Казімер Ягайлавіч
Казімер Андрэй Ягайлавіч[6][7] (Казімер IV Ягелончык, польск. Kazimierz IV Jagiellończyk; 30 лістапада 1427, Кракаў — 7 чэрвеня 1492, Горадня) — вялікі князь літоўскі (1440—1492), кароль польскі (1447—1492).
Казімер Ягайлавіч | |
![]() | |
Казімер Ягайлавіч | |
Вялікі князь літоўскі | |
29 жніўня 1440 — 7 жніўня 1492 | |
Каранацыя | 25 жніўня 1440, Вільня |
Папярэднік | Жыгімонт Кейстутавіч |
Наступнік | Аляксандар |
Кароль польскі | |
25 жніўня 1447 — 7 жніўня 1492 | |
Каранацыя | 25 жніўня 1447, Кракаў |
Папярэднік | Уладыслаў III Варнэньчык |
Наступнік | Ян I Ольбрахт |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 13 лістапада 1427, Кракаў |
Памёр | 7 жніўня 1492, Горадня |
Пахаваны | Вэвэльскі сабор, Кракаў |
Нашчадкі |
Казімер, Ян I Ольбрахт, Аляксандар, Жыгімонт Стары агулам: 13 дзяцей |
Каралеўскі дом | Ягелоны |
Дынастыя | Ягайлавічы |
Жонка | Альжбета Аўстрыйская |
Бацька | Ягайла |
Маці | Соф’я Гальшанская |
Узнагароды |
БіяграфіяРэдагаваць
Сям'яРэдагаваць
Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.
У 1454 годзе ажаніўся з Альжбетаю, дачкою памёрлага імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Альбэрта II. Меў зь ёй трынаццаць дзяцей:
- Уладзіслаў Ягелончык (1456—1516) (з 1471 году кароль чэскі)
- Ядвіга Ягелонка (1457—1502)
- Сьвяты Казімер (1458—1484)
- Ян I Ольбрахт (1459—1501) (з 1492 году кароль польскі)
- Аляксандар Ягелончык (1461—1506)
- Сафія Ягелонка (1464—1512)
- Альжбета (1465—1466)
- Жыгімонт Стары (1467—1548)
- Фрыдэрык Ягелончык (1468—1503) (біскуп кракаўскі, кардынал)
- Альжбета II (1472—1480)
- Ганна Ягелонка (1476—1503)
- Барбара Ягелонка (1478—1534)
- Альжбета III (1483—1517)
ВаладараньнеРэдагаваць
Вялікім князем Казімера абрала незалежніцкая партыя на чале зь Янам Гаштольдам па забойстве Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 годзе, у выніку чаго ліквідавалася дзяржаўная унія з Польшчай[8].
Пры абраньні абяцаў вярнуць у склад Вялікага Княства Літоўскага Валынь і Падольле, захопленыя Польшчай, што пазьней і выканаў. У 1444 годзе канчаткова вярнуў ад Польшчы ў склад ВКЛ Дарагічынскую зямлю.
Па сьмерці свайго старэйшага брата Ўладыслава, караля польскага, атрымаў запросіны на польскі пасад. Але доўгі час не пагаджаўся, бо яго не адпускалі князі і баяры ВКЛ, якія не жадалі нават пэрсанальнай уніі з Польшчай, але потым ўсё ж такі пад уплывам маці даў згоду. У чэрвені 1447 году абраны каралём Польшчы, але прысягу даў толькі ў 1453 годзе.
Унутраная палітыкаРэдагаваць
Намагаўся ўмацаваць вялікакняскую ўладу, аднак гэтага не ўдалося, таму мусіў пашырыць правы фэўдалаў і шляхты.
У 1441 годзе здушыў выступ смаленскіх месьцічаў, а ў 1490—1492 гадох выступы сялянаў на поўдні ВКЛ і Польшчы. У 1471 годзе ліквідаваў удзельныя княствы.
У 1447 годзе выдаў так званы Казімераў прывілей, якім пашырыў правы фэўдалаў ВКЛ, гарантаваў права ўласнасьці на зямлю, вольны выезд за мяжу, права судзіць залежных ад іх людзей. У прывілеі прадугледжвалася, што зямлю і дзяржаўныя пасады ў ВКЛ маглі атрымліваць толькі мясцовыя фэўдалы. Пры Казімеру вырасла роля дарадчага органу — паноў-рады і ўзмацніўся яе ўплыў на дзейнасьць вялікага князя. У 1457 годзе выдаў прывілей, паводле якога жыхары ВКЛ маглі вольна выяжджаць за мяжу, акрамя варожых краінаў, у тым ліку для набыцьця адукацыі. Надаваў матэрыяльную дапамогу студэнтам зь дзяржаўнага скарбу. У 1468 годзе выдаў Судзебнік — першую спробу кадыфікацыі крымінальнага і працэсуальнага права ВКЛ.
Прадстаўнікі незалежніцкай партыі, незадаволеныя збліжэньнем з Польшчай, у 1480-х гадох зладзілі змову супраць Казімера, але яе выкрылі.
Выданьнем Няшаўскага статуту распачаў эпоху палітычнага панаваньня ў Польшчы шляхецкага стану.
Замежная палітыкаРэдагаваць
Пры Казімеру васалам Польшчы стала Мазавецкае княства, было далучанае Асьвяцімскае княства.
У выніку трынаццацігадовай вайны з крыжакамі ў 1454—1466 гадох паводле Торунскай дамовы 1466 году Польшча вярнула Памор’е, атрымала Заходнюю Прусію, а Тэўтонскі ордэн трапіў у васальную залежнасьць. Казімеру давялося амаль штогод адбіваць татарскія напады.
Станоўча прыняў намеры наўгародзкіх баяраў на чале з Марфай Барэцкай далучыць Ноўгарад да ВКЛ, але Іван III па доўгай аблозе захапіў Ноўгарад і жорстка расправіўся з баярамі.
У дынастычнай палітыцы дамогся абраньня свайго старэйшага сына Ўладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Вугоршчыны[9].
Мова і культураРэдагаваць
У сваёй лацінскай грамаце ад 1449 году касьцёлу ў Дубінках ужыў дзеля тлумачэньня лацінскага адпаведніка беларускае слова «дварэц» (allodium alias dworecz)[10], а ў лісьце віленскім францішканам ад 1469 году пісаў пра даравізны гараднічага (horodniczy) і цівуноў (tivuni)[11] — гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы[12].
У 1469 годзе запрасіў у Трокі бэнэдыктынаў славянскага абраду з паўднёва-славянскіх зямель[13]. Загадаў зрабіць беларускі кірылічны надпіс (у якім, сярод іншага, засьведчыў атаясамліваньне славянскай і германскай формаў імя Жыгімонт — у напісаньні імя імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Жыгімонта Люксэмбурскага) у Сьвятакрыскай капліцы Кракаўскага каралеўскага замка, якую збудаваў як месца свайго пахаваньня[14][15]:
К ухвале іменя найвышшага Бога Айца ўсемагушчага, пабудавана касьцёлу сяя капліца, павяленьнем вялікага а праслаўнага Караля, прасьветнага Казіміра з Боскай міласьці Польскага і Вялікага Князя Літоўскага, Троцкага і Жамойцкага, і Княжаця Прускага, Пана і дзедзіча тых і іных многа земь Гаспадара, і яго каралевяй пранайясьнейшай паняй Элізабэты з пакаленьня Цэсарскага продка пранайясьнейшага Жыгімонта Пана земь Ракускай, Чэскай, і Вугорскай. Па лету нараджэньня Божага першага, семдзясятага тысячнага, а дакончалі сяя капліца Месяца Актоб. 12 дня. | ||
Паводле меркаваньня летувіскіх дасьледнікаў, Казімер быў апошнім вялікім князем, які валодаў летувіскаю моваю[16]. Гэтае меркаваньне грунтуецца на сьцьверджаньні Яна Длугаша, што літоўскія баяры ў Вільні (Алелька Ўладзімеравіч, Васіль Пуцята і Юры Сямёнавіч) навучалі Казімера Ягайлавіча «літоўскім звычаям і мове». Як адзначае беларускі гісторык Уладзімер Арлоў, напраўду не існуе нават ускосных пацьверджаньняў таго, што вялікія князі гаварылі па-летувіску. Тым часам з гістарычных крыніцаў вядома, што ў час выправаў углыб Жамойці гаспадары і віленскія ўраднікі бралі з сабой перакладнікаў[17].
ГалерэяРэдагаваць
Творы малярстваРэдагаваць
- Творы малярства
Графічныя партрэтыРэдагаваць
- Графічныя партрэты
Азямблоўскі Ю., 1840 г.
Пячаці і гербыРэдагаваць
- Пячаці і гербы Казімера Ягайлавіча
КрыніцыРэдагаваць
- ^ а б в г Casimir IV // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б в г Lundy D. R. Casimir IV Jagellon, King of Poland // The Peerage (анг.)
- ^ а б в г Casimir Jagellon // GeneaStar
- ^ а б Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Бэрлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка, Аўстрыйская нацыянальная бібліятэка Record #118990217 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016.
- ^ а б https://culture.pl/pl/miejsce/wawel-siedziba-krolow-polski
- ^ Ластоўскі В. Андрэй-Казімер Ягайлавіч // Крывіч. № 4, 1923. С. 47—48.
- ^ Шаланда А. Казімер Ягайлавіч і гербавая легенда роду Валовічаў // Ягелоны: дынастыя, эпоха, спадчына : матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Гальшаны ― Навагрудак, 8―10 верасня 2006 г. / [рэдкалегія: А. А. Каваленя (адказны рэдактар) і інш.]. — Менск, 2007. С. 243―265.
- ^ Грыцкевіч А. Казімір IV // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 14.
- ^ Грыцкевіч А. Казімір IV // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 15.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 177.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 178.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39—46.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 179.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 213.
- ^ Дашкевич Н. П. Заметки по истории Литовско-Русского государства. — Киев, 1885. С. 108.
- ^ Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. — S. 114.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 105.
ЛітаратураРэдагаваць
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Герасімчык В. Праклён Ягелона. «Рукі каралёў сягаюць далёка» // Наша гісторыя. № 5, 2018. С. 50—52. ISBN 2617-2305.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.