Берасьцейскае ваяводзтва
Берасьце́йскае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўднёвым захадзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 40,6 тыс. км². Сталіца — места Берасьце. Найбольшыя месты: Пінск, Камянец, Кобрынь, Белая, Уладава, Воўчын, Дубровіца, Тураў і Столін.
Берасьцейскае ваяводзтва | |
![]() | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Берасьце |
Дата ўтварэньня | 1566 |
Дата скасаваньня | 1795 |
Ваяводы | Ваяводы берасьцейскія |
Кашталяны | Кашталяны берасьцейскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 40,6 тыс. км² |
Час існаваньня | 1566—1795 |
Месцазнаходжаньне Берасьцейскаага ваяводзтва | |
![]() | |
![]() |
Гісторыя рэдагаваць
Берасьцейскае ваяводзтва ўтварылася згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў шляхам вылучэньня з Троцкага ваяводзтва.
У часе складаньня Люблінскай уніі (1569 год) у адрозьненьне ад украінскай шляхты, берасьцейцы адмовіліся пераходзіць пад юрысдыкцыю Каралеўства Польскага. Ваяводзтва засталося ў складзе Вялікага Княства Літоўскага[1].
У 1596 годзе адбыўся царкоўны сабор, на якім абвясьцілі Берасьцейскую царкоўную унію. У 1616 годзе ад Берасьцейскага павету да Мельніцкага павету Падляскага ваяводзтва Польшчы далучылі шэраг маёнткаў: Бокавічы, Вітулін, Гарадзішча, Казерады, Межырэч, Палюбічы, Росаш, Яблань ды іншыя[2]. У 1659—1666 гадох у Берасьці працавала мынца[3]. З канца XVII ст. дзеля адрозьненьня ад Берасьце (Бжэсьць) Куяўскага ваяводзтва Польшчы часам ужывалася назва Берасьце Літоўскае ваяводзтва.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Берасьцейскага ваяводзтва ліцьвінамі: «литвин… Мартишка з города с Кобрина» (1609—1610 гады)[4], «[старец] Иона (литвин из Пинска)» (1624 год)[5], а паводле пінскай варыяцыі старажытнай народнай песьні — «два літвіны із Дывін прынясьлі гаршчык батвін»[6]. Апроч таго, сярод вернікаў некалькі парафіяў ўпамінаецца старалітва, якую крыніцы зьвязваюць з русінамі: Чарнаўчыцы (1721 год)[7], Камянец (1726 год)[8][9], Равяцічы (1746 год)[10].
Згодна з Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай 1791 году ўтварыліся Кобрынскі і Пінска-Зарэчны паветы з цэнтрамі ў Кобрыні і Плотніцы адпаведна[11]. У 1792 годзе Пінска-Зарэчны павет перайменавалі ў Запінскі, а павятовы цэнтар перанесьлі ў Столін[12].
У 1793 годзе другім падзелам Рэчы Паспалітай Расейская імпэрыя анэксавала Пінскі павет. У выніку трэцяга падзелу (1795 год) практычна ўся тэрыторыя ваяводзтва апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, а крайнія заходнія рэгіёны — у Аўстрыі і Прусіі.
Сымболіка рэдагаваць
Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «белая Пагоня ў чырвоным полі з рыцарам, прыбраным у блакітныя фарбы»[13].
Ваяводзкая харугва была блакітнага колеру з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры[14].
- Герб Берасьцейскага ваяводзтва Пагоня
-
1712 г.
-
каля 1720 г.
-
1794 г.
-
канец XIX ст. (рэканструкцыя)
Геаграфія рэдагаваць
На поўначы межавала з Гарадзенскім паветам Троцкага ваяводзтва, Ваўкавыскім, Слонімскім і Наваградзкім паветамі Наваградзкага ваяводзтва, Слуцкім княствам, Мазырскім паветам Менскага ваяводзтва, на ўсходзе — з Оўруцкім паветам Кіеўскага ваяводзтва, на поўдні — з Крэменецкім, Луцкім і Ўладзімерскім паветамі Валынскага ваяводзтва і Холмскай зямлёй, на захадзе — зь Любельскім ваяводзтвам Каралеўства Польскага і Бельскай, Драгічынскай і Мельніцкай землямі Падляскага ваяводзтва[15].
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэдагаваць
Ваяводзтва падзялялася на два паветы: Берасьцейскі (тэрыторыя колішніх Берасьцейскага і Камянецкага паветаў) і Пінскі (землі Пінскага, Кобрынскага, Тураўскага, Давыд-Гарадоцкага і Дубровіцкага княстваў).
Назва | Цэнтар | Плошча, тыс. км² |
Староствы |
---|---|---|---|
Берасьцейскі павет | Берасьце | 23 | Берасьцейскае (гродавае) Зёлаўскае Камянецкае Кобрынскае Шарашоўскае |
Пінскі павет | Пінск | 17 | Пінскае (гродавае) Лагішынскае |
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Берасьці. Павятовыя соймікі праходзілі ў Берасьці і Пінску, тамака ж склікалася паспалітае рушаньне.
Берасьцейская і пінская шляхта абірала чатырох паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама чатырох дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
Дэмаграфія рэдагаваць
У сярэдзіне XVII ст. Берасьцейскае ваяводзтва налічвала 63 717 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 510 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 239 тыс. чал.[16]
Ураднікі рэдагаваць
- Асноўныя артыкулы: ваяводы берасьцейскія і кашталяны берасьцейскія
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Берасьцейскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569 год) ваявода і кашталян берасьцейскія паводле значнасьці займалі месцы па раўскіх сэнатарах. За ўвесь час свайго існаваньня Берасьцейскае ваяводзтва мела 24 ваяводы[17].
Заўвагі рэдагаваць
Крыніцы рэдагаваць
- ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999.
- ^ Спірыдонаў М. Агляд працы: Michaluk, Dorota. Ziemia mielnicka wojwództwa podlaskiego w XVI—XVII w: Osadnictwo, własność ziemska i podziały kościelne. Torn, 2002. 220, 11 map. // Беларускі гістарычны агляд. Том 9. Сшытак 1-2 (16—17), снежань 2002.
- ^ Грынявецкі В. Берасце // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 314.
- ^ Мальцев В. П. Записки о смерти «тюремных сидельцев» в смоленских тюрьмах в 1609—1610 гг. // Исторический архив. № 5, 1960.
- ^ Малороссийское влияние на великорусскую церковную жизнь. Т. 1. — Казань, 1914. С. 31.
- ^ Zienkiewicz R. Piosenki gminne ludu pińskiego. — Kowno, 1851. S. 8.
- ^ Ališauskas V. Baltų religijos ir mitologijos reliktai Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje (XIV—XVIII a.). — Vilnius: Lietuvių katalikų mokslo akademija, 2016. P. 301.
- ^ Constitutiones synodales diaecesis Luceoriensis & Brestensis. — Varsaviae, 1726. P. C1.
- ^ Historya Kościoła polskiego: Przez x. Melchiora Bulińskiego. T. 3. — Kraków, 1874. S. 266.
- ^ Акты Виленской археографической комиссии. Т. 3. Акты Брестского городского суда XVI—XVIII вв. — Вильна, 1870. С. 202.
- ^ Пазднякоў В. Берасцейскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 315.
- ^ ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 88.
- ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 404
- ^ Насевіч В. Гэты сцяг пачынаўся так... // Чырвоная Змена. № 42 (13900), 20 красавіка 1995.
- ^ Jelski A. Województwo brzeske // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 340—341.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
- ^ Jelski A. Województwo brzeske // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 340.
Літаратура рэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0