Сож
Сож — рака ў Беларусі і Расеі, левы прыток ракі Дняпра, у вярхоўях утварае дзяржаўную граніцу з Расеяй, у апошніх 20 км плыні — з Украінай. Даўжыня 648 км (у межах Беларусі 493 км). Плошча вадазбору 42,1 тыс. км² (у межах Беларусі 21,5 тыс. км²). Выдатак вады ў вусьці 219 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,17 ‰.
Сож лац. Sož | |
Краявід ракі Сож у гомельскім мескім парку | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | Смаленская вобласьць |
Вусьце | Дняпро |
Краіны басэйну | Беларусь, Украіна, Расея |
Вобласьці | Магілёўская вобласьць і Гомельская вобласьць |
Даўжыня | 648 км |
Сярэднегадавы сьцёк | 219 м³/с |
Плошча басэйну | 42,1 тыс. км² |
Нахіл воднай паверхні | 0,17 ‰ |
Месцазнаходжаньне | |
4 лютага 2015 году абвясьцілі заказьнік «Поплаў ракі Сож» плошчай звыш 85 кв.км на паўночным усходзе Гомельскай вобласьці Беларусі.
Асноўныя прытокі
рэдагавацьНа рацэ
рэдагавацьАгульныя зьвесткі
рэдагавацьПачынаецца за 12 км на поўдзень ад места Смаленску і цячэ Смаленскай вобласьцю, далей працякае тэрыторыяй Магілёўскай і Гомельскай абласьцей Беларусі, вусьце каля мястэчка Лоева. Агульная даўжыня рачной сыстэмы (3410 рэчак) 16 220 км, шчыльнасьць рачной сеткі на тэрыторыі Беларусі 0,38 км/км². На вадазборы ў межах Беларусі больш за 300 рэчак і ручаёў часткова або поўнасьцю каналізаваныя, пракладзена больш за 170 мэліярацыйных каналаў даўжынёй 5 км і больш. У сярэдняй і ніжняй плыні Сож працякае праз тэрыторыі, забруджаныя радыёнуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Даліна пераважна трапэцападобная, ад вытоку да вусьця Проні — выразная, глыбокаўрэзаная (20—30 м). Шырыня ў вярхоўі ад 0,3 км да 1 км, на вялікім працягу 1,5—3 км, пры сутоках з далінамі рэчак Асьцёр і Проня — 5 км, ніжэй за места Ветка — да 7 км, пры сутоках з далінай Дняпра — да 20 км. Схілы спадзістыя, умерана стромкія (радзей стромкія), вышынёй 15—25 м (месцамі да 40 м), парэзаныя ярамі, лагчынамі, далінамі прытокаў. Правы схіл больш адкрыты, левы зарос лесам і хмызьняком. На Беларусі амаль на ўсім працягу вылучаюцца абалона зь нізкім (1,5—2,5 м над урэзам вады) і высокім (3—4 м) узроўнямі і 2 надабалонавыя тэрасы. Абалона двухбаковая, месцамі левабярэжная або чаргуецца па берагах. Паверхню яе перасякаюць лагчыны, старарэччы і невялікія азёры-старыцы. Затапляецца на 5—10 дзён на глыбіню 0,5—2,5 м, у вусьцевай частцы — да 4—5 м.
Рэчышча зьвілістае. У ніжняй плыні вялікая колькасьць лукавінаў, рукавоў, старыцаў. Да Гомля трапляюцца выспы (даўжыня 30—300 м, шырыня 10—50 м). Шырыня ракі ў верхняй плыні 40—80 м, у нізкай 90—125 м, месцамі да 230 м. Дно роўнае. Берагі да вусьця Проні пераважна стромкія, вышынёй 1,5—4 м, ніжэй па плыні спадзістыя; на лукавінах, дзе рэчышча падыходзіць да карэннага берага (напрыклад, каля вёскі Гайшына Прапойскага раёну), абрывістыя, вышынёй 12—15 м, месцамі да 35 м. Ніжэй за места Ветка па берагах пясковыя пляжы.
Рэжым ракі вывучаецца з 1896 году. Жыўленьне мяшанае, пераважна сьнегавое. На пэрыяд вясновай паводкі прыходзіцца 56%, летне-восеньскай і зімовай межані 54% сярэдняга сьцёку. Пад′ём узроўняў увесну пачынаецца звычайна ў 3-й дэкадзе сакавіка (радзей — у пачатку сакавіка) або ў сярэдзіне красавіка, працягваецца 10—15 дзён у верхняй плыні, 20—25 дзён у нізоўі. Сярэдняя вышыня над найніжэйшай межаньню 4—5 м, найбольшая 6—7,5 м. Зімовыя ўзроўні ў сярэднім на 10—20 см вышэй за летнія, але часам у выніку адлігаў павышаюцца ў нізоўі да 2,5 м. Замярзае ў пачатку сьнежня, крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка ад вусьця да вярхоўя. Веснавы крыгаход 3—5 дзён. На Беларусі найбольшая таўшчыня лёду ў рацэ 62—65 см. Сярэдняя тэмпэратура вады ў чэрвені — жніўні 19—21 °C, найбольшая ў ліпені — да 28 °C. Асаблівасьць рэжыму ракі — вялікія ваганьні ў сьцёку. Сярэдні выдатак вады каля Прапойску 105 м³/с, каля Гомля 200 м³/с, у вусьці 219 м³/с. Каля Прапойску максымальны выдатак вады 4770 м³/с (1907 год), мінімальны 11,1 м³/с (1900 год), каля Гомля найбольшы 6600 м³/с (1931 год), найменшы 16,4 м³/з (1900 год). Сярэдні выдатак вагаецца ад 96,9 м³/с (1925 год) да 407 м³/с (1933 год)[1].
Рэльеф
рэдагавацьРэльеф у верхняй частцы вадазбору прадстаўляе слаба хвалістая, нахіленая да поўдня раўніна з асобнымі марэннымі градамі ў выглядзе перарывістых спадзістых узгоркаў, вышыня якіх ад 5 да 20 м, і шырокімі плятопадобнымі дзялянкамі, падзеленымі ярамі.
Верхняя плынь на паўднёва-заходняй ускраіне Смаленскага ўзвышша, сярэдняя — на Аршанска-Магілёўскай раўніне, нізкая — у Гомельскім Палесьсі.
Расьліннасьць
рэдагавацьЛясістасьць вадазбору каля 25%. Найменшыя лясныя масівы разьмяшчаюцца на левабярэжжы сярэдняй і ніжняй плыні (ельнікі, хваёвыя лясы).
Азёры
рэдагавацьАзёраў на вадазборы мала (менш за 1%) — гэта асобныя вадаёмы з плошчай люстэрка менш за 1 км².
Гаспадарчая дзейнасьць
рэдагавацьМэліярацыйныя пераўтварэньні (асушальная мэліярацыя) на 1 студзеня 2006 году праводзіліся на плошчы 2300 км², што складае каля 11% усёй плошчы вадазбору ў межах Беларусі. З прытокаў ракі, у басэйнах якіх праводзіліся значныя мэліярацыйныя працы, можна адзначыць наступныя: Проня (11%), Чачора (14%), Бесядзь (10%), Іпуць (13%), Уза (27%). Рэжым ракі вывучаўся на 6 пастах, у наш час дзейнічае пост каля Крычава[2].
Суднаходзтва ад вёскі Барысавічаў Клімавіцкага раёну (за 373 км ад вусьця) — пры высокіх узроўнях, рэгулярнае — ад места Прапойск.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994. С. 343—344.
- ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1 С. 343—344.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — 598 с.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.