Алег Латышонак
Але́г Ю́р’евіч Латышо́нак (нар. 27 траўня 1957, Эльблёнг, ПНР) — беларускі і польскі гісторык, доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы.
Алег Латышонак | |
па-польску: Oleg Łatyszonek | |
Дата нараджэньня | 27 траўня 1957 (66 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | навуковец, гісторык, прафэсар унівэрсытэту |
Навуковая сфэра | гісторыя беларусаў і Беларусі |
Месца працы | |
Вядомы як | гісторык беларусаў у Польшчы, гісторык Беларусі |
Навуковая ступень | доктар гістарычных навук[d] |
Узнагароды | |
Подпіс | ![]() |
Жыцьцяпіс Рэдагаваць
Нарадзіўся ў сям’і беларускіх інтэлігентаў. Бацька — Юры, выхадзец з-пад Шаркоўшчыны на Віленшчыне (цяпер Віцебская вобласьць). Маці — Вера (з роду Стоцкіх) з наднарваўскай вёскі Лука на Беласточчыне.
У 1965 року сям’я Латышонкаў пераехала ў Беласток «да сваіх». Тут Алег скончыў школу і ліцэй, дзе быў адным з заснавальнікаў скаўцкай воднай дружыны «Чаму б не» ды аўтарам яе назову.
У 1980 року скончыў гістарычна-філязафічны факультэт Ягелонскага ўнівэрсытэту ў Кракаве. Вярнуўшыся ў Беласток, працаваў настаўнікам гісторыі ў сельскагаспадарчым мэханічным тэхнікуме ў Супрасьлі.
У 1982 року аршытаваны за дзейнасьць у падпольным руху «Салідарнасьць». Восем месяцаў правёў пад арыштам. Па вызваленьні выехаў у Кракаў, дзе працаваў у Гістарычным музэі і ў Інстытуце дасьледаваньня Палёніі (польскага зямляцтва) Ягелонскага ўнівэрсытэту.
У канцы 80-х далучыўся да беларускага студэнцкага руху. Быў адным з заснавальнікаў беларускага рокавага фэсту «Басовішча» і аўтарам яго назвы. Сябра-заснавальнік нефармальнага Беларускага клюбу, які займаўся падрыхтоўкай да палітычнай дзейнасьці апазыцыйнай беларускай эліты.
У 1991 року вярнуўся ў Беласток і распачаў працу ў Музэі войска, адначасова ведучы актыўную грамадзка-палітычную дзейнасьць. У 1992—1994 роках старшыня Галоўнай рады Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня, адзінай партыі нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. У 1993—1997 роках працаваў журналістам тыднёвіка «Ніва».
З 1995 — сябра Ўправы Беларускага саюза ў Рэспубліцы Польшча. З 1996 року — старшыня Беларускага гістарычнага таварыства, сябра Ўсходнеславянскай камісіі Польскай акадэміі ўменьня і Камісіі славянскіх дасьледаваньняў Камітэту гістарычных навук Польскай акадэміі навук. З 1997 намесьнік старшыні Цэнтру грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь. У 1998 годзе сустваральнік беларускага радыё «Рацыя».
У 1996 абараніў кандыдацкую дысэртацыю ва ўнівэрсытэце імя Мікалая Капэрніка ў Торуні («Беларускія вайсковыя фармаваньні 1917—1923»). З 1997 року — выклачык катэдры беларускай культуры Беластоцкага ўнівэрсытэту.
У 2007 ва ўнівэрсытэце імя Мікалая Каперніка ў Торуні абараніў доктарскую працу «Ад русінаў белых да беларусаў. Вытокі беларускай нацыянальнай ідэі». У 2008 року перавёўся на катэдру міжнародных зносінаў у Інстытуце гісторыі Беластоцкага ўнівэрсытэту.
Навуковыя працы[1] Рэдагаваць
Разам зь Яўгенам Мірановічам напісаў падручнік «Гісторыя Беларусі ад паловы XVIII да канца XX стагодзьдзя».
У красавіку 2007 року ў Беластоку выйшла яго чарговая кніга «Ад белых русаў да беларусаў», прысьвечаная паўставаньню беларускай народнай тоеснасьці.
У 2008 року ўбачыў сьвет першы том збору яго твораў на беларускай мове «Жаўнеры БНР».
У 2009 року ў Вільні выдаў кнігу «Нацыянальнасьць — Беларус». Кніга прысьвечаная пытаньням этнагенэзу беларусаў.
Узнагароды Рэдагаваць
Узнагароджаны, сярод іншага, Кавалерскім крыжам ордэна Адраджэньня Польшчы (2008)[2] і Мэдалём да стагодзьдзя БНР (2018).
Крыніцы Рэдагаваць
Вонкавыя спасылкі Рэдагаваць
- А. Латышонак. «Штурм Рэчыцы войскамі генерала Станіслава Булак-Балаховіча ў лістападзе 1920 году» (бел.)
- А. Латышонак. Аб дні незалежнасьці Польшчы (бел.)
- https://web.archive.org/web/20160305005732/http://beldumka.belta.by/isfiles/000167_71919.pdf
- Алег Латышонак на сайте «Беларускія аўтары» (бел.)
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |