Герб рэжыму Лукашэнкі

(Перанакіравана з «Герб Беларусі (афіцыйны)»)

Герб рэжыму Лукашэнкі[1][2] — прыніжальны для беларусаў[3] расейскі каляніяльны[4] герб рэжыму Лукашэнкі, незаконна абвешчаны «дзяржаўным гербам Беларусі» ўказам Лукашэнкі ад 12 чэрвеня 1995 году[5] на фармальнай падставе сфальсыфікаванага рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году, які праводзіўся ва ўмовах тэрору супраць беларусаў[6]. Элемэнт палітыкі русіфікацыі (этнацыду) беларусаў. Гэта зялёны контур тэрыторыі Беларусі ў залатых промнях сонца над зямною куляй. Над контурам знаходзіцца чырвоная зорка, зьлева і справа контур абкружае вянок з залатых каласоў, пераплеценых кветкамі канюшыны і льну. Каласы абвіваюць стужкі колераў чырвона-зялёнага сьцяга, унізе на стужцы разьмяшчаецца залаты надпіс «Рэспубліка Беларусь». Мадыфікацыя гербу БССР, распрацаванага на ўзор савецкага гербу Расеі і зацьверджанага ў час кульмінацыі Сталінскага тэрору (генацыду) у 1938 годзе[7]. Разам з чырвона-зялёным сьцягам не супадае з нацыянальнымі сымбалямі беларусаў і асацыюецца найперш з асобай Лукашэнкі і той палітычнай і сацыяльна-эканамічнай мадэльлю, якую ён увасабляе[8]. Апрача рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, гербамі савецкіх часоў дагэтуль карыстаюцца Таджыкістан, Узбэкістан, а таксама непрызнаная Прыднястроўская малдаўская рэспубліка.

Герб рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі
Апісаньне
Зацьверджаны 1938 (як герб БССР)
1949 (новы дызайн)
1958 (новы дызайн)
1981 (новы дызайн)
1995 (як герб рэжыму Лукашэнкі)
2012 (новы дызайн)
2021 (новы дызайн)
Выкарыстаньне Рэжым Лукашэнкі
Аўтар гербу Валянцін Волкаў (герб БССР)
Леанід Сініцын (мадыфікацыя)

Гісторыя

рэдагаваць
 
Першы герб БССР, 1919 г

Фармаваньне сымболікі БССР адбывалася цэнтралізавана і рэгулявалася камуністычнымі ідэалягічнымі патрабаваньнямі[9]. Першы герб ССРБ узору 1919 году нічым не адрозьніваўся ад гербу РСФСР, апроч надпісаў. Прыняты ў 1927 годзе герб рэспублікі аўтарства Валянціна Волкава згодна з 2-й канстытуцыяй БССР меў наступнае апісаньне (разьдзел XIII, артыкул 74):

Дзяржаўны герб Беларускае Сацыялістычнае Савецкае рэспублікі складаецца з малюнку ў праменях узыходзячага сонца сярпа і молата, якія зьмешчаны крыж на крыж ручкамі ўніз і абкружаны вянком; гэты вянок складаецца зьлева з жытніх каласоў, пераплеценых канюшынаю, а справа з дубовае галінкі; унізе паміж абедзьвюма палавінамі вянка перавіты чырвонаю стужкаю, на якой зьмешчаны надпісы на беларускай, габрэйскай, расейскай і польскай мовах: «Пралятарыі ўсіх краін, злучайцеся!» і ніжэй — ініцыялы БССР. Уверсе гербу знаходзіцца пяціканцовая зорка.

 
Герб БССР, 1937 г.

Пры гэтым у пачатковым праекце гербу БССР прапаноўвалася выкарыстоўваць бела-чырвона-белую стужку[10]. Праект прайшоў некалькі інстанцыяў, аднак Прэзыдыюм ЦВК у выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай[11]. Таксама існаваў эскіз гербу БССР, выкананы мастаком Генадзем Змудзінскім, за аснову якога ўзялі белы шчыт з чырвонай паласой пасярэдзіне, якая праходзіла дыяганальлю[12]. Увогуле, хоць тагачасныя савецкія ўлады ў Маскве негалосна і называлі бела-чырвона-белыя колеры беларускімі нацыянальнымі, аднак ужо ў 1928 годзе распачалі актыўнае змаганьне зь імі: у дакладзе АДПУ (пазьнейшага НКВД) у ЦК ВКП(б) ад 27 траўня адзначаўся загад да менскіх уладаў перафарбаваць вулічныя слупы і інтэр’ер Дому працы, раней расфарбаваныя ў беларускія нацыянальныя колеры (рас. белорусские национальные цвета)[13].

Такім чынам, узорам для афіцыйна прынятай сымболікі БССР стала савецкая сымболіка Расеі[14]. Згодна з афіцыйным тлумачэньнем, жытнія каласы на гербе адлюстроўвалі сельскую гаспадарку, а дубовая галінка — лясныя багацьці рэспублікі; пяціканцовая зорка — шлях да сацыялізму; колькасьць моваў — чатыры — адпавядала, з аднаго боку, асноўным этнічным групам, якія пражывалі на тэрыторыі рэспублікі, а з другога — не стварала палітычных падставаў для ўціску беларускай мовы на тэрыторыі Заходняй Беларусі, перададзенай Леніным Польшчай[15].

 
Герб БССР, 1938 г.

Нягледзячы на адсутнасьць у гербе БССР якіх-кольвек беларускіх нацыянальных адметнасьцяў, разгорнуты ў 1930-я гады наступ на «нацдэмаў» закрануў і прынятую ў часе беларусізацыі сымболіку. 28 ліпеня 1938 году на паседжаньні Вярхоўнага Савету БССР дэпутат Захараў І. А. выступіў з прамовай, дзе азначалася, што:

Беларусь зьяўляецца індустрыяльна-калгаснай краінай. У сельскай гаспадарцы пераважаюць большасьцю пасевы зернавых і тэхнічных культур — жыта, лён, канюшына. Усё гэта зьяўляецца асноўным багацьцем сельскай гаспадаркі, што і павінна быць адлюстравана ў дзяржаўным гербе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі.

На гэтай падставе ён унёс прапанову пра зьмяненьне гербу БССР: «замяніць вянок з дубовымі лісьцямі вянком з жытніх каласоў, пераплеценых клеверам і льном».

Такім чынам быў створаны прэцэдэнт, калі разьвіцьцё народнай гаспадаркі аўтаматычна вымагала ўнясеньня дадатковых зьменаў у дзяржаўную сымболіку. Адпаведна, герб пераўтварыўся з сымбалічнай, ляканічнай і ўстойлівай выявы, якая мусіць адлюстроўваць гістарычныя карані, традыцыю, альбо час і галоўныя ідэі грамадзка-палітычнага ладу, у рухомую мінівыставу мясцовых дасягненьняў прамысловасьці і сельскай гаспадаркі[16].

Ад БССР да Рэспублікі Беларусь

рэдагаваць
 
Дзяржаўны герб Беларусі (адноўлены ў 1991 г.)

27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце краіны. 25 жніўня 1991 году Беларусь абвясьціла незалежнасьць ад СССР.

Згодна з артыкулам 97 Канстытуцыі БССР 1978 году (зь зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 1979 і 1989 гадоў) Вярхоўны Савет быў найвышэйшым і бесьперапынна дзейным органам дзяржаўнай улады, які мог прыняць да разгляду ўсякае пытаньне, якое ўваходзіла ў кампэтэнцыю рэспублікі. Пры разглядзе пытаньня аб наданьні гербу Пагоні статусу дзяржаўнага гербу Вярхоўны Савет вытрымаў усе неабходныя юрыдычныя патрабаваньні згодна зь дзейным заканадаўствам таго часу. Таму працэдура зацьверджаньня Пагоні ў якасьці дзяржаўнага гербу адзначаецца высокім узроўнем легітымнасьці[17].

Рэфэрэндум 1995 году

рэдагаваць

Увосень 1993 году ва ўладных колах Беларусі назіралася актывізацыя прарасейскіх настрояў, што выявілася ў працы Канстытуцыйнай Камісіі Вярхоўнага Савету: большасьць яе сябраў выказаліся за тое, каб упамінаньне крыніцаў Беларускай дзяржаўнасьці — ня толькі Вялікага Княства Літоўскага і Беларускай Народнай Рэспублікі, але і Беларускай ССР — прыбраць з тэксту Канстытуцыі Беларусі. Такую пастанову падтрымала большасьць дэпутацкага корпусу[18]. Яшчэ ўлетку 1993 году дэпутат Аляксандар Лукашэнка выступіў за аднаўленьне СССР, а ў часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году ён насіў не дзяржаўны бел-чырвона-белы, а чырвона-зялёны дэпутацкі значак БССР. Разам з тым у афіцыйнай перадвыбарчай праграме Лукашэнкі згадкі пра магчымую зьмену сымболікі адсутнічалі[19].

У лютым 1995 году Лукашэнка заявіў пра намер прыбраць беларускую нацыянальную сымболіку і надаць дзяржаўны статус расейскай мове, чым фактычна засьведчыў афіцыйнае аднаўленьне палітыкі русіфікацыі Беларусі. Такім чынам ён імкнуўся атрымаць падтрымку і грошы Расеі[20]. На думку гісторыка Алега Трусава, дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, гэтая ініцыятыва негалосна ішла ад саміх уладаў Расеі[21], якія імкнуліся рэанімаваць імпэрскую ідэю[22]. На карысьць гэтага сьведчыць той факт, што пры разглядзе ў парлямэнце прапанаваных на рэфэрэндум пытаньняў, сярод якіх таксама было пытаньне пра права прэзыдэнта на роспуск парлямэнту, Лукашэнка, вядомы сваёй прагай да абсалютнай улады, некалькі разоў заяўляў, што гатовы фактычна адмовіцца ад пытаньня пра роспуск палямэнту пры ўмове прыняцьця пытаньняў пра мову і сымболіку[23]. Разам з тым пазбаўленьне нацыянальнай гістарычнай сымболікі і беларускай мовы дзяржаўнага статусу разглядалася як мэтанакіраваны ўдар па галоўных палітычных апанэнтах (Апазыцыя БНФ) дзеля ўмацаваньня асабістай ўлады Лукашэнкі[24]. Таксама адной з асноўных мэтаў быў раскол беларускага грамадзтва, каб грамадзкае супрацьстаяньне ў пытаньнях мовы і сымболікі адцягвала ўвагу беларусаў ад эканамічных і палітычных праблем[25].

Выказвалася меркаваньне, што правядзеньне рэфэрэндуму абумовіла жаданьне Лукашэнкі набыць папулярнасьць у Расеі з наступнай мэтай стаць прэзыдэнтам Расеі[26]. Паводле дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргея Навумчыка, падобны плян агучваў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Сініцын, расеец паводле нацыянальнасьці і прыхільнік далучэньня Беларусі да Расеі[27], які меў імаверныя зьвязкі з расейскімі спэцслужбамі[28] і быў фігурантам дакладу дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі[29][30]. Ён жа, паводле неаднаразовых уласных прызнаньняў[31][32][24][33], стварыў прапанаваныя на рэфэрэндум сымбалі, за аснову якіх узяў сьцяг і герб Беларускай ССР. Пазьней Сініцын апавядаў беларускаму дэпутату Валянціну Голубеву[28]:

  Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным — у камбінацыі зь некалькіх удараў.  
 
Афіцыйны герб у 1995—2012 гг.

Паводле сьведчаньня Сініцына, праца над новай сымболікай вялася з 21 сакавіка, калі Лукашэнка прапанаваў варыянт сьцяга з трох палосаў: зялёнай, чырвонай (шырокай) і зялёнай[34], пры гэтым дэпутаты атрымалі канчатковыя эскізы сьцяга і гербу ўжо 23 сакавіка. Як мяркуе Сяргей Навумчык, хуткае (за два дні) стварэньне прапанаванай Лукашэнкам сымболікі сьведчыла пра тое, што галоўнай мэтай рэфэрэндуму было ня столькі ўвядзеньне нейкай канкрэтнай сымболікі (якая разглядалася як часовая — да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі), колькі зьнішчэньне дзяржаўнага статусу бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні[35]. Такім чынам, афіцыйнае аднаўленьне палітыкі русіфікацыі ў 1995 годзе стала вынікам супадзеньня інтарэсаў уладаў Расеі, якія рэанімавалі імпэрскую ідэю, і Лукашэнкі, які меў спадзяваньні праз далучэньне Беларусі да Расеі замяніць яе нямоглага прэзыдэнта Барыса Ельцына[22].

Пры абмеркаваньні ў парлямэнце Беларусі прапанаванага Лукашэнкам гербу дэпутат Сяргей Антончык зазначыў наступнае: «ён падобны прынцыпова на вянок, які кладуць на магілу. І нават стужачкі ёсьць. На гэтай стужачцы яшчэ напісаць: „Ад прэзыдэнта Лукашэнкі незалежнай дзяржаве Рэспубліцы Беларусь“»[36].

Праведзены 14 траўня 1995 году рэфэрэндум супярэчыў Канстытуцыі і заканадаўству Беларусі, адзначаўся парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[37]. Яму папярэднічала зьбіцьцё дэпутатаў у будынку парлямэнту, якое выявілася сілавой дэманстрацыяй усталяваньня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі. Паводле афіцыйна агучаных зьвестак, за прапанаваныя Лукашэнкам варыянты гербу і сьцяга прагаласавала 75,1% выбарцаў (або 49,7% тых, хто меў права голасу[38]). Аднак выбары ў парлямэнт Беларусі, што праводзіліся адначасна з рэфэрэндумам у адных і тых жа памяшканьнях не адбыліся ў 141 акругах з 260 празь нізкую яўку (прыйшло менш за палову выбарнікаў), пры гэтым паводле афіцыйных зьвестак, ува ўсіх гэтых акругах у рэфэрэндуме прыняла ўдзел больш за палову выбарнікаў[24].

Рэжым Лукашэнкі

рэдагаваць
 
Афіцыйны герб у 2012—2021 гг.

7 чэрвеня 1995 году Лукашэнка выдаў указ № 213 «Аб зацьверджаньні эталёну Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь і Палажэньня аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»[39] дзеля фармальнага замацаваньня гербу свайго аўтарытарнага рэжыму на заканадаўчым узроўні.

Абвяшчэньне конкурсу на стварэньне разгорнутага апісаньня і тлумачэньня сэнсу і значэньня новых афіцыйных дзяржаўных сымбаляў адбылося толькі 21 сьнежня 1995 году. Гэты конкурс скончыўся ў траўні 1996 году, а канчатковыя вынікі падвялі 25 верасьня таго ж году[8]. Сябар журы конкурсу мовазнаўца Аркадзь Жураўскі падсумаваў вынікі наступным чынам: «Прадстаўленыя на конкурс матэрыялы ў цэлым пакідаюць сумнае ўражаньне. Яны паказваюць, што ад удзелу ў конкурсе ўхіліліся вядучыя беларускія пісьменьнікі, мастакі і публіцысты, і гэта не зьяўляецца выпадковым у сучасным палітыка-ідэалягічным клімаце Беларусі. <…> Прадстаўленыя на конкурс празаічныя апісаньні <…> занадта кароткія, у сярэднім у большасьці яны займаюць толькі адну старонку машынапіснага тэксту. Агульным недахопам іх зьяўляецца поўная адсутнасьць гістарычных дадзеных»[38]. У выніку, журы ня вызначыла атрымальнікаў абяцаных двум пераможцам грашовых прэміяў, як і ня выканала абяцаньне пра выданьне аўтарскага тэксту пераможцы ў выглядзе маляўнічай брашуры[38].

У 2012 і 2020 гадох у выгляд афіцыйнага гербу ўносіліся пэўныя зьмены (больш натуральны выгляд канюшыны, іншыя абрысы кантынэнтаў). Тым часам пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы на рэфэрэндуме 1995 году мела абавязковы характар і згодна з афіцыйным заканадаўствам усякія зьмены ў прынятыя на рэфэрэндуме абавязковыя пытаньні могуць уносіцца толькі шляхам новага рэфэрэндуму. Паводле былога дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня, сябра Канстытуцыйнай Камісіі і парлямэнцкай камісіі па пытаньнях СМІ і правоў чалавека Сяргея Навумчыка, гэта прыклад парушэньня законаў, усталяваных рэжымам Лукашэнкі, з боку самога рэжыму[40].

Падобныя гербы

рэдагаваць

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Сяргей Навумчык, Як Лукашэнка падмануў беларусаў на рэфэрэндуме ў 1995-м, Радыё Свабода, 14 траўня 2023 г.
  2. ^ Барыс Булат, «Зброя ў руцэ – мір у сэрцы»: гісторыя сапраўдных Герба і Сцяга Беларусі, Белсат, 15 траўня 2023 г.
  3. ^ Алесь Чайчыц, 10 аргумэнтаў за «Пагоню», Радыё Свабода, 15 лютага 2020 г.
  4. ^ Мікулевіч С., Гезгала С. Сёння — Дзень Пагоні і нацыянальнага сцяга, Наша Ніва, 19 верасьня 2012 г.
  5. ^ Латышонак А. Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі // Жаўнеры БНР. — Беласток-Вільня, 2009.
  6. ^ Навумчык С. Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным, Радыё Свабода, 12 траўня 2019 г.
  7. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999.
  8. ^ а б Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 10.
  9. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 136.
  10. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 22.
  11. ^ Насевіч В. Гэты сцяг пачынаўся так… // Чырвоная Змена. № 42 (13900), 20 красавіка 1995 г.
  12. ^ Рудак А. Мінуўшчына і сучаснасць гістарычнай сімволікі // Культура. № 34 (1473), 22—29 жніўня 2020 г.
  13. ^ Славатинский А. Доклад ОГПУ в ЦК ВКП(б) о политических настроениях в среде белорусской интеллигенции (27 мая 1928 г.) // ЦК РКП(б)—ВКП(б) и национальный вопрос. Книга 1. 1918—1933 гг. / Составители Л. С. Гатагова, Л. П. Кошелева, Л. А. Роговая. — М.: «Российская политическая энциклопедия» (РОССПЭН), 2005. С. 569.
  14. ^ Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 7.
  15. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 134.
  16. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 135.
  17. ^ Кур’яновіч А. Як бел-чырвона-белы сцяг стаў дзяржаўным: верасень, 1991, Электронная газэта ARCHE, 26 жніўня 2020 г.
  18. ^ Навумчык С. У праекце Канстытуцыі 1994 прыгадваліся ВКЛ і БНР, Радыё Свабода, 15 сакавіка 2020 г.
  19. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 105.
  20. ^ Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ, Наша Ніва, 22 лістапада 2020 г.
  21. ^ Гуштын А. Рэферэндум-1995. Антыгероі беларускай мовы, Naviny.by, 14.05.2015 г.
  22. ^ а б Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 10.
  23. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 113, 133—134.
  24. ^ а б в Мартинович Д. Без исторической символики, но с русским языком. Как 25 лет назад в Беларуси прошел референдум, TUT.BY, 14.05.2020 г.
  25. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 107, 111—112, 118, 120.
  26. ^ Олегов А. Лукашенко метит в президенты России // Огонёк. № 43, 27 октября 1996. С. 9.
  27. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 24.
  28. ^ а б Навумчык С. «Маўр» Лукашэнкі, або той, хто зьмяніў герб і сьцяг, Радыё Свабода, 18 красавіка 2014 г.
  29. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 127.
  30. ^ Соўсь Г. Антончык пра антыкарупцыйны даклад Лукашэнкі, фатальную памылку Ганчара і «звышцынізм» апазыцыі, Радыё Свабода, 12 кастрычніка 2019 г.
  31. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 65.
  32. ^ Студзінская І. Леанід Сініцын: Я — аўтар герба і сьцяга, а зорачка — ад Ціцянкова, Радыё Свабода, 14 траўня 2015 г.
  33. ^ Толкачева Е. «Сел и нарисовал». Как в 1995 году БЧБ-флаг сменили на красно-зеленый, а «Пагоню» — на герб БССР, TUT.BY, 12.05.2019 г.
  34. ^ Дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь (рас.). «VEXILLOGRAPHIA: Официальный сайт русского центра флаговедения и геральдики»Праверана 17 кастрычніка 2010 г.
  35. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 66.
  36. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 107.
  37. ^ Навумчык С. Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным, Радыё Свабода, 12 траўня 2019 г.
  38. ^ а б в Лялькоў І. Пытаньне дзяржаўнай сымболікі ў Беларусі: гісторыя і сучасны стан // ARCHE. № 1 (21), 2002.
  39. ^ Об утверждении эталона Государственного герба Республики Беларусь и Положения о Государственном гербе Республики Беларусь
  40. ^ Навумчык С.Кактус на гербе, або Паважайце свой «рэфэрэндум», Радыё Свабода, 21 траўня 2020 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць