Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Бельскі.

Ма́рцін Бе́льскі (па-польску: Marcin Bielski; 1495, вёска Бяла Паенчанскага павету, Лодзінскае ваяводзтва, Польшча — 18 сьнежня 1575) — польскі гісторык, пісьменьнік, аўтар нізкі паэтычных і празаічных твораў.

Марцін Бельскі
Marcin Bielski
Марцін Бельскі
Марцін Бельскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1495
Памёр 18 сьнежня 1575
Дзеці Яўхім Бельскі[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Празаік, паэт
Гады творчасьці 15351575
Кірунак гісторыяграфія
Мова польская мова
Значныя творы «Хроніка ўсяго сьвету»

Біяграфія

рэдагаваць

Навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце. Служыў у войску ў час войнаў з Валахіяй і татарамі. Прымаў удзел у бітве пад Абяртынам (1531).

Шляхціч, сучасьнік Рэфармацыі і польскага Адраджэньня, Бельскі належаў да прагрэсіўных дзеячоў таго часу.

Выступаючы супраць сяреднявечнае схалястыкі, Бельскі пісаў свае творы па-польску, а не па-лацінску, як было заведзена. Найзначнаю працай Бельскага сталася прысьвечаная Жыгімонту ІІ Аўгусту «Хроніка ўсяго сьвету» — першы ў польскім пісьменстве агляд усясьветнай гісторыі, фактычна першы падручнік па ўсеагульнай гісторыі ў Польшчы. Адзначаецца[1], што прагрэсіўнай для свайго часу была сама ідэя стварэньня падобнай працы.

Пахаваны ў мястэчку Паенчна.

«Хроніка ўсяго сьвету»

рэдагаваць

Пры жыцьці гісторыка праца была выдадзеная тры разы (1551, 1554, 1564), і ў трэцім выданьні складалася з 10 кніг. У 9-й кнізе «Аб маскоўскім альбо рускім народзе. Аб пасольстве Васіля да папы рымскага. Аб Літве, Аб Ліфлянцкай зямлі. Аб Татарах» разглядаецца і гісторыя ВКЛ. Амаль увесь разьдзел «Аб маскоўскім народзе…» пераважна зьяўляецца скарочаным пераказам «Запісак аб Масковіі» Сыгізмунда Герберштэйна. Геаграфічная частка і зьвесткі пра тэрытарыяльныя памеры ўзятыя з «Трактату аб дзвюх Сарматыях» Мяхоўскага. Інфармацыя пра Літву ў гэтым разьдзеле таксама ўзятая з працы Герберштэйна.

Адным з самых слабых месцаў «Хронікі» было тое, што аўтар некрытычна ставіўся да сярэднявечных паданьняў і нават анэкдотаў, не адрозьніваў значныя выпадкі ад нязначных, непрапарцыянальна кампанаваў матэрыял.

Думкі гісторыкаў пра галоўную працу М. Бельскага дыямэтральна разыходзяцца: ад найвышэйшай пахвалы (А. Павінскі) да ацэнкі яе як «сярэднявечнай кампіляцыі», у якой нават «няма духу гуманізму», і якую ратуе адзіны новы элемэнт, «пратэстанцкая тэндэнцыя» (І. Хшаноўскі). Адзначаецца[2], што «Хроніка ўсяго сьвету», магчыма, і ня стала б прадметам гісторыяграфічнага дасьледаваньня, калі б ня дзейнасьць ягонага сына Яўхіма Бельскага.

Таксама пяру Бельскага належыць «Хроніка Польская». Упершыню «Хроніка» была выдадзеная ў 1597 ягоным сынам Яхімам. Пазьней яна перавыдавалася яшчэ колькі разоў у 1764, 1829, 1833 ды 1856 гадох.

  1. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 38
  2. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 39

Літаратура

рэдагаваць
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.
  • Kronika Polska Marcina Bielskiego. — Sanok: 1856 Т. 2. — С. 882.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Марцін Бельскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў