Вацлаў Пануцэвіч
Вацлаў Пануцэвіч, сапр. Вацлаў Папуцэвіч (1911—1991) — беларускі палітычны і рэлігійны дзяяч, гісторык.
Вацлаў Пануцэвіч | |
Вацлаў Папуцэвіч | |
![]() | |
Род дзейнасьці | беларускі палітычны і рэлігійны дзяяч, гісторык |
---|---|
Дата нараджэньня | 2-я пал. 1910 / 1-я пал. 1911, |
Месца нараджэньня | в. Малая Альшанка, Гарадзенскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 25 жніўня 1991 |
Месца сьмерці | Чыкага, ЗША |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы |
|
Занятак | палітык |
Паходжаньне рэдагаваць
Нарадзіўся ў вёсцы Малая Альшанка каля Горадні. Паходзіў зь сям’і беларусаў-каталікоў.
У Заходняй Беларусі рэдагаваць
Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Быў выключаны зь ліку клерыкаў за беларускую дзейнасьць.
З 1936 вучыўся на юрыдычным факультэце Ўнівэрсытэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Удзельнічаў у працы «Акадэміцкага кола сяброў Беларусаведы» (1936—1939). Адзін з арганізатараў «руху маладых адраджэнцаў». З 1935 сябра БХД. З 1 сьнежня 1935 году сябра рэдкалегіі «Студэнцкай Трыбуны», маладзёвага дадатку да «Беларускай Крыніцы».
У 1935—1938 гадах быў рэдактарам часопіса «25 сакавіка» (лістапад 1936 — сакавік 1938).
З 26 лютага 1936 году сакратар Віленскага аддзелу БІГІК. Пасьля расколу БХД у 1936 належаў да «Беларускага фронту» кс. В. Гадлеўскага. Прымаў удзел у выданьні газэт «Беларускі фронт». За надрукаваны рэдакцыйны артыкул «Залежнасьць ці незалежнасьць» у № 3 «Беларускага фронта» за 30 жніўня 1938 году быў асуджаны на год турмы умоўна.
Савецкі пэрыяд рэдагаваць
У верасьні 1939, з пачаткам 2-й сусьветнай вайны, мабілізаваны ў 81-ы стралковы полк, які фармаваўся ў Горадні. 22 верасьня 1939, пасьля заняцьця савецкімі войскамі Горадні, трапіў у палон. Быў вызвалены і жыў у Горадні. Паводле Б. Грабінскага, прыкладна ў 1940 да В. Папуцэвіча ў Горадню ад варшаўскіх беларусаў (кс. В. Гадлеўскага, М. Шчорса і інш.) прыбыў сувязны, які адначасова зьяўляўся агентам НКУС, але В. Папуцэвіч «адразу западозрыў, што пасылаюць хлопца бальшавікі, і заявіў у НКУС».
Нейкі Пануцэвіч у 1940 годзе выкладаў у гарадзенскай школе № 1 беларускую мову і літаратуру. Восеньню 1941 В. Пануцэвіч жыў у Горадні па адрасе: вул. Паўночная, 5.
Пэрыяд нямецкай акупацыі рэдагаваць
З пачаткам нямецкай акупацыі ў кастрычніку 1941 году разам з А. Русаком В. Пануцэвіч ездзіў у Вільню з мэтай наладзіць сувязь зь Віленскім БНК. Паводле Я. Малецкага, ягоная кандыдатура разглядалася мясцовымі нямецкімі ўладамі на пасаду бургамістра Горадні. Вёў настаўніцкія курсы пры Гарадзенскім БНК. 27 кастрычніка 1941 году разам з Я. Малецкім сустракаўся з гарадзенскім епіскапам Антоніем па справе беларусізацыі праваслаўнай царквы і арганізацыі ў Горадні беларускай праваслаўнай сэмінарыі. У сярэдзіне лістапада 1941 году пераехаў з Горадні ў Баранавічы.
На эміграцыі рэдагаваць
З 1944 у эміграцыі — спачатку ў Нямеччыне, у перасыльных лагерах, дзе займаўся арганізацыяй беларускага скаўтынгу.
Пасьля 1949 — у ЗША. Жыў у Чыкага. Узначальваў «Згуртаваньне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне». Кіраўнік скаўцкай дружыны «Арлы» ў Чыкага.
У 1950 сакратар Беларуска-амэрыканскай нацыянальнай рады, з траўня 1950 — віцэ-старшыня Беларуска-амэрыканскага каталіцкага таварыства. У пач. 1960-х заснаваў выдавецтва «Беларуская выдавецкая сябрына». Выдаваў рэлігійна-гістарычныя часопісы: «Беларуская царква» (выдаваўся кірыліцай), «Літва» (лацінкай). Быў жанаты з дачкой Э. Будзькі — Ірэнай.
Спадчына рэдагаваць
Пануцэвіч пакінуў па сабе значную творчую спадчыну. Апрацоўваў і выдаваў казкі, чытанкі, пераклаў на беларускую мову «Падарожжа Гулівера да волатаў…» Дж. Свіфта (Swift, J. Падарожжа Гулівэра да волатаў у краіне Бробзынгнаг. Пераклаў В. П. [Вацлаў Пануцэвіч]. Фленсбург, 1949.), напісаў некалькі кніжак пра беларускі скаўтынг. Зрабіў пераклад літургіі св. Іаана Залатавуста (Чыкага, 1958), якім карысталіся ў беларускай грэка-каталіцкай Спаскай царкве ў Чыкага.
Асноўныя працы Пануцэвіча — кнігі па гісторыі Беларусі:
- «Zamojdz і Litva: Roznyja krainy і narody» (Чыкага, 1953—1954),
- «З гісторыі Беларусі або Крывіччыны-Літвы» (Чыкага, 1965),
- «Крывіцкая этнаграфічная прастора»,
- «Зь гісторыі вышэйшых школ у Беларусі. 1. Віленская акадэмія»,
- «Пачаткі хрысьціянства на нашых землях»,
- «Плян Агінскага 1811 г.»,
- «Сьв. Афрасіньня Полацкая»,
- «З гісторыі Беларусі альбо Крывіччыны-Літвы»,
- «Вінцэсь Гадлеўскі…» («Спадчына», 1993),
- «Літва і Беларусь»,
- «Берасьцейская вунія»,
- «Сьвяты Язафат Кунцэвіч» (Чыкага, 1963; Полацак, «Сафія», 2000),
- «Паўстаньне 1863 на Беларусі»,
- «Гарадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918—1919 гадах» («Бацькаўшчына», 1960-я; «Пагоня», 1994),
- «Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква» і інш.
Большасьць кніг выйшлі мізернымі накладамі, зьяўляюцца рарытэтамі. Шырока супрацоўнічаў зь беларускім эмігранскім пэрыядычным друкам («Бацькаўшчына», «Беларус» і інш.). Большасьць прац аб’ёмныя і патрабуюць асобнага перавыданьня.
Літаратура рэдагаваць
- Юрэвіч Л. «Выбраныя працы» Вацлава Пануцэвіча // Кантакты і дыялогі №9, 2002
- Жлутка А. Пра Вацлава Пануцэвіча // Наша Вера №2(5), 1998
- Казак П. Пануцэвіч Вацлаў // Беларускі нацыяналізм: Даведнік. — Мн.: Голас Краю, 2001
- Надсан А. Працягваючы справу сьвятых апосталаў славянаў // Беларусіка — Альбарутэніка. Беларускі кнігазбор, — Мн., 2001. С. 29—38.
- Вашкевіч А. Яшчэ раз пра Вацлава Пануцэвіча // Куфэрак Віленшчыны. 2004, № 1(9). С. 99-100.
- Вашкевіч А. Вацлаў Пануцэвіч у Беларусі амаль невядома // Куфэрак Віленшчыны. 2002, № 2(7)
- Гарбінскі Ю. Папуцэвіч Вацлаў // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мінск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3.
Вонкавыя спасылкі рэдагаваць
- Пануцэвіч В. Польская мова ў ХІV — ХVІІІ стст. і Каталіцкі Касьцёл у Вялікім княстве Літоўскім // Наша Вера №2(5), №3(6) 1998; №1(7), №2(8) 1999.
- Пануцэвіч В., Krytycnyja zaciemki pra nacyjanalny charaktar V.K.L. — artykul P.Urbana u ZAPISACH kn.3. /// navukovy casapis LITVA nr.1. Studzien-Cervien 1967 Chicago USA
- Пануцэвіч Вацлаў. Сьвяты Язафат, архіяпіскап полацкі. - Полацак: «Сафія», 2000. - 274с.