Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім 1432—1438 гадоў

Барацьба за пасад Вялікага Княства Літоўскага ў 30-х гадох XV стагодзьдзя разьвілася на фоне супярэчнасьцяў паміж элітамі Каралеўства Польскага і васальнага ў дачыненьні да яго Вялікага Княства Літоўскага пасьля абраньня вялікім князем літоўскім Сьвідрыгайлы Альгердавіча. Накіраваная на аднаўленьне незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага палітыка Сьвідрыгайлы прывяла да ахалоджаньня стасункаў з Каралеўствам Польскім. Сытуацыя яшчэ больш ускладнілася пасьля заняцьця палякамі Падольля, якое за Вітаўтам належыла Вялікаму Княству Літоўскаму, а таксама гвалтоўнага ўтрыманьня караля польскага Ягайлы ў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — Вільні. У распачаты неўзабаве вайсковы канфлікт былі ўцягнуты тэўтонскія рыцары, якія выступілі на баку Сьвідрыгайла і абвясьцілі палякам вайну.

Грамадзянская вайна ў ВКЛ 1432—1438 гадоў
Помнік на месцы выніковай бітвы
Дата: 1432—1438
Месца: Літва, заходняя Прусія, Валынь
Вынік: Параза Сьвідрыгайлы. Жыгімонт зацьверджаны вялікім князем літоўскім
Супернікі
Усходняе Вялікае Княства Літоўскае (Полацак, Віцебск, Смаленск, Кіеў, Валынь)
Тэўтонскі ордэн
Лівонскі ордэн
Залатая Арда
Заходняе Вялікае Княства Літоўскае (Жамойцкае староства, Троцкае ваяводзтва, Віленскае ваяводзтва, Падляшша)
Польскае каралеўства
гусіты
Камандуючыя
Сьвідрыгайла
Жыгімонт Карыбутавіч †
Пауль фон Русдорф
Франка Керскорф †
Жыгімонт Кейстутавіч
Міхал Жыгімонтавіч
Ягайла
Ян Чапэк

Канфлікт набыў характар грамадзянскай вайны ў 1432 годзе, калі пры дапамозе палякаў другі кандыдат на літоўскі пасад — Жыгімонт Кейстутавіч — зьдзейсьніў замах на Сьвідрыгайлу, абвясьціў яго мёртвым і быў абраны вялікім князем літоўскім. У якасьці вялікага князя Жыгімонт быў прызнаны пераважны на заходніх землях дзяржавы, якія некалі належылі яго бацьке, у той час як Сьвідрыгайла, якому ўдалося пазьбегнуць сьмерці, асталяваўся ва ўсходніх землях Вялікага Княства Літоўскага, дзе мясцовая шляхта працягвала прызнаваць вялікім князем менавіта яго. Актыўная фаза грамадзянскай вайны праходзіла да 1435 году, калі ў вырашальнай бітве пад Вількамірам войска Сьвідрыгайлы і яго саюзьнікаў было разьбіта паплечнікамі Жыгімонта Кейстутавіча. Апошнія атрады Сьвідрыгайлы былі пераможаныя пад канец 1437 году. Жыгімонт, які прыйшоў да ўлады, кіраваў усяго 8 гадоў — у 1440 годзе ён быў забіты ў выніку змовы.

Перадумовы рэдагаваць

Вайна выбухнула ў абставінах агульнай палітычнай напружанасьці ў ВКЛ ў 1-й чвэрці XV стагодзьдзя, а непасрэдным повадам стаў палітычны крызіс пасьля сьмерці вялікага князя Вітаўта і ўзброены канфлікт з-за кантролю над Падольлем. Вітаўт памёр, не пакінуўшы нашчадкаў. Ягоная адзіная дачка Соф’я выйшла замуж за маскоўскага князя Васіля I, ад якога мела толькі аднаго ацалелага сына Васіля II. Аднак ён быў праваслаўным і ня мог узначаліць нядаўна ахрышчаную Літву[1].

Прадметам вайны стала палітычнае ўладкаваньне ВКЛ ва ўмовах крызісу палітычнай сыстэмы, утворанай Востраўскім пагадненьнем (1392) і Гарадзельскім актам (1413).

Сьвідрыгайла, карыстаючыся пераважна падтрымкай праваслаўных фэўдалаў, стаўся вялікім князем. Гэта супярэчыла ўмовам Гарадзельскае вуніі 1413 року, паводле якой літоўцы не маглі абіраць князя бяз згоды польскае дзяржавы[1].

Унутраная барацьба рэдагаваць

Пасьля пасьпяховага зрынаньня Сьвідрыгайлы са стальца і прыходу да ўлады першапачаткова прапольскага брата Вітаўта Жыгімонта Кейстутавіча Сьвідрыгайла быў змушаны ўцячы на ўсход ВКЛ, дзе пад прадлогам ўраўнаньня ў правох праваслаўных і каталіцкіх землеўладальнікаў распачаў узброеную барацьбу за ўладу, ня носячы сэпаратысцкіх імкненьняў[2][3]. На бок Сьвідрыгайлы перайшлі таксама ўладальнікі зь ліку княскіх галінаў, аднак яны і да прыняцьця актаў 1387 і 1413 гг. (якія дазвалялі зямельны імунітэт толькі каталікам) мелі на сваіх землях права поўнага маёмаснага распараджэньня[4]. Такія ж выключныя правы без уліку рэлігійнай дыфэрэнцыяцыі мелі таксама Полаччына і Віцебшчына[5][6], што па сутнасьці рабіла засяроджваньне паўстаньня ў гэтым рэгіёне бессэнсоўным. Тым ня менш, няслушна сьцьвярджаць таксама пра нібыта рускую арыентаванасьць Сьвідрыгайлы з прычыны адсутнасьці падобных імкненьняў у ягоным паўстаньні, хуткага пераходу Смаленскай зямлі на бок Жыгімонта адразу па зьяўленьні прыкметаў будучай паразы Сьвідрыгайлы, а таксама праз тое, што ўсходнеславянскае баярства Панямоньня і Менскай зямлі адразу па пачатку канфлікту добраахвотна перайшло на бок Жыгімонта (вайсковымі мэтадамі была скораная толькі Берасьцейская зямля).

Урэшце, у 1432 годзе з мэтаю захаваньня дабрабыту ў краіне і падтрымкі прысягі Ягайлу ад яго імя быў выдадзены Гарадзенскі прывілей[7][8]. Прывілей, аднак, не зьмяніў раскладу сілаў на карысьць Жыгімонта[8], да таго ж, прывілей ня быў зацьверджаны Ягайлам[9]. Прывілей 1432 году ў адрозьненьне ад ранейшых згадвае князёў, якія бралі актыўны ўдзел у паўстаньні на баку Сьвідрыгайлы, што можна лічыць спробаю перацягваньня іх на бок Жыгімонта[4], аднак яны па-ранейшаму мелі маёмасны імунітэт над сваімі землямі[10]. Акрамя таго, прывілей можна разглядаць як спробу зацікаўленьня баярства ўсходніх земляў ВКЛ пытаньнем дарэчнасьці Крэўскай уніі, якое было негалосна ўзьнятае баярамі захаду і цэнтру ВКЛ[11].

Наступны прывілей, выдадзены пасьля сьмерці Ягайлы ў 1434 годзе ад імя Жыгімонта, прадугледжваў тыя ж правы для землеўладальнікаў разам са скасаваньнем дзякла, якое паводле ўмоваў прывілею 1432 году працягвалася ўносіцца на карысьць вялікакняскага скарбу[12][13][14]. Фармальна, аднак, прывілей пашыраўся толькі на баяраў, якія запісваліся ў гербавыя брацтвы Польшчы[6][12]

Дыпляматычная барацьба рэдагаваць

Дыпляматычная барацьба спачатку была выйграная Сьвідрыгайлам, які змог атрымаць вайсковую падтрымку малдаўскага ваяводы Аляксандра Добрага, які быў ворагам каталіцтва, і нават паддаў сваю краіну туркам, каб магчы выступіць усімі сіламі супраць Польшчы. Дамовы аб нэўтральнасьці былі ўкладзеныя з праваслаўнымі Ноўгарадам (21 студзеня 1431) і Псковам (канец 1431 — пачатак 1432); Масква, аднак, не падтрымала Сьвідрыгайлу, магчыма, з-за тагачасных міжусобіц маскоўскіх князёў. Рашуча падтрымаў Сьвідрыгайлу татарскі хан Ахмет. На дапамогу Сьвідрыгайлу зьбіраліся гусіты (сярод іх — Жыгімонт Карыбутавіч), якія былі тады сур’ёзнай вайсковай сілай, і аб’ядноўваліся з праваслаўем адносна шэрагу царкоўных дагматаў і варожасьці да каталіцтва. Аднак удзел гусітаў у канфлікце каталіцкаму сьвету ўдалося адхіліць, прапануючы ім саступкі на Базэльскім саборы.

Моцную падтрымку Сьвідрыгайла атрымаў з боку Нямеччыны. Яшчэ 8 лістапада 1430 року ён зьвярнуўся да імпэратара Жыгімонта з прапановай супольнага выступленьня супраць туркаў, узамен за такія самыя прапановы каранацыі, якія рабіліся Вітаўту і за падтрымку ў барацьбе з Польшчай. Жыгімонт ня толькі згадзіўся, але і парадзіў магістру Тэўтонскага ордэну падтрымаць Сьвідрыгайлу. Ёсьць зьвесткі, што каранацыя ўжо падрыхтоўвалася недзе ў Прусіі, а зь біскупам заграбскім была высланая карона для Сьвідрыгайлы; аднак каранацыя не адбылася. Гросмайстар Ордэну, аднак, спачатку заняў чакальную пазыцыю, бо Ордэн тады быў ужо моцна аслаблены, і існавала небясьпека аб’яднаньня абодвух праціўнікаў — Польшчы і ВКЛ — супраць Ордэну; папа рымскі забараняў Ордэну ваенны саюз са Сьвідрыгайлам.

У 2-й палове лютага 1431 на сойме польскай шляхты ў Сандаміры Ягайла радзіў памяркоўнае разьвязаньне, але сойм пастанавіў пачаць вайну супраць ВКЛ летам 1432, а найперш здабыць Луцак. Наогул, Ягайла ў гэтым канфлікце займаў прымірэнчую пазыцыю, але ўжо ня меў дастатковага ўплыву. Так, мірнае пасольства з удзелам Станіслава Цёлка (біскуп познанскі) і Яна (біскуп хелмскі), Сэндзівоя з Астрогу (ваявода познанскі) і Яна зь Ліхіну (ваявода берасьцейскі) ня мела, відаць, задачы сапраўды дасягнуць міру, бо дамагалася безумоўнае здачы Падольля і безумоўнага выкананьня Гарадзельскай уніі — г. зн. перадачы вялікакняскага тытулу ў рукі Кароны. Сьвідрыгайла адмовіўся, але сам выслаў пасольства на чале з князем Васілём Красным, якое прывезла ў красавіку 1431 адмову па ўсіх пунктах.

Такім чынам, польскія паны хацелі вайны, кароль спрабаваў дасягнуць міру, але Сьвідрыгайла выставіў такія непрымальныя для Польшчы патрабаваньні пачатку перамоваў (вяртаньне ўзятых падольскіх замкаў), чым фактычна адмовіўся ад магчымасьці дасягненьня міру.

Кіраўніцтва Тэўтонскага ордэну, якое спачатку абяцала Польшчы нэўтральнасьць, схілілася да падтрымкі Сьвідрыгайлы і 19 чэрвеня 1431 склала зь ім абаронна-наступальны хаўрус у Хрыстмэмэлі.

Луцкая вайна рэдагаваць

 
Сьвідрыгайла на карціне Аляксандра Гваньіні

Па польскім уварваньні на Падольле Сьвідрыгайла арыштаваў свайго брата Ягайлу, які на той час знаходзіўся ў Вільні[15]. Ён быў адпушчаны толькі пасьля абяцаньня вярнуць Падольле Вялікаму Княству Літоўскаму.

Вырашальная бітва рэдагаваць

Асноўны артыкул: Бітва пад Вількамірам

Крыніцы і заўвагі рэдагаваць

  1. ^ а б Zigmantas Kiaupa, Jūratė Kiaupienė, Albinas Kunevičius. The History of Lithuania Before 1795. — English. — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — С. 205–211. — ISBN 9986-810-13-2
  2. ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 418, 421, 428—429. — 579 с.
  3. ^ Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах / М. В. Довнар-Запольский. — Киев: 1901 Т. 1. — С. 67. — VIII,807.[1].CXII.II с.
  4. ^ а б Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 174. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
  5. ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 414. — 579 с.
  6. ^ а б Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: 1927. — С. 116. — 179 с.
  7. ^ Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 172-173. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
  8. ^ а б Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах / М. В. Довнар-Запольский. — Киев: 1901 Т. 1. — С. 70. — VIII,807.[1].CXII.II с.
  9. ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 422. — 579 с.
  10. ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: 1927. — С. 55-56. — 179 с.
  11. ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 416-417. — 579 с.
  12. ^ а б Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 173. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
  13. ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: 1927. — С. 62. — 179 с.
  14. ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 423. — 579 с.
  15. ^ Mečislovas Jučas. Lietuvos ir Lenkijos unija. — Aidai, 2000. — С. 165–167. — ISBN 9986-590-95-7