Беларускі нацыянальны камітэт (Менск)

Менск

Белару́скі нацыяна́льны камітэ́т (БНК) у Менску — каардынацыйны цэнтар нацыянальных арганізацыяў беларускага руху ў Менску ў сакавіку — ліпені 1917 году на ўсход ад нямецка-расейскага фронту. Узначальваў Раман Скірмунт. Друкаваны орган — «Вольная Беларусь».

Гісторыя рэдагаваць

Утвораны ў Менску Зьездам беларускіх нацыянальных арганізацыяў для выпрацоўкі ў кантакце з Часовым урадам Расеі асноваў аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай фэдэратыўнай рэспублікі й падрыхтоўкі выбараў у Беларускую краёвую раду.[1][2]

У склад БНК на зьезьдзе былі абраныя 18 чалавек: Раман Скірмунт (старшыня), Павал Аляксюк, Усевалад Фальскі (нам. старшыні), Браніслаў Тарашкевіч (сакратар), Лявон Заяц (скарбнік), Аркадзь Смоліч, Эдвард Будзька, Вінцэнт Гадлеўскі, Яўсей Канчар, Іван Краскоўскі, Алесь Бурбіс, Казімер Кастравіцкі, Бабарыкін, Фабіян Шантыр, Міхаіл Кахановіч, Вацлаў Іваноўскі, Лявон Дубейкаўскі, Зьміцер Жылуновіч.[3][4]

Большасьць зь іх (10 чалавек) належала да Беларускай сацыялістычнай грамады, аднак кірунак дзеяньняў камітэту вызначала ягоная кіруючая група (Скірмунт, Аляксюк, Гадлеўскі й інш.), чые агульнапалітычныя погляды не выходзілі за межы праграмы партыі кадэтаў. БНК меў права кааптацыі іншых чальцоў. Імкнучыся заручыцца падтрымкай сялянства, камітэт склаў у пачатку красавіка краёвы сялянскі зьезд, які падтрымаў аграрную праграму БСГ і выказаўся за заснаваньне на месцах сялянскіх арганізацыяў пад эгідай БНК. Але з-за слабай падрыхтоўкі й процідзеяньня Менскага камітэту Ўсерасейскага сялянскага саюзу зьезд быў малапрадстаўнічым і не атрымаў прыкметнага рэзанансу сярод сялянаў[5].

У сярэдзіне красавіка 1917 году БНК накіраваў у Петраград дэлегацыю з 18 чалавек на чале з Раманам Скірмунтам для перамоваў з Часовым урадам аб статусе Беларусі. Дэлегацыя перадала міністру-старшыні князю А. Львову дакладную запіску зь пераказам рэзалюцыяў зьезду беларускіх нацыянальных арганізацыяў (пра неабходнасьць абвясьціць Расею фэдэратыўнай рэспублікай, дэмакратызаваць органы мясцовага самакіраваньня, увесьці ў школах краю беларускую мову, гісторыю Беларусі й іншыя краязнаўчыя дысцыпліны, кампэнсаваць насельніцтву страты, прычыненыя ваеннымі дзеяньнямі). Дэлегаты БНК былі прынятыя міністрам народнай асьветы Часовага ўраду Мануйлавым, таварышам міністра ўнутраных справаў Лявонцьевым, обэр-пракурорам Сыноду Львовым, каталіцкім архіэпіскапам Цэпляком, наведалі Выканаўчы камітэт Петраградзкага савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Часовы ўрад згадзіўся наладзіць з БНК пастаянны кантакт, для чаго былі прызначаныя ўпаўнаважаныя Будзька і А. П. Ярэміч. Аднак перамовы беларускай дэлегацыі з Часовым урадам вынікаў не далі, бо ён стаяў на пазыцыях адзінай і непадзельнай Расеі (пазьней, аднак, урад Расейскае рэспублікі даў згоду на стварэньне аўтаномных Украіны ды Эстоніі). Часовы ўрад пагадзіўся падтрымліваць пастаянныя кантакты зь Беларускім нацыянальным камітэтам. Таксама не ўдалося вырашыць аграрнае пытаньне на карысьць беларускага сялянства. Пасьля гэтага БНК пачаў страчваць свой аўтарытэт сярод сялянскага насельніцтва, што было выкліканае таксама знаходжаньнем на чале камітэту буйнога земляўласьніка Рамана Скірмунта.

У траўні 1917 году на сэсіі БНК разгарнулася вострая палеміка, многія прадстаўнікі БСГ дабіваліся дэмакратызацыі Камітэту, настойвалі на спалучэньні ў яго дзейнасьці палітычнай і нацыянальна-культурнай працы з праграмай сацыяльна-эканамічных пераўтварэньняў. Аднак буйныя земляўласьнікі Раман Скірмунт, Эдвард Вайніловіч, Магдалена Радзівіл, Геранім Друцкі-Любецкі блякавалі прыняцьце новых пастановаў. Вырашэньне аграрнага пытаньня для Беларусі, якога чакалі сяляне, было адкладзенае да кампэтэнцыі Ўстаноўчага сходу Расеі.

15 траўня ў Менску, пры падтрымцы БНК, узьнікае Вайсковая беларуская арганізацыя (ВБА), «якая ставіла сваёй мэтай злучыць ваенных беларусаў, што жывуць у Менску, як людзей аднаго краю, звычаю і мовы і маючых агульныя патрэбы, каб падрыхтавацца да Ўстаноўчага Сойму і выставіць там сваю праграму»[6].

Рознагалосьсі паміж удзельнікамі БНК, недастатковая выніковасьць практычнай дзейнасьці, няўдачы БНК у аб’яднаньні палітычных сілаў краю вакол ідэі аўтаноміі Беларусі, недаацэнка сацыяльных праблемаў прывялі да незадаволенасьці ў беларускіх арганізацыях. Прадстаўнікі левай плыні ў БНК (Зьміцер Жылуновіч, Антон Бурбіс) настаялі на скліканьні новага зьезду беларускіх нацыянальных арганізацыяў.

Камітэт у выніку быў распушчаны Зьездам беларускіх арганізацыяў і партыяў у ліпені 1917 г. Адзін зь лідэраў БНК П. Аляксюк адзначаў на зьезьдзе, што «камітэт толькі рэгістраваў закладзеныя арганізацыі і ўваходзіў у зносіны зь імі»[7]

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Хроніка // Язэп Лёсік. Вольная Беларусь : газэта. — Мінск: Беларускі нацыянальны камітэт, 1917. — № 1. — С. 3-4.
  2. ^ Съѣздъ національныхъ Бѣлорусскихъ организацій // Ревельское Слово : газэта. — Талін: 30 сакавіка 1917. — № 72. — С. 3.
  3. ^ Анатоль Сідарэвіч. З пратакола з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25–27 марца 1917 г. / Іван Чыгрынаў // Спадчына : часопіс. — Мінск: Полымя, 1990. — № 4. — С. 30—31. — ISBN ISSN: 0236-1019.
  4. ^ 191. З пратакола з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25–27 сакавіка 1917 г. / Смалянчук Аляксандр Фёдаравіч = Спадчына. 1990. № 4. С. 30–31 // Гісторыя Беларусі канца XVIII — пачатку XX ст. у дакументах і матэрыялах : хрэстаматыя. — Вільня: Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт. — С. 274—276. — ISBN 9955-9878-2-0.
  5. ^ О политической сущности Белорусского Национального Совета и Белорусского Национального Комитета и об отношении к ним. Из резолюции минского комитета Всеросийского крестьянского союза. / А. И. Воронова = «Минский Голос» № 2396, 6(19). IV 1917 г. // Документы и материалы по истории Белоруссии (1900—1917) : зборнік. — Менск: АН БССР, 1953. — Т. III. — С. 915 №1199.
  6. ^ Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 60. Воп. 3. Спр. 276. Л. 29.
  7. ^ Вольная Беларусь. — 1917. — № 8. — 21 ліпеня.