^ ФСБ Расеі заявіла, што дапамагло прадухіліць дзяржаўны пераварот у Беларусі, Радыё Свабода, 17 красавіка 2021 г.
  25. ^ «Можна мець любы пункт гледжання наконт палітыкі Лукашэнкі, але…» Пуцін згадаў Беларусь у пасланні, Наша Ніва, 21 красавіка 2021 г.
  26. ^ Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі Беларусі запусьцілі ракеты па Ўкраіне, Радыё Свабода, 27 лютага 2022 г.
  27. ^ Рэйкавая вайна. Як беларусы спрабуюць спыніць расейскую армію, Радыё Свабода, 2 сакавіка 2022 г.
  28. ^ «Рэйкавая вайна» ў Беларусі працягваецца. Генпракуратура вінаваціць затрыманых дывэрсантаў у тэрарызьме, Радыё Свабода, 7 сакавіка 2022 г.
  29. ^ У Беларусі затрымалі восем «рэйкавых партызан». Што пра іх вядома, Радыё Свабода, 9 сакавіка 2022 г.
  30. ^ Дзьмітры Гурневіч, У Стоўпцах выязныя групы ГУБАЗіК і СОБР другі тыдзень тэрарызуюць мясцовых, — жыхары гораду, Радыё Свабода, 13 сакавіка 2022 г.
  31. ^ BYPOL узяў адказнасць за чарговую дыверсію на чыгунцы, Наша Ніва, 16 сакавіка 2022 г.
  32. ^ Рада БНР зьвярнулася да Зяленскага: «У нас агульны вораг — імпэрыялістычная Расея», Радыё Свабода, 12 сакавіка 2022 г.
  33. ^ Зянон Пазьняк, Існуе шанец скончыць з расейскай акупацыяй і з рэжымам Лукашэнкі, Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ, 14 сакавіка 2022 г.
  34. ^ Латушка заклікаў прызнаць Беларусь тэрыторыяй, часова акупаванай Расеяй, Радыё Свабода, 16 сакавіка 2022 г.
  35. ^ Ціханоўская ў ААН заклікала прызнаць Беларусь краінай пад часовай ваеннай акупацыяй, Радыё Свабода, 17 сакавіка 2022 г.
  36. ^ Юры Дракахруст, Неакупаваная Беларусь: ці мае рацыю Ігар Тышкевіч?, Радыё Свабода, 4 ліпеня 2022 г.
  37. ^ Кіраўнік МЗС Літвы: Беларусь — «часткова акупаваная краіна», Радыё Свабода, 30 жніўня 2022 г.
  38. ^ Олексій Данілов: «Швидкої перемоги не буде, але війна точно не на роки», LB.ua, 7 верасьня 2022 г.
  39. ^ Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны: Беларусь акупаваная Расейскай Фэдэрацыяй, Радыё Свабода, 7 верасьня 2022 г.
  40. ^ У Вярхоўную Раду падалі пастанову, паводле якой беларускія тэрыторыі абвяшчаюцца акупаванымі Расеяй — Belsat TV
  41. ^ У Верховній Раді пропонують визнати, що Росія окупувала Білорусь Праверана 2022-10-22 г.
  42. ^ Картка законопроекту - Законотворчість Праверана 2022-10-22 г.
  43. ^ Сахашчык: Ядзерная зброя моцна актывізуе партызанскі рух у Беларусі, Радыё Свабода, 27 сакавіка 2023 г.
  44. ^ Павал Усаў: Тактычная ядзерная зброя ў Беларусі пацягне сур'ёзныя наступствы, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 29 сакавіка 2023 г.
  45. ^ Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прызнала «мяккую анэксію» Беларусі Расеяй, Радыё Свабода, 4 ліпеня 2023 г.
  46. ^ Vancouver Declaration and Resolutions adopted by the OSCT Parliamentary Assembly at the Thirtieth Annual Session. — Vancouver, 2023. P. 35.
  47. ^ Міхаіл Кірылюк, Перамяшчэнне ядравай зброі ў Беларусь дапаможа пазбыцца расейскага ўплыву?, Белсат, 13 ліпеня 2023 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць