Лібэралізм

палітычная філязофія

Лібэралі́зм (ад лац. liber: свабодны, liberalis: датычны свабоды) — філязофская, эканамічная і палітычная ідэалёгія, галоўнай вартасьцю якой ёсьць свабода чалавека распараджацца сваёй асобай і ўласнасьцю. Лібэралы падтрымліваюць шырокі спэктар меркаваньняў і поглядаў у залежнасьці ад іхнага разуменьня гэтых прынцыпаў, але ў цэлым яны падтрымліваюць грамадзянскія правы, дэмакратыю, сэкулярызм, расавую і плоцевую роўнасьць, інтэрнацыяналізм і свабоду слова, друку, рэлігіі і рынку[1][2][3][4][5][6].

Лібэралізм стаў рухавіком вызваленьня ад догмаў фэўдалізму і абсалютызму, якія апраўдвалі несвабоду і прыгнёт грамадзтва з боку палітычнае, эканамічнае і рэлігійнае эліты. Ён стаў выразным рухам за часам эпохі Асьветніцтва, калі стаў папулярным сярод заходніх філёзафаў і эканамістаў. Лібэралізм імкнецца замяніць нормы спадчынных прывілеяў, дзяржаўнай рэлігіі, абсалютнай манархіі, боскага права каралёў і традыцыйнага кансэрватызму праз прадстаўнічую дэмакратыю і вяршэнства закона. Лібэралы таксама прасунулі пашырэньне свабодных рынкаў замест меркантыльнай палітыцы, накіраванай на стварэньне і падтрыманьне каралеўскіх манаполіяў і іншыя бар’еры ў гандлі. Філёзафу Джону Локу часьцяком прыпісваюць вылучэньне лібэралізму як асобнай традыцыі, бо, ён сьцьвярджаў, што кожны чалавек мае натуральнае права на жыцьцё, свабоду і ўласнасьць, а ўрады не павінны парушаць гэтыя правы, заснаваныя на сацыяльным кантракце. У той час як брытанская лібэральная традыцыя падкрэсьлівае пашырэньне дэмакратыі, францускі лібэралізм канцэнтраваўся на скасаваньні аўтарытарызму і зьвязаны з нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтвам.

Лідэры Славутай рэвалюцыі 1688 году[7], амэрыканскай рэвалюцыі 1776 году і францускай рэвалюцыі 1789 году выкарыстоўвалі лібэральную філязофію, каб апраўдаць узброенае зьвяржэньне манархічнай тыраніі. Лібэралізм пачаў хутка распаўсюджвацца, асабліва пасьля францускай рэвалюцыі. XIX стагодьдзе адзначана стварэньнем лібэральных урадаў у краінах Эўропы і Паўднёвай Амэрыцы, а таксама ў ЗША[8]. На працягу XIX і пачатку XX стагодзьдзя лібэралізм дасягнуў Асманскую імпэрыю і Блізкі Ўсход, дзе паўплываў на пэрыяды рэформаў вядомыя як Танзымат і Аль-Нагда, а таксама на ўздым сэкулярызму, канстытуцыяналізму і нацыяналізму. Да 1920 году галоўным ідэалягічным супернікам клясычнага лібэралізму быў кансэрватызм, але затым лібэралізм сутыкнуўся з сур’ёзнымі ідэалягічнымі выклікамі з боку новых праціўнікаў, як то фашызм і камунізм. Тым ня менш, у XX стагодзьдзі лібэральныя ідэі значна пашырыліся, а іншыя ідэалягічныя кірункі зазналі пэўны заняпад.

У цэнтры палітычнае філязофіі лібэралізму знаходзяцца чалавек, якому павінна быць дадзеная максымальная магчымая свабоды, а таксама прынцып неагрэсіі. Індывідуальная свабода разумеецца ў лібэралізьме як асноўная норма і база грамадзкіх адносінаў, згодна зь якой павінна быць вызначаная і роля дзяржавы. Паўнамоцтвы дзяржавы не павінны абмяжоўваць асабістую свабоду грамадзян, дзяржава павінна ўмешвацца ў адносіны паміж людзьмі толькі дзеля абароны іхняй свабоды і закону. Рэгуляцыя эканомікі, гэтаксама як і сацыяльныя ільготы павінны быць зьведзеныя да мінімуму. Асоба павінна атрымаць як максымум свабоды, так і максымум адказнасьці.

Лібэралізм зьяўляецца супрацьлегласьцю таталітарызму і лічыцца перадумовай пабудовы сучаснай плюралістычнай дэмакратыі. У адрозьненьне ад анархізму, лібэралізм лічыць дзяржаву неабходным інстытутам дзеля абароны свабоды і ўласнасьці, а таксама рашуча выступае за рынкавыя прынцыпы ў эканоміцы.

Сучасныя дактрыны лібэралізму

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць